Учора я даволі доўга была на вуліцы. Прыйшла дадому, запаліла пліту, папіла гарбаты, і тут як пачаў у мяне твар гарэць… Як пачало мене трэсьці ад холаду (ну і ад страху крыху:)… Ну ўсё, думаю, гэта дакладна грып… Але, дзякуй Богу, пакуль што аказалася, што гэта проста твар абветрыўся і я крыху пераахаладзілася…
А ноччу мне прысьнілася, што мы разам зь Сяргеем Харэўскім, Уладзімірам Васьковым, Куртам Беларусам і іншымі ЖЖ-сябрамі плывем у вялікім чоўне па нейкім халодным паўночным моры. А на карме чоўна сядзіць ды пасьміхаецца агромістая сьвіньня пяшчотна-ружовага колеру. І вось падплываем мы да нейкай змрочнай, зарослай густым ельнікам, выспы, і хочам прычаліць да берага. Але раптам з-за елак паказваецца цэлае племя падобных да індзейцаў туземцаў, і іхні важак пачынае голасна крычэць: “Са сьвіньнёй на востраў высаджвацца нельга! Сьвіньням знаходжаньне на востраве строга забаронена!” Усе ЖЖ-сябры ў разгубленасьці. Ніхто ня ведае, што ж рабіць з жывёлінай. І тут устае Уладзімір Васькоў і кажа: “Трэба тэрмінова ўтапіць сьвіньню ў моры!” Абурыўшыся да глыбіні душы такім бязьлітасным стаўленьнем ЖЖ-сябра да жывёліны, і хочучы абараніць сьвіньню ад немінучай пагібелі, я ўскокваю са свайго месца і … прачынаюся…
А вось рэцэпт дзеля прафіляктыкі і лячэньня грыпу ад аднаго нашага ксяндза:
1. Устаць з ложка (галоўнае, каб не занадта рана :)
2. Памаліцца.
3. Добра вымыць сябе самога і сваю хату.
4. Зьесьці кавалак якаснага мяса альбо рыбы і яшчэ чаго-небудзь такога ж якаснага, але ні ў якім разе не запіхваць у сябе рондаль бульбы разам з боханам хлеба :)
5.Прыйсьці ў касьцёл на Імшу.
6.Вярнуцца з касьцёла дахахаты, памаліцца, легчы... і… спаць...спаць…спаць…
Амэн.
Комментариев нет:
Отправить комментарий