За два гады перад сьмерцю на сьвята Узвышэньня Крыжа ён пасьціўся, доўга маліўся і падчас малітвы ўбачыў Серафіма. Прыгледзеўшыся да ягонага твару, сьв.Франьцішак пазнаў у ім укрыжаванага Езуса. У гэты момант ён атрымаў стыгматы і ўжо назаўсёды зьяднаўся зь Езусам Укрыжаваным. У ягоных ранах, якія моцна балелі, зьявіліся цьвікі. Гэты боль было вельмі цяжка трываць. Але Франьцішак пачуваўся радасным, і нават шчасьлівым. Боль яднаў яго зь Езусам. Франьцішак намагаўся схаваць свае раны ад людзей, і сам ніколі аб іх не казаў і не пісаў, бо не хацеў, каб гэты цуд падкрэсьліваў ягоную абранасьць Богам.
Падчас зьяўленьня стыгматаў людзі ў навакольных вёсках і мястэчках маглі назіраць розныя дзіўныя зьявы. Па-першае, рэзка перамянілася надвор’е. Адразу ж скончыліся буры, дажджы ды навальніцы, і засьвяціла сонейка. А калі адзін зь сьвятароў падумаў, што Франьцішкавы стыгматы – гэта шарлатанства, ягоную руку раптоўна нібыта прабіла страла. Боль быў вельмі моцным, а пальчатка засталася некранутаю. Сьвятар пачаў шчыра маліцца, зьвяртаючыся да сьв. Франьцішка, і боль неўзабаве зьнік.
На працягу двух апошніх гадоў свайго жыцьця сьв.Франьцішак пакутаваў ад беспрасьветных хваробаў. Ад яго засталіся толькі скура і косткі, але ён няўхільна выконваў Рэгулу і працягваў апостальскую працу. Свае хваробы ён называў Сёстрамі і аддаваў за іх хвалу Богу. Ён ведаў час сваёй сьмерці і прасіў, каб яго перавезьлі ў Парцынкулу – ў мясьціну, дзе ён калісьці пачынаў ствараць свой жабрацкі ордэн.
Комментариев нет:
Отправить комментарий