Дзень сьвятога Казіміра – апекуна Беларусі, Літвы і Польшчы, і апекуна моладзі, прыпадае на 4 сакавіка. Сьвяты Казімір зьяўляецца адным з галоўных патронаў сьвятой цноты чыстасьці. Ён быў сынам Казіміра ІІІ – караля Польскага і вялікага князя Літоўскага, і Альжбеты Аўстрыйскай, дачкі цэсара Альберта ІІ. Нарадзіўся ў Кракаве 5 кастрычніка 1458 года і ўжо ў дзіцячыя гады атрымаў пабожнае выхаваньне. З маленства пазьбягаў забаў, якімі захаплялася тагачасная моладзь. Найвышэйшай уцехай былі для яго доўгія гадзіны, праведзеныя ў малітвах. У цішыні касьцёла, укленчыўшы перад укрыжаваным Езусам Хрыстом, ён разважаў аб пакутах, якія прыняў на Сябе Сын Божы дзеля збаўленьня людзей, і твар яго залівалі сьлёзы.
Зь вялікаю любоўю і пашанаю зьвяртаўся сьвяты Казімір у сваіх малітвах і да Маці Божай Найсьвяцейшай Панны Марыі, называючы яе сваёю найдаражэйшаю Маткаю. Звычайна негаваркі і нясьмелы, ён, як толькі заходзіла размова аб Нябеснай Каралеве, у палымяных прамовах выказваў свае пачуцьці, узрушаючы ды запальваючы любоўю нават самыя халодныя людзкія сэрцы. Пасьля яго застаўся цудоўны гімн, які пачынаецца словамі: “Пакуль жывы я – няхай Марыю штодня ўзьвялічвае душа...”. Паміраючы, ён прасіў, каб напісаны гімн быў пакладзены разам зь ім у труну. Праз 120 гадоў пасьля яго сьмерці, калі цела дасталі непарушаным, знайшлі і паперу зь песьняй, зусім не пашкоджаную, нібыта толькі што напісаную.
Сьвяты Казімір карыстаўся вялікай павагаю сярод людзей за любоў да ўбогіх і жабракоў. Ён быў для іх як бацька, дапамагаў ім шчодрымі міласьцінамі, стараючыся, каб дапамога даходзіла да самых аддаленых месцаў краіны. Дзьверы яго палаца былі заўсёды адчыненыя для бедных, якіх прымалі, як найдаражэйшых для каралевіча гасьцей. Апрача таго, наведваючы іх ва ўласных хатах, калі ляжалі хворымі, ён праводзіў каля іх ложкаў доўгія гадзіны, аддаючы свае паслугі.
Склаўшы шлюб чыстасьці, сьвяты Казімір пражыў у ёй аж да сьмерці. Доўгія дні пасьціўся, насіў пад княскім адзеньнем власяніцу, спаў толькі на голай зямлі, побач з багата засьцеленым ложкам. Часта ўначы абходзіў касьцёлы і неаднойчы сярод марознай зімы бачылі яго там перад зачыненымі дзьвярыма. Лежучы крыжам, ён складаў Богу свае малітвы. Спатыкалі яго таксама крочыўшым па сумётах босымі нагамі.
Калі яго старэйшы брат Уладзіслаў стаў каралём Чэскім, а самога Казіміра чакала Польская карона, ён сказаў: “Пан Бог стварыў мяне для іншага каралеўства, якое Хрыстос пакутамі ды цярпеньнем Сваім падрыхтаваў. Хопіць мне таго, абы над самім сабой і над сваімі благімі схільнасьцямі панам быць мог”. Аднак, шмат якія народы жадалі бачыць сьвятога Казіміра сваім каралём. Венгры ахвяравалі яму сваю карону і ўрэшце рэшт, па загаду бацькі, ён быў вымушаны прыняць яе. Але непакоіла яго сумленьне, бо павінен быў удзельнічаць у вайне, якую не ўхваляў Папа Рымскі Сыкстус IV, таму што бачыў у ёй шкоду для хрысьціянства. Таму ў хуткім часе Казімір вярнуўся ў Кракаў. Тут споўнілася ягоная запаветная мара: ён цалкам мог прысьвяціць сваё жыцьцё служэньню Богу.
У 1484 годзе, прыбыўшы ў Гародню, затрымаўся там, бо быў ужо моцна хворы. Лекары даведаліся, што толькі шлюб можа ўратаваць маладога каралевіча ад непазьбежнай сьмерці. Але, памятаючы пра шлюб чыстасьці, учынены перад Богам, ён сказаў: “Ніколі не зраблю гэтага, бо паправіўшы такім чынам здароўе, назаўсёды страчу ласку Пана Бога”. У хуткім часе пайшоў ён да Неба, Крыж сьвяты да грудзей прыціскаючы ды разважаючы са сьлязамі на вачах аб пакутах Хрыстовых. Ён памёр у Гародні 4 сакавіка 1484 года, пражыўшы 25 гадоў. Труна зь целам сьвятога Казіміра да 1990 года знаходзілася ў Вільні ў касьцёле сьвятога Казіміра, а потым была перанесеная ў Кафэдральны касьцёл горада.
Штогод у дзень сьвятога Казіміра ў Вільні праходзіць прыгожае сьвята Kaziukas. На вуліцы выходзяць народныя ўмельцы, майстры, мастакі ды музыкі. Працуюць шматлікія кірмашы, на якіх вам абавязкова прапануюць адмыслова аздобленыя вербачкі, пернікі, а таксама гліняныя званочкі, зробленыя ў выглядзе маленькага сьвятога Kaziukasa.
Божа, Ты сярод каралеўскай раскошы і небясьпечнасьцяў сьвету сьвятога Казіміра сталасьцю ў цноце абдарыў. Просім, каб за яго заступніцтвам верныя Твае рэчамі зямнымі пагарджалі, а ўздыхалі заўсёды аб нябесных.
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
Комментариев нет:
Отправить комментарий