Показаны сообщения с ярлыком Маці Божая Барунская. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Маці Божая Барунская. Показать все сообщения

суббота, 6 февраля 2010 г.

Санктуарыум Маці Божай Барунскай. Частка V

Аблічча Маці, слыннае цудамі.

Зь вялікай верай да сьвятога Абраза зьвярнуўся таксама сьляпы ад нараджэньня Алёвіч. Меў 40 год, калі ўсьлед за Агатай рушыў у Баруны. Калі пачуў Барунскія касьцельныя званы, адкрыліся яму вочы. Гэтыя тры цуды запісаныя ў студзені 1693г. Ад студзеня 1963г. да траўня 1695г. запісана 157 цудоўных зьяваў, якія былі пацьверджаныя рознымі сьведчаньнямі. Сярод іх – выратаваньне жыцьця, выратаваньне ад рук непрыяцеляў, вяртаньне зь няволі, знаходжаньне рэчаў, вылечваньне ад дрэнных звычак, направа грахоў і жыцьцёвых памылак, навяртаньне зь ерасі, адсоўваньне трывогаў і клопатаў, хрысьціянскае прыгатаваньне да сьмерці, цудоўныя выздараўленьні канаючых, а таксама ўваскрашэньне памерлых. Пані з Абраза стала вядомай як Нябесная Суцяшальніца Засмучаных.

Падобным чынам адбывалася і ў лютым 1693г. Гэлена Пазьнякова, якая была спаралізаваная і невідушчая, зьвярнулася са сваімі просьбамі і малітвамі да Маткі, і стала бачыць, і сама пайшла да Барунаў, каб падзякаваць сваёй Выратавальніцы. Панна Марыя вылечыла ад паралічу таксама і Станіслава Юшкевіча, і Мар’яну Арліцкую. Неймаверная і зьдзіўляючая разнастайнасьць і колькасьць тых цудаў, якія ўчыніла Маці Божая Барунская для свайго люду. Кожны, хто зь верай зьвяртаецца да Цудоўнай Пані, ня будзе пакінуты без уцехі. Аднак найбольш у кнізе занатавана менавіта цудоўных выздараўленьняў.

Цудоўную дапамогу атрымоўвае таксама ксёндз Юры Казімір Гелаўтовіч, які пражываў у Жмудзі. У няшчасным выпадку ён зламаў нагу і гэта быў адкрыты пералом. Нага доўга не гаілася, прычыняючы яму моцны, нясьцерпны боль. Калі пабожны ксёндз зьвярнуўся да Найсьвяцейшай Панны, просячы аб дапамозе ў пакутах, адразу атрымаў ласку, і яго нага загаілася ў той самы момант.

12 лістапада 1693г.прыехала ў Баруны шляхцянка з Наваградка і распавяла сваю гісторыю. На трэці дзень пасьля яе сьмерці, калі ў касьцёле адбывалася пахавальнае набажэнства, “Манархіня Неба і Зямлі, узбуджаная шчырымі сьлязамі трох дачок”, вярнула яе да жыцьця. Родзічы і сябры, што прысутнічалі на пахаваньні, бачачы, што яна ўстае з труны, уцяклі ў перапалоху. Ксяндзы ў той хвілі бачачы ў зь мёртвых паўстаньні ролю д’ябла, пачалі адпраўляць над ёй экзарцызмы (дзеяньні, ськіраваныя на выгнаньне д’ябла пры дапамозе малітвы, моцай Хрыста). Падобным чынам 23 студзеня 1694г. да жывых вярнуўся Станіслаў Алешка Любахоньскі.

У лютым 1694г. прыбыў у Баруны Караль Вайноўскі. Прыйшоў ён горача падзякаваць Маці Найсьвяцейшай, якая дапамагла яму ўцячы зь татарскай няволі ў Крыме.
Маці Божая ўвесь час апекавалася сваімі вернымі, але таксама ўспамінала пра грэшнікаў і недавяркаў. Гэта дасьведчыў Станіслаў Паўловіч, калі ў 1694г. у сьвята Маці Божай Грамнічнай 2 лютага адправіўся ў Баруны. Кіравала ім ня столькі вера, колькі цікаўнасьць. Калі прыехаў на месца, пачаў прыглядацца да натоўпу верных зь легкадумнасьцю і недаверам. Калі набажэнства скончылася і ён, вяртаючыся дамоў, не пасьпеў нават ад’ехаць далёка, агарнулі яго слабасьць і немач. Адразу тады прыпомніў свае дрэнныя паводзіны ў Доме Найсьвяцейшай Маці Барунскай і з пакорай, а таксама са шчырай скрухай пачаў прасіць у Яе дапамогі. Раптам ён засынае, а ў сьне яўляюцца яму тры паненкі, і адна мовіць яму такія словы: “Цярпеньне тваё – кара за тое, што пагарджаў гэтым сьвятым месцам. Аднак, калі вернесься ў Баруны са шчырай малітвай, атрымаеш маю ласку". І гэтак сталася.

4 чэрвеня тога ж году сьведкам зь мёртвых паўстаньня быў ксёндз Станіслаў Казімер Бутлер. Ён уласнаручна запісаў гэты цуд у кнізе. Калі вяртаўся з Барунаў, затрымаўся ў Каваля ў Трабах*, а там аплаквалі памерлае месячнае дзіцятка. Ксёндз, шчыра верачы ў цудоўныя здарэньні па волі Маці Божай Барунскай, узяў дзіцятка на рукі і горача маліўся. Дзіця ажыло ў прысутнасьці шматлікіх суседзяў.

Уласнаручныя пасьведчаньні склалі таксама Феліцыян Скарабагаты з Тракеляў і Аляксандар Уняхоўскі:
“Я, ніжэй падпісаўшыся, testor fidelissime sub juramento**, што жонка мая, будучы цяжка хворая многа гадоў, у годзе трэцім, упаўшы ў гарачку, яшчэ больш захварэла, тэмпэратуру і вялікі боль галавы церпячы, ахвяравалася да гэтага цудоўнага абраза ў Барунах. Таксама і я, будучы слабага здароўя, паехаў разам зь ёй на тое сьвятое месца. Тут атрымалі мы жаданыя ласкі, бо вярнуліся дадому здаровымі.” Феліцыян Скарабагаты, пісар гарадзкі троцкі.

“Я, Аляксандар Уняхоўскі, судзьдзя земскі ваяводзтва Менскага сьведчу, што ў годзе 1695, месяца лютага, 24 дня, будучы цяжка паранены, так, што аж да сьмерці блізка быў, калі ў гнойнай ране ў галаве пачаў гуз расьці, хутка ахвяраваўся на цудоўнае месца да абраза Панны Найсьвяцейшай у Баруны. Адразу ж адчуў паляпшэньне здароўя і гуз гэты зьгінуў, за што Богу ў Тройцы Сьвятой Адзінаму дзякуючы, вотум учынены спаўняю і за атрыманы цуд Маці Найсьвяцейшую ў гэтым абразе цудоўным ведаю і Ёй пашану аддаю. – Idem qui supra mp.p.”***

Гэтыя апісаныя вышэй цудоўныя здарэньні, якія мелі месца ў Барунах, зьяўляюцца толькі малой часткай усіх тых цудаў, якія Барунскай Пані ўчыніла для сваіх верных. Весткі аб цудоўным абразе распаўсюджваліся ўсё далей. Паглыблялася вера мясцовага люду, бо адбываліся тут незвычайныя і нечуваныя рэчы: выздараўлівалі безнадзейна хворыя, навярталіся закаранелыя грэшнікі і недавяркі. Найчасьцей, саромеючыся, яны не прыходзілі запісваць зьведаных цудаў. Аднак, найлепшым сьведчаньнем цуду ёсьць трывалая паправа жыцьця.

У Барунах дзейнічае невымоўная і невытлумачальная Божая Ласка і Моц. Пустка, якая нават ня мела назвы, з кожным днём разрастаецца і ажывае. Бедны чалавек бяз сродкаў на жыцьцё будуе касьцёл і яму хапае на гэта грошай. Людзі з усіх бакоў сьвету бесьперапынна, увесь год сыходзяцца да гэтага месца і адыходзяць шчасьлівымі…
***
Апісаньне касьцёла.

Касьцёл і кляштар базыліянаў.

Сьвятыня і кляштар былі заснаваныя ў 1691г. мясцовым шляхціцам Мікалаем Песьлякам. Існуючы ў цяперашні час барочны мураваны касьцёл і будынак кляштару ўзьведзены ў 1747-1757г.г. па праекту архітэктара А.Асікевіча. Касьцёл сьв.Пятра і Паўла зьяўляецца трохнефавай базылікай зь незвычайна прыгожым фасадам у стылю віленскага барока, выпуклым у цэнтральнай частцы. Аздабляюць яго пілястры, прафіляваныя карнізы і высокі шчыт. Над упрыгожаным парталам разьмешчана вялікае акно. Каля шчытоў бакавых нефаў месьцяцца ўсталяваныя пад вуглом да фасаду дзьве вежы. Стройная трох’ярусная левая вежа накрытая барочным купалам. Яе фасад аздабляюць кутнія пілястры, карнізы і плоскія нішы. Найкаштоўнейшымі элемэнтамі ўнутранага аздабленьня зьяўляюцца мармуровыя алтары – галоўны і бакавы, з калёнамі, скульптурамі, разьбой, а таксама амбон са штучнага мармуру, выкананы ў стылі ракако.

У касьцёле знаходзіцца вядомы шматлікімі ласкамі абраз Маці Божай Барунскай, наведваньне якога зьяўляецца мэтай шматлікіх пілігрымаў. Унутры храма таксама можна ўзяць вады з крынічкі, якая, па словах вернікаў, мае лячэбную сілу. Побач з касьцёлам разьмешчаны кляштарны корпус, узьведзены ў 1778 – 1793 г.г. і перабудаваны напрыканцы ХІХ ст. у нэаклясычным стылі. Гэта двухпавярховы будынак, Т-падобны ў пляне. Перад храмам разьмешчана невялічкая двух’ярусная каплічка, збудаваная ў другой палове XVIII ст., накрытая невялікім цыліндрычным шмат’ярусным купалам і абнесеная мураванай агароджаю з брамай.

* Мястэчка, якое месьціцца за 35 км ад Ашмянаў. Калісьці гэта была сталіца князя Трабуса.
** Сьведчу пад прысягай
*** Той самы, што вышэй рукой уласнай…

Аўтар: кс.Люцыян Дамброўскі
Фота: кс.Алег Пятрашка
Перакладчык: Дарыя Дамброўская
кс. Алег Пятрашка

понедельник, 1 февраля 2010 г.

Санктуарыум Маці Божай Барунскай. Частка ІV

Аблічча Маці, слыннае цудамі.

Весткі аб цудах, атрыманых ад Маці пры Яе абразе ў Барунах, распаўсюджваліся ўсё далей. Натоўпы верных пачалі прыбываць у Баруны, а ласкі, якія тут спазналі набожныя вернікі, ўзбуджалі сярод людзей набожнасьць і веру. Адкрыта гаварылі аб цудоўных выздараўленьнях ад цяжкіх і невылечных хваробаў.

9 ліпеня 1692г. Гэлена Петравічова з глыбокай верай і надзеяй даверыла Найсьвяцейшай Маці дачку свайго падданага, Кацярыну, якая з нараджэньня была кульгавай і нямой.Не расчаравалася. Калека пачала гаварыць і хадзіць, а свае першыя крокі прагнула скіраваць да Маткі Барунскай, каб Ёй падзякаваць за гэты цуд.

Юры Сташэўскі, а таксама Юры Пагарэльскі зь Менскага ваяводзтва доўга і цяжка хварэлі. Дактары не маглі ня ў чым ім дапамагчы. У жніўні 1692г. скіраваліся з просьбай, каб вярнуць здароўе, да Панны Прачыстай у Барунах, і тут жа былі выслуханыя. Пад канец жніўня гэтага самага году Клемэнс Коўшы з Ганцавічаў, якія належалі Тамашу Цэдроўскаму зь Менскага ваяводзтва, зьвярнуўся за дапамогай да Паненкі, бо праз цэлы год ня меў сілы ў правай руцэ. Падобна Міхал Яцэвіч з маёнтку Сэрвэч Ашмянскага павету доўгі час быў сьляпы, і Кшыштаф Казловіч, які быў ужо блізка сьмерці, прывезеныя да абраза Паненкі зь Дзіцяткам, здабылі здароўе, і зь вялікай радасьцю вярнуліся да сваіх блізкіх.

3 лістапада 1692г. малады хлопец Ян Паўлюковіч, з маёнтка, які належаў Хрэбтовічам, першы раз сеў на неаб’ежджанага каня. Разьюшаная жывёліна скінула свайго наезьніка, але яго нага заблыталася ў стрэмені. Конь цягнуў беднага юнака па полі і лесе. Яго спалоханыя бацькі, бачачы, што адбываецца, пачалі зь вераю прасіць Маці Божую Барунскую аб ратунку. Конь раптоўна спыніўся, а моцна пакалечаны хлопец у хуткім часе выздаравеў.

Юры Шурпіцкі са Смаргоні таксама ў лістападзе таго самага году, цяжка хварэючы, пасьля малітвы да Найсьвяцейшай Панны Барунскай раптоўна выздаравеў.

У сьнежні 1692г. Зофія Юзэфовічава з Ракава з-за моцнага галаўнога болю страціла зрок. Двухгадовы Янка, сынок Мар’яны Юркавай, быў невідушчым ад нараджэньня. Падобна Мар’яна Саломава з Забярэзьзя таксама была сьляпой. Пасьля шчырай малітвы саміх хворых, а таксама іх акружэньня, усе гэтыя асобы сталі бачыць. Працерлі яны вочы хусткай, якой спачатку дакрануліся да цудоўнага абраза.

У той самы месяц і год цудоўным чынам паправіліся Якуб і Мар’яна Міжыеўскія. Паміралі яны ад вельмі высокай тэмпэратуры. Таксама Канстанцыя Граніцкая, якая месяц не магла стаць на ногі, у Барунах адшукала здароўе.

У 1963г. трое сьмяротна хворых дзяцей Ваўжынца Янушэвіча з маёнтку Масевіча, ахвяраваныя Маці ў Барунах, у гэтую ж хвіліну паправіліся. Ян Грыневіч з вёскі Нарушэвічы, які быў невідушчы, і васьмігадовая дзяўчынка з маёнтку Міхала Сьвяцкага, таксама невідушчая, пасьля гарачай малітвы сталі бачыць.

Некаторыя адораныя ласкамі Пані з Барунаў самі запісалі свае сьведчаньні:

“Я, ніжэй падпісаўшыся, сьцьвярджаю, што маючы нязносны боль у правым воку, ахвяраваў вотум (дар) на сьвятое месца ў Баруны. І ў гэты момант, дзякуючы ласцы гэтай найцудоўнейшай Маткі, боль так пачаў выходзіць з маёй галавы, што я сам адчуў гэта. Выздаравеўшы і прыбыўшы да Сьвятога Касьцёла, дзякуючы Пану Богу і Яго Матцы, гэты цуд уласнай рукой падпісваю. Стэфан – Ян Сьлізень, пісар земскі ашмянскі, сакратар Яго Каралеўскай Мосьці. 31.01.1693г.” *

Вельмі часта былі занатаваныя цуды, атрыманыя пры малых абразках Маці Божай Барунскай. Такі цуд спазнала Багданава Старасельская, падстоліна віцебская. Яе цела было пакрытае пухлінай. Як толькі яна памалілася перад абразом, які атрымала ад ваяводы падляскага Браніцкага, пухліна сышла. Маці Барунская дапамагала сваім вернікам ня толькі перад сваім цудоўным абразом. Дастаткова, што зьвернесься да яе са сваёй просьбай аб дапамозе і аддасі Ёй паклон, а ніколі цябе ў патрэбе не пакіне. У яе выяве схаваная вялікая сіла Суцяшэньня Засмучаных. Сваімі ласкамі Маці Божая Барунская сягнула далёка паза Баруны. Пэўны шляхціц і католік, жыхар Смаленску, крануты “агульнай слабасьцю” і маючы на галаве каўтун**, якім адстрашваў ад сябе людзей, прыбывае з жонкай у Баруны. Песьляк абрэзаў яму каўтун, і ўсе разам пачалі горача маліцца да Маці, якая тут валадарыць. Хворы адразу паправіўся. У зваротнай дарозе шляхціц затрымаўся ў Чавусах у гаспадыні Агаты. Калі застаў яе хворай, адразу зразумеў, хто ёй можа дапамагчы. Аднак неразважлівая гаспадыня адмовілася ад дапамогі, а яе сыны так абурыліся на шляхціца, што пачалі блюзьнерыць і гаварыць супраць Бога. Раптоўна, калі ўсё пайшлі, а пры хворай засталася толькі ўнучка, у хату ўвайшлі дзьве прыгожа ўбраныя паненкі са сьвечкамі ў рукох. А за імі ўвайшла Найсьвяцейшая Пані, убраная ў зьнішчаную, падзёртую сукенку. Яна прамовіла аксамітным гоасам:

“Чаму ня слухаеш шляхціца? Чаму ня хочаш прыйсьці да Мяне? Паглядзі, як твае сыны парвалі маю сукенку. Дапільнуй, каб паправілі, бо іначай будуць пакараныя.”

Агата ў адну хвіліну зразумела, кім была тая цудоўная Пані. Хацела кінуцца да Яе ног, але ня мела на гэта сілаў. Аднак Маці Барунская заўважыла яе шчырую скруху і вярнула ёй здароўе, каб тая магла выбрацца зь пілігрымкай у Баруны, нягледзячы на тое, што яе сыны былі супраць. Агата не ўзяла з сабой ежы, і склала шлюбы, што ні ад кога ня возьме міласьціны і ні да кога не адзавецца. Пасьля доўгай і цяжкай дарогі, якую прайшла, Агата засьведчыла, што была ў яе Пані з абраза. Нягледзячы на тое, што гэтая бедная жанчына прайшла вельмі доўгую і вычарпальную дарогу з Чавусаў да Барунаў, яна не адчувала стомленасьці і адразу прыступіла да сакрамантаў Сьвятога Хросту, а таксама Першай Сьвятой Камуніі, прымаючы тым самым каталіцкую веру. Вестка аб цудоўным выздараўленьні Агаты хутка разышлася па Чавусах.

*Мора Ласкаў. Цытата, стар.32-33

**У тыя часы лічылася, што каўтун зьяўляецца знакам апантанасьці чалавека нячыстымі духамі.

ПРАЦЯГ БУДЗЕ!


воскресенье, 24 января 2010 г.

Санктуарыум Маці Божай Барунскай. Частка ІІІ

Храналёгія падзеяў.

1692г. Урачыстае ўнясеньне абраза Маці Божай да драўлянага касьцёла, пабудаванага празь Мікалая Песьляка. Першымі манахамі, якія распачалі працу ў Барунах, былі айцы базыліяне зь Вільні: айцец Сьпірыдон Сакалоўскі і айцец Аляксандар Барысевіч. Базыліяне, будучы апекунамі Маці Божай, спаўнялі пастаянную паслугу Божаю, і апекавалі шматлікіх пілігрымаў, якія прыходзілі сюды, каб пакланіцца Маці Божай.

1702г. Час наезду швэдаў. Занепакоеныя базыліяне для бясьпекі перадаюць цудоўны абраз у атрад гетмана Княства Літоўскага Міхалу Вішнявіцкаму ў Валожын. З таго часу абраз Маці Божай вандруе разам з войскам і славіцца цудамі ў Брэсьце, Пінску і Жмудзі. Дзе толькі войска затрымлівалася на прывал, айцы базыліяне адпраўлялі набажэнства, а мясцовыя жыхары грамадзіліся каля яго, каб праз малітву выпрасіць патрэбныя ласкі.

1707г. Пажар зьнішчае Баруны, кляштар і частку касьцёла.

1709г. Цудоўны абраз Маці Божай вяртаецца ў Баруны, а таксама заканчваюцца ваенныя дзеяньні. У гэтым жа годзе распачынаецца адбудова драўлянага касьцёла.

1715г. Урачыстае асьвячэньне касьцёла ў Барунах. Акту кансэкрацыі даканаў біскуп Лявон Кішка. Кароны да абраза для Марыі і Дзіцятка Езуса зафундаваў Баканоўскі, зямельны чыноўнік. Касьцёл атрымаў тытул “Апекі Маці Божай”.

1750-1757гг. Адбываецца далейшае ўзбагачэньне касьцёла. Тры ўнутраныя нефы былі ўпрыгожаны дзевяцьцю алтарамі. Фасад касьцёла быў упрыгожаны невялічкімі вежамі. Непадалёку ад касьцёла была таксама пабудавана мураваная званіца. А насупраць касьцёла – невялічкая каплічка.

1740г. Базыліяне асноўваюць у Барунах школу. Спачатку школа мела толькі два класы, потым – пяць. У пэрыяд найбольшага росквіту школа налічвала шэсьць класаў гімназыйных і адносілася да унівэрсытэту ў Вільні. Колькасьць вучняў дасягала 200 чалавек у год. Школа дзейнічала да 1835г. У ёй выкладалі польскую і лацінскую мову, арытмэтыку, рэлігію, этыку, геамэтрыю, фізыку, гісторыю, батаніку, рольніцтва.

1788-1808гг. Базыліяне будуюць мураваны кляштар.

1812г. Войска Напалеона дашчэнту зьнішчыла кляштар і касьцёл.

1832г. Ліквідацыя Уніі праз царыцу Кацярыну ІІ на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Былі тут ліквідаваныя ажно 42 кляштары.

1839г. У сувязі з пагрозай ліквідацыі і небясьпекі, каб не згубіць абраза Маці Божай, базыліяне перадаюць цудоўны абраз сям’і Важыцкіх, якія жылі непадалёку Алянаў. А ў алтары зьмяшчаюць копію абраза Маці Божай. Прадбачачы закрыцьцё, кляштар змыкаюць, а базыліянаў адтуль высяляюць.

1841г. У Баруны прыбываюць праваслаўныя манахі і забіраюць кляштар базыліянаў.

1886г. Кляштар служыць праваслаўным.

1899г. У сувязі з высокім коштам утрыманьня Барунскага кляштара і касьцёла, кляштар быў закрыты. Пасьля касьцёл і будынак кляштара былі аддадзены праваслаўнаму духавенству. У праваслаўным аб’екце ўтворана жаночая школа, у якой вучыліся дочкі праваслаўных сьвятароў. Пасьля школу ператварылі ў двухгадовую Парафіяльную Духоўную школу, якая залежала ад Віленскай Духоўнай Сэмінарыі.

1903г. Кляштар належыць “Найсьвяцейшаму Сыноду Расейскай Царквы”.

1919г. Духоўныя праваслаўныя пакідаюць Барунскі кляштар і касьцёл. Яго прымае Ашмянскі вікарый, ксёндз Станіслаў Мікульскі, як адміністратар Рымска-Каталіцкага Касьцёла. У гэтым жа годзе распачынаецца аднаўленьне касьцёла ўнутры, а таксама прыстасаваньне яго да лацінскай літургіі.

1922г. Урачыстае ўнясеньне абраза Маці Божай да яе Барунскага санктуарыя. Цудоўны абраз Маці Божай, аддадзены сямьі Важыцкіх, быў прывезены зь Вільні 14 кастрычніка на станцыю Ашмяны. Марыю віталі сабраўшыяся ксяндзы, а таксама натоўп верных. Пасьля ўрачыстай працэсіі абраз Маці Божай прынесьлі ў Жупраны. Цэлую ноч на малітвенным чуваньні людзі аддавалі пашану Марыі ў Жупранскім касьцёле. Раніцай 15 кастрычніка працэсія з абразом накіравалася ў бок Барунаў. У Барунскай сьвятыні цудоўны абраз Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных памясьцілі на ранейшае месца, а дакладней, у алтары бакавога нефа касьцёла. Пастараўся адшукаць абраз і падрыхтаваць прывітальную ўрачыстасьць Маці Божай ксёндз пробашч Юліян Баруўка.

1923г. Барунскі касьцёл атрымаў тытул: “Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла”

Пробашчы, якія працавалі ў Барунскай парафіі пасьля 1919г.

Кс. Станіслаў Мікульскі

Кс. Міхал Пятроўскі

Кс .Зыгмунт Штафіньскі

Кс. Юліян Баруўка

Кс. Вацлаў Нуркоўскі

Кс. Фэлікс Карпінскі (высланы ў Варкуту ў 1944-1949гг.)

Кс. Станіслаў Казлоўскі 1945 -1978гг.

Кс. Ян Матусевіч 1979 – 1990гг.

Кс. Гэнрык Багушэўскі 1990 – 1997гг.

Кс. Ян Немец 1997 – 1999гг.

Кс. Яцэк Фалькоўскі 1999 – 2000гг.

Кс. Люцыян Дамброўскі 2000г.

У 1990г. у Баруны прыбываюць сёстры Місіянэркі Сьвятой Сям’і. Таямніча ад 1940г. у Барунах у цяжкія для Касьцёла гады, працавала сястра Каміля (Юлія), Місіянэрка Сьвятой Сям’і. У тым самым годзе адбылася ўрачыстасьць трохсотай гадавіны культу Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы Засмучаных. Ва ўрачыстасьці прымаў удзел біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама шматлікія духоўныя асобы і сьвецкія вернікі. Ксёндз Гэнрык Багушэўскі прыклаў шмат намаганьняў, каб адрамантаваць касьцёл. Пры ім касьцёл быў адноўлены знутры, а таксама былі адноўленыя фасад касьцёла, званіца і каплічка, якая знаходзіцца насупраць касьцёла.

Фэст у Барунскім Санктуарыуме праводзіцца ў дзень заступнікаў сьвятых Пятра і Паўла – 29 чэрвеня, а таксама ў апошнюю нядзелю жніўня ў гонар Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных.

Найсьвяцейшая Маці Божая ў Барунскім Санктуарыуме была ўшанавана на працягу ўсіх вякоў. Прыходзілі да Марыі вернікі розных веравызнаньняў: грэкакатолікі, католікі, праваслаўныя. Марыя ўсіх абдымала той самай любоўю. Як і перад вякамі, так і цяпер Яна акружае людзей, якія падаюць на калені ў Яе падножжа, сваёй апекай. Не адну ласку вымаліла і не адзіным цудам адарыла Яна сваіх прыхільнікаў.

Ідучы сьлядамі сваіх бацькоў, будзем туліцца да Марыі. Яна зьяўляецца таксама нашай Маткай і Каралевай. На працягу ІІІ тысячагодзьдзя хрысьціянства Яна таксама жадае прасіць для нас Божай Міласэрнасьці і сьпяшаецца нам насустрач з дапамогай, а таксама сваім Матчыным заступніцтвам просіць у Свайго Сына, Езуса Хрыста, патрэбныя нам ласкі.

ПРАЦЯГ БУДЗЕ :)

пятница, 22 января 2010 г.

Санктуарыум Маці Божай Барунскай. Частка І

Гісторыя.

Ня ведаем, кім быў намаляваны абраз Маці Божай Барунскай.* Ведаем толькі, што ён зьяўляецца сэрцам Барунаў, якое прыцягвае да гэтага месца тысячы людзей, што прагнуць укрыцца плашчом Маці. Гэты невялікі (42 на 60 см), але слынны цудамі абраз стаў на працягу гадоў відавочным знакам Пані Найсьвяцейшай. А які быў пачатак культу гэтага абраза? Першы ўспамін пра Маці Божаю Барунскую кажа аб тым, што абраз знаходзіўся ва ўласнасьці вернага слугі Божага, сьвятара Ёзафата Бражыца з закону сьв. Васілія Вялікага. Ксёндз Бражыц кіраваў некалькімі кляштарамі айцоў Базыльянаў у Хэлме, Менску, Полацку і Віцебску. Усюды вызначыўся як набожны прапаведнік. У сваёй жыцьцёвай вандроўцы ён заўсёды меў пры сабе гэты цудоўны абраз, ужо вядомы ласкамі. У 1666г. падчас побыту айца Бражыца ў Менску, успыхнула небясьпечная эпідэмія, якая распаўсюджвалася зь незвычайнай хуткасьцю, і дзе ўзьнікала, там сеяла спусташэньне. Ксёндз Бражыц заўсёды быў гатовы да паслугі капланскай, і не спалохала яго нават гэта хвароба. Ён заўсёды быў пры сваіх авечках, аж да моманту, калі сам захварэў. Сьведкі, якія былі ў час яго хваробы, сьцьвярджалі, што ксёндз памёр. Але празь некалькі гадзін да айца Бражыца вярнулася здароўе. Паведаміў прысутным пры гэтым братам законным, што Маці Божая вярнула яму здароўе, каб не пакідаў хворых у патрэбе і каб далей пашыраў веру, а таксама настаўляў людзей на добрую дарогу. Калі ляжаў непрытомны, аб’явілася яму Пані Нябесная і так сказала:

“Падабаецца мне сын шчырасьць твая каля душ людзкіх, крывёй Сына майго адкупленых. Не стаміся ў ёй! Табе жыцьцё і дар выгнаньня шатана ўпрасіла”.

З гэтага часу, калі хтосьці быў апантаны нячыстай сілай, то прыходзіў да айца Бражыца і, калі толькі адгаворваў малітву, шатан пакідаў цела чалавека. З 1671г. ксёндз Ёзафат кіраваў кляштарам айцоў Базыльянаў пад тытулам сьв. Зофіі ў Полацку і адначасова быў прадстаўніком мітрапаліта Кіпрыяна Жахоўскага. У хуткім часе быў накіраваны ў Віцебск. Прадчуваючы сваю блізкую сьмерць, ксёндз Бражыц перадаў свой найкаштоўнейшы скарб, якім быў абраз Маці Божай зь дзіцяткам, сваяку Мікалаю Песьляку. Адначасова прасіў яго, каб ён шанаваў гэты абраз, тады і яму Маці будзе дапамагаць. Аднак адораны акруціў абраз у палатно і схаваў яго ў скрыню, якая знаходзілася ў фальварку ў Казюкоўшчызьне. 12 лютага 1683г. айцец Бражыц адышоў з гэтага сьвету, аднак перад сьмерцю ўбачыў яшчэ раз Найсьвяцейшую Пані ў такой постаці як на абразе, які меў пры сабе. Мікалай песьляк – насьледнік айца Бражыца – пакінуў свій фальварак і пайшоў на службу да Пліна, у маёнтак падскарбяга надворнага Францскевіча, служыў там аж 5 год і здолеў ужо забыць аб наказе ксяндзя Ёзафата, а таксама аб яго каштоўным падарунку. Уласнасьць падскарбяга Радзымінскага разьмешчана была за 30 міль ад Казюкоўшчызны. Аднак Маці Божая прагнула апекаваць людзей, дапамагаць ім і сьцерагчы ад злога. Таму ва ўладаньнях Песьляка пачынаюць адбывацца розныя, вельмі дзіўныя рэчы. Найсьвяцейшая Пані пастанавіла даць аб сабе знаць людзям. Жыхары Казюкоўшчызны бачаць над будынкамі цудоўную яснасьць. Ім нават здаецца, што будынак гарыць ясным промнем, добразычлівым і поўным любові, але застаецца ён не разбураным. Гэта сядзіба была пад пільнай апекай Маці Божай. Не было тут месца розным няшчасьцям, абміналі ўсякія хваробы, якія раней вельмі часта наведвалі гэты край. Жыхары вельмі дзівіліся і не маглі сабе растлумачыць, чаму так адбываецца. Калі жыхары Казюкоўшчызны цешыліся блаславеньнем Нябеснай пані, Мікалай Песьляк цяжка хварэў і чакаў ужо толькі сьмерці. Калі ляжаў у гарачцы і чакаў свайго канца, аб’явілася яму найпрыгажэйшая постаць і так вымавіла:

“Чаму не задбаеш аб належным месцы для майго абраза, які атрымаў ад майго вернага слугі Бражыца? Прагну, каб людзі, якія просяць майго Сына аб дапамозе ў жыцьці, атрымалі яе пры маім абразе”.

Раніцай, калі Песьляк апрытомнеў, прыпомніў словы Марыі, якія яго вельмі ўзрушылі. Прыпомніў сабе вялікі дар, які атрымаў ад ксяндза Бражыца, пажадаў знайсьці належнае месца цудоўнай выяве. Любой цаной хацеў выправіць сваю памылку, гэта стала яго жыцьцёвай мэтай. Песьляк зразумеў успамін Маці Божай, абраз якой пакінуў у Казюкоўшчызьне. Як мага хутчэй вярнуўся ў свой маёнтак. Там знайшоў скрыню, а ў ёй абраз. Калі яе адкрыў, аж анямеў. Некалі прыгожы абраз, які сьвяціўся сваім цудоўным бляскам, знаходзіўся ў занядбаньні, без пашаны. Не дзіўна – ніхто ўвесь гэты час не адкрываў скрыні. Калі Песьляк глядзеў на гэты абраз, пранізаў яго невыносны боль, што дапусьціў такую вялікую зьнявагу. Заўсёды вярталіся да яго балючыя словы Найсьвяцейшай Паненкі:

“Чаму не задбаеш аб належным месцы для майго абраза”.

Апанавала яго невыносная роспач, і ён так доўга і шчыра маліўся, аж агарнула яго натхненьне. Абяцаў у той час Маці Божай, што пабудуе ёй цудоўную капліцу. Паўстала толькі праблема, дзе знайсьці належнае месца і сабраць адпаведную суму грошай на рэалізацыю дастойнага пачынанья. Затым пастанавіў, што пабудуе капліцу на ўзгорку, які быў яго ўласнасьцю. Калі ішоў на тое месца, каб пераканацца што яно годнае, страціў прытомнасьць, быў так моцна ўражаны што ня ведаў, што зь ім зрабілася. Людзі прынесьлі яго непрытомнага дадому, а яму здавалася што знаходзіцца на ўзгорку і шукае месца для пабудовы капліцы. Зьведаў тады наступнае аб’яўленьне. Стаў перад ім малы хлопчык, ён завёў Песьляка да прыгожай жанчыны, якая стаяла на дарозе, што цяпер злучае Менск зь Вільняй. Калі стаў перад нявестай незвычайнай прыгажосьці, распазнаў у ёй Найсьвяцейшую Марыю з абраза айца Бражыца. Зірнуў тады на малога хлопца і зразумеў, што гэта малы Езус. Калі ўжо быў упэўнены, каго бачыць перад сабою, тады Марыя да яго прамовіла:

“Не будуй для мяне капліцы на тым узгорку, бо тут магілы язычнікаў і ерэтыкоў. Калі пойдзеш за мной, пакажу табе годнае месца, якое сабе выбрала. Хачу, каб менавіта там быў мой абраз”.

Песьляк паслушна пайшоў за праваднічкай і яе Сынам. Ішлі па балоце ў бок Вільні, але прайшлі па ім сухімі нагамі, аж да месца, дзе расходзяцца дарогм на гальшаны і на Вільню. Там марыя затрымалася і, абапіраючыся левай рукой аб дрэва, указала Мікалаю месца, дзе павінен стаяць крыж з абразом. Далей рушыла Найсьвяцейшая Панна ў цёмны і густы бор, а дрэвы і кусты, кланяючыся Ёй, уступалі дарогу. Нарэшце Марыя стала пры дзьвюх невялікіх елачках і тут указала месца, дзе павінен стаць вялікі алтар зь яе выявай ў пабудаванай Песьляком капліцы. Мікалай ня мог паверыць, што Маці Божая выбрала сабе гэта бязьлюднае месца сярод цёмнай пушчы на сваю сьвятыню. Яшчэ цяжэйшым для разуменьня было тое, што менавіта ён меў для Яе збудаваць санктуарый, міма таго што нічога ня меў. Марыя прачытала яго думкі, і зноў так прагучаў найцудоўнейшы голас Пані:

“Не клапаціся пра гэта, што загадваю табе будаваць касьцёл у глухой пушчы. Спраўлю, што нават тут людзі штодзённа будуць Мяне вітаць. Ведаю таксама, што маеш вельмі мала грошай, толькі 12 злотых, але гэтага хопіць, каб паставіць крыж. Спраўлю таксама, што на пабудову касьцёла будзеш мець кожны дзень нейкую ахвяру ад маіх верных. Гэта месца назавеш Барунамі. Тут заўсёды будуць аказаны вялікія ласкі маім людзям, якія будуць да мяне маліцца”.

ПРАЦЯГ БУДЗЕ :)

Аўтар: кс.Люцыян Дамброўскі

Фота: кс.Алег Пятрашка

Перакладчык: Дарыя Дамброўская

кс. Алег Пятрашка

* Усе апісаныя падзеі ўзяты з кнігі "Мора ласкаў і шчодрасьці Божай, у Пушчы Барунскай плывучых, гэта цуды найсьвяцейшай Пані Барунскай у Барунах дасьведчаныя, а празь мяне Лявона Кішку, Біскупа Уладзіміраўскага і Брэсцкага, апата Супрасьльскага, правінцыяла Закону Васілія Вялікага, на сьвет дзённы выстаўлена і да друку аддадзена ў годзе Нараджэньня Сына Божага 1712 дня 12 верасьня. У Супрасьлі ў тыпаграфіі Айцоў Базыліянаў Унітаў".


вторник, 30 июня 2009 г.

Падарожжа ў Баруны (частка 1 :)

Ашмяны

Учора я была ў Барунах. Спачатку даехала на маршрутцы да Ашмянаў, а там ужо перасела на мясцовы аўтобус, які ехаў у Гейстуны. Адна кабета, даведаўшыся, што я еду да Маці Божай Барунскай АЖНО зь Менску, распавяла аб гэтым усёй аўтастанцыі. І неўзабаве ўся аўтастанцыя, разам з дыспэтчарамі, пачала захапляцца маім гераічным учынкам :) і абмяркоўваць, а як жа ж мне пасьпець на апошні вечаровы аўтобус, які будзе ехаць з Каўнаса ў Менск :) Абмеркаваньне праходзіла на такой чароўнай трасянцы, якой я ўжо даўна ня чула :) Я была проста ў захапленьні і ад мовы, і ад уважлівасьці, і ад спагадлівасьці ўсіх гэтых цудоўных людзей. Калі тэма была вычарпаная, кабета павяла мяне паглядзець мясцовы касьцёл. Убачыўшы, што ён зачынены, яна хуценька знайшла спадарыню з ключамі. Мне адчынілі касьцёл і сказалі, што я магу пабыць у ім столькі часу, колькі мне патрэбна. Вось такія ветлівыя людзі жывуць у Ашмянах :)
***
На здымках - касьцёл сьв. Міхала Арханёла ў Ашмянах.

Падарожжа ў Баруны (частка 2)

Паны і пані

Разам вось з гэтай чароўнай пані Марыяй і ня менш чароўнымі панамі з Ашмянаў мы былі на фэсьце ў Барунах. А калі ўжо вярталіся ў Ашмяны і даволі доўга чакалі аўтобуса, дык шмат аб чым пасьпелі пагаварыць і рассталіся найлепшымі сябрамі.
***
Варта заўважыць, што кіроўцу аўтобуса адразу было паведамлена, што мне трэ' пасьпець на каўнаскі аўтобус і "загадана" ехаць дзеля гэтага як мага хутчэй :)

Падарожжа ў Баруны (частка 3)

Віленскае барока. Касьцёл сьв. апосталаў Пятра і Паўла ў м.Баруны.

На фэст сабралася столькі людзей, што ў касьцёл было ня ўбіцца, а машынам не было дзе стаць (але я гэтага не фатаграфавала). Да таго ж вакол касьцёла разгарнуўся вясёлы кірмаш з цыганамі, паветранымі зьмеямі, бліскучым посудам "прама з Эўропы":) і яшчэ шмат з чым.
***
Ксёндзаў таксама было вельмі шмат. Але Імша, на жаль, адпраўлялася цалкам па-польску. А пасьля яе завяршэньня адбылося акрапленьне пасьвянцонай вадой усіх аўтамабіляў, якія стаялі ля касьцёла.







Падарожжа ў Баруны (частка 4)

Цудатворны Абраз Маці Божай Барунскай


Імша скончылася. Разышліся людзі. Суцішыўся кірмаш. Зачыніліся касьцёльныя брамы, а я засталася ля Цудатворнага Абраза - адна на ўвесь касьцёл (бо пан Слава дазволіў :) і ўжо рабіла там усё, што хацела: і памалілася, і пасьпявала, і пафатаграфавала, а напрыканцы ускараскалася на падножжа ля Абраза, каб лепей яго разгледзець. Дык нават анёлы пазіралі на мяне са зьдзіўленьнем і было чуваць, як яны гаманілі паміж сабой: "Ой, а што ж гэта Агнешка робіць, і куды ж гэта яна хоча ўзьлезьці?" А Панна Марыя і Маленькі Езус прыязна ўсьміхаліся мне і нібыта пыталіся: "Агнешка, а што ты яшчэ нам сёньня сьпяеш? Га?.." :)


Падарожжа ў Баруны (частка 5)

Убранства касьцёла

Сьвятая Панна Марыя з Баруноў, маліся за мяне, і прасі свайго Сына, каб ён умацаваў маю Веру, Надзею і Любоў. Каб дапамог мне годна прайсьці той шлях, які Ён сам калісьці мне паказаў. Каб Ён апекаваўся мною і ня даў мне збочыць з аднойчы абранай дарогі. І каб навучыў нічога й нікога не баяцца...
***
А з пані Марыяй мы дамовіліся сустрэцца ў Барунах праз год, калі будзем жывы. Вельмі хацелася б, каб гэтая сустрэча сапраўды адбылася... :)

четверг, 18 июня 2009 г.

Маці Божая Барунская


Ну ўсё. Еду 29 чэрвеня ў Баруны (калі дажыву).Сёньня паўдня “білася” над вырашэньнем праблемы: а як жа мне датуль дабрацца?.. На жаль, ніякага толку так і не дабілася. Аўтобусы спыняюцца альбо ў Крэве, альбо ў Гальшанах, а адтуль жа да Баруноў яшчэ кілямэтраў 20, напэўна… Тэлефаную ў даведачную, прашу, каб мне сказалі нумар тэлефону аўтастанцыі ў Гальшанах, а там, аказваецца, ніякай аўтастанцыі няма, і тэлефонаў дыспэтчарскай таксама ніхто ня ведае… Падумала, мо’ з Валожына туды лягчэй дабрацца. У Валожыне дыспэтчар кажа: ну дык едзьце да Багданава, а там на “папутках” як-небудзь ужо дабярэцеся … Адным словам, рабі што хочаш… Але ж Маці Божая “загадвае” мне ехаць у Баруны на адпуст… Прычым вось што дзіўна: пра пілігрымку ў Будслаў Панна нічога мне ня кажа, а вось пра Баруны Яна нагадвае мне кожны Божы дзень, пачынаючы зь лістападу мінулага году (якраз з таго дня, як мы там упершыню зь Ёю сустрэліся…) А мне ж яшчэ неяк у Менск трэба вярнуцца… А калі аўтобуса ня будзе?.. Тады я прама ў касьцёле начаваць буду… Якраз пад Цудатворным Барунскім Абразом… Вырашана… Еду да Гальшанаў, а там – што Бог дасьць… Усіх, хто чытае гэтыя радкі, вельмі-вельмі прашу аб малітве, і загадзя дзякую за яе.

***

У адной маёй знаёмай ёсьць сваячніца. А ў той сваячніцы вісіць на сьцяне абраз Маці Божай Барунскай. І калі ў спадарыні нешта ня ладзіцца, ці ўзьнікаюць нейкія праблемы, яна падыходзіць да абраза, шчыра моліцца і ад усяго сэрца просіць Суцяшальніцу Ўсіх Засмучаных: “Маня з Баруноў, ратуй!..” Вось і я прашу цяпер аб тым жа Найсьвяцейшую Панну, бо ведаю, што Яна ніколі і нікому не адмаўляе ні ў заступніцтве, ні ў суцяшэньні, ні ў малітве…

***

І ўсё ж такі мне давядзецца перціся ажно да Ашмянаў... Уф-ф-ф...