вторник, 9 марта 2010 г.

“Лясныя” лісты Паўла Севярынца

Па шматлікіх просьбах панства ды спадарства, а таксама з дазволу спадара Паўла, буду паціху выкладваць у ЖЖ некаторыя ягоныя “лясныя” лісты.
***
Вось жа як дзіўна бывае… Памятаю, як я адкрыла “Нашу Ніву” і ўбачыла там артыкул пра Паўла зь ягонымі фотаздымкамі… Я нават ня ведала толкам, хто гэта… І раздражнёна прамовіла: “Да-ста-а-а-лі-і…” А “НН” усё “капала” ды “капала” людзям на мазгі, заклікаючы кожнага прыстойнага чалавека абавязкова даслаць ліст палітвязьню… Спачатку мяне хапіла толькі на віншавальную паштоўку… Павал таксама адказаў паштоўкай. Тады я напісала ліст… Ад рукі… У ім я пыталася ў Паўла пра палітыку, псыхалёгію, ката Партызана… І атрымала такі вось адказ:

Дарагая Марына!

Дзякуй Вам вялікі за ліст і добрыя словы – настолькі добрыя, што мне нават няёмка.

Напэўна, Вы будзеце расчараваныя – я таксама не аматар палітыкі: прымушаюць абставіны. Шчыра кажучы, калі б не рэжым і цяперашні стан Беларусі, займаўся б сабе пісьменьніцтвам ды публіцыстыкай, ды зьбіраў бы камяні (паводле ўнівэрсытэцкай спэцыяльнасьці я геоляг-разьведчык). Але Бог кліча адказваць на пытаньне: “Хто, калі ня мы?..”
Што да псыхалёгіі – з гэтым згодны, вельмі важна. Чытаў грунтоўны падручнік Майерса (выпушчаны фондам “Адкрытае грамадзтва” па-беларуску ў пачатку 90-х), “Псыхалёгію масаў” кагосьці з расейскіх аўтараў, клясыкаў кшталту Юнга. Перакананы, што найлепшы ў сьвеце падручнік па псыхалёгіі, у тым ліку і масавай – гэта Біблія. Аляксандар Рыгоравіч можа тлуміць галовы бедным беларусам роўна да тае пары, пакуль за нашыя нацыянальныя грахі гэта дапускае Госпад. Ключ да палітычнага абуджэньня – абуджэньне духовае: вера, пакаяньне, хрысьціянскі ўздым.

Здароўе – дзякуй Богу. Накачваю мышцы на лесанарыхтоўцы. Сьвежае паветра, прырода вакол… Кот таксама пачуваецца няблага: прынамсі, есьць заўсёды з апэтытам і сабакаў (калі ня зграя) не баіцца.

Што прынясе беларусам вясна? Выпрабаваньне. Калі мы здольныя мабілізаваць у грамадзтве веру – пераможам. Бо – Мацьвея 9:29 (Тады Ён дакрануўся да вачэй іх і сказаў: няхай паводле веры вашае станецца вам. І расчыніліся вочы іх.) і там жа 17:20 (Ісус жа сказаў ім:…запраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру, як гарчычнае зерне, і скажаце гарэ гэтай: перайдзі адгэтуль туды, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчыма для вас)!

З удзячнасьцю і павагай. Павал Севярынец. 07.01.2006г.

Комментариев нет:

Отправить комментарий