понедельник, 30 ноября 2009 г.

Пан Гарлівы Літвін, інтэрнэт і беларускі нацыяналізм :)

Пан Гарлівы Літвін напісаў сёньня, што ў яго ўзьніклі праблемы зь інтэрнэтам. І што “скоро, видимо, сам Бог, в лице временно, хотя и неправомерно, замещающего его в деревне Белтелекома, освободит пана от любого рода Интернет-«обязанностей». Так вось я зараз малюся да сьв. Ісідара Сэвільскага – патрона інтэрнаўтаў і інтэрнэту, каб такога ня здарылася, і каб Пан Бог, празь ягонае заступніцтва , дазволіў пану Гарліваму Літвіну і надалей карыстацца інтэрнэтам без усялякіх праблемаў, перашкодаў і абмежаваньняў, а мо’ нават і бясплатна.

Адзін чалавек, які заўжды прытрымліваўся нэўтральных палітычна-ідэалягічных поглядаў, сказаў мне, што, на ягоную думку, Гарлівалітвінізм – гэта такі спэцыяльны праект, створаны дзеля таго, каб паказаць слушнасьць і прывабнасьць беларускага нацыяналізму, а таксама разварушыць, абудзіць і аб’яднаць вакол беларускай нацыянальнай ідэі ня толькі нацыяналістаў “всех мастей”, але і іншых, пакуль што “нэўтральных” грамадзянаў. І што нібыта гэты праект даволі пасьпяхова рэалізоўваецца. А мо’ гэта і сапраўды так? Прынамсі, мяне пан Гарлівы Літвін і насамрэч разварушыў, і нават з тымі-сімі людзьмі “аб’яднаў”, калі можна так выразіцца :) Але я спадзяюся, што ня толькі мяне…Так пажадаем жа пану Гарліваму Літвіну посьпехаў у ягонай нялёгкай, але вельмі неабходнай працы на ніве адраджэньня здаровага беларускага нацыяналізму. Пане Божа, дапамагай яму… :)

воскресенье, 29 ноября 2009 г.

Сьвяты Ісідар Сэвільскі - апякун карыстальнікаў кампутараў і сусьветнага сеціва

Каталіцкі сьвяты Ісідар Сэвільскі (Isidore of Seville) (560-636) нарадзіўся ў Новым Карфагене (цяпер гэта іспанскі горад Картахена) у высакароднай сям’і Северыяна і Тэадоры. Сьвяты Ісідар зьяўляецца заступнікам вучняў і студэнтаў. А ў 1998 годзе папа Ян Павал ІІ афіцыйна аб’явіў яго апекуном карыстальнікаў кампутараў і сусьветнага сеціва – агромістай скарбніцы людзкіх ведаў. Дзень сьвятога Ісідара – патрона інтэрнэту, адзначаецца 4 красавіка.

У сьв. Ісідара былі два браты - Леанард і Фульгенцый, і сястра Флярэнтына. Усе яны зь цягам часу таксама былі прылічаны да сьвятых. Сьв. Ісідар быў арцыбіскупам Севільі ў вэстготскай Іспаніі і стаў вядомым ня толькі дзякуючы сваёй пабожнасьці, але і любові да навукаў. Ён зьяўляецца аўтарам грунтоўнай працы па этымалёгіі, якая складалася з 20-і тамоў і была, па сутнасьці, першай у сьвеце энцыкляпэдыяй, прысьвечанай усім галінам ведаў (а таксама правобразам сучаснага інтэрнэту): аб чалавеку, народах, мовах, геаграфіі, мінэралёгіі, караблебудаўніцтву, архітэктуры, жывёльным сьвеце, харчаваньню, мэдыцыне, заканадаўству, тэалёгіі і г.д. Кніга карысталася вялікай папулярнасьцю ў сярэднявеччы і нават да нашага часу дайшло больш за тысячу яе рукапісных асобнікаў. Акрамя “Этымалёгіі” сьвяты напісаў яшчэ дзесяткі розных працаў, многія зь якіх, асабліва гістарычныя, зьяўляюцца актуальнымі і ў наш час, як, напрыклад, “Гісторыя вандалаў, готаў і сьвеваў”.

Ён першым прадставіў працы Арыстоцеля ў Іспаніі, быў рэфарматарам і чалавекам шырокіх поглядаў. Галоўную сваю задачу ён бачыў у папулярызацыі антычнай адукаванасьці і ў захаваньні накопленых ведаў. Сьвяты Ісідар заклікаў зьвяртацца да нормаў Рымскага права і быў вядомы сваім “лібэралізмам”. Ён старшынстваваў на Чацьвёртым Таледскім Саборы, які абвясьціў палітыку верацярпімасьці ў адносінах да габрэяў. Сьвяты быў духоўнікам вестготскага караля Рэкерда і здолеў навярнуць яго з арыянскай ерасі ў каталіцтва. Гэты выбітны чалавек вельмі любіў дапамагаць бедным, і напрыканцы яго жыцьця ў ягоны дом у Севільі немагчыма было патрапіць, бо ён быў перапоўнены жабракамі і няшчаснымі з навакольля. Сьвяты быў кананізаваны ў 1598 годзе.

Вось адно зь ягоных выказваньняў:

“Веды, ўвайшоўшыя ў тваё вуха, аддай праз вусны. Твая мудрасьць павялічыцца, калі ты падзелісься ёю зь іншымі. Мудрасьць расьце, калі яе дораць, і памяншаецца, калі яе ўтрымліваюць. Веды, якія ты шчодра раздаеш, становяцца больш поўнымі, і чым больш зь іх чэрпаюць, тым больш яны памнажаюцца.”

Самае галоўнае ў сеціве – гэта ствараць і захоўваць. Няхай дапаможа нам сьв. Ісідар ва ўсіх нашых пошуках ды пачынаньнях.

Усемагутны і вечны Божа, Ты стварыў нас па Свайму вобразу і падабенству, і загадаў нам шукаць усяго, што ёсьць добрым, праўдзівым, прыгожым, перш за ўсё - у боскім вобразе Твайго Адзінароднага Сына, а Пана нашага Езуса Хрыста. Дазволь нам прасіць Цябе праз заступніцтва сьвятога Ісідара, біскупа і доктара, каб у нашых вандраваньнях па сеціву мы накіроўвалі нашы рукі і вочы толькі да таго, што падабаецца Табе, і праяўлялі бы добразычлівасьць і цярплівасьць да ўсіх душаў, якія сустрэнуцца на нашым шляху. У імя Пана нашага Езуса Хрыста. Ам
эн.

суббота, 28 ноября 2009 г.

Народная творчасьць

1. Глячок і гаршчок з дзьвюма ручкамі, 1971г., Ружаны, Брэсцкая вобл.,
с.Лісоўскі, 1922 г.н.
Збан і гаршчочак, 1971г., в.Гародная, Столінскі р-н, Брэсцкая вобл.,
с.Кісель, 1918 г.н.
Абрус, 1970г., в.Моталь, Іванаўскі р-н, Брэсцкая вобл.
с.Дзямковіч, 1906г.н.

2.Ручнік, 1972г., в.Няглюбка, Веткаўскі р-н, Гомельская вобл.,
с.Каўтунова, 1913 г.н.

3. Покрыва, 1970г., Чачэрск, Гомельская вобл.
с.Дмітракова, 1956 г.н.

4. Набор посуду: збан, макітра, 1972г., Пружаны, Брэсцкая вобл.
с.Такарэўскі, 1904 г.н.
Ручнік, 1936г., в.Крэмна, Драгічынскі р-н, Брэсцкая вобл.
с.Юрашэвіч, 1918г.н.

5.Ручнік, 1970г., в.Няглюбка, Веткаўскі р-н, Гомельская вобл.
с.Барсукова, 1930г.н.

6. Куфэрак, 1970г., в.Огава, Іванаўскі р-н, Брэсцкая вобл.
с.Доўгер, 1931г.н., с.Доўгер 1926г.н.
Абрус, 1946г., в.Філіпаўка, Менская вобл.
с.Бялькоўская, 1917г.н.

7. Рушнік, 1973г., в.Няглюбка, Веткаўскі р-н, Гомельская вобл.
с.Халюкова, 1931 г.н.

8. Графін, 1971г. Івянец, Менская вобл.,
с.Зьвярко, 1930г.н.
Дыванок, 1970, Брэст
с.Гаўрылюк, 1904г.н.

четверг, 26 ноября 2009 г.

У барацьбе за... :)

Такой паштоўкай мяне павіншавалі, калі прынялі ў піянэры - у 1974г.
На адваротным баку напісана:
К борьбе за дело коммунистической партии будь готов!
Прыкол:)
***
А цяпер мне трэба быць гатовай да барацьбы за справу БХД... :)

Паштоўкі 1954-1958гг.












Неўзабаве Сьвята... :)

Начальнік патэлефанаваў а 8-й раніцы і "загадаў" рыхтавацца да... сумеснага дырэктарска-бугальтарскага сьвяткаваньня Калядаў у... маёй хаце. Пра бугальтарскі ўлік, дзякуй Богу, не ўспамінаў. (Я пра яго таксама ўжо даўна не ўспамінаю).
Душэўны чалавек... :)

Гэта проста ўспамін пра песьню...

Дождж наліўся ў рот
Адчуваньне – нібыта я выпіла палыновага напою
Палын пранік у сэрца
І ў ім пасялілася восень
І ўспамін пра дзіўную песьню
У якой адна дзяўчына
Прайшла паўсьвету
Ў пошуках Любові
Я таксама шукала Яе
Нават у далёкіх краінах
Але калі аднойчы
Я блукала тлумнымі вулкамі незнаёмага гораду
Мяне спынілі Твае сумныя вочы
Яны глядзелі на мяне
Са сьцяны напаўразбуранай каплічкі
І я не змагла не падысьці бліжэй
Ты быў увенчаны цернямі
Я дакранулася да самага маленькага шыпа
Ён параніў мяне і з раны пырснула кроў
І моцны боль пранізаў маё сэрца
У той момант я знайшла тое, што шукала
У той момант я зразумела
Што Любові не бывае бяз Крыжа,
Што Любові не бывае бяз болю.
Мой боль… Ён такі салодкі
Я дзякую Табе за яго, Пане
Бо ён не пакідае сілаў для нянавісьці
Бо ён не пакідае часу для злосьці
Бо ён вучыць мяне адчуваць Тваю Любоў кожную хвіліну
І нават кожную сэкунду
Так, я ўжо шмат чаму навучылася…
Але я ўсё ніяк не магу запомніць вось гэтыя тры словы:
"Любоў не любімая…"
І я ня ведаю
Чаму людзі такія злыя…
Яны ізноў крычаць: “Распні яго (яе)!”
Пане, куды мне схавацца ад іхніх крыкаў?
Пане, куды мне схаваць ад іх свае сьлёзы?
А можа яны няшчасныя?
Можа яны вельмі няшчасныя, Пане?
Я прашу цябе – дай ім усё, чаго яны так прагнуць
Можаш нават забраць у мяне…
Тады я стану зусім свабоднай
Тады мне нічога не застанецца, як проста пайсьці за Табой.
Ці не найлепшая гэта Дарога, Пане?
***
Гэта проста такі палыновы дождж
Гэта проста ўспамін пра песьню
У якой адна дзяўчына прайшла паўсьвету ў пошуках Любові
Але ў сьвеце яе няма, зусім няма…
Яна ёсьць толькі ў Табе, толькі ў Табе
І толькі дзякуючы Ёй я ‘шчэ здольная ўсьміхацца…

среда, 25 ноября 2009 г.

Музыка Вялікага Княства Літоўскага. Рыцарскі эпас. Рыцарства сышлося. XVI ст.

…Гетман зноў загадаў трубіць.
Коней зноў асядлаці.
Прагне ў сечы лютай
Зноў м......а спаткаці…

…Шмат хто у бітве з ворагаў
Там галавы пазбыўся.
Ці пад ударам дзіды
Навек угаманіўся…

…Дым ужо за агнішчам
Угору слупом нясецца.
Кроў ужо м........ў
Струмянём ліецца…

Душэўна… Нават занадта душэўна…
Але ж мушу рыхтавацца да сур’ёзнай размовы. І не вядома, чыя кроў пральецца (вобразна кажучы). Таму трэба хоць чымсьці сябе падбадзёрыць… :)

вторник, 24 ноября 2009 г.

Пан Эдзік, міласьціна, сьв.Францішак і я

Пан Эдзік стаіць, абапіраючыся на кіёчак, ля касьцёла, ветліва ўсьміхаецца вернікам, якія ходзяць туды сюды, і са шчасьлівым выразам твару просіць у іх міласьціну. Пан Эдзік – праваслаўны, але манеры ў яго цалкам “каталіцкія”. Ён цалуе ручкі паням, якія даюць яму грошы, абяцае за іх маліцца, і нават умее сказаць тое-сёе па польску. На выгляд яму гадоў мо’ за 35, але трэба будзе як-небудзь запытацца пра ўзрост у яго самога, бо я магу памыляцца. Чаму пан Эдзік жабруе, я так толкам і не зразумела. І наўрад ці гэта дадзена каму-небудзь зразумець, акрамя Пана Бога. Пан Эдзік – музыкант, пра гэта ён сам мне паведаміў, а да таго ж яшчэ, напэўна, добры актор.

Я хачу ўвайсьці ў касьцёл, бо імша пачнецца праз 5 хвілінаў. Але ж папярэдняя імша толькі што скончылася, і агромісты паток людзей паціху выплывае з касьцёла на плошчу. Каб нікому не замінаць, я станаўлюся побач з Эдзікам і, усьміхаючыся, пытаюся ў яго:
- А можна, я буду прасіць міласьціну разам з Вамі? :)
Эдзік:
- Ды калі ласка! І мне будзе весялей! :) Я Вам зараз распавяду, што да чаго. Галоўнае – не саромецца. Мне спачатку таксама вельмі няёмка было. А потым я прывык. Я ж тут ня толькі дзеля таго стаю, каб мне грошы давалі. Мне ж і зь людзьмі пагаварыць таксама бывае вельмі цікава і прыемна…

Людзкі паток неўзабаве спыняецца, а праз хвіліну пачынае рухацца ў супрацьлеглым напрамку. Я разьвітваюся з панам Эдзікам. Кажу, што падумаю над ягонай прапановай, і іду на імшу.

А ўначы мне сьніцца сон, нібыта стаю я ля касьцёла з працягнутай рукой, а людзі падыходзяць да мяне моўчкі, і кідаюць на маю далонь адны толькі савецкія капейкі…

***
Зруйнаваўшы звыклыя асновы сьвецкага жыцьця, сьвяты Францішак калісьці паказаў сваім братам, што прасіць нашмат лепей, чым даваць. Бо такім чынам мы даем іншым людзям магчымасьць зрабіць добрую справу. Таму для яго не было прыніжэньнем працягваць руку, кажучы:
- Брат, дапамажы мне.

понедельник, 23 ноября 2009 г.

Туман

У нас тут з раніцы быў туман. Густы… Ён усё паглядаў у мой пакой і вельмі прасіў, каб я хоць крышачку прыадчыніла вакно і ўпусьціла яго пагрэцца. Я зжалілася над ім і прыадчыніла нават не вакно, а бальконныя дзьверы. Цяпер на вуліцы туману амаль няма - ён увесь у маёй хаце. І ад яго неўзабаве пачнуць расьці грыбы…Напэўна, прама на мэблі… :)

Пакліканыя быць разам

Паўдзельнічала я ў суботу у сустрэчы прадстаўнікоў менскіх каталіцкіх рухаў і супольнасьцяў, якая праходзіла на Кальварыі ў касьцёле Узвышэньня Сьвятога Крыжа. Вельмі парадавала колькасьць і ініцыятыўнасьць прысутных маладых каталікоў. Асабліва ўразілі сьведчаньні і гісторыі пра ўзаемадачыненьні з Панам Богам, якія я пачула ў нашай працоўнай групе.

Запомніўся таксама аповед маладой каталічкі зь Львова пра тое, як яна прыйшла да Бога. Сям’я дзяўчыны была няверуючай, бацька моцна піў – ад чаго і памёр у даволі маладым узросьце. У дзяўчыны зусім не было сяброў, і ў яе пачалі ўзьнікаць думкі: “А дзеля чаго я жыву на гэтым сьвеце?” Адказ на сваё пытаньне яна знайшла ў касьцёле. Неўзабаве навярнуліся і яе родныя. Цяпер дзяўчына разам зь іншымі ўкраінскімі каталікамі нясе вельмі цяжкае і адказнае, але і вельмі патрэбнае хрысьціянскае служэньне – эвангелізуе вязьняў у турмах – нават строгага рэжыму. Уявіце сабе, наколькі цяжка знайсьці тыя словы, якія здольныя закрануць сэрца чалавека, асуджанага на пажыцьцёвае заключэньне… Але Пан Бог заўсёды дапамагае тым, чыімі ўчынкамі кіруе сапраўдная Любоў…

А ў працоўнай групе адна дзяўчына распавяла даволі сумную гісторыю пра свае духоўныя праблемы і пра непаразуменьні з бацькамі. У яе сям’і каталічка – адна яна. Усе астатнія – не практыкуючыя праваслаўныя хрысьціяне. Бацькі вельмі не задаволены тым, што дзяўчына шмат часу прысьвячае касьцёлу. Яны чыняць ёй усялякія перашкоды, знаходзяць для яе якую-небудзь працу – якраз у той час, калі трэба зьбірацца на Імшу, і бывае, што даводзяць яе такімі дзеяньнямі да роспачы і адчаю. Таму апошнім часам дзяўчына пачала ўсё часьцей задаваць сама сабе пытаньні: ”А ці любіць мяне Бог? І ці ня лепей будзе, калі я пакіну касьцёл і буду жыць так, як вымагаюць ад мяне мае родныя?”. Кожны з удзельнікаў групы падтрымаў дзяўчыну, распавядаючы пра свае мэтады вырашэньня духоўных праблемаў, і кожны памаліўся, каб Пан Бог умацаваў яе веру і зьмякчыў сэрцы яе бацькоў.

А напрыканцы сустрэчы, пасьля імшы, адбылася супольная малітва. Вернікі разам з а. Андрэем Дзедзічам, а. Юрыем Находкай і а.Аляксандрам Фаміных праслаўлялі Пана Бога сьпевамі пад гітару, скрыпку і іншыя, нават экзатычныя, музычныя інструмэнты. На сэрцы было сьветла і радасна. І Пан Бог радаваўся разам з намі… :)

Жыве Беларуся!

Прыгожы верш, напісаны [info]nicolaev (Войша Мілавід)
Чырвань радкоў –
‘бы кроў.
Белы аркуш –
‘бы сьнег.
Наш чалавек –
гярой.
Слава яму –
навек.

Нябёсы –
блакіт-сінеча.
Штандар –
бел-чырвона-белы.
Жыві, Беларуся, –
вечна!
Жыве Беларуся –
веру!

воскресенье, 22 ноября 2009 г.

Споведзь і духоўнік. (Исповедь и духовник)

На каталіцкай канфэрэнцыі, прысьвечанай эвангелізацыі, кіраўніца нашай працоўнай групы спытала, у каго з нас ёсьць пастаянны духоўнік. Руку падняла толькі адна сястра-законьніца. А нас было чалавек дваццаць. Пастаяннага духоўніка ня так то лёгка знайсьці. У мяне яго таксама няма, але варта хаця б паспрабаваць гэта зрабіць.

Месяцы два таму я спавядалася ў аднаго маладога ксяндза-манаха. Звычайна споведзь даецца мне вельмі, вельмі цяжка. Падыходзячы да канфэсыяналу, я пачынаю трэсьціся, нібыта асінавы лісток, у галаве ўсё пераблытваецца ад страху і сораму, я ледзьве стрымліваю сьлёзы, і ў гэты час я нават магу забыцца, як мяне завуць. А ў той раз мяне агарнуў нейкі дзіўны супакой, і калі сьвятар пачаў задаваць пытаньні, я насамрэч адчула, зразумела, ўсьвядоміла, што ў канфэсыянале знаходзіцца не ксёндз, але сам Пан Езус. Сэрца перапоўнілася ўсёдаравальнай любоўю, зьнік страх, і было такое адчуваньне, што перада мною адчыніліся ўсе дзьверы, рухнулі ўсе сьцены, зьляцелі ўсе замкі і пячаці, раскрыліся ўсе таямніцы Неба і Зямлі, усе да адной, і ўсе людзі зрабіліся такімі блізкімі… І Біблія стала цалкам зразумелай, уся – да апошняй літары… І зьнік грэх… І сьмерці ўжо не было… І цела зрабілася іншым… А дыхаць стала лёгка-лёгка-лёгка – бо Бог быў паўсюль, і я дыхала Ім…

То быў чарговы знак… То была сапраўдная споведзь… То быў Рай на Зямлі…

Можа, то быў менавіта “мой” духоўнік?.. :)

***
На католической конференции, посвящённой евангелизации, руководитель нашей рабочей группы спросила, у кого из нас есть постоянный духовник. Руку подняла только одна сестра-монашка. А нас было человек двадцать. Постоянного духовника не так то легко найти. У меня его тоже нет, но стоит хотя бы попытаться это сделать.

Месяца два назад я исповедовалась у одного молодого ксендза-монаха. Обычно исповедь даётся мне очень, очень тяжело. Подходя к конфессионалу, я начинаю дрожать, как осиновый листик, в голове всё путается от страха и стыда, я едва сдерживаю слёзы, и в это время я даже могу забыть, как меня зовут. Но в тот раз меня охватил какой-то необыкновенный покой, и когда священник начал задавать мне вопросы, я действительно почувствовала, поняла, осознала, что в конфессионале находится не ксёндз, но Сам Господь Исус. Сердце переполнилось всепрощающей любовью, исчез страх, и было такое чувство, что передо мной распахнулись все двери, рухнули все стены, слетели все замки и печати, раскрылись все тайны Неба и Земли, все до одной, и все люди стали такими близкими... И Библия стала полностью понятной, вся - до последней буквы... И грех исчез... И смерти уже не было... И тело сделалось другим... И дышать стало легко-легко-легко - потому что Бог был везде, и я дышала Им...

Это был очередной знак... Эта была настоящая исповедь... Это был Рай на Земле...

Возможно, это был именно "мой" духовник?.. :)

W ciemności...

W ciemności idziemy... w ciemności...

do źródła Twojego życia...

tylko pragnienie jest światłem, tylko pragnienie jest światłem...



суббота, 21 ноября 2009 г.

Кальварыя. Бацькі


Неадназначнасьць…

Цёця распавяла, што пад час вайны мой тата нібыта пазнаёміўся зь нямецкім жаўнерам, які выратаваў ягонае жыцьцё ў небясьпечнай сытуацыі, зьвязанай з захоўваньнем зброі, і зрабіўся для таты ледзьве ні старэйшым братам. А калі жаўнеру далі водпуск – яны разам паехалі ў Нямеччыну. Жаўнер пазнаёміў тату са сваёй маці – і тая прыняла яго як свайго сына. Пасьля заканчэньня водпуску жаўнер вярнуўся ў Менск, а тата яшчэ некаторы час пабыў у Нямеччыне, а потым паехаў працаваць у Нарвэгію. Там жа апынуліся і некаторыя ягоныя сваякі. А той жаўнер і ягоная маці вельмі хацелі, каб тата (сын афіцэра савецкай арміі, які ў той час ваяваў зь немцамі на фронце) пасьля заканчэньня кантракту вярнуўся “дадому” – г.зн. – у Нямеччыну, і застаўся зь імі назаўсёды…

пятница, 20 ноября 2009 г.

Пакліканьне

Не, ну што ж гэта такое… “Кажуць”, што ў нейкіх “Тлумачэньнях” напісана, што нельга адначасова быць і ў Ордэне, і яшчэ ў якім-небудзь каталіцкім руху (у маім выпадку гэта – Легіён). Але ж у Канстытуцыі напісана зусім іншае… А мяне да таго ж ужо і да пастуляту прынялі… І ў Легіёне Абяцаньне дадзена і пацьверджана… Ды й не ўяўляю я свайго жыцьця ні без Легіёну, ні без Ордэну… Абодва пакліканьні такія выразныя… А мо’ гэта намёк на тое, што мне трэба падумаць аб Другім Францішканскім Ордэне?.. Але ж узрост ужо зусім не падыходзячы… Да таго ж у мяне абсалютна няма ні здароўя, ні ўменьня рабіць хоць што-небудзь карыснае ды й увогуле жыць у калектыве… Я не кажу ўжо аб пакоры… Во задача… Век жыві - век змагайся...

Ксёндз і злодзей

Ксёндз распавядае сваім прыхаджанам:

- Аднойчы, калі я працаваў у ............., адзін злодзей вырашыў абакрасьці касьцёл. Ён скраў шмат грошай, якія належалі парафіянам, але, дзякуй Богу, я своечасова гэта заўважыў, пагнаўся за ім, дагнаў, папрасіў, каб ён усё вярнуў, але ж ён і слухаць мяне не схацеў… Ну і пачалася бойка… Ой, гэта было штосьці страшнае… А сёстры-законьніцы прыбеглі і так маліліся, так маліліся… І нават плакалі…
Прыхаджане:
- Сёстры, напэўна, спалохаліся за Вас і прасілі Бога, каб Ён ня даў гэтаму злодзею Вас пакалечыць?
Ксёндз:
- Не, яны спалохаліся за злодзея. І маліліся, каб я яго не забіў… :)

За тых, хто...

Учора схадзіла ў касьцёл, замовіла дзьве Сьвятыя Імшы. Адну - за сябе, другую - за тых, хто мяне ненавідзіць. Потым прагулялася пад дажджом гадзіны зь дзьве, каб спачатку "прыйсьці ў сябе", а ўжо потым вяртацца дадому. Дома паслухала ваяўніча-каталіцкія харвацкія сьпевы і, здаецца, супакоілася...
Імша "за тых хто" адбудзецца ў аўторак а 19-00 :)

Менск. Кастрычніцкі вечар у прыватным сэктары




четверг, 19 ноября 2009 г.

Дзьве парады двух ЖЖ-сяброў

Першая парада тычыцца таго, як трэ’ ўспрымаць праблемы ў Ордэне:

- Не бярыце да галавы… Лепей па-сапраўднаму пасябруйце зь лесавіком, пра якога Вы калісьці пісалі – і ўсё будзе ў парадку…

***
Другая парада тычыцца разважаньняў наконт таго, што “...мытнікі і блудніцы ідуць у царства Божае наперадзе вас..." ( Мацьвея 21:31) А вось што ж рабіць з сабой?:

- Мытніцай ужо позна станавіцца, а вось блудніцай яшчэ не. І ў першых шэрагах у рай...

***
Першая парада - паганская.
Другая - хрысьціянская.
Да... Ёсьць над чым задумацца… :)

Сьвяты Францішак, брат Яраслаў і ГЛ-ы :)

Я ізноў “прысябрыла” ГЛ-аў. Абодвух. Не хачу варагаваць. Ні з кім. Сьвяты Францішак умеў знаходзіць агульную мову і з разбойнікамі, і з ваўкамі. Ягоныя любоў і вера ператварылі закаранелых злачынцаў у адданых Богу манахаў, а драпежнага ваўка – ў найлепшага сябра маленькіх дзетак… А тут жа звычайныя людзі… Няхай сабе і ГЛ-ы… Не, сама б я на такі ўчынак была б ня здольная… Але, тое што немагчыма для людзей – магчыма для Бога.

Дзякуй за малітвы, брат Яраслаў :)

***
Сьвяты Францішак па-сапраўднаму раззлаваўся, напэўна, толькі адзін раз у жыцьці – калі ў хацінку, дзе ён маліўся ў самоце пад час дажджу, уваліўся нахабны італьянскі селянін разам са сваім ня менш нахабным аслом і ўпэўнена заявіў: “Ну вось, жывёліна, нарэшце я знайшоў месца, дзе нам з табой будзе добра!” Францішак тады пакінуў асла разам зь ягоным гаспадаром у сваёй хацінцы, а сам пайшоў маліцца ў лес. Але ж у Беларусі, дзякуй Богу, аслоў зусім мала. Дык чаго турбавацца?.. :)

среда, 18 ноября 2009 г.

Я доўга працівіўся волі Божай… Сьведчаньне брата Генадзя Страмкоўскага

Як жа часта мы працівімся волі Божай, імкнучыся рабіць па-свойму! Але ж толькі адзін Бог ведае, што патрэбна для нашага выратаваньня. Так было і са мною.

Дога і настойліва Бог клікаў мяне ў Легіён Марыі, але я супраціўляўся яго волі і гаварыў: “Пане, Ты бачыш, які я ўпарты, але прашу Цябе: не пакідай мяне без сваёй апекі і ласкі. Я пакуль што не гатовы адгукнуцца на Тваё пакліканьне, але Ты ўсё роўна кліч мяне…” У сваім сэрцы я даваў Богу абяцаньне, што ў наступным годзе абавязкова прысьвячу сябе Легіёну Марыі, аднак словаў сваіх ня стрымліваў. Былі такія моманты, калі Божае пакліканьне я адчуваў настолькі моцна, што ўсё ўнутры пераварочвалася і немагчыма было стрымаць сьлёз. Але я паўтараў: “Пане, будзь літасьцівы, не забірай свайго пакліканьня, пачакай яшчэ”.

І толькі праз тры гады згадзіўся я з воляй Божай і прыйшоў у Легіён Марыі. Якая ж радасьць і сьвятло агарнулі тады маю душу! Супольнасьць гэтая моцная ў першую чаргу тым, што там жыве дух Божай Маці, Якую мы ўсе вельмі моцна любім. Яе ласкі бясконца шчодрыя, і Яна прагне, каб мы прыходзілі па іх, а потым дзяліліся зь іншымі. Кожны легіянэр абавязаны як мінімум дзьве гадзіны на тыдзень праводзіць апостальскую працу. Пры сустрэчах зь людзьмі часьцей за ўсё я чую пытаньне: “Адкуль Вы ўсё гэта ведаеце?” Адказваю словамі з Эвангельля:”Суцяшальнік жа, Дух Сьвяты, якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў вам”.(Ян 14:26)

Большасьць людзей адкрытыя і на наш прыход да іх, і на тое, што мы ім гаворым. Стараемся падчас сустрэчаў памятаць пра тое, што легіянэр найперш павінен умець слухаць, бо вельмі часта людзі маюць патрэбу менавіта ў тым, каб іх проста выслухалі. Яны дзеляцца з намі ня толькі сваімі перажываньнямі і праблемамі, але таксама і радасьцямі.

Памятаю размову зь дзяўчынай, у якой, калі яна пачула пра Пана Езуса, вочы засьвяціліся вялікай радасьцю. Яна распавяла мне, што аднойчы ўбачыла ў сьне Багародзіцу, і Тая параіла ёй узяць асадку і пісаць вершы. А раніцай дзяўчына прачнулася сапраўднай паэткаю. Цяпер яна піша прыгожыя вершы, у якіх праслаўляе Езуса Хрыста.

Мы гаворым людзям пра Сакраманты, і асабліва – пра важнасьць сьвятой споведзі. Але ня кожны чалавек здольны адразу гэтую важнасьць усьвядоміць. Бывае, што над адной душой прыходзіцца вельмі доўга працаваць. З адным спадаром легіянэры праводзілі такую працу на працягу паўгода. Для нас было вялікай радасьцю, калі мужчына, нарэшце, паспавядаўся. Але яшчэ больш радаваўся гэтаму ён сам і быў нам вельмі ўдзячны за нашу неабыякавасьць.

Апостальская праца для нас - вельмі важная справа, але галоўная мэта Легіёна Марыі – духоўнае ўдасканальваньне саміх легіянэраў. Структура супольнасьці і ўмовы яе дзейнасьці якраз і даюць такую магчымасьць, бо Легіён знаходзіцца пад асаблівай апекай Маці Божай. Я вельмі ўдзячны Пану Богу і Найсьвяцейшай Паньне Марыі за сваё пакліканьне.

Па матывах артыкула, надрукаванага ў газэце "Голас Душы".
На фотаздымку - легіянэры брат Генадзь Страмкоўскі і сястра Ганна Федзюк.

Выпрабаваньні...

Пан Бог пасылае мне выпрабаваньні… Адно за другім…. Адно за другім… Вось ужо камусьці не дае спакою маё знаходжаньне ў Ордэне…
Ксёндз кажа: “Радуйцеся! Гэта значыць, што Бог Вас вельмі моцна любіць”…
Брат-манах кажа: “Змагайцеся! Бо Вы “занадта” блізка “падышлі” да Бога, а д’яблу гэта не падабаецца"…
Сьвяты Францішак кажа: “Сястра! Калісьці я сам запрасіў цябе ў Ордэн…Я не адмяняў свайго запрашэньня"...
Пан Езус кажа: “ Агнешка! Вось Я ізноў прамаўляю тваё імя… Ужо ня шэптам… Ужо голасна….Пачуй Мяне!.. Пакінь усе свае страхі, трывогі, крыўды, слабасьці, недавер, прывязанасьці… Адчуй, што такое Свабода... Павер Любові... і сьмела ідзі за Мной… Шляхам сьвятога Францішка...
Пане, я цалкам пакладаюся на Тваю волю і міласэрнасьць... Ведаю, што Ты мяне ніколі не пакінеш... Разам з Табой я вытрываю... Вытрываю ўсё...

вторник, 17 ноября 2009 г.

Прашу аб канструктыўнай крытыцы

Шаноўнае панства і спадарства,

Тут вось Галоўны Літвін РБ пан Алесь Белы ў сваім допісе Как-то всё реже хочется пользоваться белорусским, без пільнай патрэбы
у камэнтарох напісаў:

нікому не здраджваю.
я не стаў прыхільнікам ані Сталіна ані Гітлера, я па-ранейшаму, скрозь роспач, пішу сваю нікому не патрэбную жыдапанскую (далей ідзе слова, якому я не магу дазволіць знаходзіцца ў маім ЖЖ), хаджу ў касцёл. Адно што зразумеў, што Лукашэнка дэ-факта бароніць мяне ад куртаў, эмерык, марыек, венцугоў і іншых агрэсіўных неадэкватаў, як некалі Сталін абараніў сем'і маіх продкаў ад Гітлера."

Дык вось, хто такія венцугі і марыйкі - я, на жаль, ня ведаю. Курта Беларуса ведаю па ЖЖ. Гэта вельмі разумны, разважлівы і прыемны малады чалавек. А Эмерыка - гэта я. Дык няўжо ж са мной усё так дрэнна? І ў чым гатая мая агрэсіўнасьць і неадэкватнасьць праяўляецца? Задаю такое пытаньне вам, шаноўныя ЖЖ-сябры, бо самому пану Галоўнаму Літвіну я, на жаль, задаць яго не магу - бо ня маю права пакідаць камэнтары ў ягоным ЖЖ.

Зь вялікай удзячнасьцю прыму ўсялякую канструктыўную крытыку.

воскресенье, 15 ноября 2009 г.

Жыцьцядайны крыж

Позьневосеньскае

  • Nov. 14th, 2009 at 10:36 PM


Позьняя восень не надта раскашуе яркімі фарбамі, яе галоўная тэма - сутоньне апалай, пажоўклай лістоты ў рамке з непраглядных туманоў і счарнелага гальля дрэваў. Але бываюць і выключэньні з правіла... Крыж ляжаў, як жывы чалавек, што зьнерухомеў у сваёй нячутнай, але шчырай малітве...

суббота, 14 ноября 2009 г.

Менскія модніцы і моднікі пачатку 50-х... :) Мама, тата, сябры таты












ЖЖ-сябры, сьвіны грып і ксёндз :)

Учора я даволі доўга была на вуліцы. Прыйшла дадому, запаліла пліту, папіла гарбаты, і тут як пачаў у мяне твар гарэць… Як пачало мене трэсьці ад холаду (ну і ад страху крыху:)… Ну ўсё, думаю, гэта дакладна грып… Але, дзякуй Богу, пакуль што аказалася, што гэта проста твар абветрыўся і я крыху пераахаладзілася…

А ноччу мне прысьнілася, што мы разам зь Сяргеем Харэўскім, Уладзімірам Васьковым, Куртам Беларусам і іншымі ЖЖ-сябрамі плывем у вялікім чоўне па нейкім халодным паўночным моры. А на карме чоўна сядзіць ды пасьміхаецца агромістая сьвіньня пяшчотна-ружовага колеру. І вось падплываем мы да нейкай змрочнай, зарослай густым ельнікам, выспы, і хочам прычаліць да берага. Але раптам з-за елак паказваецца цэлае племя падобных да індзейцаў туземцаў, і іхні важак пачынае голасна крычэць: “Са сьвіньнёй на востраў высаджвацца нельга! Сьвіньням знаходжаньне на востраве строга забаронена!” Усе ЖЖ-сябры ў разгубленасьці. Ніхто ня ведае, што ж рабіць з жывёлінай. І тут устае Уладзімір Васькоў і кажа: “Трэба тэрмінова ўтапіць сьвіньню ў моры!” Абурыўшыся да глыбіні душы такім бязьлітасным стаўленьнем ЖЖ-сябра да жывёліны, і хочучы абараніць сьвіньню ад немінучай пагібелі, я ўскокваю са свайго месца і … прачынаюся…

Вось да чаго могуць давесьці чалавека думкі аб сьвіным грыпе…


А вось рэцэпт дзеля прафіляктыкі і лячэньня грыпу ад аднаго нашага ксяндза:

1. Устаць з ложка (галоўнае, каб не занадта рана :)
2. Памаліцца.
3. Добра вымыць сябе самога і сваю хату.
4. Зьесьці кавалак якаснага мяса альбо рыбы і яшчэ чаго-небудзь такога ж якаснага, але ні ў якім разе не запіхваць у сябе рондаль бульбы разам з боханам хлеба :)
5.Прыйсьці ў касьцёл на Імшу.
6.Вярнуцца з касьцёла дахахаты, памаліцца, легчы... і… спаць...спаць…спаць…

Няхай жа ўсе мы будзем здаровымі, шчасьлівымі і радаснымі. Ну а галоўнае – няхай кожны з нас адчувае, што Пан Бог апякуецца кожнаю хвілінаю нашага жыцьця і жадае нам толькі дабра і міру :)
Амэн.

пятница, 13 ноября 2009 г.

Сьвятасьць. "Уводзіны ў Хрысьціянства". Ёзаф Ратцынгер

"...Сьвятасьць у марах чалавека пра сьвяты сьвет уяўляецца як недатыкальнасьць для грэху і для зла, уяўляецца не зьмяшанай зь імі. І тады заўсёды так ці інакш застаецца чорна-белае мысьленьне, што няўмольна аддзяляе і адкідае любыя формы нэгатыўнага. У сёньняшняй крытыцы грамадзтва і ў акцыях, празь якія яна разраджаецца, гэтая няўмольная схільнасьць, заўсёды ўласьцівая чалавечым ідэалам, зноў становіцца занадта відавочнай.

Таму абуральным у сьвятасьці Хрыста ўжо для Яго сучасьнікаў быў той факт, што ў ёй абсалютна адсутнічала караючая рыса, - ані агонь не спальваў вартых асуджэньня, ані заўзятым змагарам не дазвалялася вырываць пустазельле, што, як яны бачылі, буйна разрасталася. Наадварот, гэтая сьвятасьць праяўлялася якраз як збліжэньне з грэшнікамі, якіх Езус прыцягваў да сябе. Як збліжэньне ажно да таго, што Ён сам быў залічаны да грэшнікаў і зносіў пракляцьце закону ў сьмяротнай кары – гэтай абсалютнай еднасьці лёсу з адкінутымі.

Узяўшы на сябе грахі, зрабіўшы гэта сваёй доляй, Ён паказаў такім чынам, што такое сапраўдная сьвятасьць: не адасабленьне, а яднаньне; не прысуд, а збаўчая любоў. Ці не з’яўляецца Касьцёл, сапраўды, не чым іншым, як працягам гэтага Божага сыходжаньня ў чалавечае ўбоства; ці не з’яўляецца ён, сапраўды, не чым іншым, як працягам трапезы Езуса з грэшнікамі, Яго збліжэньня з убоствам і грахом, так што Ён, здаецца, проста-такі гіне ў іх?

Ці не аб’яўляецца ў гэтай несьвятой сьвятасьці Касьцёла, насуперак чалавечаму чаканьню чысьціні, сапраўдная сьвятасьць Бога, якая ёсьць любоўю, - любоўю, што не трымаецца на прыстойнай дыстанцыі недатыкальнай чысьціні, а зьмешваецца з брудам сьвету, каб такім чынам пераадолець яго? І адсюль – ці можа сьвятасьць Касьцёла быць нечым іншым, як нясеньнем цяжару адно аднаго, якое для ўсіх зьяўляецца вынікам таго, што цяжар усіх нясе Хрыстос?

Калі хочаш даведацца, чым на самай справе ёсьць Касьцёл, трэба ісьці да тых, хто сапраўды верыць. Таму што Касьцёл не там, дзе арганізуюць, рэфармуюць, кіруюць, але ён найперш у тых, хто проста верыць і прымае ў Касьцёле дар веры. Ён у тых, для каго вера становіцца жыцьцём."

Міласэрнасьць

Святы Марк Евангеліст запісаў, між іншым, такія словы Пана Езуса: «Я прыйшоў паклікаць не справядлівых, але грэшнікаў» (Мк 2, 17). Рэхам гэтых словаў з’яўляюцца словы Хрыста, скіраваныя да сястры Фаустыны: «Напішы, што ў адносінах да грэшнікаў Я больш шчодры, чым ў адносінах да справядлівых. Дзеля грэшнікаў я праліў Кроў, няхай жа яны не баяцца наблізіцца да Мяне, бо ім найбольш патрэбна Мая Міласэрнасць» («Дзённік», 1275).

Калі мы прызнаёмся ў сваёй духоўнай беднасці, у тым, што з’яўляемся грэшнікамі, — гэта як бы прызывае Божую Міласэрнасць і адкрывае на яе. Бог не любіць граху, але любіць грэшніка і жадае яго выратавання. Усведамленне таго, што Езус любіць нас, нягледзячы на нашую нікчэмнасць, нараджае давер.

«Хрыстус навучыў нас, што чалавек не толькі зведвае і атрымлівае міласэрнасць самога Бога, але ён пакліканы таксама да таго, каб самому праяўляць міласэрнасць у адносінах да іншых: „Благаслаўлёныя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць” (Мц 5, 7). (...) Нялёгка любіць глыбокай любоўю, якая заключаецца ў праўдзівым прынясенні сябе ў дар. Гэтай любові можна навучыцца толькі паглыбляючыся ў таямніцу любові Бога. Углядаючыся ў Яго, яднаючыся з Яго айцоўскім Сэрцам, мы становімся здольнымі глядзець на братоў новымі вачыма, у паставе бескарыслівасці і салідарнасці, шчодрасці і прабачэння. Гэта ўсё і ёсць міласэрнасць!»

(Вытрымкі з часопіса "Ave Maria")

четверг, 12 ноября 2009 г.

Déjà vu :)

Чытаю кнігу “Вольныя муляры ў беларускай гісторыі. Канец XVIII - пачатак XX ст.”

http://kamunikat.org/knihi.html?pubid=572

“У навуковай літаратуры вольнае мулярства або масонства звычайна вызначаецца як этычны або рэлігійна-этычны рух, які канчаткова аформіўся напачатку XVIII ст. у Англіі. Паводле вольнамулярскай ідэалёгіі мэтаю дзейнасьці яе прыхільнікаў зьяўляецца духоўнае ўдасканаленьне чалавека і ўсталяваньне братэрскіх адносінаў паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасьцяў і рэлігіяў, прыхільнікамі розных сацыяльна-палітычных пазіцыяў.”

А ў кнізе пра Віленскую сымбалічную ложу “Руплівы ліцьвін” і “Руплівы ліцьвін рэфармаваны” напісана. І пра карчму “Гусь і ражон”, у якой адбывалася першае паседжаньне Вялікай ложы Лёндана. І вось як толькі я даходжу да гэтых пунктаў, мне здаецца, што я ўжо дзесьці ўсё гэта бачыла. Толькі вось дзе? І што ўсё гэта мне добра знаёмае… Але адкуль? Я сустракаю нібыта знаёмыя мне незнаёмыя назвы і пераконваюся ў тым, што дэжа вю сапраўды існуе... :)

вторник, 10 ноября 2009 г.

Заўтра сьвята Гусяед


[info]suziralnik
Ci-ž było dahetul husiam Biełarusi
U žyćci husinym niby mała bied?.. --
Hučnym sykańniem praklali našy husi
Pana Biełaha, sto ŭspomniŭ husiajed!


Nia mieryčysia adščapnuć nijakaha liścia ad viečnych laŭraŭ pana Alesia Biełha, jaki, na hora ŭsim biełaruskim husiam byłoha litwinskaha kraju, viarnuŭ biełarusam hetaje naša spradviečnaje, rodnaje i vielmi darahoje śviata ŭ 2005 hodzie (Марцін сьвяты — губіцель гагаты), Vaš Suziralnik pamierkavaŭ i ab patrebie hetkaha śviata šyrejšaj inkulturacyi — dla masaŭ tutejšaha žycharstva ŭschodnickaj tradycyi: jakim inakš da paślazaŭtra zastanucca, vidavočna, chiba što tolki husinyja kostki!

A pačać baraćbu za roŭnyja mahčymaści śviatočnaha husiespažyvańnia miarkujecca z taho, kab nadać festu Śv. Marcina vyznačeńnie i ŭ zrazumiełych na ŭschodnicki ład paniaćciach (jak-by „pa-kananičnamu”). Dy pavodle Vašaha Suziralnika, u pravasłaŭnych/unijataŭ hetkaje vialikaje dy strašnaje [dla husiaŭ] śviata musiła-by nazyvacca pa analohii z MiasajedamHusiajed.

Napierad deklarujučy, što, nakolki zdaroŭje dazvolić, Vaš Suziralnik nie admovicca ad (smačna pryhatavanaj) husiaciny taksama i ŭ luby inšy dzień hodu, u jakaści adnak prynahodnaha ŭniosku ŭ raźvićciu husiajednaje (abo, husiajedzkaje) prablematyki, nižej źmiaščajecca aryhinalny recept z knihi kolišniaha kuchara dvara kniazia Eŭstacha Sapiehi:




Царства Божае

"...Ісус кажа ім: запраўды кажу вам, што мытнікі і блудніцы ідуць у царства Божае наперадзе вас..." Мацьвея 21:31

Так. Ідуць. Тому шмат прыкладаў.
І я за іх вельмі радуюся.
Але што ж рабіць з сабой?..

понедельник, 9 ноября 2009 г.

Другая міля

Найлепшы падарунак - прабачэньне

"...і хто прымусіць цябе ісьці зь ім мілю, ідзі зь ім дзьве..."

Узятае адсюль:

http://www.thejourneysproject.com/image-detail.aspx?id=298

Пераклад з ангельскай крыху вольны :)

Дзе ўзяць сілаў маці, каб падняцца ў судовай зале і прабачыць чалавеку, які забіў яе дачку?

І як могуць габрэі дараваць нацыстам Галакост?

Вучэньне Езуса па гэтых пытаньнях здаецца рэвалюцыйным: "Любіце ворагаў вашых, як саміх сябе. Маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць і перасьледуе. Прабачайце людзям семдзесят разоў па сем". Езус нагадвае нам, што, як і Пан Бог даруе нам нашыя правіны, так і мы павінны дараваць іншым.
Тым не менш, Ягонае вучэньне аб дараваньні карыснае, ў першую чаргу , для нас саміх. Езус хоча, каб мы адпусьцілі тыя горычы, гнеў і крыўды, якія мы трымаем у сваім сэрцы. Ён ведае, што нашыя пачуцьці гневу, абурэньня і нянавісьці не пашкодзяць іншаму чалавеку ў той ступені, ў якой яны пашкодзяць нам жа самім. Яны могуць нас зьнішчыць, альбо зрабіць хворымі.
Проста скажы: "Я дарую табе". Гэта вызваліць цябе ад эмацыянальнага, фізычнага і духоўнага рабства. Гэта зробіць цябе здольным рухацца па жыцьці згодна зь Ягоным хвалебным плянам.

Прабач і дазволь сабе быць свабодным.

Мацьвея 5:38-48

***

The joyful gift of forgiving.

Where does a mother garner the strength to stand in a courtroom and forgive the man who murdered her daughter? How do Jews ever forgive the Nazis Holocaust?

Jesus' teachings on this subject were revolutionary: "Love your enemies as yourself. Pray for those who persecute you. Forgive people seventy times seven." Jesus reminds us that, just as God forgives us, we are expected to do the same for others.

Still, His teachings on forgiveness are more for our benefit because He wants us to let go of the bitterness and anger we hold on to. He knows that our feelings of anger, resentment and hatred will not hurt the other person to the degree they can destroy us, even to the point of making us sick.

Just saying, "I forgive you", releases you from emotional, physical and spiritual bondage. It sets us free to move on with life end His glorious plan.

Forgive and let it go.

Matthew 5:38-48

Не ацанілі...

Калі-нікалі я апранаю вось такі капялюшык (кветачка знаходзіца збоку). На днях я, як прыстойная каталіцкая пані (бо капялюшык на мне :) ўваходжу ў касьцёл, а там на лавачцы сядзіць бабця ў хустачцы і ціхенька моліцца. Заўважыўшы мяне, бабця перапыняе малітву і кажа сама сабе (але ж я чую, бо ў мяне слых добры):
- Во, модніца якая... Начапіла гаршчок на галаву, і думае, што яна - прыгажуня... :)

воскресенье, 8 ноября 2009 г.

Уваскрэсенне Хрыстова

Такой прыгажосьці і весялосьці я яшчэ ня бачыла... :) Узята адсюль:

http://starbel.narod.ru/uvaskres.htm

Кажуць, быццам маладзіцы
Не хазяйкі, лідаўшчыцы,
I пужлівы, як бы зайцы!..
Аж няпраўда, мае братцы.

Вот Марыя сярод ночы
Пусцілася са ўсёй мочы,
Плачучы, на гроб Хрыстоў,
На Галгофу, між кустоў.

Паздзірала вельмі ногі,
Бо баялась сінагогі.
Ды як стрэціла Хрыста,
Ён яе спрасіў спраста:

«Што ж ты, мая маці, плачаш?
Я васкрэс, сама ты бачыш,

Хоць жаўнерам далі плату,
Штоб брахалі там Пілату,
Што іх змог найкрэпкі сон
I Хрыста хтось вынес вон.

А я многа меў работы
Падчас святое суботы,
Пакуль пекла пагасіў
I Адама ўваскрасіў».

Як пачула злая сіла,
Што самую смерць скасіла,
Што Адам смяяцца стаў,
А Майсей крыжалі ўзяў —

Чорт падскочыў к Аарону
Спраўку вывесць па закону:
Ці прыйшоў Месіі час,
Штоб ад пекла ўсіх ён спас?

Аарон ачкі надзеў
I ў Біблію паглядзеў,
Не уцерпіў — засмяяўся.
Чорт адразу дагадаўся,

Што Хрыстос ужо ўваскрос,
I ў таске павесіў нос.
Чорт закрыў пякельну яму,
Аж Хрыстос ідзе к Адаму.

Дзвер раскрылась перад ім,
Мур рассыпаўся, як дым.
Смерць ляжала у куточку
I грызла сваю сарочку,

I, надуўшыся, спала,
I на Бога штось пляла.
Чорт хацеў пусціцца ў драку,
Хрыстос даў яму тумаку.

Прад Хрыстом — ні мёртв ні жыў.
А Хрыстос яго спрасіў:
«Дзе старэнька баба Ева,
Што грызнула плод ад дрэва?»

Качарэжку ў лапы ўзяўшы,
Чорт, у печцы памяшаўшы,
Дастаў Еву з жаркай печы,
Абгарэлі яе плечы.

За ёй вылез і Адам,
Аж Хрыстос здзівіўся сам, —
Як прыняў Адам той кару:
Пачарнеў увесь ад вару,

Ўвесь пабіт і пакалот,
З голаду запаў жывот.
Адам слёзамі заліўся,
Хрысту ў ногі пакланіўся.

Горка, горка зарыдаў
I на Еву паглядаў.

Ўзяў яго Хрыстос за рукі,
Расказаў пра свае мукі,
Апусціў абоіх у рай,
Штоб забылі гэты край.

Адам з пекла задаў драла,
З ім чуць Ева паспявала.
Шыбка бег ён, аж спацеў,
Зато ж першым прыляцеў

I з сабою цэлу зграю
Ён прывёў да божжа раю.
На бягу дагналі Лота,
Аж крывава пена з рота,

Як ён чыніць ў райскі сад,
Не агляжаясь назад.
Ной старэнькі спатыкаўся
I да раю прадзіраўся;

Слаўны багатыр Самсон,
Што быў вельмі лас на сон
І што здаўся на спакусу,
Крыкнуў Навіну Ісусу,

Штоб ён сонца прыдзяржаў,
Пакуль вечар не настаў.
Тут падскочыў Маісей
I пагнаў яго скарэй,

Штоб дарогу даць Якубу,
Бо пазаду, ва ўсю губу,
Ілля ехаў на канях —
Гром пушчаў такі, аж страх,

За ім пёрся Алісей —
Нёс армяк ў руцэ сваей.

А за ім святы Яфет
Нёс і шаблю і мушкет.
I забыўшы стару драку,
Шоў Адам па бок Ісаку.

Тут прамудры Саламон
Зазваніў у райскі звон.
Сталі райскія вароты
Насцеж ў дзень новай суботы.

Праведныя душы выйшлі.
Ілія на конях ў дышле
Алісею даў жупан,
Расступіўся Іярдан.

Ўсе сабраліся па звону.
Па заслугах, па закону
Пасадзілі ўсіх за стол,
Ім падалі хлеб і соль.

Сам Бог яйцамі златымі
Пахрыстосаваўсь са ўсімі.
Разгавеўся святы мір,
I пачаўся вечны пір.

Новае падалі піва.
Тут Давыд, усім на дзіва,
Прыударыў ў гуслі так,
Што не ўцерпелі ніяк.

Сара ў тую жа гадзіну
Прэж ўсіх выйшла на срадзіну,
З Аўраамам ў танец шла,
Усіх на ногі падняла.

Ісаак, працёршы вока,
Стаў з Рэвекай Сары збоку,
Якаў кінуў свой кастыль,
Стаў пры іх, узяў Рахіль.

Тут прыдаў Іуда жару,
Ўзяўшы под ручку Тамару.
Тут прыпомніла Эсфір
Красен з гуслямі Псалтыр,

Тут ударылі ў тымпаны,
Ва ўсе струны і арганы,
Аж да алтаровых рог,
Штобы быў праслаўлен Бог.
Тут і бабкі, тут і ўнучкі —
Усе пабраліся за ручкі,
Пайшлі бойка ў карагод.
Слава Богу з роду ў род!

* * *
Вас з празнікам паздраўляю,
Святой долі вам жалаю.
А для вашага пяўца
Досыць краснага яйца.

Прынясіце, маладзіцы,
Чыстай з рэчанькі вадзіцы,
Калі ўжо выцекла яна —
Дык хоць зелена віна.