суббота, 13 марта 2010 г.

Ліставаньне з Паўлам Севярынцам. Пра тое, што было пасьля Сакавіка

Прывітаньне, Павал. Вялікі дзякуй Вам за малітву, бо і 19, і 25 сакавіка, і 7 красавіка, як толькі пачынала хвалявацца і адчуваць няўпэўненасьць, казала сама сабе: “Павал – чалавек адказны і сур’ёзны, таму абавязкова выканае маю просьбу і ўсё будзе добра.” Потым узгадвала словы з украінскай песьні “Я не здамся без бою” :) А малітва “Ойча наш” і “паплечнікі”, што былі побач, дапамагалі вярнуць упэўненасьць і спакой.

Вы пытаецеся, ці ведаю я NN, што прыяжджаў да Вас у сакавіку? Я бачыла яго толькі адзін раз, мы размаўлялі ня болей за 10 хвілінаў, і асабіста ў мяне засталося прыемнае ўражаньне (магчыма таму, што мы не дайшлі да абмеркаваньня веравызнаньня Джорджа Буша :).

Я атрымала Ваш ліст 28 сакавіка, а на капэрце стаіць штамп Менскай пошты ад 22.03.06. Пэўна, гэта сьведчыць аб тым, што ў Вас шмат ня толькі яўных, але і тайных прыхільнікаў, і Ваша папулярнасьць расьце з кожным днём. Я ўяўляю сабе, як “яны” зачытваюцца Вашымі кнігамі і артыкуламі, і якое атрымліваюць задавальненьне. Думаю, што з гэтай жа прычыны я нідзе не магу набыць Вашу “Нацыянальную ідэю “.

У часопісе па маёй спэцыяльнасьці ёсьць рубрыка “Дежурная часть”. Пасьля яе пра­чы­та­нь­ня пачынаю сумнявацца, што ў нашай краіне шмат каму патрэбны Свабода, Праўда і Спра­вяд­лі­васьць. Людзі хутка прыстасоўваюцца да любых абставінаў і жывуць даволі добра. (Я маю на ўва­зе матэрыяльны бок жыцьця). Нехта паціху цягне з дзяржаўнага прадпрыемства тое, што дрэн­на ляжыць. Хтосьці мае магчымасьць увесь працоўны дзень займацца сваімі справамі, ат­рым­лі­ва­ю­чы пры гэтым неблагі заробак. Іншым прыносяць такія “падарункі”, што ад заробку можна і ўво­гу­ле адмовіцца. А некаторыя, пэўна, прыходзілі б на працу, нават калі за ўваход трэба было б пла­ціць. Да ўрача, калі няма грошай, лепей не зьвяртацца, а адразу легчы ў труну і чакаць, а з нас­таў­ні­ка­мі за добрыя адзнакі нават ужо не бацькі, а дзеці разьлічваюцца. Тыя, хто маюць сілы, зда­роў­’е і здольнасьці, робяць на некалькіх працах і ня маюць часу на пошук незалежнай інфармацыі, раз­ва­жа­нь­ні аб сэнсе жыцьця і г.д. Вось і атрымліваецца, што Свабода, Праўда і Справядлівасьць пат­рэб­ныя толькі мне і яшчэ невялікай колькасьці людзей. Такая вось сумная карціна вымалёўваецца…

На Менскай плошчы я размаўляла са студэнтамі – жыхарамі намётавага гарадка. Гэта былі вельмі сымпатычныя і прыемня маладыя людзі. Яны запрашалі ўсіх прысутных пачаставацца іхняй ежай, паказвалі, што знаходзіцца ў тэрмасах і бутэльках, жартавалі, сьмяяліся. Каля намётаў бегалі маленькія дзеці. Мой пляменьнік зь сябрамі кожны вечар прыходзіў на плошчу. Ён вельмі перажываў за маладых людзей, якія, не зважаючы на халоднае надвор’е, праводзілі на плошчы ўсю ноч. А калі мы вярталіся дадому, першымі пытаньнямі да нас былі: “Ну як там справы? Колькі людзей сабралася? Мілінкевіч выступаў?” Думаю, што ўсім нам не хапіла крыху сьмеласьці і некалькіх словаў, не сказаных Аляксандрам Мілінкевічам, каб дамагчыся нечага большага. Ксёндз з ………… зьдзіўляецца, як мог беларускі народ, які лічыць сябе хрысьціянскім, абраць на пасаду кіраўніка дзяржавы чалавека, які называе сябе атэістам?

А які ў Вас настрой, Павал? Вам не самотна ў вёсцы? Ці маеце Вы магчымасьць наведаць клюб, пайсьці да каго-небудзь у госьці? Не зьдзіўлюся, калі Вы, ня гледзячы на “ганаровую варту” і іншыя перашкоды, неўзабаве створыце ў Малым Сітне Беларускую Народную Рэспубліку. Зычу Вам посьпехаў ва ўсіх справах, разуменьня і падтрымкі з боку вяскоўцаў, ахоўнікаў, міліцыянтаў і г.д. Мы з Вамі! З намі Бог! “Стаімо далей!”

Да пабачэньня. 12 красавіка 2006г. Марына

***
Добры дзень, марына!
Дзякуй Вам вялікі за ліст, навіны й добрыя словы.

Увесь апошні месяц маліўся, пэўна, як ніколі – і за Беларусь, і за Мілінкевіча, і за маладафронтаўцаў (палова ўсіх крымінальных справаў кампаніі – па іх), і за БХД, і за сябраў ды знаёмых – і таксама за Вас. Вельмі добра, што Вы маліліся таксама: малітоўная салідарнасьць – пачатак усякай нацыянальнай справы.

Наконт увагі “ворганаў” да маёй творчасьці – Вы мелі рацыю, кола аматараў расьце: за апошнія тры тыдні падчас ператрусаў сканфіскавалі 94 асобнікі “Нацыянальнай ідэі” (а іх і так бракавала).

Пра рубрыку “Дежурная часть” і Вашыя развагі – праўда: людзі ўсе слабыя й грэшныя, і Вы глядзіце ў корань, калі бачыце падобныя рэчы.

Настрой – дзякуй Богу. У вёсцы не самотна. Працы – во!.. Клюб лепш не наведваць – там п’яныя маладзёны глушаць “максіма” і б’юць адно аднаму твары. На гасьцей часу няма. А наконт БНР Малога Сітна – тут 100-120 чалавек галасавалі за Мілінкевіча. База ёсьць.

Віншую Вас, Марына, са сьвятам Божага Уваскрасеньня. Няхай Магутны Божа дабраслаўляе Вас воляй, верай і надзеяй. Хрыстос Уваскрос – а значыць і Беларусь уваскрэсьне!

З удзячнасьцю і павагай. Павал Севярыней. 20.04.2006г.

Комментариев нет:

Отправить комментарий