Гэта толькі здаецца, што ў кватэры, акрамя мяне і хамяка, ніхто больш не жыве. А на самой справе каго тут толькі няма. Трэ’ толькі прыгледзецца ды прыслухацца. А бывае, што і гэтага ня трэба, бо многія “кватаранты” паводзяць сябе настолькі нахабна, што іхнюю прысутнасьць проста немагчыма не заўважыць. Напэўна, лепш за ўсіх пачуваюцца ў маёй кватэры павукі. Адзін зь іх, сярэдніх памераў, аблюбаваў сабе ванны пакой. Днём ён там сьпіць, а ноччу залазіць у ванну (добра, што хоць ваду не ўключае :) і пляце ў ёй сваю павуціну. Бывае, што і злавіць каго-небудзь пасьпявае да раніцы. Але ж каб вы толькі бачылі, якую незадаволенасьць ён выказвае, калі я дастаю яго адтуль і перасаджваю ў вядро для мыцьця падлогі. Другі павук - вельмі, вельмі агромісты, звычайна зьяўляецца апоўначы. Прычым, зьяўляецца прама над маёй канапай, і, крыху пасядзеўшы ў цішы ды агледзеўшыся, пачынае шпацыраваць уздоўж і ўпоперак па ўсіх чатырох сьценах. Аднойчы я паспрабавала яго злавіць, але майго спрыту хапіла толькі на тое, каб адарваць яму нагу (ці лапу? :), зь якой ён разьвітаўся амаль без шкадаваньня і зразумеўшы, што нічога добрага ад мяне не дачакаецца, хуценька пабег далей. А яшчэ ў хаце жывуць маленькія павучкі. Бывае, што спускаючыся на павуцінцы, яны апынаюцца прама ў мяне перад носам. А вось да чаго яны прымацоўваюць свае павуцінкі, застаецца для мяне загадкаю…
вторник, 13 октября 2009 г.
"Кватаранты" :)
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
Комментариев нет:
Отправить комментарий