Францішканскі Закон Сьвецкіх – гэта супольнасьць, а нават і сям’я, ў якой сьвецкія рэалізоўваюць сваё пакліканьне да сьвятасьці праз жыцьцё Эвангельлем у сьвеце па прыкладу сьв. Францішка з Асыжу і паводле парадаў Касьцёла.
Францішканская духоўнасьць засяроджана на Асобе Езуса Хрыста, накіравана на чалавека і адчынена сьвету. Яна адзначаецца глыбокаю пашанаю да Панны Марыі і вернасьцю Касьцёлу. Пасьлядоўнікі сьв.
Францішка жадаюць пастаянна будаваць Божае Валадарства ў сабе самых і ў іншых, беручы прыклад ад свайго заснавальніка ў яго любові да Бога, чалавека і ўсяго стварэньня, ды ў яго ўбостве і эвангельскай прастаце жыцьця.
Вось што казаў Францішак сваім пасьлядоўнікам: “Ідзеце, найдаражэйшыя сыны, па двух у розныя бакі сьвету і абвяшчайце людзям мір і пакуту дзеля адпушчэньня грахоў. Будзьце цярплівыя ў прасьледаваньнях. Адказвайце з пакораю таму, хто будзе вас пытацца. Блаславіце таго, хто будзе вас прасьледаваць. Дзякуйце таму, хто будзе вам жадаць кепскага”.
У Францішканскім Законе Сьвецкіх былі і ёсьць мяшчане і сяляне, рыцары і ўладары, а таксама сьвятары, біскупы, кардыналы і Папы. Былі ў ім і тыя, хто пацярпеў за веру. Да сьвецкіх францішканаў (Тэрцыяраў) належалі сьв.Людвіг – кароль Францыі, сьв.Альжбета – дачка караля Вэнгрыі Андрэя ІІ, а ў апошнія дзесяцігодзьдзі – кардынал Алаіз Стэпінац, арцыбіскуп Загрэбу; кардынал Сцяпан Вышынскі, прымас Польшчы; кардынал Францішак Томашак, арцыбіскуп Прагі.
Усе католікі – дзеці, моладзь, дарослыя – могуць, ідучы за Божым заклікам, ажыцьцяўляць Эвангельле, жывучы духоўнасьцю Францішканскага Закону Сьвецкіх.
Сьвяты Францішак карыстаецца ўвесь час усеагульнаю пашанаю, сымпатыяй і любоўю ня толькі сярод каталікоў, але таксама з боку хрысьціян іншых веравызнаньняў, і нават нехрысьціян. Безь яго і ў сёньняшнім сьвеце было б менш любові, веры і надзеі ў міласэрнасьць Cтварыцеля.
Комментариев нет:
Отправить комментарий