Пан Эдзік стаіць, абапіраючыся на кіёчак, ля касьцёла, ветліва ўсьміхаецца вернікам, якія ходзяць туды сюды, і са шчасьлівым выразам твару просіць у іх міласьціну. Пан Эдзік – праваслаўны, але манеры ў яго цалкам “каталіцкія”. Ён цалуе ручкі паням, якія даюць яму грошы, абяцае за іх маліцца, і нават умее сказаць тое-сёе па польску. На выгляд яму гадоў мо’ за 35, але трэба будзе як-небудзь запытацца пра ўзрост у яго самога, бо я магу памыляцца. Чаму пан Эдзік жабруе, я так толкам і не зразумела. І наўрад ці гэта дадзена каму-небудзь зразумець, акрамя Пана Бога. Пан Эдзік – музыкант, пра гэта ён сам мне паведаміў, а да таго ж яшчэ, напэўна, добры актор.
Я хачу ўвайсьці ў касьцёл, бо імша пачнецца праз 5 хвілінаў. Але ж папярэдняя імша толькі што скончылася, і агромісты паток людзей паціху выплывае з касьцёла на плошчу. Каб нікому не замінаць, я станаўлюся побач з Эдзікам і, усьміхаючыся, пытаюся ў яго:
- А можна, я буду прасіць міласьціну разам з Вамі? :)
Эдзік:
- Ды калі ласка! І мне будзе весялей! :) Я Вам зараз распавяду, што да чаго. Галоўнае – не саромецца. Мне спачатку таксама вельмі няёмка было. А потым я прывык. Я ж тут ня толькі дзеля таго стаю, каб мне грошы давалі. Мне ж і зь людзьмі пагаварыць таксама бывае вельмі цікава і прыемна…
Людзкі паток неўзабаве спыняецца, а праз хвіліну пачынае рухацца ў супрацьлеглым напрамку. Я разьвітваюся з панам Эдзікам. Кажу, што падумаю над ягонай прапановай, і іду на імшу.
А ўначы мне сьніцца сон, нібыта стаю я ля касьцёла з працягнутай рукой, а людзі падыходзяць да мяне моўчкі, і кідаюць на маю далонь адны толькі савецкія капейкі…
***Зруйнаваўшы звыклыя асновы сьвецкага жыцьця, сьвяты Францішак калісьці паказаў сваім братам, што прасіць нашмат лепей, чым даваць. Бо такім чынам мы даем іншым людзям магчымасьць зрабіць добрую справу. Таму для яго не было прыніжэньнем працягваць руку, кажучы:
- Брат, дапамажы мне.
Комментариев нет:
Отправить комментарий