четверг, 31 декабря 2009 г.

Віншую ўсіх сяброў з надыходзячым Новым Годам! :)

Няхай Божае дабраславеньне будзе з кожным жыхаром нашай Бацькаўшчыны!

Мэнталітэт :( Кот і людзі. З бугальтарскага форума

Увечары выйшаў на балькон папаліць. Бачу - па карнізу суседзкі кот крадзецца. Ну, думаю, напэўна хоча вераб’інае гняздо спустошыць. Я прытаіўся, а потым як закрычу: “Ану псік адсюль! Ты што тут робіш, шэльма!?” На месцы застаўся толькі кот. З месца сарвалася бабця, якая зьбірала нейкае насеньне зь кветак пад бальконам. Хлопец, які сядзеў на трубе і піў піва, зваліўся зь яе і - бегчы. Дзяўчына, што клеіла аб’явы ля пад’езда, “зьліняла” у імгненьне вока. Кот працягваў павольна красьціся…

среда, 30 декабря 2009 г.

Душэўна і па беларуску :) 1983г.



Дэвот, Дэвотка

У Францыі так называюць таго, хто ахвяруе сабою пад уплывам рэлігійных пачуцьцяў…

Як дапамагчы выпіўшаму чалавеку ???

Шаноўнае панства і спадарства! Скажыце, калі ласка, як можна дапамагчы незнаёмаму п’янаму чалавеку (мужчыне, альбо жанчыне), які ляжыць на сьнезе (ці сядзіць на лаўцы, калі яго хто-небудзь туды пасадзіў) і бачна, што самастойна дабрацца да дому ён ужо ня ў стане, але ж і па дапамогу ні да каго не зьвяртаецца? Ці варта ў такіх выпадках тэлефанаваць у міліцыю? А мо’ трэба выклікаць хуткую дапамогу? Ці лепей увогуле нічога не рабіць, а проста за яго памаліцца? Але ж апошні варыянт, напэўна, прыймальны толькі летам. А цяпер жа маразы ізноў вярнуліся. Чалавек можа памерці ад пераахаладжэньня…
***
Аднойчы летам да мяне на вуліцы падышла моцна выпіўшая жанчына гадоў пяцідзесяці. І хоць яна даволі добра трымалася на нагах, яе псыхічны стан быў вельмі жахлівым. Жанчына ўся трэслася ад непераадольнага, беспрычыннага, панічнага страху. Яна схапіла мяне за руку і папрасіла, каб я хоць крышачку зь ёй пастаяла і пагаварыла. Трохі супакоіўшыся, жанчына распавяла пра сваё жыцьцё, сказала, што яна алькагалічка са шматгадовым стажам, а муж у яе – добры, прыстойны і непітушчы чалавек. Потым мы разам яму патэлефанавалі. Я вельмі прасіла мужчыну, каб ён прыехаў і забраў сваю жонку. Але, пачуўшы, што тая ізноў напілася, мужчына моцна раззлаваўся ды сказаў, што ён нікуды не паедзе, і няхай яна сама вырашае свае праблемы. Мы яшчэ крыху пагаварылі, жанчына збольшага супакоілася і нават здолела сесьці ў аўтобус…

Вось у такім жорсткім сьвеце мы жывем…

Зіма вярнулася...


вторник, 29 декабря 2009 г.

Проза жыцьця…

Чытаю надпіс на бугальтарскім дакумэнце:

“КХП, Пухавічы”

Во, думаю, цікава… Аказваецца, у Пухавічах Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя (КХП БНФ) існуе і нават дзейнічае… А што ж, думаю, ёй магло спатрэбіцца ад нашага прадпрыемства?.. Чытаю далей. А там – суцэльная проза жыцьця… Аказалася, што КХП – гэта ніякая не партыя, а мясцовы Камбінат ХлебаПрадуктаў… Напэўна, я занадта многа пра Зянона Пазьняка думаю… :)
***
Дарэчы, БХД – гэта таксама ня толькі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя, але яшчэ і Бальніца Хуткай Дапамогі… :)

понедельник, 28 декабря 2009 г.

Турынскі Цуд

Як і многія эўрапейскія гарады, Турын у апошнія дзесяцігодзьдзі пераходзіць на постіндустрыяльныя рэйкі. Сталіца італьянскага аўтамабілебудаваньня стала сталіцай зімовых Алімпійскіх гульняў. А яе прамзоны ператвараюцца ў непрамысловыя. У адпаведнасьці з духам часу, кардынал Северыно Палетто, арцыбіскуп Турынскі, замовіў архітэктару Марыё Ботта храм на месцы былога перапрацоўчага мэталюргічнага заводу. Дакладней, нават не храм, а сапраўдны каталіцкі цэнтар, у які ўваходзяць заля кангрэсаў, дом сьвятара, капэла для штодзённых службаў, памяшканьне нядзельнай школы і офісы. Храм прысьвечаны плашчаніцы Хрыста, якая, як вядома, захоўваецца ў Турыне. Спадар Марыё Ботта стварыў вельмі незвычайны будынак – у форме сямікутніка. Для архітэктуры гэта даволі дзіўна, але з пункту погляду сымболікі цалкам зразумела: чысло 7 мае ў хрысьціянстве сакральнае значэньне. Будынак атачоны сямю вежамі і сямю больш нізкімі капэламі. Верхавіны ў тых і ў другіх зрэзаныя, а зрэзы закрытыя шклом. Так гэтыя памяшканьні ператварыліся ў сьветлавыя ліхтары, якія адначасова фармуюць і асьвятляюць фантастычны інтэр’ер храма. Унутры ўсё ўладкавана яшчэ больш складана. Вакол цэнтральнага купальнага барабана нібыта круцяцца кліньні: каменныя чаргуюцца са сьветлавымі – гэта і ёсьць вежы-ліхтары. А за алтаром на просьбу арцыбіскупа, скапіяваны воблік Збаўцы, той самы, які адбіўся на плашчаніцы. Але тут ён выкананы з каменя. Архітэктар Марыё Ботта і ягоныя памочнікі стварылі на кампутары мадэль з чорных і белых пікселяў, а потым замянілі іх камянямі розных колераў. З павагі да мінуўшчыны на тэрыторыі пакінулі дымавы комін, зроблены з другаснай сыравіны. І ня проста пакінулі, але ператварылі яго ў пастамэнт для Крыжа, які ўзносіцца на вышыню 60 м. Калісьці звычайны прадукт перапрацоўкі мэталалому, цяпер комін стаіць як сымбаль перамяненьня гораду і ўзьнікненьня новага жыцьця на старым месцы. Збудаваньне яднае рысы клясычнага цэнтрычнага храма і вуглаватай мадэрнісцкай пабудовы. А ягонае сьветлавое вырашэньне – сапраўдны шэдэўр.

***

Архітэктар Марыё Ботта ў 1969 годзе ва ўзросьце 26 гадоў скончыў Архітэктурны унівэрсытэт у Вэнэцыі. Яму, постмадэрністу, пашчасьціла быць вучнем Скарпы і працаваць зь Ле Карбюзье – можа таму клясыка і мадэрнізм спалучаюцца ў ягонай творчасьці бесканфліктна і плённа. У актыве спадара Ботты некалькі каталіцкіх сабораў, сынагога, музэі, бібліятэкі і банкі.







???????????? Гэта што?

Цудоўныя ў нас людзі ёсьць… Спачатку пан Дзяніс Салаш абазваў мяне “пляткаркай-паклёпніцай", "пляткаркай звычайнаю", "экзальтаванай касцельнай дэвоткай" (дарэчы, ўсё гэта я чую ад яго ўжо ня ў першы раз), ну, я цярплю, ды кажу яму, што я ж легіянэрка, таму мушу быць здольнай вытрываць дзеля Хрыста нават і не такія рэчы. А пан у адказ пачынае пагражаць мне экскамунікай за блюзьнерства. Я прапаную яму зьвярнуцца да Тадэвуша Кандрусевіча, а ў адказ атрымліваю вось што:

"
Раю я вам самой здацца Яго Эксцэленцыі, прыйсці і афіцыйна заявіць: я, Марына Бараноўская* (толькі ж я не Бараноўская, а Баброўская) па ўласнай ініцыятыве, самазакінулася як двацаціпяцітысячніца ад БНФ на тэрыторыю "польска-касцельнай чмуты" з мэтамі нацыяналістычнай прапаганды і сталага пляткарства."
--
"Двадцатипятитысячники - передовые сЬвядомые крупных промышленных центров РБ, добровольно поехавшие по призыву БНФ на хозяйственно-организационную работу в католические приходы Западной Беларуси в начале 1990-ых, В ноябре 1991 года Сойм БНФ(б) принял постановление о направлении 25 тыс. сЬвядомых с достаточным организационно-политическим опытом. Это решение нашло среди националистических масс широчайший отклик. В отборе добровольцев наряду с партийными организациями принимали участие коллективы сЬВядомых, которые обсуждали поступившие заявления на районных и областных собраниях. В итоге по РБ было отобрано и послано на работу в польские парафии 27 519 сЬвядомых. "
http://www.oval.ru/enc/21814.html

Шаноўнае спадарства і панства, мо' хто ведае, аб чым тут увогуле вядзецца?
А пачытаць усе гэтыя пэрлы можна вось тут:

http://budzimir.livejournal.com/19043.html

воскресенье, 27 декабря 2009 г.

Вясна ? :)

За вокнамі птушкі шчабечуць на ўсе галасы, а ўчора каты паўночы канцэрт давалі. Я нават акно прыадчыніла, каб нічога не прапусьціць. Мушу адзначыць, што каты прадэманстравалі высокі ўзровень выканаўчага музычнага майстэрства, бездакорны густ і вытанчаную нюансыроўку. Асабліва ўразіла шчырасьць пачуцьцяў, шляхетнасьць тэмбраў, мяккасьць гучаньня і цудоўны падбор музычнага рэпэртуару. Каціны аркестр нібыта выпраменьваў жыцьцёвую сілу, і мяне не пакідала адчуваньне, што пад маімі вокнамі сабраліся каціныя зоркі з усяго сьвету...
Можа ўжо сакавік наступіў? А людзі ня ведаюць і да сустрэчы Новага Году рыхтуюцца... :)

суббота, 26 декабря 2009 г.

ЦУМ







"Рыбалка" :)

Вялікі засьнежаны горад у чарговы раз змагаўся з акупанткаю ноччу, ужываючы супраць яе свае шматлікія рознакаляровыя ліхтары. Але ж усе і так добра ведалі, што перамога ўсё роўна будзе за ёй. Аксамітны чорны кот ростам 1м65см цудоўна глядзеўся на фоне толькі што выпаўшага чысьцюткага сьнегу. Ён спакойна сядзеў побач з ужо пратаптанай людзьмі вузенькай сьцяжынкай і на кагосьці, ці на штосьці чакаў. Раптам ягоныя загадкавыя смарагдавыя вочы сустрэліся з маімі задумлівымі шэрымі. Кот павольна падняўся, штосьці мяўкнуў сабе пад нос, абтрос ад сьнегу свой пушысты чорны хвост і рашуча пайшоў сьледам за мной, ледзьве не наступаючы мне на пяткі. Ад такога незвычайнага спадарожніка на душы ў мяне адразу ж зрабілася неяк вельмі маркотна і трывожна. Усьведамляючы, што ад ката трэба тэрмінова нейкім чынам пазбавіцца, я палезла ў сваю торбачку і дастала адтуль бліскучую серабрыстаю рыбіну (як сымбаль хрысьціянства, натуральна, а не як спажыву для абсалютна незнаёмага мне ката :) і шпурнула яе прама ў лапы чорнай жывёліне. Ката такі мой учынак абсалютна не зьбянтэжыў, і нават не зьдзівіў. Ён спрытна спаймаў рыбіну леваю лапаю і, хітра ўсьміхнуўшыся, прыціснуў яе да сэрца, а правую лапу паклаў мне на плячо (жах які…) і ціха прашаптаў мне на вушка: “Ня бойся…”

Вось такі "жахлівы" сон можа прысьніцца хрысьціянцы, калі яна апаўночы заходзіць у ЖЖ добра ўсім вядомага паганца і пачынае дыскутаваць зь ім на тэму рыбалкі… :)
***
Але, дзякуй Богу, што мне хоць ГЛ ня сьніцца зь ягонымі круглагадовымі купальскімі оргіямі... Вось гэта было б насамрэч страшна... :)

пятница, 25 декабря 2009 г.

четверг, 24 декабря 2009 г.

Віншую ўсіх са Сьвятамі!

Тут можна паслухаць вельмі цудоўную песеньку :)

http://www.jacquielawson.com/preview.asp?cont=1&hdn=0&pv=3169996

среда, 23 декабря 2009 г.

Адліга

Зіма ўзяла валізку, склала ў яе ўсе свае рэчы, усім сказала "бывайце..." і сышла вось па гэтай шэрай дарозе...
"Калі ж ты вернесься?"- спытала я наўздагон. Але яна была ўжо далёка, і, напэўна, не пачула маіх словаў...

Саша

Першы раз я ўбачыла бамжа Сашу прыблізна тыдні з два таму. Тады ў пераходзе побач зь ім сядзеў агромісты акуратны белы сабака, які, як ні дзіўна, нават пагадзіўся, каб я пагладзіла яго па шаўковай сьпінцы – з дазволу Сашы, натуральна. Было заўважна, што сабака ставіцца да Сашы зь вялікай цеплынёю, спагадаю і нават разуменьнем. Саша тады крыху распавёў мне пра сваё жыцьцё. Аказалася, што ён – выхаванец дзіцячага дому. Меў калісьці сваю кватэру, але потым патрапіў у турму за кражу, і кватэру ў яго забралі. Цяпер вось бамжуе, а выжыць яму дапамагае адна менская праваслаўная царква – але ж дапамога тая зусім мізэрная, таму ён вымушаны жабраваць. Учора я ізноў сустрэла яго на тым жа самым месцы, але ўжо без сабакі. Пытаюся, куды ж падзеўся цюцік, а Саша кажа, што цюціка забрала адна вельмі жаласьлівая жанчынка. Кабета мудра рассудзіла, што нягожа, каб ні ў чым не вінаваты, няшчасны сабачка бадзяўся з босымі лапкамі па гораду ў той час, калі на вуліцы стаяць такія моцныя маразы. Ды й у пераходзе ня надта цёпла – нават людзям, ня кажучы ўжо пра цюціка зь ягонай тоненькай шаўковай шорсткаю ды неабутымі лапкамі. Да таго ж сабачка ня стане піць гарэлку, альбо чарніла, каб сагрэцца. А Саша п’е па чорнаму, але ж не “ради пьянства окаянного”, а каб не памерці ад пераахаладжэньня. Так што яму на вуліцы выжыць нашмат лягчэй, чым шаўковаму беламу цюціку. Але, можна спадзявацца, што неўзабаве ў Сашы зьявіцца новы чатырохлапы сябра, бо ён крадзе сабак з жывадзёрні, каб выратаваць іх ад немінучай сьмерці. Вось такі ён добры і харошы чалавек…

***

Фотаздымак зроблены з дазволу Сашы. Яшчэ ён нібыта спрабаваў працаваць у праваслаўным манастыры, але праца там вельмі цяжкая, а ў яго зусім слабое здароўе. Таму матушка вынесла яму суровы прыгавор, сказаўшы, што такія людзі ім не патрэбныя, і адправіла яго ў бальніцу на лячэньне.

***

Уяўляю сябе на ягоным месцы... Цікава, як бы тады ставіліся да мяне людзі?.. А сабакі?.. Напэўна, сабакі ставіліся б лепей…

понедельник, 21 декабря 2009 г.

Перадкалядная казка

“Хвост” :(

Сёньня ўвечары, як толькі я выйшла з касьцёла, за мной адразу ж увязаўся “хвост” у выглядзе кабеты гадоў пад 50. Я іду – і яна за мной. Я спыняюся на зялёнае сьвятло – і яна стаіць непадалёку. Я паднімаюся на ганак адміністрацыйнага будынку – і яна тут як тут. А навокал – “ні машын, ні людзей”, а толькі сьнег ды ёлкі. Нарэшце я не вытрымліваю і пытаюся:

- У чым справа? Можа Вам патрэбна якая-небудзь дапамога?

- Я не разумею беларускую мову,- сурова адказвае жанчына на польска-беларускай трасянцы. А потым задае мне вельмі цікавае пытаньне:

- А што Вы рабілі ў нашым касьцёле?

У адказ я дастаю мабільнік і пачынаю набіраць першы патрапіўшыся на вочы нумар. І толькі пасьля гэтага жанчына пакідае мяне ў спакоі і сыходзіць. І як мне гэта разумець?..

воскресенье, 20 декабря 2009 г.

***

Я прыйду да Вас у вобразе Плачкі, і буду плакаць па тых дзецях, якіх Вы калісьці пакінулі. Памятаеце, тады, на вечарыне ў пана А. Вы пачалі зьбірацца дадому раней за ўсіх, а пан К. спытаў у Вас:

- Пане Л., куды ж Вы так рана зьбіраецеся? Пабудзьце ‘шчэ з намі. У Вас жа дзеці ў хаце ня плачуць…

Пачуўшы пра дзяцей, Вы раптам спахмурнелі і ціха прамовілі:

- Адкуль Вы ведаеце, пан К.? Магчыма, дзесьці й плачуць…

Але ж Вы пайшлі не да іх…

Бог - гэта Любоў. З адсутнасьці Любові нараджаецца няведаньне… сьв.Францішак

Проста думкі...

Беларускі й польскі палітычны і грамадзкі дзеяч, абшарнік Эдвард Вайніловіч, які пабудаваў касьцёл сьв.Сымона і Алены Ў Менску, выступаў фундатарам не толькі касьцёлаў, але і праваслаўных цэркваў, быў заснавальнікам камітэту абароны жыдоў і татараў-мусульманаў у Клецку. Там жа пабудаваў сынагогу. У Макранах — праваслаўную Георгіеўскую царкву, а побач, непадалёку — каталіцкі касьцёл... Але, ці магчыма такое ў наш час?..

На днях спадар Уладзімер Лобач [info]uladzimer напісаў вось такі прыгожы, але вельмі сумны верш:
***
Чатыры чорных жаўнеры
вартуюць Дзьвіну
ад маста да маста.
Мне не стае ні сілы, ні веры
іх падмяніць з паста.
Сыходжу за межы парканаў,
пакінуўшы за сьпіной
варту, раку і крушні дамініканаў.

Ну, я і сказала яму:
- Трэба крушні адбудаваць! Тады ў Вас за сьпіной будзе надзейны дамініканскі тыл :)
А ён у адказ:
- О! Каб паганец адбудоўваў дамініканскія руіны, то гэта было б нешта! А дамінікане аднаўлялі б паганскія капішчы.)))

А я дык і ня супраць. Няхай бы так і было…

Але, на жаль, крыху пазьней, у посьце са знакаваю назваю “Міру-мір!” гаспадар блогу пачаў абурацца:
- Ну чаму ізноў рэлігійная прапаганда ў маім блогу? Я ж свае рэлігійныя перакананьні трымаю пры сабе..
Так што міру ізноў не атрымалася. Напэўна, па маёй віне. Але ж, ці магчыма «трымаць пры сабе» тое, чым ты штохвілінна жывеш?..
***
Сьвяты Францішак
быў гатовы аддаць сваё жыцьцё за выратаваньне душы сарацынскага султана:
- Дзеля таго, каб ты паверыў, я кінуся ў агонь, і калі згару ў ім, то ведай, што я паплаціўся за свае грахі, калі ж выйду зь яго жывым і здаровым, ты прызнаеш Хрыста сапраўдным Богам і Збаўцам сьвету.Ніколі раней султан не сустракаў чалавека, які быў бы гатовы дзеля ягонай душы кінуцца ў агонь. Напрыканцы жыцьця ён прыняў хрысьціянства.
***
...а Крыж, як ні дзіўна, і зараз стаіць на тым жа самым месцы… Прычым – нікім не заняты…
http://www.thejourneysproject.com/image-detail.aspx?id=309

Анёл :)

А Вы ведаеце, што я магу ператварыцца ў матылька і лётаць перад экранам тэлевізара, не даючы Вам яго глядзець, калі па ім будуць паказваць Ваш улюбёны фільм? А можа мне лепей ператварыцца у камара? Не. Камара Вы, напэўна, заб’еце. А потым, калі Вы выйдзеце на вуліцу, я падзьму на Вас прахалодным паўночным ветрам і вырву з Вашых рук парасон, а Вы прабяжыце за ім ажно два кілямэтры, але так і ня здолееце яго дагнаць. А пасьля я пральюся на Вас цёплым летнім дожджыкам, ад якога Вы прамокнеце наскрозь. Не, потым Вы не падсушыцеся пад сонейкам, бо я праплыву над Вамі доўгаю шэраю хмаркаю. Так што сонейка вам не відаць. А потым я стану птушкаю. Ой, ну што Вы такое кажаце. Я стану птушкаю ня толькі дзеля таго, каб накакаць Вам на галаву, калі Вы прысядзеце папіць піўка вунь на тую лавачку, што стаіць пад ліпаю. Так. На галаву я Вам, канечне, накакаю, але толькі пасьля таго, як прасьпяваю песеньку. Я вось думаю, у якую птушку мне лепей ператварыцца? У сінічку? Ці мо’ў варону? А мо’ лепей усё ж такі ў бусла? Ну і што з таго, што буслы не сьпяваюць? А ўначы я буду сьвяціць на Вас месяцавым сьвятлом, так што заснуць Вам наўрад ці ўдасца. А шторак жа на вокнах у Вас няма. Падумаць толькі – нават у Парыжы не знайшлося падыходзячай дзеля іх тканіны. Ну вось, Вы ізноў пачынаеце казаць банальнасьці пра ціхіх чарцей, якія водзяцца ў ціхіх беларускіх балотах. А я Вам кажу, што ў іх водзяцца ня ціхія беларускія чэрці, але гарэзьлівыя беларускія анёлы. Ды вось жа я – стаю прама перад Вамі. Вельмі дзіўна, што Вы ня бачыце ні мяне, ні маіх бліскучых сярэбраных крылцаў. Мяркую, Вам трэба тэрмінова зьвярнуцца да акуліста… :)

четверг, 17 декабря 2009 г.

Аказваецца, сьвяты Торвальд Вандроўнік быў кананізаваны

Вось, атрымала такі ліст:

Марына! Сьвяты Торвальд быў кананізаваны... Аб гэтым піша расейская дасьледчыца месяцасловаў Вольга Лосева. Ў сваёй кнізе "Русские Месяцесловы 11 - 14 веков." Издание второе., М., 2003 г. яна індыфікуе яго як Цімафея Полацкага альбо Тура Полацкага. Гэта адбылося пасьля ўсталяваньня ў Полацку япіскапскае катэдры (пасьля ХІ ст.). Але ён не трапіў у Кіеўскія месяцасловы, бо спрацавала супрацьстаяньне Полацака і Кіева. Аўтарка падае досыць шмат сьвятых, якія ня ёсьць сёньня шануемыя.

Дарэчы, аб ранейшым (да Ўладзімірскім) хросьце шмат пісаў і навукова даказаў гэты факт украінскі акадэмік Брайчэўскі. Наогул, і сам Уладзімір ніколі шырока не шанаваўся ў Кіеўскае Царкве як сьвяты... Гэта маскоўская традыцыя і пазьнейшая (ва Ўкраіне) устаўка. Нават ў месяцаслове Трэбніка мітрапаліта Пятра Магілы (можна пераканацца тут: http://www.liturgy.ru/grafics/pmogila3/page.php?p=416 ) яго няма. Я вось тут: http://www.kamunikat.org/belaruskaja_autakefalija.html?pubid=12642 уласны артыкул пераклаў зь украінскае мовы аб гэтым.

Прат. Сяргей

Слова

...Але няхай споўніцца слова, напісанае ў законе іх: зьненавідзелі Мяне дарэмна... (Ян 15,25)
...Тых, хто мяне бяз віны ненавідзяць, больш, чым валасоў на маёй галаве; больш чысьлены, чым косьці, мае ворагі, што несправядліва мяне перасьледуюць. Чаго не рабаваў, мушу аддаваці...(Псальмы 69,5)
...Славіць Цябе буду ў зграмаджэньні вялікім; сярод чысьленага народу хваліць Цябе буду, каб не пацяшаліся нада мною тыя, што бяз віны маёй сталіся ворагамі; каб ня міргалі вачмі між сабою тыя, што бяз прычыны ненавідзяць мяне. Бо не аб супакоі гавораць яны, але проці ціхіх зямлі снуюць здрадлівыя думкі...

среда, 16 декабря 2009 г.

Адтуль жа :)

Распарадак дня ў офісе:

9:00 Пачатак працы.

9:30 Прыбыцьцё на працу.

9:45 Перапынак на каву.

11:00 Праверка электроннай пошты.

11:15 Падрыхтоўка да абеду.

12:00 Абед.

14:45 Вылазка ў інтэрнэт.

15:00 Перапынак на гарбату.

16:00 Падрыхтоўка да адыходу дамоў.

16:30 Уход дадому.

17:00 Заканчэньне працы :)

З бугальтарскага форума :)

Заходзяць два сумныя мужчыны ў аўтакраму:
- Дайце, калі ласка, задні бампэр на “дзесятку” і пярэдні на “дзевятку”.
Прадавец выносіць два бампэры.
- А дайце яшчэ тармазныя калодкі.
- На якую машыну?
- А Вы самі як думаеце? :)
***

Міністар начальніку:
- Выклічце маю машыну.
Начальнік намесьніку:
- Выклічце машыну патрона.
Намесьнік дыспэтчару:
- “Кадзілак” шэфу, халера б яго пабрала…
Дыспэтчар начальніку гаража:
- Калёсы нашай малпе! :)
***
Бугальтар упершыню чытае чатырохгадовай дачцэ казку пра Папялушку. Дзяўчынка ў захапленьні ад пачутага. Асабліва ад той часткі гісторыі, у якой гарбуз ператвараецца ў залатую карэту. Раптам яна пытаецца:
- Тата, а вось калі гарбуз ператвараецца ў залатую карэту, гэта клясыфікуецца як даход, ці як павелічэньне кошту маёмасьці ? :)
***
Завяршаецца пэрыяд справаздачаў. У бугальтэрыі – запарка. У паветры павісае пытаньне:
- А колькі месяцаў у гэтым годзе?
Галоўны бугальтар:
- Дзесяць, без падатка на дабаўленую вартасьць… :)

Сьвяты Торвальд Вандроўнік

Успомніла пра яго дзякуючы [info]zhozh


Торвальд Вандроўнік нарадзіўся каля 950г. у паўночнай Ісьляндыі. Яшчэ ў маладосьці ён прысьвяціў сябе вайсковай службе. Зьяўляючыся памочнікам дацкага караля Свэна Вілабародага, Торвальд разам зь ім удзельнічаў у набегах на Ўэлз і Ірляндыю. Падчас вайсковых паходаў вылучаўся ён сярод іншых ваяроў дзіўнымі паводзінамі: усю сваю здабычу Торвальд без шкадаваньня мяняў на палонных, якіх неўзабаве адпускаў дадому.

У Ірляндыі Торвальд упершыню пазнаёміўся з хрысьціянскім вучэньнем. Разважаючы аб пакутах, якія прыняў на Сябе Сын Божы дзеля збаўленьня людзей, вырашыў ён пакінуць каралеўскую службу і прысьвяціць сваё жыцьцё служэньню Богу.

У 980г. у Саксоніі Торвальд прыняў хрост ад біскупа Фрэдрыка, разам зь якім і накіраваўся ў 981г. у родную Ісьляндыю, каб вызваліць сваіх суайчыньнікаў зь цемары паганства і навярнуць у прасякнутую святлом любові ды самаахвярнасьці хрысьціянскую веру. Узрушаныя глыбінёй, багацьцем і веліччу хрысьціянскага вучэньня, вікінгі адзін за адным пачалі прымаць хрост. Неўзабаве ў Ісьляндыі паўстала першая хрысьціянская царква, а колькасьць прыведзеных да сьвятла праўдзівай веры ісьляндцаў усё павялічвалася... Але паганцы, раззлаваныя імклівым распаўсюджваньнем новай рэлігіі, пачалі чыніць перашкоды хрысьціянскім прапаведнікам. На кірмашах у прысутнасьці вялікай колькасьці людзей яны абражалі хрысьціянаў, сьпяваючы зьдзеклівыя прыпеўкі ды прыдумляючы зьняважлівыя жарты. Торвальд, разьюшаны зьдзекамі і кпінамі паганцаў, забіў двух пасьмешнікаў. Наступствы такога ўчынку былі жахлівыя: вырашыўшы адпомсьціць Торвальду, паганцы спалілі ягоную сядзібу ды царкву і забілі шмат хрысьціянаў. Усе прапаведнікі былі вымушаныя пакінуць Ісьляндыю, а Торвальд, даўшы абяцаньне Богу прывесьці да сьвятла хрысьціянскай веры хаця бы адзін народ, ўжо больш ніколі не вяртаўся на сваю Радзіму.

У 986г. Торвальд апынуўся ў Полацку. Згодна з граматай, атрыманай ім ад Канстантынопальскага імпэратарара Васіля ІІ, ён быў прызначаны паўнамоцным прадстаўніком Бізантыі “да рускіх князёў у краінах Усходняй Балтыкі”. Горад Усяслава Чарадзея, Рагвалода і Рагнеды ўразіў прапаведніка сваёй прыгажосьцю. Ён палюбіў ягоных ветлівых жыхароў і вырашыў застацца ў ім назаўсёды. У Полацку ён пабудаваў храм і кляштар сьв.Яна Хрысьціцеля. Тут ён любаваўся хуткабежнымі водамі Дзьвіны ды прахалодным блакітам паўночных нябёсаў. Тут складаў Богу свае палымяныя малітвы. Адсюль вяртаўся ў сваіх успамінах да фіёрдаў Скандынаўскай паўвыспы і роднага ісьляндзкага акіянічнага узьбярэжжа. У гэтым таемным краі з суровымі сьнежнымі зімамі, зь непраходнымі ляснымі гушчарамі, ён знайшоў сваю другую Радзіму. Ён навучыў насельнікаў гэтага краю любіць бліжняга свайго, як самога сябе і верыць ў Адзінага Бога. Тут адпяваў ён пайшоўшых з жыцьця ў 1000г. – Рагнеду і ў 1001г.- Ізяслава. Адсюль і сам пайшоў да Неба ў 1002г., у тым самым, калі хрысьціянства было афіцыйна прызнана ў ягонай роднай Ісьляндыі.

Старажытная скандынаўская “Сага пра Хрост” апавядае: “Торвальд памёр у Русі нападалёку ад Полацку. Там ён пахаваны ў адной гары ў царкве Яна Хрысьцьцеля, і называюць палачане яго сьвятым”. Пэўна, Торвальд Вандроўнік зьяўляецца першым беларускім сьвятым, супольным для каталікоў і праваслаўных. Яшчэ ня знойдзена месца, дзе стаяла царква сьв.Яна, але месцы пахаваньня сьвятых часам цудоўным чынам зьзяюць ды сьвецяцца... Магчыма ў хуткім часе сьвяты Торвальд Вандроўнік будзе кананізаваны і стане апекуном тых беларусаў, якія, як калісьці і ён сам, не па сваёй волі былі вымушаныя пакінуць Радзіму, але, знайшоўшы прытулак у іншых краінах, захавалі ў сваіх сэрцах веру, надзею ды любоў і ніколі не забываліся на родную Беларусь.
***
Мяркую, што менавіта ў Полацку Торвальд раскаяўся ў забойстве двух ісьляндскіх паганцаў, якія "ня ведалі, што робяць"... І маю надзею, што "Айцец дараваў усім"..

:)

На вуліцы вельмі добра. Галоўнае, што ня душна і ня горача. Тэрмомэтар паказвае -25. У хаце таксама 25. Толькі з +…

вторник, 15 декабря 2009 г.

І што з гэтым рабіць?

У нядзелю паспавядалася, а ў панядзелак ізноў пачала рабіць тое ж самае, аб чым на споведзі шчыра шкадавала. І так кожны раз… А ксёндз ужо напамяць усе мае грахі ведае... :(

Вароты ў Рай

Учора былі зь сястрой на заданьні ў бальніцы. Заходзім у палату, а там мужчына ляжыць на ложку, абдымаючы ноўтбук. Аказалася, што ён - мэханік, а ў бальніцы знаходзіцца ў асноўным дзеля таго, каб спакойна парабіць усе свае справаздачы ды пасьпісваць выкарыстаныя на будоўлю розных аб’ектаў матэрыялы. Мужчына сказаў нам, што ён – праваслаўны, жыве ў вёсцы, і што вясковы бацюшка – ягоны найлепшы сябра. Потым ён павярнуў ноўтбук “тварам” да нас і паказаў нам зь сястрой прыгожую невялічкаю цэркаўку, распавядаючы пры гэтым, колькі ўласных сілаў ды сродкаў ён паклаў на яе будаўніцтва. Ну а калі мы пачалі распытваць у яго, ці прыступае ён да споведзі і да іншых сакрамантаў, мужчына хітравата ўсьміхнуўся і сказаў:
- Ну вось… Ужо і вы загаварылі словамі бацюшкі… Ну навошта мне тая споведзь ды ўсё астатняе? Няма калі мне аб гэтым думаць, і Біблію няма калі чытаць, бо я вельмі заняты чалавек. Лепей я ўжо за ўсе свае грахі адразу адкажу – у тую часіну, калі перад Усявышнім паўстану…
Мы:
- А Вам сорамна ня будзе?
Мужчына:
- А чаго мне саромецца? Я вазьму ноўтбук і пакажу Госпаду той жа фотаздымак, што і вам паказаў. І скажу Яму:
- Вось, Ісусе, гэтаю цэркаўку я пабудаваў уласнымі рукамі. А за матэрыяламі колькі я пабегаў ды паезьдзіў... А плот паглядзі які прыгожы вакол яе паставіў… А брамы … Госпадзе, паглядзі, якія брамы!.. Яны ж нібыта ў Рай вядуць!..
А Бог як пабачыць гэтыя брамкі, дык адразу ж і расчуліцца, і ўсе мае грахі ўмомант прабачыць. І з радасьцю адчыніць для мяне свае вароты – тыя, за каторымі знаходзіцца Рай… :)

Малітва ўначы




воскресенье, 13 декабря 2009 г.

Зянон Пазьняк."Сябры"

На скрыжаваньні
Мне заступілі дарогу трое ворагаў
І закрычалі:
- Мы заб'ем цябе, Зянон!
Тут падыйшоў мой сябра
І ворагі змоўклі.
Але сябра ўбачыў, што ворагаў трое, - сказаў:
Абодвух заб'юць, -
І перайшоў на іх бок.
Тым часам падыйшоў другі сябра.
Але ўбачыў, што іх чацьвёра, - сказаў:
- Ты павінен мяне зразумець, -
І стаў на бок чатырох.
У гэты час напаткаў мяне трэці сябра.
Але ўбачыў, што іх пяцёра, -
Без слоў перабег да пяцёх.
Тады я сказаў сябрам:
- Глядзіце: трое іх, трое вас, я - чацьвёрты,
Хіба дазволіце ворагам забіць свайго радака?
- Не дазволім! - Дружна сказалі сябры.
І ворагі адступілі.
Так мы і разышліся з таго скрыжаваньня:
Ворагі сабе, мы - сабе.
Толькі з тае пары
Я стаў вельмі асьцярожы з сябрамі
Да першага скрыжаваньня.

1983г.

Усё пачыналася з Залатой Горкі...

-А ты памятаеш, як усё пачыналася?

-Так, памятаю. Усё пачыналася з Залатой Горкі…

Сёньня адбылася сустрэча залатагорскіх “зуброў”, “вэтэранаў” і іншых людзей, маладосьць якіх прыпала на суровыя 1990-е – пачатак 2000-х гадоў, і хрысьціянскае жыцьцё якіх, па волі Божай, выкоўвалася і загартоўвалася, нібыта сталь у горне, ў сьценах Менскага касьцёле сьв. Роха (сьв.Тройцы) на Залатой Горцы. На фотаздымку можна пабачыць тых, хто вытрымаў сустрэчу да канца :) А арганізавалі гэтае цудоўнае мерапрыемства сястра Марцаліна, ОР і пані Марыя Скуратовіч.

Памятаю, як я пазнаёмілася з Марыйкай, якая заўсёды ўмела ўсё і ўсіх арганізаваць. Памятаю, зь якой сур’ёзнасьцю яна ўзялася за маё “сапраўднае каталіцкае выхаваньне” :) Памятаю, як напачатку 90-х мы нават начавалі ў касьцёле, змагаючыся за ягонае вяртаньне вернікам. Як вячэралі на хорах рыбнымі кансэрвамі з хлебам, а потым уначы намі павячэралі свае ж “каталіцкія” камары :) Памятаю, як ладзілі першую пілігрымку ў Будслаў, як начавалі ў вёсцы на сене разам зь вясёлымі вясковымі мышкамі, а той-сёй вельмі прагнуў пайсьці ў мясцовы клюб на дыскатэку, і ад такога прагненьня ды й ад піску неўгамонных мышак так і ня здолеў заснуць ажно да раніцы. Памятаю нашую першую працэсію на Сьвята Божага Цела. Тады нашыя спрытныя бабці “вылавілі” ля касьцёла мяне і яшчэ трох дзяўчат, і апранулі нас, як нявест, у белыя сукенкі і вэлюмы. А потым, пасьля заканчэньня працэсіі, мы не пасьпелі сесьці у касьцельны аўтобус, і былі вымушаныя ісьці праз увесь горад у падвянечным адзеньні. А людзі глядзелі на нас ва ўсе вочы і зьдзіўлена казалі: “Ой! Глядзіце! Нявесты зьбеглі ад сваіх жаніхоў!” :) Памятаю наш першы Велікодны Каталіцкі Фэст, на які мы зьбіралі грошы, ходзячы па прыватных фірмах і распавядаючы людзям пра Хрыста, наш першы Фэстываль духоўнай музыкі ў Магілёве, нашыя хатнія сьпеўкі ды пасядзелкі і яшчэ шмат, шмат чаго. Цудоўны быў час… Вялікі дзякуй усім, хто дапамог мне ў яго вярнуцца… Шкада толькі, што вяртаньне тое доўжылася ўсяго адзін зімовы вечар…

суббота, 12 декабря 2009 г.

Дарога ў Эмаўс

...У той жа дзень двое зь іх ішлі ў сяло, што ў шэсьцьдзесяцёх стадыях ад Ерузаліму, званае Эмаус, і гутарылі між сабою аб усіх гэтых здарэньнях. І сталася, як гутарылі яны ды разважалі між сабою, вось Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў зь імі; але вочы іх былі стрыманы, дык не пазналі Яго. (Лк.,24:13-15)

На пачатку, як і напрыканцы – дарога ў Эмаўс, і ўсе нашыя шляхі яднаюцца зь ёй. Спадарожнікі ў блуканьнях, мы ідзем, ахопленыя трывогаю, у той час, як закон, прарокі, псалмы і сам Хрыстос побач з намі. Але мы не пазнаем Яго ў ламаньні хлеба. Нашае заблукаўшае сэрца саграваецца, усе дарогі сьвету яднаюцца – на гэтым шляху. Ісьці і вяртацца ў Эмаўс. І сустрэча ўвечары зь Незнаёмцам. Застанься з намі, сябра . Пане, нам так добра з табой! Але Незнаёмец зьнікае, адпраўляючы нас да нашых братоў. (Ж.-Р.Бушэ, ОР, "Ідзі за мной").

***
В начале, как и в конце – дорога в Эммаус, и все наши пути сливаются с ней. Спутники в скитаниях, мы идём, в плену смятения, в то время, как закон, пророки, псалмы и сам Христос рядом с нами. Но мы не узнаём Его в преломлении хлеба. Наше заблудившееся сердце согревается, все дороги мира соединяются – на этом пути. Идти и возвращаться в Эммаус. И встреча вечером с Незнакомцем. Останься с нами, друг. Господин, нам так хорошо с тобой! Но незнакомец исчезает, посылая нас к нашим братьям. (Ж.-Р.Буше, ОР, "Следуй за мной").

Déjà vu ?

...Трываласьць і працьвітаньне дэмакратый – якога бы тыпу і ступені разьвіцьця яны ні былі, залежаць ад мізэрнай тэхнічнай дэталі – ад працэдуры выбараў. Усё астатняе – другаснае. Калі працэдура наладжана правільна, калі яе вынікі праўдзівыя – ўсё добра; калі не – краіна гіне, якім бы выдатным ні было ўсё астатняе. У пачатку І-га стагодзьдзя да Раства Хрыстова Рым – магутны, заможны, ў яго няма ворагаў. Але, ня гледзячы на гэта – ён на мяжы краху, бо ўпарта прытрымліваецца бязглуздай выбарчай сыстэмы. А сыстэма бязглуздая, калі яна ілжывая. Галасаваньне адбывалася ў Рыме. Грамадзяне, якія жылі ў правінцыі, не маглі ў ім удзельнічаць, ня кажучы ўжо аб тых, хто быў расьсеяны па ўсяму “рымскаму сьвету”. Правесьці выбары нармальным чынам было практычна немагчыма, таму даводзілася іх фальсыфікаваць. Дзеля гэтага кандыдаты наймалі банды – з вэтэранаў арміі, з цыркавых атлетаў, якія браліся ўскрываць урны. Без падтрымкі добрасумленных выбраў дэмакратычныя ўстановы павісалі ў паветры. У паветры павісалі і словы. Рэспубліка была толькі словам...

среда, 9 декабря 2009 г.

Верш Алеся Спіцына

Мая душа не нараджала колас,
Пакуль яе да мяса не ўзараў.
Калі сарваў свой апярэтны голас
Я ад душы нарэшце заспяваў...

Мне шмат гадоў і не малы я днямі,
А пачынаю з чыстага ліста.
Я з абразоў садраў парчу і камні,
Каб мне за імі не забыць Хрыста...

Так! Многагрэшны я ў сваім штукарстве -
Пра што мне марыць і аб чым маліць?
Хай годныя раздзеляць Валадарства,
А мне б з Табою раны раздзяліць!

***
"Я з абразоў садраў парчу і камні,
Каб мне за імі не забыць Хрыста..."

Я таксама паціху "зьдзіраю"... А людзі зьдзіўляюцца: "Навошта ты гэта робіш?" І намагаюцца іх ізноў туды "прыляпіць", мяркуючы, што так будзе "прыгажэй"...

Лета, лясны чалавек і гарадзкая фэя :)