Да… Чым далей у лес – тым таўсьцей кот Партызан :) ***
Добры дзень, Паша. Вялікі дзякуй Вам за ліст, добрыя словы і парады, а таксама за тое, што Вы дапамаглі мне пазбыцца бясконцых думак пра хваробы, працу ды іншыя праблемы, якімі была забіта мая галава.
На днях я набыла дыск з Вашай “Нацыянальнай ідэяй”. Такое цікавае словазлучэньне: “Дыск Паўла Севярынца”, - нібыта Вы ўжо і песьні сьпяваеце ад занадта добрага жыцьця.
Напэўна, вельмі цяжка працаваць у такое сьпякотнае надвор’е? Ці маеце Вы магчымасьць хоць калі-небудзь пайсьці ў лес ды на рэчку? Спадзяюся, Ваш коцік вярнуўся? Ці не схуднеў ён ад такой моцнай гарачыні? :)
Гісторыя зь дзядком, якая нагадала Вам “Шляхціца Завальню”, адбылася напрыканцы 70-х гадоў, а кнігу Яна Баршчэўскага я прачытала ў 90-м.
Ну а цяпер пра Заслаўе.
Быў 1991 год. У нашу краіну ізноў завітала лета. Чараўніца Ноч разьвешвала блакітна-зялёныя зорныя жырандолі ў аксамітных залях свайго неабсяжнага палацу. Я зь сябрамі сядзела ля вялікага вогнішча непадалёку ад дарогі, што вяла праз хваёвы лес да Заслаўя. Месяц асьцярожна зазіраў у вокны Кальвінскага Збору, спадзеючыся ўбачыць Ізяслава і Рагнеду. Разбураны касьцёл скардзіўся праплываючым міма аблокам на свой незайздросны лёс. Старыя хвоі распавядалі ветру пра былую веліч гэтых мясьцінаў.
За гутаркай мы зь сябрамі нават і не заўважылі, як ля вогнішча з’явіўся стомлены вершнік на срэбным кані. “Цябе клічуць у замак, няўжо ня чуеш?”- усхвалявана зьвярнуўся ён да мяне. “Мне трэба ехаць разам з Вамі?”- няўпэўнена спытала я. “На жаль, мяне чакае іншая дарога, а ты ляці хутчэй, пакуль ня скончылася ноч, пакуль яшчэ можна пасьпець...”, - сказаў ён, ужо прышпорваючы неспакойнага каня. “Мы з табой!”- усклікнулі, паўскокваўшы зь месцаў, мае сябры. “Не затрымлівайце яе...”, - данёсься з глыбіні лесу ўжо ледзьве чутны голас вершніка. А мы са зьдзіўленьнем глядзелі на велічны старажытны замак, які ў адно імгненьне засланіў сабой белыя сьцены Кальвінскага Збору.
Я ляцела хутчэй за вецер праз змрочны лес, праз росныя лугі, праз жытнёвае поле. Толькі Месяц быў побач са мной. Ён паказваў мне дарогу. І вось нарэшце я ля замку. З адчыненых вокнаў даносяцца гукі ціхай музыкі і мэлядычнай гаворкі, зіхацяць яркім залатым полымем шматлікія васковыя сьвечкі, пяшчотны водар садовых кветак мяшаецца з водарам лугавых траваў. Я адчыняю дзьверы: адны, другія, трэція...Я залятаю ў прасторныя залі... Нідзе ні душы...Пустэча...Па багата ўбраных залях блукае самотны вецер, дагараюць залатыя сьвечкі, у небе адна за другой блякнуць зялёныя зоркі, пачынаецца раніца... Я ня ведаю, што мне рабіць, куды ісьці, ня памятаю, дзе засталіся сябры, спрабую паклікаць вершніка і… прачынаюся. У вакно зазірае ласкавае летняе сонейка, на сьцяне спакойна вісіць карціна з выяваю Кальвінскага Збору. Сёньня нядзеля, ня трэба нікуды сьпяшацца. Можна сесьці ў электрычку і зноў апынуцца ў Заслаўі, падняцца на Вал, зь якога адкрываецца цудоўны від на рэчку, палі, лясы, горад, і падумаць пра гэты дзіўны сон ды пра жыцьцё ўвогуле…
Кожны раз, апынуўшыся ў Заслаўі, я нібыта трапляю ў добра знаёмую яшчэ зь дзяцінства чароўную казку. Я была там напрыканцы вясны і ў нядзелю 2 ліпеня. У нядзелю я нават у музэй зайшла, палюбавалася выстаўленымі ў галерэі карцінамі на тэму Заслаўя і набыла вось гэтыя паштоўкі. Можа, паглядзеўшы іх, Вы таксама захочаце калі-небудзь наведаць гэты прыгожы старажытны горад. Пра тое, як там зараз цудоўна, пэўна, лепей было б не распавядаць, а карціны пісаць. Трава на Валу вырасла высачэзная, мне па плечы, мора розных кветак, сьпяваюць птушкі, пахне мёдам. Унізе людзі поркаюцца ў сваіх гародах, гаворыць па-беларуску радыё, Кальвінскім Зборам ды і ўсім горадам можна гадзінамі любавацца. Нават рускія прыперліся на экскурсію на вялікім аўтобусе, раскупілі дарагія абразы ў царкоўнай краме ды панесьліся далей.
Я спытала ў манашкі, ці можна зайсьці ў вежу. “Не, што Вы, ні ў якім разе”, - адказала яна. А чаму не? Там што, чорт схаваўся? Раней, калі ў будынку Кальвінскага Збору месьціўся этнаграфічны музэй, можна было падняцца на самы верх вежы, пастаяць на пляцоўцы, паглядзець у вокны, якія выходзяць на чатыры бакі сьвету, палюбавацца цудоўнымі краявідамі, морам, і нават убачыць Менск. Я ня ведаю, ці жыў там прывід, пра якога распавядалі музэйныя работнікі, але я заходзіла ў вежу і кожны раз адчувала, што ля яе сьценаў, пад яе дахам назаўсёды спыніўся час і, апрануўшыся ў аблачэньне, сатканае са старажытных легендаў, паднімаецца побач са мной па прыступках наша Мінуўшчына, каб сустрэцца з тымі, хто нягледзячы на ўсеагульную абыякавасьць, быў закаханы ў яе і ніколі на яе не забываўся. Я нічога ня маю супраць праваслаўнай царквы, але, пэўна, для ўсіх было б лепей, калі б будынак перадалі пратэстантам з умоваю частковага захаваньня музэю, а царкву пабудавалі ў іншым месцы. Вось жа ў касьцёлах месьцяцца і музычныя залі, і карцінныя галерэі, чаму такое немагчыма ў царкве?
Напрыканцы 80-х гадоў, калі пачалося нашае Адраджэньне, у Заслаўі ладзіліся шматлікія сьвяты, прысьвечаныя і самому гораду, і беларускай культуры, і мове ды гісторыі. Напачатку 90-х там працаваў рынак, на якім можна было набыць усё што заўгодна, пачынаючы ад бульбы ды парсючкоў, якія імкнуліся ўцячы разам зь мехам як мага далей ад цётачак, якія іх набылі, да моднага адзеньня ды абутку, прывезенага палякамі. Па ўсім рынку толькі і чулася: “Гэта рэч добрая, бо польская”, “Пані, купі спадніцу. Як гэта “не падабаецца”, яна ж польская!”, “Цётка, глядзі, вунь твой парсюк уцякае!” і г.д. У горадзе жыло шмат цыганоў, яны скакалі на конях ды езьдзілі на брычках. Адным словам, было вельмі весела. Зараз рынку няма, цыганы таксама некуды зьніклі.
На пачатку 2000-х гадоў ў Заслаўі два дні праходзіла сьвята, прысьвечанае гадавіне бітвы пад Воршай, на якім прысутнічалі шматлікія рыцары і дамы ня толькі зь Беларусі, але і зь іншых краінаў. Ладзіліся рыцарскія турніры, былі падрыхтаваныя спэцыяльныя драўляныя збудаваньні, каб прадэманстраваць, як у старажытнасьці адбываліся штурмы крэпасьцяў ды захопы замкаў. Выступаў гурт “Палац”. Мы са сваякамі нават патанчылі, хто як мог, пад іхнюю музыку. Я была вельмі задаволеная сабой, бо апранула доўгую ільняную сукенку і бурштынавыя упрыгажэньні, а сваякі прыехалі ў джынсах і майках, і хацелі ўжо нават сядаць у машыну ды вяртацца ў Менск, каб пераапрануцца. Сьвята атрымалася вельмі прыгожае і запамінальнае.
На жаль, я зусім ня памятаю перадвыбарчага плякату БНФ 1994 году з выяваю Заслаўскага Збору. У той час я працавала на фірме, кіраўніцтва якой “зрабіла стаўку” на Вячаслава Кебіча, але дырэктар фірмы вельмі талерантна ставіўся да “іншадумства”. Дзеля “разнастайнасьці” і падтрыманьня бадзёрага настрою ў нас пастаянна вяліся дыскусіі на палітычныя ды рэлігійныя тэмы. Пэўна, дырэктара гэта забаўляла, а тое, што адбылося ў выніку выбараў, ніхто надта сур’ёзна тады і не ўспрыняў, усе палічылі, што гэта “часовая” з’ява. Вось гэта я памятаю, а плякат – не.
За савецкім часам Заслаўе было даволі брудным і пыльным мястэчкам. Руіны калісьці велічнага касьцёлу наводзілі даволі змрочныя думкі на прыежджых. Побач з касьцёлам ляжаў велічэзны каменны крыж. Мы з братам хадзілі сярод руінаў ды ўглядаліся ў сьмецьце, што валялася пад нагамі, спадзеючыся знайсьці што-небудзь старажытнае і каштоўнае. Зараз гэта даволі добраўпарадкаваны горад: заасфальтаваныя дарогі, адрамантаваныя крамы, музэі, чарапіца на дахах, прыгожыя дамы, шматлікія турысты на вуліцах. А два старадаўніх сябра – касьцёл Панны Марыі і Кальвінскі Збор, як і ў мінулыя стагодзьдзі, узвышаюцца над горадам, аберагаючы яго ад ворагаў ды любуючыся ягонай прыгажосьцю.
***
Вашая прапанова паўдзельнічаць у літаратурным конкурсе для моладзі мяне вельмі зацікавіла. Дзякуй. І сапраўды: чаму б і не? Мне ж усяго толькі 40 год :)
Зычу Вам бадзёрага настрою, добрых навінаў, прыемных нечаканасьцяў, датэрміновага вяртаньня ў Менск. Калі ў Вас будзе такая магчымасьць, памаліцеся, калі ласка, яшчэ раз за мяне. Да пабачэньня.
7 ліпеня 2006г.Марына
***
Добры дзень, Марына!
Дзякуй вялізны за ліст, дасланы артыкул (гэта я была напісала артыкул пра Зянона Пазьняка, Аляксандра Мілінкевіча і , заадно, пра Паўла :), расповед пра Заслаўе і цудоўны набор паштовак.
Артыкул вельмі ўхвальны. З ацэнкаю Пазьняка й Мілінкевіча згодны; мяне Вы, як заўсёды, перахвалілі. Прапаную як трэцюю асобу нашай тройцы разглядаць Вячаслава Сіўчыка (арганізатар “Вясны-96”, хросны бацька МФ, стваральнік Намётавага мястэчка 19-23 сакавіка) – яго ў нас недаацэньваюць.
Адносна Заслаўя. Паштоўкі й Ваш аповед мяне ўзрушылі. У Заслаўі, калі Бог дасьць і ўсё будзе добра, абавязкова пабываю. Месца вельмі значэннае!
“Дыск Паўла Севярынца”. Добрая навіна! – аказваецца, нехта выпусьціў “Нацыянальную ідэю” на дысках. Як аўтар усьцешаны; дзеля пашырэньня можна ахвяраваць і аўтарскімі правамі. Хацелася б ведаць: як ён, гэты дыск, выглядае звонку і знутры.
Сьпёка: прызнацца, напружвае. За час працы выпіваеш літры два вады. Але ж у Сыбіры 15 гадоў – непараўнальна горш (чытаю зараз пра сьвятара Вальтара Цішака, які адбыў 15 гадоў у ГУЛАГу на Поўначы).
Коцік: куды ён дзенецца! Зноў пачаў таўсьцець - есьць і ў мяне, і ў майстрыцы. Сваю львіную долю заўжды спатрабуе.
Лес: падчас працы (у абедзенны перапынак) зьбіраю чарніцы ў лесе (100 м ад эстакады). Уся брыгада гэтак пасьвіцца.
Рэчка: зараз ужо не купаюся ў рэчцы, хаджу на возера (у Палаце збаламуцілі ваду так, што выбіраесься адтуль бруднейшым, чым залазіш).
У Вашым тэксьце пра Заслаўе ў мяне проста ажыла перад вачыма карціна з другое часткі (калі Вы па-майстэрску апісваеце, як бывалі ў Заслаўі, са словаў “Кожны раз… і далей). Дарэчы, менавіта здольнасьць ператварыць чытачы ў гледача Набокаў лічыў першай прыкметай літаратурнага таленту.
Напішыце ў “Дзеяслоў” або “Нашу Ніву” – перакананы: апублікуюць.
Перапрашаю за “маладзёвы конкурс”. Вызначэньне жаночага ўзросту зусім ня мой профіль. Собіла ж мяне напісаць, што Вікторыі Віктараўне 25 (аказалася, ёй усяго 22) – чуў, што за такія ляпы ў прыстойнай кампаніі забіваюць з рагаткі :)
За Вас малюся час ад часу, памалюся й яшчэ. Хваробы й праблемы, шаноўная Марына – гэта выпрабаваньне ад Госпада перад вялікімі дабраславеньнямі: “Зь вялікай радасьцю прымайце браты* мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні …” (Якава, 1:2-5) (З вялікаю радасьцяй прымайце (гэта), браты маі, калі пападаеце ў розныя спакушэньні, ведаючы, што выпрабаваньне вашае веры вытварае цярплівасьць; цярплівасьць жа няхай мае закончанае дзела, каб вы былі закончанымі й поўнымі, бяз ніякае нястачы. Калі-ж у каго з вас не хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, які дае ўсім проста і без дакораў, - і будзе яму дадзена.) Так што маліцеся й Вы, каб даведацца, дзеля чаго дапускае такое кшталтаваньне Госпад. Трымайцеся і верце! (Яна 14:1!) (Няхай не сумляваецца сэрца вашае; веруйце ў Бога і веруйце ў Мяне.)
Пра царкву… Традыцыя ў праваслаўнай царкве дапускае значна менш адхіленьняў ад канону, чым у касьцёле, ды, натуральна, пратэстанцкім доме малітвы. Чым жа не карцінная галерэя шэраг абразоў? (Для сапраўднага праваслаўнага хрысьціяніна гэта вокны да Бога, а не аб’екты пакланеньня. У касьцёле дазваляецца сядзець, у царкве прынята слухаць набажэнствы стоячы. У прынцыпе, уваход у любой царкве вольны. Але калі гэта манастыр – тут стоп.(Са сваім уставам ня ўвойдзеш). Зрэшты, тэма доўгая.
Няхай Усемагутны Госпад дабраслаўляе Вас Сваёй воляю, вераю й ласкаю. Са сьвятам Грунвальда Вас. Абавязкова пераможам!
З удзячнасьцю й павагай. 15.07.2006г. Павал
* Пэўна ж, і сёстры.
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
Комментариев нет:
Отправить комментарий