Паўдзельнічала я ў суботу у сустрэчы прадстаўнікоў менскіх каталіцкіх рухаў і супольнасьцяў, якая праходзіла на Кальварыі ў касьцёле Узвышэньня Сьвятога Крыжа. Вельмі парадавала колькасьць і ініцыятыўнасьць прысутных маладых каталікоў. Асабліва ўразілі сьведчаньні і гісторыі пра ўзаемадачыненьні з Панам Богам, якія я пачула ў нашай працоўнай групе.
Запомніўся таксама аповед маладой каталічкі зь Львова пра тое, як яна прыйшла да Бога. Сям’я дзяўчыны была няверуючай, бацька моцна піў – ад чаго і памёр у даволі маладым узросьце. У дзяўчыны зусім не было сяброў, і ў яе пачалі ўзьнікаць думкі: “А дзеля чаго я жыву на гэтым сьвеце?” Адказ на сваё пытаньне яна знайшла ў касьцёле. Неўзабаве навярнуліся і яе родныя. Цяпер дзяўчына разам зь іншымі ўкраінскімі каталікамі нясе вельмі цяжкае і адказнае, але і вельмі патрэбнае хрысьціянскае служэньне – эвангелізуе вязьняў у турмах – нават строгага рэжыму. Уявіце сабе, наколькі цяжка знайсьці тыя словы, якія здольныя закрануць сэрца чалавека, асуджанага на пажыцьцёвае заключэньне… Але Пан Бог заўсёды дапамагае тым, чыімі ўчынкамі кіруе сапраўдная Любоў…
А ў працоўнай групе адна дзяўчына распавяла даволі сумную гісторыю пра свае духоўныя праблемы і пра непаразуменьні з бацькамі. У яе сям’і каталічка – адна яна. Усе астатнія – не практыкуючыя праваслаўныя хрысьціяне. Бацькі вельмі не задаволены тым, што дзяўчына шмат часу прысьвячае касьцёлу. Яны чыняць ёй усялякія перашкоды, знаходзяць для яе якую-небудзь працу – якраз у той час, калі трэба зьбірацца на Імшу, і бывае, што даводзяць яе такімі дзеяньнямі да роспачы і адчаю. Таму апошнім часам дзяўчына пачала ўсё часьцей задаваць сама сабе пытаньні: ”А ці любіць мяне Бог? І ці ня лепей будзе, калі я пакіну касьцёл і буду жыць так, як вымагаюць ад мяне мае родныя?”. Кожны з удзельнікаў групы падтрымаў дзяўчыну, распавядаючы пра свае мэтады вырашэньня духоўных праблемаў, і кожны памаліўся, каб Пан Бог умацаваў яе веру і зьмякчыў сэрцы яе бацькоў.
Комментариев нет:
Отправить комментарий