пятница, 9 октября 2009 г.

Боль

Калі ў мінулы раз былі зь сястрой у бальніцы, размаўлялі з прыемным 53-гадовым праваслаўным мужчынам. Ён сам захацеў з намі пагаварыць. Сказаў, што веруючы, што спавядаецца некалькі разоў на год і стараецца кожную нядзелю ўдзельнічаць у Літургіі. Гаварыў ён вельмі спакойна і нават стрымана. Мы спыталі, як ён пачуваецца. А мужчына такім жа спакойным і ціхім голасам нечакана прамовіў: “Ды я вось ужо каторы дзень у вакно паглядаю… Калі заўтра ўрачы ня скажуць, што са мной, і не дапамогуць мне пазбавіцца гэтага невыноснага болю, з-за якога я не магу ні спаць, ні есьці, ні хадзіць, ні ляжаць, ні нават думаць, дык я вазьму і выкінуся зь сёмага паверха, прама вось з гэтага вакна…Бо я ўжо нічога не баюся: ні сьлёз дзяцей ды жонкі, ні пекла, ні сьмерці… ” У нас зь сястрой ад пачутага ажно мову заняло…” Добра, што Дух Сьвяты пасьпяшыў нам на дапамогу і падказаў патрэбныя словы. Мы сказалі мужчыну, што калі б ягоны боль быў насамрэч невыносным, дык ён бы ўжо даўно памёр ад болевага шоку, але ж ён не памірае – значыць, здольны трываць, а калі боль сапраўды стане нясьцерпным – ён адразу ж памрэ, і яму ня трэба будзе выкідвацца з вакна … Мужчына крыху супакоіўся і сказаў, што мы маем рацыю. Потым мы яшчэ доўга гаварылі, а напрыканцы разам зь сястрой памаліліся над ім, пасьля чаго мужчына нават пачаў усьміхацца. А я і да сёньня не магу прыйсьці ў сябе. Так цяжка на сэрцы… Кожны з нас у любую хвіліну можа апынуцца ў бальніцы. А там ні сьвятара няма, ні сёстраў міласэрнасьці, ні псыхоляга, які б навучыў спраўляцца з болем (праўда, псыхолягі ёсьць, але ж яны ня ў стане дайсьці да кожнага патрабуючага). Жахлівая карціна, адным словам. А я ж – эгаістка, ўсё аб сабе думаю… А Аляксандар Рыгоравіч усё будуе Лядовыя палацы і, напэўна, мяркуе, што яму ніколі не давядзецца пакутаваць…

***

Цікавы аповед расейскага доктара пра бальніцу, хворых і ўрачоў можна пачытаць вось тут:

http://magazines.russ.ru/znamia/2007/5/os14.html

Комментариев нет:

Отправить комментарий