У той час, як увесь беларускі народ весяліўся з нагоды Міжнароднага дня жанчынаў, Легіён вырашыў накіраваць нас зь сястрой на заданьне ў бальніцу – напэўна дзеля таго, каб у нас ня ўзьнікла спакусы адсьвяткаваць ня тое, што трэба. У першай жа палаце нас сустрэў вельмі суровы дзядок, які сказаў: “Ой, ну неужели ЖЕНЩИНЫ могут рассказать мне что-то интересное про Бога?” Мы зь сястрой пастараліся не зьвяртаць увагі на абразу і прапанавалі дзядку, каб ён распавёў крыху пра сябе. А дзядок сказаў: “Я ўсё ведаю нашмат лепей за вас, бо падчас вайны жыў ва Ўкраіне і вучыўся ў школе, якую адчынілі немцы. Дык там выкладалі Закон Божы, і ўсе школьнікі наведвалі царкву... А за саветамі ўсё гэта “накрылася”… А вы ідзіце лепей жанчынам прапаведуйце…”
Пасьля дзядка мы сапраўды патрапілі ў палату, у якой ляжалі пяць цудоўных жанчынаў. Было шмат пытаньняў і шмат адказаў. І Дух Сьвяты нас зь сястрой так тады натхніў, што мы, напэўна, здолелі б выступіць нават перад шматтысячнай аўдыторыяй… :)
Мы пакідалі бальніцу, калі было ўжо даволі позна. А да прыёмнага аддзяленьня ўсё пад’яжджалі ды пад’яжджалі машыны хуткай дапамогі, зь якіх выводзілі вось такіх во мужчынаў разам зь іх сябрамі ды сяброўкамі. Адзін зь іх нават пачаў ламіцца ў кабінку прыбіральні (ён вырашыў, што гэта тэлефонная будка) і патрабаваць, каб яму далі магчымасьць патэлефанаваць у міліцыю… Але, затое, народ цудоўна павесяліўся і людзям хоць будзе што ўспомніць…
Комментариев нет:
Отправить комментарий