Як жа часта мы працівімся волі Божай, імкнучыся рабіць па-свойму! Але ж толькі адзін Бог ведае, што патрэбна для нашага выратаваньня. Так было і са мною.
Дога і настойліва Бог клікаў мяне ў Легіён Марыі, але я супраціўляўся яго волі і гаварыў: “Пане, Ты бачыш, які я ўпарты, але прашу Цябе: не пакідай мяне без сваёй апекі і ласкі. Я пакуль што не гатовы адгукнуцца на Тваё пакліканьне, але Ты ўсё роўна кліч мяне…” У сваім сэрцы я даваў Богу абяцаньне, што ў наступным годзе абавязкова прысьвячу сябе Легіёну Марыі, аднак словаў сваіх ня стрымліваў. Былі такія моманты, калі Божае пакліканьне я адчуваў настолькі моцна, што ўсё ўнутры пераварочвалася і немагчыма было стрымаць сьлёз. Але я паўтараў: “Пане, будзь літасьцівы, не забірай свайго пакліканьня, пачакай яшчэ”.
І толькі праз тры гады згадзіўся я з воляй Божай і прыйшоў у Легіён Марыі. Якая ж радасьць і сьвятло агарнулі тады маю душу! Супольнасьць гэтая моцная ў першую чаргу тым, што там жыве дух Божай Маці, Якую мы ўсе вельмі моцна любім. Яе ласкі бясконца шчодрыя, і Яна прагне, каб мы прыходзілі па іх, а потым дзяліліся зь іншымі. Кожны легіянэр абавязаны як мінімум дзьве гадзіны на тыдзень праводзіць апостальскую працу. Пры сустрэчах зь людзьмі часьцей за ўсё я чую пытаньне: “Адкуль Вы ўсё гэта ведаеце?” Адказваю словамі з Эвангельля:”Суцяшальнік жа, Дух Сьвяты, якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў вам”.(Ян 14:26)
Большасьць людзей адкрытыя і на наш прыход да іх, і на тое, што мы ім гаворым. Стараемся падчас сустрэчаў памятаць пра тое, што легіянэр найперш павінен умець слухаць, бо вельмі часта людзі маюць патрэбу менавіта ў тым, каб іх проста выслухалі. Яны дзеляцца з намі ня толькі сваімі перажываньнямі і праблемамі, але таксама і радасьцямі.
Памятаю размову зь дзяўчынай, у якой, калі яна пачула пра Пана Езуса, вочы засьвяціліся вялікай радасьцю. Яна распавяла мне, што аднойчы ўбачыла ў сьне Багародзіцу, і Тая параіла ёй узяць асадку і пісаць вершы. А раніцай дзяўчына прачнулася сапраўднай паэткаю. Цяпер яна піша прыгожыя вершы, у якіх праслаўляе Езуса Хрыста.
Мы гаворым людзям пра Сакраманты, і асабліва – пра важнасьць сьвятой споведзі. Але ня кожны чалавек здольны адразу гэтую важнасьць усьвядоміць. Бывае, што над адной душой прыходзіцца вельмі доўга працаваць. З адным спадаром легіянэры праводзілі такую працу на працягу паўгода. Для нас было вялікай радасьцю, калі мужчына, нарэшце, паспавядаўся. Але яшчэ больш радаваўся гэтаму ён сам і быў нам вельмі ўдзячны за нашу неабыякавасьць.
Апостальская праца для нас - вельмі важная справа, але галоўная мэта Легіёна Марыі – духоўнае ўдасканальваньне саміх легіянэраў. Структура супольнасьці і ўмовы яе дзейнасьці якраз і даюць такую магчымасьць, бо Легіён знаходзіцца пад асаблівай апекай Маці Божай. Я вельмі ўдзячны Пану Богу і Найсьвяцейшай Паньне Марыі за сваё пакліканьне.
На фотаздымку - легіянэры брат Генадзь Страмкоўскі і сястра Ганна Федзюк.
Комментариев нет:
Отправить комментарий