воскресенье, 29 ноября 2009 г.

Сьвяты Ісідар Сэвільскі - апякун карыстальнікаў кампутараў і сусьветнага сеціва

Каталіцкі сьвяты Ісідар Сэвільскі (Isidore of Seville) (560-636) нарадзіўся ў Новым Карфагене (цяпер гэта іспанскі горад Картахена) у высакароднай сям’і Северыяна і Тэадоры. Сьвяты Ісідар зьяўляецца заступнікам вучняў і студэнтаў. А ў 1998 годзе папа Ян Павал ІІ афіцыйна аб’явіў яго апекуном карыстальнікаў кампутараў і сусьветнага сеціва – агромістай скарбніцы людзкіх ведаў. Дзень сьвятога Ісідара – патрона інтэрнэту, адзначаецца 4 красавіка.

У сьв. Ісідара былі два браты - Леанард і Фульгенцый, і сястра Флярэнтына. Усе яны зь цягам часу таксама былі прылічаны да сьвятых. Сьв. Ісідар быў арцыбіскупам Севільі ў вэстготскай Іспаніі і стаў вядомым ня толькі дзякуючы сваёй пабожнасьці, але і любові да навукаў. Ён зьяўляецца аўтарам грунтоўнай працы па этымалёгіі, якая складалася з 20-і тамоў і была, па сутнасьці, першай у сьвеце энцыкляпэдыяй, прысьвечанай усім галінам ведаў (а таксама правобразам сучаснага інтэрнэту): аб чалавеку, народах, мовах, геаграфіі, мінэралёгіі, караблебудаўніцтву, архітэктуры, жывёльным сьвеце, харчаваньню, мэдыцыне, заканадаўству, тэалёгіі і г.д. Кніга карысталася вялікай папулярнасьцю ў сярэднявеччы і нават да нашага часу дайшло больш за тысячу яе рукапісных асобнікаў. Акрамя “Этымалёгіі” сьвяты напісаў яшчэ дзесяткі розных працаў, многія зь якіх, асабліва гістарычныя, зьяўляюцца актуальнымі і ў наш час, як, напрыклад, “Гісторыя вандалаў, готаў і сьвеваў”.

Ён першым прадставіў працы Арыстоцеля ў Іспаніі, быў рэфарматарам і чалавекам шырокіх поглядаў. Галоўную сваю задачу ён бачыў у папулярызацыі антычнай адукаванасьці і ў захаваньні накопленых ведаў. Сьвяты Ісідар заклікаў зьвяртацца да нормаў Рымскага права і быў вядомы сваім “лібэралізмам”. Ён старшынстваваў на Чацьвёртым Таледскім Саборы, які абвясьціў палітыку верацярпімасьці ў адносінах да габрэяў. Сьвяты быў духоўнікам вестготскага караля Рэкерда і здолеў навярнуць яго з арыянскай ерасі ў каталіцтва. Гэты выбітны чалавек вельмі любіў дапамагаць бедным, і напрыканцы яго жыцьця ў ягоны дом у Севільі немагчыма было патрапіць, бо ён быў перапоўнены жабракамі і няшчаснымі з навакольля. Сьвяты быў кананізаваны ў 1598 годзе.

Вось адно зь ягоных выказваньняў:

“Веды, ўвайшоўшыя ў тваё вуха, аддай праз вусны. Твая мудрасьць павялічыцца, калі ты падзелісься ёю зь іншымі. Мудрасьць расьце, калі яе дораць, і памяншаецца, калі яе ўтрымліваюць. Веды, якія ты шчодра раздаеш, становяцца больш поўнымі, і чым больш зь іх чэрпаюць, тым больш яны памнажаюцца.”

Самае галоўнае ў сеціве – гэта ствараць і захоўваць. Няхай дапаможа нам сьв. Ісідар ва ўсіх нашых пошуках ды пачынаньнях.

Усемагутны і вечны Божа, Ты стварыў нас па Свайму вобразу і падабенству, і загадаў нам шукаць усяго, што ёсьць добрым, праўдзівым, прыгожым, перш за ўсё - у боскім вобразе Твайго Адзінароднага Сына, а Пана нашага Езуса Хрыста. Дазволь нам прасіць Цябе праз заступніцтва сьвятога Ісідара, біскупа і доктара, каб у нашых вандраваньнях па сеціву мы накіроўвалі нашы рукі і вочы толькі да таго, што падабаецца Табе, і праяўлялі бы добразычлівасьць і цярплівасьць да ўсіх душаў, якія сустрэнуцца на нашым шляху. У імя Пана нашага Езуса Хрыста. Ам
эн.

Комментариев нет:

Отправить комментарий