Учора разам з братам К. наведалі адну зь менскіх бальніцаў. Правялі ў жаночай палаце амаль 3 гадзіны. Размаўлялі з маладой жанчынай – інвалідам 1-й групы. Яна – алькагалічка са шматгадовым стажам. Алькаголь прывёў яе да інваліднасьці. Аднойчы, пару гадоў таму, гэтая жанчына, апрытомнеўшы ў рэанімацыі, не магла нават успомніць, хто яна, як яе завуць, чаму яна апынулася ў бальніцы, і г.д. У яе адняліся ногі, і ёсьць яшчэ шмат праблемаў са здароўем. Жанчына зрабіла шмат абортаў. У яе ёсьць дзеці, але над ёй навісла пагроза пазбаўленьня бацькоўскіх правоў. З мужам яна разьведзеная. Жанчына лічыць сябе веруючым чалавекам. Калі-нікалі бывае ў споведзі і час ад часу чытае Біблію. Мы запісалі яе тэлефон. Мо’ калі-небудзь у яе зьявіцца магчымасьць далучыцца да групы Ананімных Алькаголікаў. Жанчына з радасьцю ўзяла прапанаваную намі літаратуру, абразкі і цудатворны мэдалік.
Так атрымалася, што мне не было зь кім пайсьці на заданьне. Таму вырашыла выканаць яго самастойна. Наведала адзін зь менскіх паркаў. Цудоўна паразмаўляла з трыма пэнсіянэрамі – адным мужчынам і дзьвюма жанчынамі. У адной зь іх калісьці загінуў у аўтакатастрофе сын. Яму было 15 гадоў і яго ўсе вельмі любілі. Ужо прайшло шмат гадоў, але жанчына ніяк ня можа забыцца на тую трагедыю. Яна марыць аб сустрэчы з сынам у Небе, але ў той жа час ёй вельмі цяжка паверыць у такую магчымасьць. Спадзяюся, што пасьля нашай размовы ёй стала хоць крышачку лягчэй. Яшчэ ў мяне была размова з трыма падвыпіўшымі мужчынамі, адзін зь якіх аказаўся каталіком, а двое – праваслаўнымі. Яны стараліся гаварыць са мной па-беларуску і напачатку нават прапанавалі засьпяваць песьню “Даставай, Язэп, гармонік…” :) Мужчыны з радасьцю ўзялі прапанаваную ім літаратуру, абразкі і цудатворныя мэдалікі.
Разам зь сястрой С. былі ў бальніцы. Пан Бог накіраваў нас да тых людзей, якім сапраўды была патрэбная нашая дапамога. Мы пагаварылі са старэнькай жанчынай. Дачка хоча прывесьці да яе сьвятара дзеля споведзі, але жанчына ня ведае, як трэба спавядацца і што казаць сьвятару. Мы ёй усё растлумачылі і далі адпаведны лісток – “Падрыхтоўка да споведзі”. Таксама ў нас была размова з маладым мужчынам, які рыхтуецца да складанай апэрацыі. Мужчына папрасіў нас аб малітве. Ён каталік, ходзіць у касьцёл, але ня можа прыступаць да сакрамантаў, бо ажаніўся з жанчынаю, якая раней ужо была ў шлюбе і вянчалася са сваім першым мужам у праваслаўнай царкве. Мы памаліліся за гэтага мужчыну, а сястра С. склала за яго ахвяру ў касьцёле.
Комментариев нет:
Отправить комментарий