пятница, 13 ноября 2009 г.

Сьвятасьць. "Уводзіны ў Хрысьціянства". Ёзаф Ратцынгер

"...Сьвятасьць у марах чалавека пра сьвяты сьвет уяўляецца як недатыкальнасьць для грэху і для зла, уяўляецца не зьмяшанай зь імі. І тады заўсёды так ці інакш застаецца чорна-белае мысьленьне, што няўмольна аддзяляе і адкідае любыя формы нэгатыўнага. У сёньняшняй крытыцы грамадзтва і ў акцыях, празь якія яна разраджаецца, гэтая няўмольная схільнасьць, заўсёды ўласьцівая чалавечым ідэалам, зноў становіцца занадта відавочнай.

Таму абуральным у сьвятасьці Хрыста ўжо для Яго сучасьнікаў быў той факт, што ў ёй абсалютна адсутнічала караючая рыса, - ані агонь не спальваў вартых асуджэньня, ані заўзятым змагарам не дазвалялася вырываць пустазельле, што, як яны бачылі, буйна разрасталася. Наадварот, гэтая сьвятасьць праяўлялася якраз як збліжэньне з грэшнікамі, якіх Езус прыцягваў да сябе. Як збліжэньне ажно да таго, што Ён сам быў залічаны да грэшнікаў і зносіў пракляцьце закону ў сьмяротнай кары – гэтай абсалютнай еднасьці лёсу з адкінутымі.

Узяўшы на сябе грахі, зрабіўшы гэта сваёй доляй, Ён паказаў такім чынам, што такое сапраўдная сьвятасьць: не адасабленьне, а яднаньне; не прысуд, а збаўчая любоў. Ці не з’яўляецца Касьцёл, сапраўды, не чым іншым, як працягам гэтага Божага сыходжаньня ў чалавечае ўбоства; ці не з’яўляецца ён, сапраўды, не чым іншым, як працягам трапезы Езуса з грэшнікамі, Яго збліжэньня з убоствам і грахом, так што Ён, здаецца, проста-такі гіне ў іх?

Ці не аб’яўляецца ў гэтай несьвятой сьвятасьці Касьцёла, насуперак чалавечаму чаканьню чысьціні, сапраўдная сьвятасьць Бога, якая ёсьць любоўю, - любоўю, што не трымаецца на прыстойнай дыстанцыі недатыкальнай чысьціні, а зьмешваецца з брудам сьвету, каб такім чынам пераадолець яго? І адсюль – ці можа сьвятасьць Касьцёла быць нечым іншым, як нясеньнем цяжару адно аднаго, якое для ўсіх зьяўляецца вынікам таго, што цяжар усіх нясе Хрыстос?

Калі хочаш даведацца, чым на самай справе ёсьць Касьцёл, трэба ісьці да тых, хто сапраўды верыць. Таму што Касьцёл не там, дзе арганізуюць, рэфармуюць, кіруюць, але ён найперш у тых, хто проста верыць і прымае ў Касьцёле дар веры. Ён у тых, для каго вера становіцца жыцьцём."

Комментариев нет:

Отправить комментарий