воскресенье, 14 марта 2010 г.

Адказ Паўла на мой ліст пра Рыдуплю

Ой… Тут пра мяне занадта добра напісана… :) Але…
***
Добры дзень, Марына!

Дзякуй Вам вялізны за падрабязны ліст. Напісана цудоўна. Проста літаратура. Атрымаў Ваш допіс адначасова з “НН” і злавіў сябе на думцы, што газэта прайграе ў цікавасьці. Дарэчы, Вы не спрабавалі грунтоўна пісаць? Вельмі раю – у Вас пісьменьніцкі лад мысьленьня.

Што да зьместу Вашых адказаў, яны мяне ўразілі. Асабліва каштоўныя інтуітыўныя моманты – “чамусьці падабаецца”. Таемнае ў простым.
Прашу прабачэньня за няўдала сфармуляванае пытаньне пра храмы. Маеце рацыю.
Калі не адмовіцеся яшчэ й скласьці ўласны хіт-парад мастацкіх фільмаў, музычных кампазіцыяў і выканаўцаў made in Belarus – буду вельмі Вам удзячны.

Адказы на Вашыя пытаньні.
- Пра мастацтва. Скончыўшы ў 1994-м мастацкую школу, яшчэ тры гады пасьля актыўна рысаваў (графічная тэхніка: чорная шарыкавая асадка й крэйда). Апроч Віцебска, двойчы выстаўляўся ў Менску (у кампаніі зь іншымі мастакамі), на Варвашэні, 8. На 1-м курсе гэтым нават зарабляў на жыцьцё (студэнцкія гады…); зрабіў некалькі палітычных плякатаў (разыходзіліся на ксэраксе ды рызографе) ды газэтных ілюстрацыяў.

- Камяні ў Вязынцы і праўда, як лічаць навукоўцы, ледавіковыя. Вязынка знаходзіцца якраз на мяжы Паазерскага зьледзяненьня.

- За Партызана не хвалюйцеся. Гэты ўлюбёнец інтэрнату вандруе з пакою ў пакой і час ад часу наядаецца так, што наведнікі мне вымаўляюць: “Ня муч ты коціка – ён жа лопне”.

Яшчэ раз дзякуй за адказы. Не магу адысьці ад захапленьня Вашай бабцяй.
Няхай Госпад Бог дабраслаўляе Вас у вашай працы ды ўсім жыцьці. ІІ да Карынцянаў 3:17! (Бо Госпад ёсьць Дух; а дзе Дух Гасподні, там свабода.)

Павал Севярынец. 27.05.2006г.

Комментариев нет:

Отправить комментарий