Эўрапейская цывілізацыя нарадзілася тады, калі раней варожыя і падзеленыя народы і царства прыйшлі да адзінай рэлігійнай веры і, адпаведна, да аднолькавай шкалы каштоўнасьцяў. Заснаваная на прызнаньні вяршэнства Бога над гісторыяй, Духа над матэрыяй, гэтая цывілізацыя, у якой сьвецкія даброты накіраваныя на духоўнае разьвіцьцё чалавека, а этычныя і юрыдычныя нормы грунтуюцца на Самім Богу і ад Яго атрымліваюць універсальны і абсалютны характар, нараджаецца як духоўнае адзінства, і хрысьціянства робіцца яе душою.
З усіх рэлігій менавіта хрысьціянства зьяўляецца самай паэтычнай, самай гуманнай і спрыяе разьвіцьцю свабоды, мастацтва, літаратуры”, – пісаў у 1802г. Р. дэ Шатабрыян у кнізе “Геній хрысьціянства”. Сучасны сьвет усім абавязаны хрысьціянству. Няма нічога больш боскага, чым хрысьціянская мараль, больш велічнага за ягоныя догмы, дактрыну і культ. Яно спрыяе генію, узвышае імкненьні, надае моцы мысьленьню.
Каталіцкая царква, якой належыць важная роля ў справе стварэньня эўрапейскай цывілізацыі, заўсёды актыўна ўдзельнічала ў распрацоўцы канцэпцыі адзінай Эўропы. Папа Ян Павал ІІ бачыў прычыну глыбокага крызісу Эўропы ў адмове ад рэлігійных каштоўнасьцяў, у страце хрысьціянствам гуманізуючай і цывілізатарскай ролі. Ён верыў, што каталіцкая царква можа ня толькі паказаць выхад з крызісу, але і павесьці за сабой народы ў справе рэалізацыі ідэі агульнаэўрапейскага адзінства. Каталіцкая канцэпцыя адзінай хрысьціянскай Эўропы ад Партугаліі да Ўралу, ад Нарвэгіі да Мальты, падмуркам якой павінны стаць агульныя хрысьціянскія карані ўсіх эўрапейскіх народаў, ня зьвязваецца царквою з прэтэнзіямі на стварэньне Сьвятой імпэрыі хрысьціянскіх дзяржаваў. Адзіная Эўропа Духа – гэта дэмакратычнае згуртаваньне дзяржаваў з аб’яднанай эканомікай, скаардынаваным заканадаўствам, узаемавыгадным супрацоўніцтвам і культурным узаемаабагачэньнем.
Каталіцкая царква імкнецца стаць магутным, дынамічным, аўтарытэтным, валодаючым вялізным духоўным патэнцыялам інстытутам, здольным павесьці за сабою сучаснае чалавецтва ад Апакаліпсіса да Надзеі.
Папа Леў ХІІІ нагадваў каталікам пра сацыяльны зьмест Эвангельля і заклікаў іх праводзіць Эвангельскія прынцыпы ў жыцьцё, акунуўшыся ў сацыяльныя праблемы сьвету. Каталіцкая царква і вернікі ўключыліся ў працэсы, зьмяніўшыя Эўропу напярэдадні ХХст. Папа Леў ХІІІ аб’явіў сацыялізм “фальшывымі лекамі ад сацыяльных бедаў”. Ён распрацаваў канцэпцыю супрацоўніцтва “працы” і “капіталу”. Арганізацыйная форма такога супрацоўніцтва – хрысьціянскія прафсаюзы і асацыяцыі хрысьціянскіх працоўных. Ягоная энцыкліка “Rerum novarum” зьявілася своеасаблівым адказам каталіцкай царквы на “Маніфэст камуністычнай партыі”.
Папа Сікст V параўноўвай каталіцтва зь мікельанджэлаўскім купалам Сабора сьвятога Пятра ў Рыме, які імкнецца ў неба, але не пакідае зямлю. Каталіцтва, якое мае свае менавіта духоўныя мэты і задачы, ў той жа час вельмі глыбока пранікла ва ўсе сфэры жыцьця грамадзтва і шчыльна зьвязала сябе зь ім зямнымі клопатамі.
“Там, дзе Хрыстос, там і каталіцкая царква” – так сьв. Ігнацій ужо на пачатку ІІ ст. адлюстраваў усьведамленьне сваімі сучасьнікамі унівэрсальнага характару хрысьціянства.
Комментариев нет:
Отправить комментарий