Ну вось, сяджу ля кампутара, зьмёрзшы і вымакшы, як цюцік. Добра, што хоць ацяпленьне сёньня ўключылі, і батарэі ў хаце ўжо крыху нагрэліся. Гойсала я паўдня па Менску без парасона і ў танюсенькім летнім плашчыку. А тут дождж такі моцны пайшоў, дый халадэча жахлівая. Тэмпэратура ўвесь дзень каля нуля трымаецца. Хацела, як выходзіла з хаты, парасон захапіць, а браце дождж кажа: “Ну колькі ж я магу такую няшчырасьць цярпець? Га? Ты, Агнешка, толькі гаворыш: “Люблю дождж... Люблю дождж…” А насамрэч пастаянна цягаеш з сабой парасон, каб ад мяне схавацца. Дык якая ж гэта любоў?” Вось я і падумала, што дождж мае рацыю. І пакінула парасон дома.
А ў плашчыку я хаджу таму, што асеньняе паліто на мне ўжо не зашпільваецца, бо я таўсьцею. Думала новае сабе купіць, дык зараз такія фасоны, якія мне падыходзяць, ужо ня шыюць, бо яны ня модныя. А модныя, на жаль, на мяне не налазяць. Вось і рабі, што хочаш. Праўда, ёсьць у мяне яшчэ і зімовае паліто, але ў ім жа пакуль што занадта горача. Так што давядзецца мне цяпер ня толькі цябе, браце дождж, любіць, але і сястрыцу халадэчу. Ой, толькі б мне ласты ня склеіць ад такой любові. Здаецца, ў мяне ўжо тэмпэратура паднімаецца. Паглядзім, што будзе заўтра.
Браце дождж і сястрыца халадэча, ўспомніце, як вас любіў сьвяты Францішак і не прычыняйце, калі ласка, шкоды ня толькі ягоным пасьлядоўнікам, але і ўсім людзям. Будзьце ім толькі на карысьць.
Хай жа Божая Любоў сагравае нашые сэрцы ў любое надвор’е і беражэ нас ад усялякага зла. Амэн.
Комментариев нет:
Отправить комментарий