пятница, 23 октября 2009 г.

Легіянэрская малітва

Адары, Пане, нас, хто служыць пад харугвамі Найсьвяцейшай Панны Марыі, тою паўнатою веры ў Цябе і тым спадзяваньнем на Яе, якім належыць заваяваць сьвет. Адары нас вераю жывою, натхнёнаю ласкаю, якая дазволіць нам рабіць усе нашыя справы з чыстай любові да Цябе, і заўсёды бачыць Цябе перад сабою і служыць Табе праз службу бліжняму; веру цьвёрдую і непахісную, як скала, празь якую мы застанёмся спакойнымі і цьвёрдымі ў смутку, пакутах і жыцьцёвых расчараваньнях; дай нам веру мужную, якая будзе натхняць нас на пераадольваньне і зьдзяйсьненьне без ваганьня вялікіх спраў дзеля хвалы Божае і дзеля ўратаваньня душ; веру, якая павінна стаць стаўпом агнявым нашага Легіёну, каб весьці нас, аб’яднаных у нашым руху, наперад, каб запаліць усюды агонь Божай любові, каб асьвяціць сьвятлом ісьціны тых, хто знаходзіцца ў цемры сьмяротнай, каб запаліць раўнадушных, каб вярнуць да жыцьця тых, хто мёртвы ў граху; дай нам веру, якая накіруе нашыя крокі па шляху міру, каб пасьля барацьбы ў гэтым жыцьці, не згубіўшы ні аднаго са сваіх членаў, Легіён наш змог сабрацца ў Валадарстве любові і хвалы Тваёй. Амэн


Комментариев нет:

Отправить комментарий