Дарагі Павал, зь цікавасьцю наведала Ваш сайт. Асабліва спадабаліся онлайн-канфэрэнцыя на радыё Свабода і “Гасьцёўня”. Думаю, што нікога з наведвальнікаў сайту не пакінула абыякавым вельмі актуальнае пытаньне наконт Вашага стаўленьня да бляндынак і брунэтак. Спадзяюся, што Ваш адказ на яго прымусіў паненак, зьнешнасьць якіх не адпавядае вобразу ідэальнай беларускі, тэрмінова прывесьці сябе ў парадак, узяўшы за прыклад хоць бы ўсім вядомую сьпявачку Шакіру, своечасова зразумеўшую ўсе перавагі сьветлага колеру валасоў… :)
Далей буду сур’ёзнай. Па-вашаму, ўсе пытаньні духу на 100% трэба аддаваць Богу. У такім выпадку навошта шкадаваць людзей, якія яшчэ не прыйшлі да Хрыста, але з’яўляюцца мусульманамі, крышнаітамі ці юдэямі і так сама, як і мы, вераць у адзінага Бога? Яны знайшлі свой шлях да Бога, і я ня думаю, што Ён любіць іх меньш, чым нас, хрысьціянаў. Будзе вельмі сумна, калі працэс глябалізацыі эканомікі, культуры і т.д. стане незваротным і “плянэта людзей” ператворыцца ў плянэту істотаў з аднолькавымі перакананьнямі, прадказальнымі ўчынкамі, адзеньнем унісэкс і агульнай мовай. Самі ж кажаце, што “у духовым жыцьці кан’юктурыць вельмі небяспечна”.
Вы пішаце, што з 2003 году ходзіце ў праваслаўную царкву. А да гэтага часу Вы былі хрышчоным, ці не? (Прабачце, калі гэта пытаньне выглядае неэтычным. Вам не абавязкова адказваць на яго).
Калі ласка, не шчыруйце занадта на лесапавале. Пакіньце што-небудзь тым, хто сапраўды заслугоўвае такой працы ў лесе. Хацелалася б даведацца, ці абавязаны Вы захоўваць распарадак дня? Ці маеце магчымасьць глядзець тэлевізар, слухаць радыё, спакойна адпачыць, заняцца выхаваньнем Партызана? Спадзяюся, Вы праводзіце тлумачальную работу з катом і ён у Вас “палітычна адукаваны і маральна ўстойлівы”?:)
Ваша вера, адкрытасьць, упэўненасьць у сваім пакліканьні зачароўваюць. Яны абавязкова прывядуць Вас да Перамогі.
Усяго найлепшага.
20 лютага 2006г.Марына
***
Дарагая Марына!
Дзякуй Вам вялікі за ліст, водгукі пра сайт і добрыя словы ўвогуле.
Адказваю на Вашыя пытаньні.
1. “Навошта шкадаваць мусульманаў, крышнаітаў, юдэяў?” Вы справядліва заўважаеце, што веруючыя ў Бога валодаюць пэўным разуменьнем ісьціны, і, хай сабе інтуітыўна, але набліжаюцца да Найвышняга. Праўда, крышнаіты – шматбожнікі, а вось мусульмане і юдэі ў параўнаньні з паганцамі і праўда ў пэўнае ступені нам браты. Чаму толькі ў пэўнае ступені? Таму што ў Бібліі прыведзеныя ясныя, недвухсэнсоўныя словы Ісуса Хрыста пра дарогу да Бога. Прачытайце Яна 14:6! (Ісус сказаў яму: Я і дарога, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзе да Айца, калі не цераз Мяне). Пасьлядоўнасьць: атэізм – паганства розных гатункаў – юдаізм – мусульманства – хрысьціянства, ёсьць шляхам вяртаньня чалавецтва да Бога, а хрысьціяне ў параўнаньні зь іншымі валодаюць поўнай ісьцінай. Адсюль маё шкадаваньне ў дачыненьні да вернікаў іншых рэлігіяў як тых, хто ня мае паўнаты адкрыцьця, ня верыць у Ісуса Хрыста як Бога і, сьледна, можа праз гэта загінуць у пекле. Вось, разгарніце Біблію на І Цімафея 2:5 (Бо Бог адзін і адзін пасярэднік між Богам і людзьмі – чалавек Хрыстос Ісус, што аддаў Сябе дзеля адкупленьня ўсіх.) А потым паглядзіце І Яна 4:15 (Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым прабывае Бог, і ён у Богу.) Бачыце? Нарэшце, адчыніце Мацьвея 12:30 (Хто не са Мною, той проці Мяне; і хто не зьбірае са Мною, той марна траціць.) Хто не з Хрыстом, той супраць Хрыста. Ясьней яснага. Такім чынам, што рабіць мусульманам і юдэям? Адказ у Дзеях 2:38 (Пётр жа сказаў да іх: Пакайцеся, ды няхай кожны з вас ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня грахоў; і вазьмеце дар Духа Сьвятога.)
Разумею, што Вас хвалюе разнастайнасьць чалавецтва. Што ж, зьвярніце ўвагу на шматаблічнасьць хрысьціянскіх канфэсіяў і дэнамінацыяў. Тут адрозьненьняў часам нават больш чым трэба – пачытайце хаця б Яна 17:21-23! (Няхай будуць усе адно: як Ты, Айцец, ува мне, і Я ў Табе, так і яны няхай будуць адно, каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як Мы адно. Я ў іх, і Ты ўва Мне; каб былі злучаны ў адно, і няхай пазнае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.)
Маеце рацыю, Бог любіць іх ня менш, чым нас – бо ўсе мы Ягоныя стварэньні. Але Бог ніколі нікога ня робіць шчасьлівым гвалтам: у чалавека ёсьць вольная воля. Больш падрабязна пра гэта пішуць Ян Павал ІІ, праваслаўны Аляксандар Мень, пратэстант Райл.
2.”Ці быў я хрышчаны да 2003 году?” Пакаяўся ў 1998-м, некалькі гадоў наведваў і касьцёлы, і пратэстанцкія грамады, і вуніятаў, і праваслаўных; праходзіў шлях духовага кшталтаваньня. У 2001-м быў хрышчаны ў праваслаўе, з 2003г. штотыдня наведваў царкву, з восені 2005-га ў сілу вядомых прычынаў – штомесяц.
3.”Распарадак дня і г.д.” Пісаў пра гэта ў апошніх “Лістах зь лесу”. Тэлевізар невялічкі, чорна-белы, увечары гляджу навіны. Адпачыць – мая мара. Партызан ужо даволі выхаваны кот; курс маладога байца для яго заняў месяцы тры. Ягоная маральная ўстойлівасьць… У сакавіку пабачым.
Зычу Вам, Марына, волі, веры і Божага дабраславеньня.
З удзячнасьцю і павагай. Павал Севярынец, в.Малое Сітна, 01.03.2006г.
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
Комментариев нет:
Отправить комментарий