Дождж наліўся ў рот
Адчуваньне – нібыта я выпіла палыновага напою
Палын пранік у сэрца
І ў ім пасялілася восень
І ўспамін пра дзіўную песьню
У якой адна дзяўчына
Прайшла паўсьвету
Ў пошуках Любові
Я таксама шукала Яе
Нават у далёкіх краінах
Але калі аднойчы
Я блукала тлумнымі вулкамі незнаёмага гораду
Мяне спынілі Твае сумныя вочы
Яны глядзелі на мяне
Са сьцяны напаўразбуранай каплічкі
І я не змагла не падысьці бліжэй
Ты быў увенчаны цернямі
Я дакранулася да самага маленькага шыпа
Ён параніў мяне і з раны пырснула кроў
І моцны боль пранізаў маё сэрца
У той момант я знайшла тое, што шукала
У той момант я зразумела
Што Любові не бывае бяз Крыжа,
Што Любові не бывае бяз болю.
Мой боль… Ён такі салодкі
Я дзякую Табе за яго, Пане
Бо ён не пакідае сілаў для нянавісьці
Бо ён не пакідае часу для злосьці
Бо ён вучыць мяне адчуваць Тваю Любоў кожную хвіліну
І нават кожную сэкунду
Так, я ўжо шмат чаму навучылася…
Але я ўсё ніяк не магу запомніць вось гэтыя тры словы:
"Любоў не любімая…"
І я ня ведаю
Чаму людзі такія злыя…
Яны ізноў крычаць: “Распні яго (яе)!”
Пане, куды мне схавацца ад іхніх крыкаў?
Пане, куды мне схаваць ад іх свае сьлёзы?
А можа яны няшчасныя?
Можа яны вельмі няшчасныя, Пане?
Я прашу цябе – дай ім усё, чаго яны так прагнуць
Можаш нават забраць у мяне…
Тады я стану зусім свабоднай
Тады мне нічога не застанецца, як проста пайсьці за Табой.
Ці не найлепшая гэта Дарога, Пане?
***
Гэта проста такі палыновы дождж
Гэта проста ўспамін пра песьню
У якой адна дзяўчына прайшла паўсьвету ў пошуках Любові
Але ў сьвеце яе няма, зусім няма…
Яна ёсьць толькі ў Табе, толькі ў Табе
І толькі дзякуючы Ёй я ‘шчэ здольная ўсьміхацца…
четверг, 26 ноября 2009 г.
Гэта проста ўспамін пра песьню...
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
Комментариев нет:
Отправить комментарий