А што тут дзіўнага? Вось, калі ласка, вытрымка з артыкула, надрукаванага калісьці ў "Нашай Ніве":
Дарэчы, Манюшка не адзіны вядомы кампазытар з Чэрвеньшчыны. Ёсьць у горадзе таксама шыльда ў гонар Міколы Равенскага, аўтара музыкі да гімну «Магутны Божа». Ён працяглы час жыў і працаваў у Чэрвені. Цэлы шэраг драўляных скульптураў стаіць ля мясцовага дому дзіцячай творчасьці.
Акурат у Доме творчасьці да апошняга працаваў мясцовы мастак і скульптар Генадзь Матусевіч. Усе драўляныя шыльды і скульптуры, якія можна пабачыць у Чэрвені — яго работа. Ужо амаль год як Матусевіч беспрацоўны. Летась у доме творчасьці Генадзю адмовіліся даваць летні адпачынак, а яму трэба было ўсе сілы кінуць на пабудову новага дому, таму і звольніўся з працы. «Мы з жонкай і двума дзецьмі ўсё жыцьцё пражылі ў аднапакаёвай кватэры, болей так працягвацца не магло, таму і вырашыў сканцэнтравацца на доме», — кажа Генадзь.
Новы дом Матусевічаў знаходзіцца на ўскрайку Чэрвеня, ля мястэчка з прыгожай небеларускай назвай «Эмульбіт» — так называецца блізкі завод па вырабе асфальту. Дом прасторны, адно што яшчэ недабудаваны. Разам са спадаром Генадзем жыве яго жонка і малы сын. Старэйшая дачка нядаўна выйшла замуж.
Увесь другі паверх аддадзены на мастацкую майстэрню. Яна застаўленая карцінамі, скульптурамі. Мастак кажа, што зьбіраецца нарабіць з дрэва выяваў паганскіх багоў і абставіць імі дом з усіх бакоў. Матусевіч лічыць сябе паганцам. Але гэта не перашкодзіла яму аздабляць мясцовы касьцёл.
Так, на падворку бажніцы стаіць драўляная выява Ігуменьні, якая трымае ў руках скрутак з тэкстам Натальлі Арсеньневай «Магутны Божа». Тамсама вялікі крыж. І гэта праца Генадзя Матусевіча.
Касьцёл дагэтуль недабудаваны, хоць будаўніцтва вядзецца больш за дзесяць гадоў. Акурат год таму памёр мясцовы пробашч Мечыслаў Лабяка. Ня вытрымаў усіх цяжкасьцяў, зьвязаных з будаўніцтвам касьцёлу. Сэрца спынілася проста, калі сядзеў за сталом. Там, у касьцельнай бакоўцы, яго і знайшлі парафіяне.
Новы ксёндз Павал Кручак — зямляк айца Мечыслава: ён таксама з Лодзі. Служыцьён па‑беларуску, а казані гаворыць дзівоснай трасянкай польскай, беларускай і расейскай. Будаўніцтва касьцёлу даецца ў знакі і новаму пробашчу, увесь вольны час даводзіцца аддаваць, працуючы рыдлёўкай ды сякерай.
Г.Матусевіч кажа, што ксёндз спрабуе выбіць зь яго «паганскае дурноцьце», але слаба выходзіць. Для касьцёлу Генадзь зрабіў некалькі расьпяцьцяў, выяву Панны Марыі, шмат чаго яшчэ. Усё гэта ён робіць на добраахвотнай аснове, касьцёл ня мае грошай, каб нешта заплаціць. Аднак мастак радуецца і такой працы...Матэрыял узяты з "Нашай Нівы" (№22, 2007г.)
http://nn.by/index.php?c=ar&i=9561
***Ніводзін хрысьціянін не павінен думаць, што вось ён лепшы, чым паганец. Гэта ня нашая заслуга, што мы ў касьцёле, ці ў царкве.
Кожны можа быць збаўлены - таму і кажа Біблія пра людзей добрай волі... У кожным чалавеку можна ўбачыць аблічча Пана Езуса.
Галоўнае, каб у сэрцы была Любоў...
Комментариев нет:
Отправить комментарий