пятница, 5 марта 2010 г.

Ідылія

На мінулым легіянэрскім заданьні зайшлі мы зь сястрой у бальнічную палату і ўбачылі там сапраўдную ідылію. У палаце было трое мужчынаў. Адзін зь іх (як потым высьветлілася – праваслаўны) чытаў уголас кнігу пробашча Чырвонага Касьцёла Ўладзіслава Завальнюка "Не хлебом единым", а двое другіх (праваслаўны і каталік) уважліва яго слухалі. А на стале ляжаў томік вершаў Рыгора Барадуліна…

Мы пачалі знаёміцца. Аказалася, што мужчына з кнігай – вядомы беларускі альпініст і найлепшы сябра ксяндза Ўладзіслава. А завуць яго Ігар Герасімовіч. Вось тут можна прачытаць пра тое, як ён штурмаваў са сваімі сябрамі Арарат, а тут – пра водную пілігрымку Вільня-Вілейка-Будслаў-2007, у якой ён таксама браў удзел. Тады ў Будслаў была прывезеная копія абраза Маці Божай Будслаўскай, якая пабывала разам зь беларускімі альпіністамі на Гімалаях і дабраславіла ўвесь сьвет, а таксама двухмэтровы сасновы крыж, выраблены зь бервяна, якое ў 1507 годзе было сплаўлена па Вяльлі з Будслава ў Вільню і ў выглядзе 12-мэтровага бруса 500 гадоў трывала ў сьценах Віленскага касьцёла бернардынцаў.

Другі мужчына – каталік, Канстанцін Камінскі, распавёў нам пра свайго пляменьніка – ксяндза. А трэці – праваслаўны, Стэфан Бакуновіч, сказаў, што вельмі добра ставіцца да каталікоў. Вось як бывае…

А яшчэ нас зь сястрой папрасілі пакінуць аўтографы ў кнізе Ўладзіслава Завальнюка – прама пад ягоным подпісам… :)

На разьвітаньне мы пажадалі ўсім нашым суразмоўцам хутчэйшага выздараўленьня, а на легіянэрскім паседжаньні шчыра за іх памаліліся.

***
Пан Бог заўважыў нашую зь сястрой моцную стомленасьць, а таксама ўпадак нашых духоўных і фізычных сілаў, і вырашыў накіраваць нас да тых людзей, якія сумелі нас падбадзёрыць і натхніць на новыя легіянэрскія подзьвігі… :)
***
І
яшчэ адзін артыкул пра спадара Ігара і ягоных сяброў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий