четверг, 8 октября 2009 г.

Дзікія людзі

Учора былі зь сястрой – легіянэркаю ў бальніцы. Заходзім у жаночую палату і, як заўсёды, кажам: “Добры дзень. Мы – католікі з…” Але дагаварыць фразу да канца нам не ўдаецца, бо адна з жанчынаў, пачуўшы слова “католікі”, усхопліваецца, нібыта падсмаленая, з ложку, і пачынае не сваім голасам лямантаваць: “Уходите отсюда немедленно, иначе я вызову милицию!!!” Пры гэтым твар яе выражае такую агіду, нібыта яна ўбачыла перад сабою ня дзьвюх жанчынаў - каталічак, але двух чартоў – з хвастамі, рагамі ды капытамі… Але неўзабаве да кабеты, напэўна, даходзіць, што супраць чарцей ёсьць жа больш дзейсны сродак, чым міліцыянты (тым больш, што міліцыянты таксама ж могуць аказацца каталікамі): і яна пачынае адной рукой жагнаць нас сьпераду, ззаду і з бакоў, пры гэтым нешта нашэптваючы, а другой – выпіхваць за дзьверы, прычым, нават і не падумаўшы папярэдне запытацца ў суседак па палаце, а ці згодныя яны вось з такімі ейнымі дзеяньнямі…


І адкуль у нас бяруцца такія “дзікія” людзі? Невядома… Я разумею, што можна не падзяляць чыесьці погляды, што можна быць з чымсьці нязгодным, але навошта ж праяўляць такую агрэсію? І чаму не пацікавіцца, а чым жывуць прадстаўнікі іншых канфэсіяў і нават рэлігій? Адкуль такая абмежаванасьць? Тым больш, што ў бальніцы ўсё роўна ж няма чым заняцца…


Канешне, такія выпадкі сустракаюцца вельмі, вельмі рэдка. Але ўсё ж такі сустракаюцца… Натуральна, мы памаліліся за гэтую жанчыну, мы падзякавалі Пану Богу за тое, што кабета, пабачыўшы нас, адразу ж, напэўна, выздаравела, бо ня могуць жа хворыя людзі так вось спрытна скакаць з ложкаў…


А потым мы зайшлі да мужчынаў. Мужчыны спачатку сустрэлі нас вельмі прыязна. Яны гулялі ў карты і адразу ж прапанавалі нам далучыцца. Але, пачуўшы пра Бога, раптам пасуравелі і папрасілі нас пакінуць памяшканьне…


Комментариев нет:

Отправить комментарий