среда, 10 марта 2010 г.

Ліставаньне з Паўлам Севярынцам. Сакавік - 2006

Дарагі Павал, віншую Вас і асабліва Вашага Партызана з надыходам вясны. За вокнамі ўжо дзясяты дзень кіруе птушыным хорам сакавік, а Сьвяты Валянцін нават і ня думае сыходзіць з паштовых капэртаў.

Менск прачнуўся, заварушыліся ягоныя жыхары. Моладзь гойсае туды-сюды з налепкамі і ўлёткамі, часьцей можна пачуць нашую мову на вуліцах і ў транспарце. У нядзелю нават дзеткі ў парку побач з маім домам весела абвяшчалі
: “Жыве Беларусь!”.


Інжынэр Алесь з нашай “Беласьнежкі і сямі гномаў” (я так называю фірму, на якой працую:) кожную пятніцу абавязкова наведвае сядзібу БНФ, набывае газэты і ўлёткі ды накіроўваецца ў вёску “праводзіць тлумачальную работу сярод насельніцтва”. Я таксама цягну тое-сёе з БНФ у родны пад’езд. Пляменьнік зьбіраецца фарбаваць намёт у сіні колер, а мне для стварэньня адпаведнага вобразу засталося толькі набыць сінія мантузкі. Нават братава жонка, якая раней нічым такім не цікавілася, пабегла 2 сакавіка на плошчу Свабоды, а потым з захапленьнем распавядала, што зьблізку бачыла Мілінкевіча, і ён вельмі ёй спадабаўся.


Мне з таго вечара запомніліся выпадкова пачутыя размовы па мабільніках: “Ты што, ня ведаеш, што ў краіне адбываецца?”, “Ды я ў цэнтры падзей, на Машэрава!”, “Хутчэй прыходзь, тут такое робіцца...” і г.д. Было заўважна, што большасьць з прысутных на плошчы людзей не зьяўляюцца сябрамі якіх-небудзь партыяў і арганізацыяў. Людзі прыйшлі, таму што ў іх зьявілася надзея і яны паверылі, што Беларусь жыве і будзе жыць і да 19 і пасьля 19 сакавіка.

А які ў Вас, Павал, настрой? Як Вы пачуваецеся? Ці хапае Вам тых грошай, якія Вы зарабляеце на лесанарыхтоўцы? Ці ёсьць у Вас што паесьці?


Вы маеце здольнасьць натхняць людзей на актыўныя дзеяньні і добрыя ўчынкі. Дзякуючы Вашым лістам, кнігам і г.д. (хоць і не з усім, пра што Вы пішаце, магу пагадзіцца) я часьцей зазіраю ў Новы Запавет, кожную нядзелю наведваю Касьцёл. Абавязкова, пачынаючы зь сёньняшняга дня, буду маліцца за Беларусь штопятніцы а 20-00. А Вас, Павал, вельмі папрашу памаліцца за мяне, бо такой моцнай веры ў Бога, як у Вас, я ўжо даўно не сустракаю ў іншых людзях.


Усяго Вам найлепшага і да пабачэньня.

10 сакавіка 2006г. Марына


***
Дарагая Марына!
Дзякуй вялікі за ліст і добрыя словы.


Ежы і заробку тут хапае, так што падчас адпачынкаў сёе-тое даводзіцца нават адвозіць бацькам.


Вы, пэўна, знаёмыя з
NN – я ведаю яго некалькі гадоў па Маладым Фронце. Шчыра скажу, і там ён паводзіў сябе дзіўнавата, і тут, прыехаўшы, чамусьці пачаў ганіць Джорджа Буша (?..) ды абрынуўся на мяне за словы аб тым, што Буш – хрысьціянін. (Чыстая праўда, Буш – вернік мэтадысцкае царквы, адстойвае хрысьціянскія каштоўнасьці ў амэрыканскае палітыцы, а галоўныя ягоныя выбаршчыкі – менавіта хрысьціяне ЗША).

Навіны ў Малым Сітне ўсё больш выбарчыя. За 2,5 дні датэрміновага галасаваньня “прагаласіла” 96 чалавек з 421. Да мяне прыставілі ганаровую варту – двох апэратыўнікаў з камэндатуры, пад канвоем якіх даводзіцца хадзіць паўсюль. Усе чакаем 19-га.


Настрой, Марына, бадзёры. Малюся. Пасьля Вашае просьбы – абавязкова і таксама за Вас.

Зычу Вам волі, веры і Божае ласкі. Няхай не сумняваецца сэрца вашае – Яна 14:1! (
Няхай не сумняваецца сэрца вашае; веруйце ў Бога і веруйце ў Мяне.)

З удзячнасьцю й павагай. Павал Севярынец. 18.03.2006г.

Комментариев нет:

Отправить комментарий