Аднойчы ўзімку, калі сьвяты Францішак ішоў з братам Лявонам з Пэруджы ў кляштар сьвятой Марыі Анёльскай, быў вельмі моцны мароз. Сьвяты Францішак паклікаў брата Лявона, які ішоў наперадзе, і сказаў яму: "Браце Лявоне, хоць бы ва ўсіх землях браты меншыя давалі заўсёды вялікія прыклады сьвятасьці і дабрачыннасьці, запішы сабе і цьвёрда запомні, што дасканалая радасьць яшчэ ня ў гэтым".
Празь нейкі час сьвяты Францішак паклікаў яго ў другі раз: "О, браце Лявоне, хоць бы браты меншыя вярталі зрок сьляпым і выпроствалі кульгавых, выганялі нячысьцікаў, вярталі слых глухім, рухавасьць спаралізаваным, мову нямым, і нават - найвялікшая рэч! - уваскрашалі мёртвых на чацьвёрты дзень пасьля сьмерці, запішы сабе, што ня ў гэтым дасканалая радасьць".
Прайшоўшы яшчэ трошкі, ён гучна выклікнуў ізноў: "О, браце Лявоне, няхай сабе браты меншыя ведаюць усе мовы і ўсе навукі, няхай ведаюць Пісаньне аж да таго, што ўмеюць прарочыць і прадказаць ня толькі тое, што мінае, але і адкрываць таямніцы сумленьняў і душаў, запішы сабе, што ня ў гэтым дасканалая радасьць".
Адышоўшыся, ізноў ускрыкнуў сьвяты Францішак яшчэ гучней: "О, браце Лявоне, ягня ты Божае! Няхай сабе браты меншыя гаварылі бы на мове анёлаў, ведалі сузор’і і сілу гаючых траваў, няхай бы ім былі адчыненыя ўсе скарбы зямлі, і хоць бы яны спазналі уласьцівасьці ўсіх птушак і рыб, усіх жывёлін, людзей, дрэваў, камянёў, карэньняў і водаў, запішы, што ня ў гэтым дасканалая радасьць". Неўзабаве ён ізноў загаласіў здалёк: "О, браце Лявоне, няхай сабе браты меншыя так бы добра прапаведавалі, што ад гэтага ўсе няверныя навярнуліся б у веру Хрыстову, запішы, што і ня ў гэтым дасканалая радасьць".
Мілі празь дзьве браце Лявоне са зьдзіўленьнем запытаўся: "Ойча, я малю цябе дзеля міласьці Божай, навучы ты мяне, што ж тады ёсьць дасканалая радасьць?". А сьвяты Францішак кажа: "Вось калі дойдзем да Панны Марыі Анёльскай, дажджом змочаныя, калоцячыся ад холаду, запэцканыя гразьзю і змучаныя голадам, і пастукаемся ў брамку кляштарную, прыйдзе ўзлаваны брамнік і скажа: “Хто тут яшчэ?!” - а мы адкажам яму: "Мы двое з вашых братоў", - а ён злосна прамовіць у адказ: "Хлусіце болей! Вы, хутчэй, два паганцы-падманшчыкi, бадзяецеся па сьвеце, жабрацкую міласьціну пераймаеце! Ідзіце прэч адсюль!" - і не адчыніць нам, і пакіне нас знадворку стаяць пад дажджом i сьнегам, халодных і галодных, аж да ночы... То вось, калі мы прымем гэтыя паклёпы, гэтую жорсткасьць і абразы з цярпеньнем, без абурэньня і бурчаньня, i будзем пакорліва і зь любоўю думаць, што брамнік насамрэч добра нас ведае, і што гэта Бог так гаворыць супраць нас ягонымi вуснамi, то тады, о, браце Лявоне! - запішы, што гэта i ёсьць дасканалая радасьць.
І калі мы будзем стукацца ізноў, а ён выйдзе ў лютасьці, каб прагнаць нас, лаючыся, і выштурхне нас, нібы подлых прайдзісьветаў, гаворачы: "Прэч адсюль, драбяза нягодная! Ідзіце ў прытулак, бо тут вы не атрымаеце ані ежы, ані начлегу!" - і калі мы прымем усё гэта з цярпеньнем, з радасьцю і з любоўю, о, браце Лявоне! - запішы, што гэта сапраўды дасканалая радасьць.
А калі, пакутуючы ад холаду і голаду, баючыся блізкай ночы, мы будзем стукацца далей, i клікаць, i прасіць, i горка плакаць, каб ён дзеля Божае міласэрнасьці адчыніў дзьверы і ўпусьціў нас хоць бы ў сенцы, то ён, яшчэ больш раззлаваны, усклікне: "Вось гультаі бессаромныя! Зараз я ім дам, як яны таго заслугоўваюць!", - і выйдзе да нас з дубцом, схопіць нас за каптуры, паваліць на зямлю, выкачае ў сьнезе і раз за разам будзе лупцаваць нас тым дубцом. То вось калі мы ціха вытрываем усё гэтае, думаючы толькі аб пакутах Хрыста бласлаўлёнага, вытрываем, бо мы павінны зьнесьці гэта дзеля міласьці Божае, запішы, о, Браце Лявоне, што гэта, нарэшце, і будзе дасканалая радасьць.
А зараз, Браце Лявон, слухай галоўнае. Вышэй за ўсе міласьці і дары Духа Сьвятога, якія Хрыстос даруе сябрам сваім, ёсьць дарунак перамагаць сябе і ахвотна прымаць зь любові да Хрыста ўсе пакуты, крыўды, паклёпы і выпрабаваньні. Бо анічым ня можам мы пахваліцца, каб гэта было ад нас, а не ад Бога. Таму сказана апосталам: "Што ёсьць у цябе, чаго б ня даў табе Бог? А калі Бог табе гэта даў, то чаму хвалісься ім, нібы сваім?" Толькі крыжам пакуты і цярпеньня можам мы праславіць сябе, бо, як зноў жа сказаў апостал: "Я не здабуду славу інакш, як нясучы крыж Пана нашага Езуса Хрыста".
Чалавек, які здольны радавацца тым больш, чым больш яго прыгнятаюць, можа нічога не баяцца ў жыцьці, і гэта - адно з найгалоўнейшых настаўленьняў сьвятога Францішка. Але дзеля таго, каб спасьцігнуць сапраўднае ягонае значэньне, неабходна памятаць, што яго моц і радасьць расьцвілі на Крыжы.
Комментариев нет:
Отправить комментарий