понедельник, 29 марта 2010 г.

...

Ня ем, ня сплю - Балянс "ляплю"... :(

воскресенье, 28 марта 2010 г.

Вярбовы вечар

Людзі вяртаюцца з храмаў,
Горад паціху пусьцее,
Поўня, як бледная пляма,
Скрозь аблачынку жаўцее...
(Пушкін успомніўся... :)



суббота, 27 марта 2010 г.

Агляд (Acies)

Штогод на сьвята Дабравешчаньня мы зьбіраемся ўсе разам у Катэдры, і кожны з нас аднаўляе асабістую легіянэрскую прысягу на вернасьць Паньне Марыі, Каралеве Легіёна, каб атрымаць ад Яе моц і дабраславеньне на працяг барацьбы супраць сіл зла:
Я ўвесь духам Твой, Каралева і Маці мая, і ўсё, што я маю, належыць Табе.










пятница, 26 марта 2010 г.

"Rycerz Niepokalanej", sierpień, 1933

W Niemchech spalono publicznie na stosach komunistyczne i pornograficzne książki.

Першы дзень!

Насьледаваньне Уладзімера Маякоўскага :)

«Когда я
итожу
то, что прожил,
и роюсь в днях -
ярчайший где,
я вспоминаю
одно и то же -
двадцать пятое,
первый день».
***

Калі
падсумоўваю
тое, што перажыў я,
і рыюся ў датах -
а найярчэйшая дзе?!
Перад
вачыма
ўстае
мая Вольная Крыўя!
Вясна!
Сакавік!
Дваццаць пятае!
Першы дзень! :)

среда, 24 марта 2010 г.

Менскія таямніцы :)






Пастой!

Ты прыходзіш з Паўночнай Краіны,
А з Табой – мірыяды сьняжынак.
Ты зьяўляесься так нечакана,
А з Табою – дажджы і туманы.

Ты бяжыш па азёрных хвалях,
Ветрык гімны Табе сьпявае.
Ты зьбіраеш у кошык расінкі,
Размаўляючы з кожнай травінкай.

Ты ля рэчкі кагосьці шукаеш
І у лесе кагосьці гукаеш…
А учора на вуліцы тлумнай
Я убачыла позірк Твой сумны.

О, чароўная, пекная Панна,
На каго ж Ты чакала ля храма?
А каго Ты у лесе гукала?
І ля рэчкі каго Ты шукала?

Для каго Ты зьбірала сьняжынкі?
А расінкі, туман і дажджынкі?
Да каго Ты па хвалях ляцела?
Зь кім сустрэцца так моцна хацела?

І прамовіла Панна: “ Пастой!
Я хацела сустрэцца з табой!.."

…Горад мірна драмаў пад дажджоў калыханку
І пад нашыя з Паннай размовы да ранку… :)

***

"...і хто прымусіць цябе ісьці зь ім мілю, ідзі зь ім дзьве..."
Вось я ўчора і пайшла… І якраз на "другой мілі" сустрэла Чалавека, які падарыў мне кнігу сьв.Людовіка-Марыі Грыньёна дэ Манфора “Трактат аб сапраўдным шанаваньні Найсьвяцейшай Панны Марыі”, а потым сказаў мне: “Зараз я табе нешта паведамлю, а ты ўяві сабе, што гэта да цябе Архангел Гаўрыіл прамаўляе.” Спачатку мне было сьмешна, але неўзабаве я зразумела, што чалавек знаходзіцца пад уплывам сапраўднага Натхненьня, і што сустрэліся мы не выпадкова, і “другая міля” не дарэмна была пройдзена… Дзіўныя шляхі Твае, Пане… :)

понедельник, 22 марта 2010 г.

воскресенье, 21 марта 2010 г.

Пра вэрлібр :)

Вечар укрыў туманам
Ўсе недахопы і хібы.
Ходзіць па Менску Панна,
Тчэ для Паэтаў вэрлібры.

Тчэ са сьняжынак расталых
І з ручаінак хуткіх,
З думак філёзафаў сталых,
Зь сьмеху малой Анюткі.

Кожнаму - кужаль чароўны:
Лёгкі, танюткі, празрысты;
Белы, а мо' каляровы,
Мяккі, пяшчотны, іскрысты...

Вечар схаваў у паўзмроку
Ўсе нараканьні і крыўды.
Ходзяць па вулках Анёлкі,
Дораць Паэтам вэрлібры.


Малітва сьвятога Францішка

З усіх ягоных малітваў самая выразная тая, якая адлюстроўвае агонь, палаючы ў сэрцы сьвятога, і сэнс усяго яго жыцьця:

О, Пане, палкай і пяшчотнай моцай любові Тваёй адцягні розум мой ад усяго зямнога, каб змог я памерці з-за любові да Цябе, падобна таму, як і Ты ўдастоіўся прыняць сьмерць дзеля любові да любові маёй.

(Пераклад з расейскай мовы)

Залежнасьць міласэрнасьці ад колькасьці сабраных разам людзей

Ніколі людзі не зьбіраюцца ў вялікай колькасьці без таго, каб жарсьці, самавольнасьць, пыха, бязьвер’е, якія да часу драмалі ў душы кожнага зь іх, цяпер не разгарэліся яркім полымем, яднаючы іх у новы саюз. Нават там, дзе вера ў народзе трывалая, нават там, дзе вернікі аб’ядноўваюцца для рэлігійных спраў, варта ім толькі сабрацца ў адно цэлае, як усе слабасьці і заганы, уласьцівыя кожнаму чалавеку, тут жа праяўляюцца. У іх духу і паводзінах, у словах і ўчынках зьяўляюцца глыбокія кантрасты з хрысьціянскай прастатой і праматой. У Сьвятым Пісаньні гэта называецца “сьвецкім пачаткам”, ад якога нас і перасьцерагаюць. У той ці іншай меры гэта тычыцца ўсіх таварыстваў, аб’яднаньняў і супольнасьцяў людзей – высокага і нізкага званьня, нацыянальных ці прафэсійных, сьвецкіх ці духоўных. (Кардынал Ньюмэн. “У сьвеце”)

У сьвеце нестае міласэрнасьці; міласэрнасьці нестае кожнаму з нас; гэты недахоп часткова пакрываецца повязямі роднасьці, блізкасьці і сяброўства (гэта тычыцца малаколькасных аб’яднаньняў); калі ж аб’яднаньні людзей становяцца больш шматколькаснымі, узаемная крытыка і рознагалосьсі робяць сваю справу, і тады недахоп міласэрнасьці пачынае праяўляцца і прыводзіць да самых сумных вынікаў.(Сьв.Рыгор Назіанзін).

Пан Бог і міласэрнасьць – гэта адно і тое ж, - кажа сьвяты Бэрнард.- Там, дзе заканчваецца міласэрнасьць – усталёўваюцца жарсьці і пажадлівасьць. Паходня веры, калі яе не запаліць агонь міласэрнасьці, ня будзе доўга гарэць, асьвятляючы нам шлях да жыцьця вечнага. Без міласэрнасьці няма сапраўднай дабрадзейнасьці.
(Пераклад з расейскай мовы)

пятница, 19 марта 2010 г.

Пра Сіўчыка, Кальвінскі Збор, Заслаўе і Праваслаўе

Да… Чым далей у лес – тым таўсьцей кот Партызан :) ***
Добры дзень, Паша. Вялікі дзякуй Вам за ліст, добрыя словы і парады, а таксама за тое, што Вы дапамаглі мне пазбыцца бясконцых думак пра хваробы, працу ды іншыя праблемы, якімі была забіта мая галава.

На днях я набыла дыск з Вашай “Нацыянальнай ідэяй”. Такое цікавае словазлучэньне: “Дыск Паўла Севярынца”, - нібыта Вы ўжо і песьні сьпяваеце ад занадта добрага жыцьця.

Напэўна, вельмі цяжка працаваць у такое сьпякотнае надвор’е? Ці маеце Вы магчымасьць хоць калі-небудзь пайсьці ў лес ды на рэчку? Спадзяюся, Ваш коцік вярнуўся? Ці не схуднеў ён ад такой моцнай гарачыні? :)

Гісторыя зь дзядком, якая нагадала Вам “Шляхціца Завальню”, адбылася напрыканцы 70-х гадоў, а кнігу Яна Баршчэўскага я прачытала ў 90-м.

Ну а цяпер пра Заслаўе.

Быў 1991 год. У нашу краіну ізноў завітала лета. Чараўніца Ноч разьвешвала блакітна-зялёныя зорныя жырандолі ў аксамітных залях свайго неабсяжнага палацу. Я зь сябрамі сядзела ля вялікага вогнішча непадалёку ад дарогі, што вяла праз хваёвы лес да Заслаўя. Месяц асьцярожна зазіраў у вокны Кальвінскага Збору, спадзеючыся ўбачыць Ізяслава і Рагнеду. Разбураны касьцёл скардзіўся праплываючым міма аблокам на свой незайздросны лёс. Старыя хвоі распавядалі ветру пра былую веліч гэтых мясьцінаў.

За гутаркай мы зь сябрамі нават і не заўважылі, як ля вогнішча з’явіўся стомлены вершнік на срэбным кані. “Цябе клічуць у замак, няўжо ня чуеш?”- усхвалявана зьвярнуўся ён да мяне. “Мне трэба ехаць разам з Вамі?”- няўпэўнена спытала я. “На жаль, мяне чакае іншая дарога, а ты ляці хутчэй, пакуль ня скончылася ноч, пакуль яшчэ можна пасьпець...”, - сказаў ён, ужо прышпорваючы неспакойнага каня. “Мы з табой!”- усклікнулі, паўскокваўшы зь месцаў, мае сябры. “Не затрымлівайце яе...”, - данёсься з глыбіні лесу ўжо ледзьве чутны голас вершніка. А мы са зьдзіўленьнем глядзелі на велічны старажытны замак, які ў адно імгненьне засланіў сабой белыя сьцены Кальвінскага Збору.

Я ляцела хутчэй за вецер праз змрочны лес, праз росныя лугі, праз жытнёвае поле. Толькі Месяц быў побач са мной. Ён паказваў мне дарогу. І вось нарэшце я ля замку. З адчыненых вокнаў даносяцца гукі ціхай музыкі і мэлядычнай гаворкі, зіхацяць яркім залатым полымем шматлікія васковыя сьвечкі, пяшчотны водар садовых кветак мяшаецца з водарам лугавых траваў. Я адчыняю дзьверы: адны, другія, трэція...Я залятаю ў прасторныя залі... Нідзе ні душы...Пустэча...Па багата ўбраных залях блукае самотны вецер, дагараюць залатыя сьвечкі, у небе адна за другой блякнуць зялёныя зоркі, пачынаецца раніца... Я ня ведаю, што мне рабіць, куды ісьці, ня памятаю, дзе засталіся сябры, спрабую паклікаць вершніка і… прачынаюся. У вакно зазірае ласкавае летняе сонейка, на сьцяне спакойна вісіць карціна з выяваю Кальвінскага Збору. Сёньня нядзеля, ня трэба нікуды сьпяшацца. Можна сесьці ў электрычку і зноў апынуцца ў Заслаўі, падняцца на Вал, зь якога адкрываецца цудоўны від на рэчку, палі, лясы, горад, і падумаць пра гэты дзіўны сон ды пра жыцьцё ўвогуле…

Кожны раз, апынуўшыся ў Заслаўі, я нібыта трапляю ў добра знаёмую яшчэ зь дзяцінства чароўную казку. Я была там напрыканцы вясны і ў нядзелю 2 ліпеня. У нядзелю я нават у музэй зайшла, палюбавалася выстаўленымі ў галерэі карцінамі на тэму Заслаўя і набыла вось гэтыя паштоўкі. Можа, паглядзеўшы іх, Вы таксама захочаце калі-небудзь наведаць гэты прыгожы старажытны горад. Пра тое, як там зараз цудоўна, пэўна, лепей было б не распавядаць, а карціны пісаць. Трава на Валу вырасла высачэзная, мне па плечы, мора розных кветак, сьпяваюць птушкі, пахне мёдам. Унізе людзі поркаюцца ў сваіх гародах, гаворыць па-беларуску радыё, Кальвінскім Зборам ды і ўсім горадам можна гадзінамі любавацца. Нават рускія прыперліся на экскурсію на вялікім аўтобусе, раскупілі дарагія абразы ў царкоўнай краме ды панесьліся далей.

Я спытала ў манашкі, ці можна зайсьці ў вежу. “Не, што Вы, ні ў якім разе”, - адказала яна. А чаму не? Там што, чорт схаваўся? Раней, калі ў будынку Кальвінскага Збору месьціўся этнаграфічны музэй, можна было падняцца на самы верх вежы, пастаяць на пляцоўцы, паглядзець у вокны, якія выходзяць на чатыры бакі сьвету, палюбавацца цудоўнымі краявідамі, морам, і нават убачыць Менск. Я ня ведаю, ці жыў там прывід, пра якога распавядалі музэйныя работнікі, але я заходзіла ў вежу і кожны раз адчувала, што ля яе сьценаў, пад яе дахам назаўсёды спыніўся час і, апрануўшыся ў аблачэньне, сатканае са старажытных легендаў, паднімаецца побач са мной па прыступках наша Мінуўшчына, каб сустрэцца з тымі, хто нягледзячы на ўсеагульную абыякавасьць, быў закаханы ў яе і ніколі на яе не забываўся. Я нічога ня маю супраць праваслаўнай царквы, але, пэўна, для ўсіх было б лепей, калі б будынак перадалі пратэстантам з умоваю частковага захаваньня музэю, а царкву пабудавалі ў іншым месцы. Вось жа ў касьцёлах месьцяцца і музычныя залі, і карцінныя галерэі, чаму такое немагчыма ў царкве?

Напрыканцы 80-х гадоў, калі пачалося нашае Адраджэньне, у Заслаўі ладзіліся шматлікія сьвяты, прысьвечаныя і самому гораду, і беларускай культуры, і мове ды гісторыі. Напачатку 90-х там працаваў рынак, на якім можна было набыць усё што заўгодна, пачынаючы ад бульбы ды парсючкоў, якія імкнуліся ўцячы разам зь мехам як мага далей ад цётачак, якія іх набылі, да моднага адзеньня ды абутку, прывезенага палякамі. Па ўсім рынку толькі і чулася: “Гэта рэч добрая, бо польская”, “Пані, купі спадніцу. Як гэта “не падабаецца”, яна ж польская!”, “Цётка, глядзі, вунь твой парсюк уцякае!” і г.д. У горадзе жыло шмат цыганоў, яны скакалі на конях ды езьдзілі на брычках. Адным словам, было вельмі весела. Зараз рынку няма, цыганы таксама некуды зьніклі.

На пачатку 2000-х гадоў ў Заслаўі два дні праходзіла сьвята, прысьвечанае гадавіне бітвы пад Воршай, на якім прысутнічалі шматлікія рыцары і дамы ня толькі зь Беларусі, але і зь іншых краінаў. Ладзіліся рыцарскія турніры, былі падрыхтаваныя спэцыяльныя драўляныя збудаваньні, каб прадэманстраваць, як у старажытнасьці адбываліся штурмы крэпасьцяў ды захопы замкаў. Выступаў гурт “Палац”. Мы са сваякамі нават патанчылі, хто як мог, пад іхнюю музыку. Я была вельмі задаволеная сабой, бо апранула доўгую ільняную сукенку і бурштынавыя упрыгажэньні, а сваякі прыехалі ў джынсах і майках, і хацелі ўжо нават сядаць у машыну ды вяртацца ў Менск, каб пераапрануцца. Сьвята атрымалася вельмі прыгожае і запамінальнае.

На жаль, я зусім ня памятаю перадвыбарчага плякату БНФ 1994 году з выяваю Заслаўскага Збору. У той час я працавала на фірме, кіраўніцтва якой “зрабіла стаўку” на Вячаслава Кебіча, але дырэктар фірмы вельмі талерантна ставіўся да “іншадумства”. Дзеля “разнастайнасьці” і падтрыманьня бадзёрага настрою ў нас пастаянна вяліся дыскусіі на палітычныя ды рэлігійныя тэмы. Пэўна, дырэктара гэта забаўляла, а тое, што адбылося ў выніку выбараў, ніхто надта сур’ёзна тады і не ўспрыняў, усе палічылі, што гэта “часовая” з’ява. Вось гэта я памятаю, а плякат – не.

За савецкім часам Заслаўе было даволі брудным і пыльным мястэчкам. Руіны калісьці велічнага касьцёлу наводзілі даволі змрочныя думкі на прыежджых. Побач з касьцёлам ляжаў велічэзны каменны крыж. Мы з братам хадзілі сярод руінаў ды ўглядаліся ў сьмецьце, што валялася пад нагамі, спадзеючыся знайсьці што-небудзь старажытнае і каштоўнае. Зараз гэта даволі добраўпарадкаваны горад: заасфальтаваныя дарогі, адрамантаваныя крамы, музэі, чарапіца на дахах, прыгожыя дамы, шматлікія турысты на вуліцах. А два старадаўніх сябра – касьцёл Панны Марыі і Кальвінскі Збор, як і ў мінулыя стагодзьдзі, узвышаюцца над горадам, аберагаючы яго ад ворагаў ды любуючыся ягонай прыгажосьцю.
***
Вашая прапанова паўдзельнічаць у літаратурным конкурсе для моладзі мяне вельмі зацікавіла. Дзякуй. І сапраўды: чаму б і не? Мне ж усяго толькі 40 год :)

Зычу Вам бадзёрага настрою, добрых навінаў, прыемных нечаканасьцяў, датэрміновага вяртаньня ў Менск. Калі ў Вас будзе такая магчымасьць, памаліцеся, калі ласка, яшчэ раз за мяне. Да пабачэньня.
7 ліпеня 2006г.Марына
***
Добры дзень, Марына!

Дзякуй вялізны за ліст, дасланы артыкул
(гэта я была напісала артыкул пра Зянона Пазьняка, Аляксандра Мілінкевіча і , заадно, пра Паўла :), расповед пра Заслаўе і цудоўны набор паштовак.

Артыкул вельмі ўхвальны. З ацэнкаю Пазьняка й Мілінкевіча згодны; мяне Вы, як заўсёды, перахвалілі. Прапаную як трэцюю асобу нашай тройцы разглядаць Вячаслава Сіўчыка (арганізатар “Вясны-96”, хросны бацька МФ, стваральнік Намётавага мястэчка 19-23 сакавіка) – яго ў нас недаацэньваюць.

Адносна Заслаўя. Паштоўкі й Ваш аповед мяне ўзрушылі. У Заслаўі, калі Бог дасьць і ўсё будзе добра, абавязкова пабываю. Месца вельмі значэннае!

“Дыск Паўла Севярынца”. Добрая навіна! – аказваецца, нехта выпусьціў “Нацыянальную ідэю” на дысках. Як аўтар усьцешаны; дзеля пашырэньня можна ахвяраваць і аўтарскімі правамі. Хацелася б ведаць: як ён, гэты дыск, выглядае звонку і знутры.

Сьпёка: прызнацца, напружвае. За час працы выпіваеш літры два вады. Але ж у Сыбіры 15 гадоў – непараўнальна горш (чытаю зараз пра сьвятара Вальтара Цішака, які адбыў 15 гадоў у ГУЛАГу на Поўначы).

Коцік: куды ён дзенецца! Зноў пачаў таўсьцець - есьць і ў мяне, і ў майстрыцы. Сваю львіную долю заўжды спатрабуе.

Лес: падчас працы (у абедзенны перапынак) зьбіраю чарніцы ў лесе (100 м ад эстакады). Уся брыгада гэтак пасьвіцца.

Рэчка: зараз ужо не купаюся ў рэчцы, хаджу на возера (у Палаце збаламуцілі ваду так, што выбіраесься адтуль бруднейшым, чым залазіш).

У Вашым тэксьце пра Заслаўе ў мяне проста ажыла перад вачыма карціна з другое часткі (калі Вы па-майстэрску апісваеце, як бывалі ў Заслаўі, са словаў “Кожны раз… і далей). Дарэчы, менавіта здольнасьць ператварыць чытачы ў гледача Набокаў лічыў першай прыкметай літаратурнага таленту.
Напішыце ў “Дзеяслоў” або “Нашу Ніву” – перакананы: апублікуюць.

Перапрашаю за “маладзёвы конкурс”. Вызначэньне жаночага ўзросту зусім ня мой профіль. Собіла ж мяне напісаць, што Вікторыі Віктараўне 25 (аказалася, ёй усяго 22) – чуў, што за такія ляпы ў прыстойнай кампаніі забіваюць з рагаткі :)

За Вас малюся час ад часу, памалюся й яшчэ. Хваробы й праблемы, шаноўная Марына – гэта выпрабаваньне ад Госпада перад вялікімі дабраславеньнямі: “Зь вялікай радасьцю прымайце браты* мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні …” (Якава, 1:2-5) (З вялікаю радасьцяй прымайце (гэта), браты маі, калі пападаеце ў розныя спакушэньні, ведаючы, што выпрабаваньне вашае веры вытварае цярплівасьць; цярплівасьць жа няхай мае закончанае дзела, каб вы былі закончанымі й поўнымі, бяз ніякае нястачы. Калі-ж у каго з вас не хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, які дае ўсім проста і без дакораў, - і будзе яму дадзена.) Так што маліцеся й Вы, каб даведацца, дзеля чаго дапускае такое кшталтаваньне Госпад. Трымайцеся і верце! (Яна 14:1!) (Няхай не сумляваецца сэрца вашае; веруйце ў Бога і веруйце ў Мяне.)

Пра царкву… Традыцыя ў праваслаўнай царкве дапускае значна менш адхіленьняў ад канону, чым у касьцёле, ды, натуральна, пратэстанцкім доме малітвы. Чым жа не карцінная галерэя шэраг абразоў? (Для сапраўднага праваслаўнага хрысьціяніна гэта вокны да Бога, а не аб’екты пакланеньня. У касьцёле дазваляецца сядзець, у царкве прынята слухаць набажэнствы стоячы. У прынцыпе, уваход у любой царкве вольны. Але калі гэта манастыр – тут стоп.(Са сваім уставам ня ўвойдзеш). Зрэшты, тэма доўгая.

Няхай Усемагутны Госпад дабраслаўляе Вас Сваёй воляю, вераю й ласкаю. Са сьвятам Грунвальда Вас. Абавязкова пераможам!
З удзячнасьцю й павагай. 15.07.2006г. Павал

* Пэўна ж, і сёстры.

среда, 17 марта 2010 г.

Ліставаньне з Паўлам Севярынцам. Нарач

Добры дзень, Павал. Дзякуй вялікі за ліст і за адказы на мае пытаньні.

Напэўна, маё захапленьне апісаньнем сваіх бугальтарскіх подзьвігаў, пра якія ў мяне, да таго ж, ніхто і не пытаўся, выглядае асабліва абуральным на фоне Вашых сьціплых слоў пра ўласную мастацкую творчасьць. Яшчэ горш тое, што нават добра ўсьведамляючы гэты прыкры факт, я, як ні дзіўна, зусім не пакутую ад згрызотаў сумленьня :)

Я з задавальненьнем паглядзела б Вашыя работы, бо цікаўлюся карцінамі, напісанымі фарбамі, некаторымі графічнымі работамі, наконт плякатаў неяк не задумвалася. Вельмі уражваюць карціны Аляксандра Ісачова. Недзе напрыканцы 80-х нам з братам давялося адстаяць велічэзную чаргу, каб патрапіць на ягоную выставу, якая праходзіла ў Менску. Падабаюцца змрочныя ды напісаныя нібыта ў сьпешцы (пэўна ад прывідаў уцякаў :) карціны Мірскага. А чаму Вы ня зьмесьціце свае работы на сайце?

Зараз крыху распавяду пра Нарачанскі край. Мой тата быў закаханы ў лес. З гэтай прычыны мы і адпачывалі амаль што кожны год на турбазе, якая месьцілася на беразе возера Нарач. Нарачанскія лясы ўражвалі сваёй прыгажосьцю, таямнічасьцю, загадкавасьцю, веліччу. Яловы лес нагадваў прахалодныя ды крыху змрочныя кляшторныя кельлі са схаваўшымся ў кутку калматым чортам. Мяшаны лес быў падобны на ўтульную сялянскую хату, упарадкаваную гаспадарлівым дамавіком. Хваёвы лес выглядаў як сапраўдныя велічныя палацы са шматлікімі прасторнымі, густоўна ўбранымі залямі, залачонымі калёнамі, высачэзнымі, пад самае неба, скляпеньнямі. Такімі шматлікімі хваёвымі палацамі, што стаялі на берагох чысьцюткіх блакітных азёраў, і ўяўляўся мне Нарачанскі край. У палацах штодзённа ладзіліся балі, на якія запрашаліся усе жадаючыя. І вось што здарылася на адным зь іх:

Музыка-вецер гартаў старонкі нотнага сшытку Ганны-Магдалены Бах. Сьпявалі дрэвы, граў птушыны аркестар, таньчылі матылькі…Гайдаліся на кветках, нібыта на арэлях, пухнатыя чмялі, старая мудрая зьмяя ў задуменьні назірала за ўсёй гэтай весялосьцю…Нават сонца, рассунуўшы фіранкі з маленькіх белых аблачынак, разам з намі любавалася цудоўным лясным балем. Раптоўна ўсё сьціхла і мы заўважылі, што непадалёку ад нас сядзіць на пяньку ды ўсьміхаецца старэнькі дзядок. Сонца зрабіла выгляд, што нічога не заўважае, усе некуды пахаваліся, а ў мяне ад нечаканасьці ажно мову заняло. “Добры дзень”, - павітаўся зь дзядком тата. “Дзень добры. Куды пан з паненкаю накіроўваюцца?”- пацікавіўся той. І тут я заўважыла, што ў яго нават і торбы ніякай пры сабе няма, і апрануты ён ня так, як апранаюцца мясцовыя сяляне ці турысты. Не дачакаўшыся адказу, дзядок спытаў, ці падабаецца нам лес.”Лес цудоўны, - адказаў тата, але нам ужо час вяртацца на турбазу”. “Тады зычу вам шчасьлівай дарогі ды добрага адпачынку”, - прамовіў дзядок, усьміхнуўшыся. “Шчасьлівай, шчасьлівай, шчасьлівай…”- нарэшце адгукнуліся дрэвы. Падзякаваўшы дзядку ды прайшоўшы некалькі крокаў, я азірнулася ў цьвёрдай упэўненасьці, што ўжо нікога ня ўбачу. Дзядок сядзеў на тым жа месцы і ківаў мне галавой. Потым мы з татам часта успаміналі яго. Тата пераконваў мяне, што гэта быў звычайны жыхар бліжэйшай вёскі, а я была ўпэўнена, што мы сустрэлі сапраўднага лесавіка, бо побач з тым лесам ніякіх вёсак не было.

У Нарачанскім краі прынята было вітацца з усімі выпадкова сустрэтымі на лясных сьцяжынках людзьмі. Ідучы па лесу, можна было натрапіць на адну ці дзьве сялянскія хаты, якія раптоўна вырасталі нібыта з-пад зямлі. Часам побач з дарогаю сярод хвояў месьціліся невялікія могілкі. Адным з самых загадкавых жыхароў нарачанскіх ваколіцаў быў “Кілямэтар з гакам”. Калі мы пыталіся ў едучага насустрач нам на ровары якога-небудзь спадара, ці далёка яшчэ да бліжэйшай вёскі, ён звычайна адказваў: “Ды не, кілямэтар з гакам”. Кілямэтар мы праходзілі даволі хутка, а вось праходжаньне “гаку” звычайна займала ня менш гадзіны.

Мясцовая моладзь тады апраналася лепей, чым апраналіся ў Менску, бо хлопцы і дзяўчаты займаліся нарыхтоўкай грыбоў ды ягад, якіх можна было назьбіраць, пэўна, тоны. За гэта яны атрымлівалі грошы і талёны, на якія ў мясцовых крамах набывалі моднае імпартнае адзеньне ды абутак. Недзе да канца 70-х гадоў на Нарачы непадалёку ад м.Купы знаходзіўся невялікі аэрадром. Зь Менску туды лятаў “кукурузьнік”, які дастаўляў у санаторый ды на турбазу адпачываючых. У Паставах., Мядзелі, Купе, Кабыльніках даволі часта можна было пачуць польскую мову і , на жаль, вельмі рэдка чыста беларускую. Там, як і паўсюль ў Беларусі, адмаўляліся аддаваць дзетак у беларускамоўныя школы, і вельмі радаваліся, калі іх пераўтваралі ў расейскамоўныя. У той жа час там даволі добра адчувала сябе трасянка і калі-нікалі да нас з татам зьвярталіся не “мужчына” і “дзяўчына”, а “пан” і “паненка”, што было вельмі прыемна, бо такіх слоў немагчыма было пачуць у родным Менску.

Адной з найбольш цікавых асобаў на нарачанскай турбазе быў старэнькі фэльдшар, а ў мяне ж заўсёды нешта балела. Таму, як толькі мы прыяжджалі на адпачынак, бацькі не пасьпеўшы нават распакаваць валізы, несьліся са мной да гэтага мясцовага доктара, нібыта да Самога Пана Бога, бо той жа, ў адрозьненьні ад менскіх знакамітых урачоў, скончыў не які-небудзь савецкі інстытут, а вывучаў мэдыцыну яшчэ за польскім часам. Усьведамляючы значнасьць сваёй асобы, доктар бязь лішніх дасьледаваньняў ды аналізаў упэўнена ставіў дыягназ ды прызначаў лячэньне. Але ж усе мае хваробы ўмомант зьнікалі толькі ад аднаго позірку гэтага тоўсьценькага, кругленькага, са сьмешнымі акулярамі на носе мясцовага Айбаліта. Хапала некалькіх ягоных слоў, і я ўжо радасна ляцела з кабінэту. А за дзьвярыма нас зь нецярпеньнем чакала мясцовая глуханямая прыбіральшчыца. Зь невядомых мне прычын, доктар не выклікаў у яе такіх цёплых пачуцьцяў, як у наведнікаў мэдпункту. Адсунуўшы ўбок вядро ды анучу, яна ў адпаведнасьці зь лепшымі традыцыямі тэатру пантамімы, пры дапамозе пераканаўчых жэстаў ды выразнай мімікі паказвала, кім доктар ёсьць на самой справе, і як ён лечыць хворых. Калі дзьверы адчыняліся і ў кабінэт запрашаўся чарговы пацыент, усе прысутныя заходзіліся ад рогату, схапіўшыся за жываты. Пасьля прагляду такога бліскучага монаспэктаклю ўжо ніхто ня меў патрэбы ў лячэньні :)

Сапраўднаю зоркай турбазы быў сьветлавалосы ды блакітнавокі лодачнік Мар’ян. Ён цудоўна ўпраўляўся з лодкамі, рыбакамі, рыбамі, а заадно і з прыгожымі дзяўчатамі. Кожны вечар я цягнула тату на лодачную станцыю, каб “палюбавацца возерам”. Калі на станцыі працаваў Мар’ян, то глядзець на возера тату даводзілася даволі доўга. Калі Мар’яна не было, я расчаравана казала: “Нагледзеліся ўжо, пойдзем лепей на танцы”. Паўсюль толькі і чулася: Мар’ян, Мар’ян, Мар’ян… Пэўна, ён сябраваў з нарачанскімі русалкамі. Яны і раскрывалі яму ўсе сакрэты возера ды навучалі запальваць агеньчыкі каханьня ў дзявочых сэрцах.

На танцавальнай пляцоўцы, якая месьцілася пад адкрытым небам пасярод лесу, меўся свой герой. Там кожны вечар зь нецярпеньнем чакалі прыходу мясцовага пастушка. Худзенькага, невялічкага росту, дабрадушнага, усьмешлівага пастушка ўсе лічылі крыху дзіўнаватым. Хаця што тут дзіўнага, калі мужчына з прыстойнымі манерамі ўвечары прыводзіць сябе ў парадак, апранае касьцюм, абавязкова бярэ з сабой кветкі і, як сапраўдны кавалер, накіроўваецца ў бок танцпляцоўкі. Да пастушка ўсе ставіліся вельмі прыязна, дзяўчыны ахвотна таньчылі зь ім, а ён дарыў ім кветкі ды цалаваў ручкі. Ніякі масавік-зацейнік з усімі сваімі забаўлянкамі ня здольны быў і блізка стварыць той цудоўнай атмасфэры, якую ствараў сваёй прысутнасьцю просты вясковы пастушок.

Калі надвор’е было добрае і па возеру ня беглі вялікія хвалі, мы з татам садзіліся ў лодку, выдадзеную Мар’янам, і накіроўваліся ў бок супрацьлеглага берагу. Чайкі падляталі да лодкі ды паведамлялі пра апошнія навіны. Ветрык даваў абяцаньні, што ня будзе уздымаць хвалі, пакуль мы не дабяромся да зямлі. Маленькія аблачынкі з захапленьнем узіраліся ў возера, вырашыўшы, што гэта неба, па якому можна вандраваць на лодках. Вёска, што стаяла на беразе, слухала сьпевы “Песьняроў”. Анёлы асьцярожна, каб іх не заўважылі людзі, выглядвалі з-за аблокаў ды шэптам казалі адзін аднаму: “На Нарачы жыве Беларусь...”. “Жыве...жыве..”, - шапталі ў адказ азёрныя хвалі. Той-сёй пачуў гэтыя словы і пачаў дзейнічаць...Неўзабаве надышоў 1988 год...Пачыналася новая гісторыя з новымі людзьмі...

Паша, пра Заслаўе я абавязкова распавяду Вам у наступным лісьце.
Ці дадуць Вам магчымасьць летам хоць некаторы час адпачыць ад працы на лесапункце?
Усяго Вам найлепшага і да пабачэньня. Перадавайце прывітаньне Партызану.

25 чэрвеня 2006г. Марына
***
Добры дзень, Марына!

Дзякуй Вам вялікі за ліст. Вельмі, вельмі добры, і вельмі беларускі.тэкст. Шыкоўнае апісаньне “ляснога балю” (гісторыя зь дзядком нагадала мне “Шляхціца Завальню”), выдатныя абразкі з доктарам і пантамімаю, Мар’янам, пастушком і асабліва анёламі ў аблоках. Чарговы раз раю Вам: знайдзіце ў сваіх успамінах якую-небудзь сюжэтна цэласную гісторыяю – і пішыце. Сам гэтак пачынаў у 1997 годзе з “Нашай Нівы”, ды й зараз багата розных літаратурных конкурсаў для моладзі.
(гы-гы :)
Буду зь нецярпеньнем чакаць Вашага тэксту пра Заслаўе.

Адказы на Вашыя запыты:
1.Большасьць маіх вартых працаў захоўваецца зараз у адной мастакоўскай сям’і ў Менску. Дарэчы, плянаваў іх выставіць на сайт – але пакуль гэта тэхнічна складана зрабіць.
2.Адпачынак – калі Бог дасьць, некалькі дзён будзе ў сярэдзіне ліпеня.
3.Прывітаньне Партызану перадам, як толькі ён вернецца са сваіх вандровак па суседзях (ужо другі дзень не начуе ў хаце).

...Ледзь не забыўся. Другі абзац Вашага ліста проста віртуозны. У рамку і на сьцяну :)

Зычу Вам волі, веры й творчага натхненьня ў Духу Сьвятым. Дабраславі Вас Бог!
З удзячнасьцю й павагай. Павал Севярынец. 01.07.2006г.

Мытнікі і грэшнікі :)

Распавядаю сястры-легіянэрцы пра сваю паездку ў Гудагай (а гэта памежная зона):
- Учора як толькі я выйшла зь цягніка ў Гудагаі, да мяне адразу ж зьляцеліся з усіх бакоў мытнікі ды ПАМЕЖНІКІ.
Сястра, крыху не дачуўшы і, напэўна, думаючы аб чымсьці сваім:
- Ого! Мытнікі і ГРЭШНІКІ!? А як ты зразумела, што гэта ГРЭШНІКІ? І адкуль іх там столькі ўзялося? :)

Філёзаф і Праўда. Альбо: “Ісьціна недзе побач” :)

-Кажа Яму Пілат: Што такое Праўда?" (Ян, 18:38)

-Ян, 0:24 - дык усё ж?!

***
“Нараджэньне Тваё, Хрысьцё Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня.

Дзякуючы яму тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці,
І зразумелі, што Ты – сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе.”

понедельник, 15 марта 2010 г.

"Эпісталярны жанр" і "Пісьменьніцкі лад мысьленьня" :)

Паша, прывітаньне. Вялікі дзякуй за ліст. Мне вельмі прыемна, што Вас зацікавіў мой допіс, але Вашыя словы мяне крыху бянтэжаць. Я заўсёды імкнуся пісаць шчыра і выказваць свае пачуцьці, а Вы кажаце: “Проста літаратура”. Дарэчы, мне падаецца, што і ў Вашых творах пераважаюць пачуцьці, а не меркаваньні, развагі і канстатацыя фактаў. Пэўна, з гэтай прычыны і вырашыў Адам Глёбус, што Вы разам зь Зянонам Пазьняком і яшчэ ня памятаю зь кім толькі і займаецеся тым, што ператвараеце жыцьцё ў тэатар, замест таго, каб рабіць з тэатру жыцьцё :)

Магчыма, я бы і пісала грунтоўна, але ж не адпускае ні на крок ад сябе бугальтарскі ўлік. Штодзённае чытаньне забаўляльна-пазнавальных Пастаноў і Ўказаў А.Р., ліставаньне з падаткавай інспэкцыяй, падобнае на прыгодніцкі раман з непрадказальным канцом, балянс, які так нагадвае прыгожую паэму з дасканалай рыфмай... А яшчэ - адчуваньне, нібыта я на вайне і разам зь іншымі супрацоўнікамі абараняю “безымянную высоту”, бо сказана ж было падаткавым інспэктарам: “Вы хоць усе памрыце на сваёй фірме, а справаздачы павінны ляжаць у мяне на стале не пазьней за 20 чысло”, твары іншых бугальтараў, на якіх простым тэкстам напісана: “Досыць нас ужо пужаць, мы ужо пужаныя”. Калі Аляксандар Мілінкевіч у сваёй прамове сказаў, што трэба вызваляць з турмаў бугальтараў, якія сядзяць там невядома за што, я адразу зразумела, што гэта мой прэзыдэнт :) Дарэчы, мне здаецца, што ён сябе недаацэньвае. 25 сакавіка я ехала на мітынг у 100-м аўтобусе, які ледзьве не “захапілі” “нашыя”, бо іх было значна больш, чым “ня нашых”, дакладней, “ня наш” быў толькі адзін. Ён крычэў: “Я не кажу, што за А.Р. прагаласавала 90%, але працэнтаў 60-50 нас набярэцца, таму не затыкайце мне рот ...” і г.д. І толькі актыўныя дзеяньні занадта спрытнай кандуктаркі здолелі прадухіліць далейшае разгараньне раптоўна ўспыхнуўшага ў асобна ўзятым аўтобусе полымя “джынсавай” рэвалюцыі :)

“Колер рэвалюцыі – сіні” - гэта вельмі ўдалы лёзунг менавіта для Аляксандра Мілінкевіча. У мяне нават зараз стаіць перад вачыма тое кранальнае відовішча: 8 сакавіка, пляцоўка перад ДК трактарнага завода, “шэрае крывіцкае неба” над галавой і дзьве пары блакітна-сініх вачэй (сп.Аляксандра і ягонай жонкі Іны) на тле васільковых шалікаў. Вочы прасілі аб падтрымцы і разуменьні, усьміхаліся, зачароўвалі сваёй дабрынёй і прыгажосьцю, часам у іх пачынала зіхацець маленечкая-маленечкая хітрынка. Яны былі сапраўды беларускімі і па колеру, і па той прасякнутасьці нейкім незразумелым болем, пра які Вы пішаце, што ён уласьцівы ўсім беларусам. Выступленьні такога прэзыдэнта можна было б з задавальненьнем глядзець па тэлебачаньні, не хвалюючыся за сваю нэрвовую сыстэму, хоць кожны вечар :)

Што тычыцца Вашага пытаньня наконт музыкі, то апошнім часам мне вельмі падабаецца гурт “Стары Ольса”. У іх і музыка прыгожая, і тэксты песень, і самі музЫкі, і іхныя строі. Асабліва ўражваюць гімн “Слаўся, Князь Вітаўт, Гаспадар на Літве” і песьня “Літвін”. На каталіцкі Вялікдзень я зь сябрам была на іхным канцэрце ў ДК прафсаюзаў. Калі музыкі абвясьцілі, што прысьвячаюць песьню “Бітва пад Оршай” Героям Менскай Плошчы, людзі падняліся і слухалі кампазыцыю стоячы. Праўда, некаторыя слухачы старэйшага ўзросту яўна не чакалі такога разьвіцьця падзеяў. Яны адчулі сябе абражанымі і з незадаволеным бурчаньнем куляй павыскоквалі з залі. Песьня была даволі “крыважэрнай”, але ж абуджала толькі самыя найлепшыя пачуцьці і памкненьні. Таксама мне падабаецца Лявон Вольскі з усімі ягонымі праектамі і песьня “Палынны напой “Абсэнт”, бо яна вельмі “сучасная” і “гарадзкая”. Люблю паслухаць гурт “Палац”, беларускамоўныя песьні ў выкананьні Анатоля Ярмоленкі, бо нягледзячы на ягоныя паводзіны і рэпэртуар, мне вельмі падабаецца ягоны голас і зьнешнасьць. У той час, калі ў Беларусі яшчэ “усё толькі пачыналася”, я захаплялася творчасьцю Сержука Сокалава-Воюша і песьнямі ў выкананьні Данчыка .

Няўжо на нашай кінастудыі здымаюцца беларускамоўныя мастацкія фільмы? Для мяне гэта, шчыра кажучы, навіна, і адказаць на Вашае пытаньне я, на жаль, не магу.

Скажыце калі ласка, а як, па-Вашаму, праяўляецца “пісьменьніцкі лад мысьленьня”?

Вось, пішу Вам ліст і ўяўляю сабе такую карціну: вечаровы Менск, кавярня “Грунвальд”, “прыцемкі, абсэнт”... Побач са мной сядзяць сябры-каталікі :) Па вуліцы, якая ўжо мае назву не К.Маркса, а сьв.Казіміра, інтэлігентны сабачка вядзе на шпацыр ня менш інтэлігентную бабцю.”Растуць парасоны пад цёплым дажджом”...дзьверы кавярні адчыняюцца і ўваходзіце Вы разам з прыгожай сьветлавалосай паненкай. У Беларусі больш няма “фронту“, краіна ўпэўнена ўвайшла ў эпоху Адраджэньня...

Усяго Вам найлепшага і да пабачэньня.

Заўсёды вагаюся, як лепей напісаць: “Панаехала гасьцей зь іншаземных абласьцей” ці “не, ня правільна, гасьцёў зь іншаземных абласьцёў”? :)

7 чэрвеня 2006г. Марына
***
Добры дзень, дарагая Марына!
Дзякуй вялікі за ліст, уражаньні, добрыя словы й адказы на пытаньні.

Сьпярша пастараюся адказаць на Вашыя запыты.
1. Пісаць шчыра й выказваць свае пачуцьці – гэта, Марына, і ёсьць літаратура. Вашыя лісты – узор, як той казаў, густоўнае літаратуры эпісталярнага жанру.
2. Што да маіх тэкстаў. Казань, праслаўленьне Бога, вера й любоў – гэта ня столькі пачуцьці, колькі Дух. Адказ на тэорыю Глёбуса – у Сьвятым Пісьме: І да Карынцянаў 2-14. (Душэўны ж чалавек не прыймае, што ад Духа Божага, бо гэта дурнота яму, і ня можа зразумець, бо аб гэтым трэба разважаць духоўна. Духоўны-ж разьбірае ўсё, а яго разабраць ніхто ня можа.)
3. Чаго ўжо, калі-нікалі на нашай кінастудыі здымаліся беларускамоўныя фільмы. Паводле сцэнароў Караткевіча й Быкава, між іншым. Плюс найноўшыя (“Акупацыя” і да т.п.). Маеце рацыю – мала, але былі.
4. Як праяўляецца “пісьменьніцкі лад мысьленьня”? Пішаш як дышаш, вось як. Натуралёва. Не канструюючы, а апавядаючы. Калі чалавек выкладае свае думкі на паперы нязмушана, а потым з задавальненьнем аглядае і паляпшае напісанае (што ў Вас адчуваецца); калі не “перадае інфармацыю”, але, пішучы, творыць; калі абзацамі піша пра далёкі ўспамін, вочы Мілінкевіча або сьпеў Вольскага – вось Вам, уласна кажучы, і пісьменьніцтва. Немалаважны і корань – пісьменнасьць ёсьць першай прыкметай пісьменьніка. Ці трэба Вам пісаць? Перачытайце Ісусава выслоўе пра таленты. Дзякуй Богу, куды пісаць у нас пакуль (ужо?) ёсьць, а што пісаць – Вы й самі ведаеце.
5. Наконт “гасьцей” – аддаю перавагу першаму варыянту :)
6. Захапіўшыся апісаньнем сваіх мастацкіх подзьвігаў у апошнім лісьце я, здаецца, забыўся выказацца пра Заслаўскі Збор. На мой погляд, “усё гарманічнае проста”. Можа, Вашае ўспрыняцьце падмацавана перадвыбарчым плякатам БНФ 1994г. (там у цэнтры кампазыцыі быў якраз Заслаўскі Збор – памятаю дагэтуль). Дарэчы, мяне вельмі зацікавілі Вашыя ўражаньні ад Заслаўя і ваколіцаў Нарачы. Справа ў тым, што пэўнае дзеяньне кнігі мусіць адбывацца якраз там. Ці не маглі б Вы, Марына, прыгадаць і больш падрабязна апісаць Заслаўе і Нарачанскі край (я сам, нажаль, быў там адно праездам)?

Загадзя ўдзячны. І да Карыньцянаў 2:9! (Але, як напісана: чаго ня бачыла вока і ня чула вуха, і што не ўзыходзіла ў сэрца чалавека, тое Бог прыгатаваў любячым Яго (Ісая, 64, 4)
13.06.2006г. Павал Севярынец.

воскресенье, 14 марта 2010 г.

Адказ Паўла на мой ліст пра Рыдуплю

Ой… Тут пра мяне занадта добра напісана… :) Але…
***
Добры дзень, Марына!

Дзякуй Вам вялізны за падрабязны ліст. Напісана цудоўна. Проста літаратура. Атрымаў Ваш допіс адначасова з “НН” і злавіў сябе на думцы, што газэта прайграе ў цікавасьці. Дарэчы, Вы не спрабавалі грунтоўна пісаць? Вельмі раю – у Вас пісьменьніцкі лад мысьленьня.

Што да зьместу Вашых адказаў, яны мяне ўразілі. Асабліва каштоўныя інтуітыўныя моманты – “чамусьці падабаецца”. Таемнае ў простым.
Прашу прабачэньня за няўдала сфармуляванае пытаньне пра храмы. Маеце рацыю.
Калі не адмовіцеся яшчэ й скласьці ўласны хіт-парад мастацкіх фільмаў, музычных кампазіцыяў і выканаўцаў made in Belarus – буду вельмі Вам удзячны.

Адказы на Вашыя пытаньні.
- Пра мастацтва. Скончыўшы ў 1994-м мастацкую школу, яшчэ тры гады пасьля актыўна рысаваў (графічная тэхніка: чорная шарыкавая асадка й крэйда). Апроч Віцебска, двойчы выстаўляўся ў Менску (у кампаніі зь іншымі мастакамі), на Варвашэні, 8. На 1-м курсе гэтым нават зарабляў на жыцьцё (студэнцкія гады…); зрабіў некалькі палітычных плякатаў (разыходзіліся на ксэраксе ды рызографе) ды газэтных ілюстрацыяў.

- Камяні ў Вязынцы і праўда, як лічаць навукоўцы, ледавіковыя. Вязынка знаходзіцца якраз на мяжы Паазерскага зьледзяненьня.

- За Партызана не хвалюйцеся. Гэты ўлюбёнец інтэрнату вандруе з пакою ў пакой і час ад часу наядаецца так, што наведнікі мне вымаўляюць: “Ня муч ты коціка – ён жа лопне”.

Яшчэ раз дзякуй за адказы. Не магу адысьці ад захапленьня Вашай бабцяй.
Няхай Госпад Бог дабраслаўляе Вас у вашай працы ды ўсім жыцьці. ІІ да Карынцянаў 3:17! (Бо Госпад ёсьць Дух; а дзе Дух Гасподні, там свабода.)

Павал Севярынец. 27.05.2006г.

Ліставаньне з Паўлам Севярынцам. Рыдупля

Ніяк не магу знайсьці адзін ліст ад Паўла. А ён жа дакладна быў. Такія лісты ён дасылаў усім, хто зь ім перапісваўся. Там былі пытаньні наконт таго, як чалавек прыйшоў да Беларусі, якія асобы і кнігі больш за ўсё паўплывалі на ягоны сьветапогляд, якія беларускія храмы яго найбольш уражваюць, якія гарады і мясьціны больш за ўсё падабаюцца і г.д. Павал такім чынам зьбіраў інфармацыю, неабходную для напісаньня чарговай кнігі. Вось мае адказы:

Паша, прывітаньне. Дзякуй за лісты.
Адказваючы на Вашае пытаньне наконт майго прыходу да Беларусі, я хутчэй бы сказала, што спачатку яна сама прыйшла да мяне ў выглядзе бабці 1898 году нараджэньня зь ейнай беларуска-польска-расейскай трасянкай ды ў выглядзе радыёкропкі, што вісела на сьцяне і вяшчала па-беларуску. У дзяцінстве я была перакананая, што так размаўляюць ня толькі ў нас, але таксама і ў Расеі - вяскоўцы і тыя, хто ня мае вышэйшай адукацыі, бо лягчэй жа, напрыклад, вымавіць “бурак” ці “бульба”, чым “свекла” і “картофель” і г.д. Беларуская мова здавалася такой жа натуральнай, як само жыцьцё, вымаўляць беларускія словы было так жа лёгка, як дыхаць, але, ў маім уяўленьні, гэтая мова прызначалася для людзей “простых” і “малаадукаваных”, каб яны не ламалі галаву над тым, як вымавіць тое ж слова “сковорода”, а спакойна маглі назваць яе “патэльняй”. Мы ж былі дзецьмі адукаваных бацькоў, перад намі адкрывалася “сьветлая будучыня”, таму трэба было авалодваць больш “складанай” мовай, каб выглядаць “разумнымі і інтэлігентнымі”, як калісьці рускія арыстакраты, якія дасканала ведалі францускую мову.

Калі я была яшчэ маленькай, мы жылі ў раёне менскага аэрапорту ў доме, пабудаваным бабуляй і дзядулем напрыканцы 20-х гадоў. Дом зьнесьлі ў 1977 годзе. І бабуля і дзядуля былі зь Менску, як і іхныя бацькі. Дзядуля быў інжынэрам. Ён загінуў на вайне ў 1944 годзе. Бабуля мела пачатковую адукацыю, была каталічкай і ўмела пісаць па-польску, беларуску і расейску. Яна пражыла 90 гадоў. У памяці засталіся ейныя выказваньні накшталт вось гэтых: “Ну што я з’еў? Маленькую сухую скарыначку хлеба. Хацеў у ваду памакаць, дык яна ў вядро ня ўлезла.” Калі мы не прыбіралі за сабой посуд са стала, яна пыталася: “Цікава, ці то сьвіньні паелі, ці то шляхта папасьвілася?” Бабця лічыла, што “трэба каб дзіцятка вучылася таньчыць, а працы гора наўчыць”. А калі нашыя з братам паводзіны станавіліся невыноснымі, яна казала: “Дзеткі, вы мне ўсе вантробы выматалі.” Бабця вельмі паважліва ставілася да павукоў і восаў. Іх ні ў якім разе нельга было пакрыўдзіць. Таксама яна нам заўсёды казала: “Не зьвяртайце ўвагі, калі нехта над вамі сьмяецца. Галоўнае, каб людзі ад вас ня плакалі.”.

У школе нам так старана ўбівалі ў галовы беларускую літаратуру, што ўсе гэтыя клясыкі, шчыра кажучы, проста абрыдзелі, за выключэньнем Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Уладзімера Караткевіча. Я з павагай стаўлюся да Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Васіля Быкава і г.д., але ня болей таго. У той жа час мне заўсёды падабалася беларуская мова. Але стаўленьне да яе было прыблізна такое, як да дарагога ўпрыгажэньня з каштоўнымі камянямі, што захоўвалася ў скрыначцы ў мамінай шафе. Можна было адчыняць скрыначку і любавацца ім колькі заўгодна, але не было такой нагоды і такога мейсца, куды можна было б пайсьці, прышпіліўшы яго да сукенкі.

Мы вельмі ганарыліся тым, што называемся беларусамі. Я нават ня ведаю, адкуль браўся той гонар. Мы называлі Маскву “бальшой дзярэўняй”, (як называлі вялікай вёскай горад Маладзечна жыхары Вілейкі, калі я праходзіла там практыку :) і лічылі сябе кімсьці накшталт рускіх, але ж (як казаў потым Аляксандр Рыгоравіч) са знакам якасьці. У інстытуце разам са мной вучылася дзеўка з Разані. Уся нашая група кпіла зь яе па той прычыну, што яна “неправильно говорила по-русски”, але ж я ня памятаю, каб нехта сьмяяўся над тымі, хто размаўляў на трасянцы. Пэўна, гэта лічылася нармальнай расейскай мовай :)

Калісьці мяне вельмі ўразіў студэнт-нэгар, які так цудоўна сьпяваў песьню “Касіў Ясь канюшыну”, што мог бы нават канкурыраваць з ансамблем “Песьняры”, бо ўдзячныя слухачы выклікалі яго на сцэну разоў дзесяць. Таксама мне запомніліся двое нэгрыцянскіх дзетак гадой 9-10, якія даводзілі сваім сябрам: “Мы такія ж беларусы, як і вы, бо нарадзіліся тут.”

Напэўна, Зянон Пазьняк быў той асобай, якая ў свой час паўплывала на сьветапогляд шматлікіх людзей. Думаю, гэта ён прывёў мяне і яшчэ многіх беларусаў да Беларусі. Тое, аб чым ён казаў, і тое, што ён рабіў, заварожвала. Гэта было падобным да каляднай песьні: “Неба і зямля радасна сьпяваюць, анёлы людзям дзіва абвяшчаюць...”. Мяркую, што шматлікія беларускія душы і галовы былі прыведзеныя ў парадак менавіта ім. Гэта чалавек, у сумленнасьці, шчырасьці, непадкупнасьці і адданасьці Радзіме якога я магу не сумнявацца. (Ён можа дазволіць сабе з’явіцца на людзях у зацыраваным плашчы, бо ўсё роўна выглядае як шляхціц, у адрозьненьні ад тых, хто так любіць яго крытыкаваць :)

Што тычыцца кніг, якія мяне найбольш уразілі, гэта “Шляхціц Завальня” Яна Баршчэўскага, “Мядзьведжая акадэмія” Вітаўтаса Місявічуса, кніга сяброў таварыства “Тутэйшыя”, а таксама вершы праваслаўнага паэта Зьніча і творчасьць Сержука Сокалава-Воюша. Каб навучыцца свабодна размаўляць па-беларуску, я некаторы час чытала выключна беларускамоўныя газэты і кнігі, слухала беларускія перадачы, наведвала створаны БНФ Народны унівэрсытэт “Гісторыя і культура Беларусі”, а потым далучылася да моладзевай суполкі пры Касьцёле сьвятога Роха, каб быць у адной кампаніі з Эдвардам Тарлецкім, Юрасем Быкавым, Альгердам Невяроўскім і г.д.

З тых мясьцінаў у Беларусі, якія мне найбольш падабаюцца, у першаю чаргу я пэўна б назвала Заслаўе. Мяне вельмі ўражвае Кальвінскі Збор. Шкада, што зараз там месьціцца праваслаўная царква. Калі там знаходзіўся этнаграфічны музэй, ягоныя супрацоўнікі распавядалі пра прывід, які час ад часу з’яўляўся ў будынку. Пэўна, ён правяраў, ці належным чынам захоўваюцца экспанаты. Цікава, дзе ён блукае зараз? Ня стане ж паважаючы сябе ды іншых прывід жыць у царкве. Магчыма, ён пасяліўся ў Менску ў невялікай вежы, што ўзвышаецца над маім домам, і стварае там сны пра Заслаўе, якія потым сьняцца мне. У менскім “Мастацкім салёне” я бачыла шмат карцін з выяваю Кальвінскага Збору. Адна зь іх ужо многа гадоў вісіць на сьцяне ў маёй кватэры. Здавалася б, просты будынак, нічога звышнатуральнага, ніякіх аздабленьняў, але ёсьць ў ім нешта такое, што цяжка апісаць і што прываблівае шматлікіх мастакоў і аматараў даўніны. Вы, Павал, як мастак, што думаеце наконт гэтага? Дарэчы, а самі Вы пішаце карціны? Таксама мне вельмі падабаецца Вязынка зь яе прыгожымі дубамі і мноствам дзіўных камянёў, раскіданых па палях і ўздоўж дарог. Пэўна, яны засталіся там яшчэ зь ледніковага пэрыяду?

Асобна хачу сказаць пра вёску Рыдуплю (мусіць, гэта літоўская назва?), схаваную сярод таямнічых нарачанскіх лясоў. Нават ня ведаю, ці існуе яна зараз, ці ўжо не. Калі я яе ўбачыла, мне было прыблізна гадоў 13. Мы з татам заблудзіліся ў лесе, і тут, раптам, відовішча, нібыта ў казцы. Дрэвы расступіліся, і перад намі паўсталі старыя сялянскія хацінкі, іх было ня больш дзесяці, з усіх бакоў да вёскі падступалі балоты ды лес, на лугу пасьвіліся коні. Вёсачка была нібыта зачараваная. Можна было разглядаць яе здалёк, але зайсьці ў яе, ня ведаючы тайных сьцяжынак, што вялі праз балоты, было проста немагчыма. На нашае шчасьце, нас заўважыла мясцовая спадарыня, прывяла ў сваю хату, пачаставала грыбамі, бульбай, малаком ды іншымі смачнымі сялянскімі стравамі, распавяла гісторыі, падобныя да тых, што распавядалі госьці шляхціца Завальні, а пасьля праводзіла нас да дарогі, ідучы па якой ужо нельга было заблудзіцца. Таксама люблю Менск – проста таму, што гэта мой родны горад.

А чаму Вы пытаецеся толькі пра касьцёлы, а пра цэрквы не? Пэўна, каталікі мусяць пазьбягаць іх, “як чорт ладану”? :) Мяне калісьці вельмі ўразіла мазаіка на сьцяне Мірскай царквы, зь якой Пан Езус глядзеў на мяне, нібыта клічучы за сабою ў дарогу. Таксама падабаецца царква сьв. Марыі-Магдалены ў Менску, бо падобная на дарагую прыгожую цацку. Больш за ўсё ўразіў касьцёл сьв. Андрэя ў мястэчку Нарач (старая назва Кабыльнік), бо там я прымала хрост. З касьцёлам у Красным (Уша) пад Маладзечнам зьвязаная гісторыя каханьня, касьцёл сьв.Станіслава ў Магілёве нагадвае пра Фэстываль Духоўнай музыкі, у якім удзельнічаў наш хор, касьцёл Нараджэньня Панны Марыі ў Заслаўі вылучаецца тым, што ён двухпавярховы, а гэта, кажуць, вялікая рэдкасьць. Таксама я была ў касьцёлах у Рубяжэвічах, Мядзелі, Паставах, Глыбокім, Мастах, Браславе, Гудагаі, Івянцы, Іўе, Нясьвіжы, Лідзе, Лагойску, Відзах, Наваградку, Камаях, магчыма, яшчэ ў нейкіх мясьцінах, якіх я зараз ня памятаю. Ні пра адзін касьцёл не магу сказаць, што ён мне не падабаецца, кожны чымсьці ўражвае.

На гэтым можна было б завяршыць напісаньне ліста, але мяне, Павал, як дарэчы і іншых грамадзянаў, вельмі непакоіць Вашае стаўленьне да ката Партызана. Замест таго, каб узрадавацца, што у Беларусі хаця бы ў сьвядомага хрысьціянскага ката можа быць кожны дзень масьленіца, Вы вырашылі трымаць яго ў чорным целе. Навошта? У нашай краіне, дзе не пачуваецца цалкам шчасьлівым ніводзін сапраўдны беларус, няхай бы ўжо зьведаў шчасьлівае жыцьцё хоць бы адзін сьвядомы беларускамоўны кот :)
Зычу Вам посьпехаў ў напісаньні кнігі і ў іншых добрых справах.
Да пабачэньня. 23.05.2006г. Марына

суббота, 13 марта 2010 г.

Ліставаньне з Паўлам Севярынцам. Пра тое, што было пасьля Сакавіка

Прывітаньне, Павал. Вялікі дзякуй Вам за малітву, бо і 19, і 25 сакавіка, і 7 красавіка, як толькі пачынала хвалявацца і адчуваць няўпэўненасьць, казала сама сабе: “Павал – чалавек адказны і сур’ёзны, таму абавязкова выканае маю просьбу і ўсё будзе добра.” Потым узгадвала словы з украінскай песьні “Я не здамся без бою” :) А малітва “Ойча наш” і “паплечнікі”, што былі побач, дапамагалі вярнуць упэўненасьць і спакой.

Вы пытаецеся, ці ведаю я NN, што прыяжджаў да Вас у сакавіку? Я бачыла яго толькі адзін раз, мы размаўлялі ня болей за 10 хвілінаў, і асабіста ў мяне засталося прыемнае ўражаньне (магчыма таму, што мы не дайшлі да абмеркаваньня веравызнаньня Джорджа Буша :).

Я атрымала Ваш ліст 28 сакавіка, а на капэрце стаіць штамп Менскай пошты ад 22.03.06. Пэўна, гэта сьведчыць аб тым, што ў Вас шмат ня толькі яўных, але і тайных прыхільнікаў, і Ваша папулярнасьць расьце з кожным днём. Я ўяўляю сабе, як “яны” зачытваюцца Вашымі кнігамі і артыкуламі, і якое атрымліваюць задавальненьне. Думаю, што з гэтай жа прычыны я нідзе не магу набыць Вашу “Нацыянальную ідэю “.

У часопісе па маёй спэцыяльнасьці ёсьць рубрыка “Дежурная часть”. Пасьля яе пра­чы­та­нь­ня пачынаю сумнявацца, што ў нашай краіне шмат каму патрэбны Свабода, Праўда і Спра­вяд­лі­васьць. Людзі хутка прыстасоўваюцца да любых абставінаў і жывуць даволі добра. (Я маю на ўва­зе матэрыяльны бок жыцьця). Нехта паціху цягне з дзяржаўнага прадпрыемства тое, што дрэн­на ляжыць. Хтосьці мае магчымасьць увесь працоўны дзень займацца сваімі справамі, ат­рым­лі­ва­ю­чы пры гэтым неблагі заробак. Іншым прыносяць такія “падарункі”, што ад заробку можна і ўво­гу­ле адмовіцца. А некаторыя, пэўна, прыходзілі б на працу, нават калі за ўваход трэба было б пла­ціць. Да ўрача, калі няма грошай, лепей не зьвяртацца, а адразу легчы ў труну і чакаць, а з нас­таў­ні­ка­мі за добрыя адзнакі нават ужо не бацькі, а дзеці разьлічваюцца. Тыя, хто маюць сілы, зда­роў­’е і здольнасьці, робяць на некалькіх працах і ня маюць часу на пошук незалежнай інфармацыі, раз­ва­жа­нь­ні аб сэнсе жыцьця і г.д. Вось і атрымліваецца, што Свабода, Праўда і Справядлівасьць пат­рэб­ныя толькі мне і яшчэ невялікай колькасьці людзей. Такая вось сумная карціна вымалёўваецца…

На Менскай плошчы я размаўляла са студэнтамі – жыхарамі намётавага гарадка. Гэта былі вельмі сымпатычныя і прыемня маладыя людзі. Яны запрашалі ўсіх прысутных пачаставацца іхняй ежай, паказвалі, што знаходзіцца ў тэрмасах і бутэльках, жартавалі, сьмяяліся. Каля намётаў бегалі маленькія дзеці. Мой пляменьнік зь сябрамі кожны вечар прыходзіў на плошчу. Ён вельмі перажываў за маладых людзей, якія, не зважаючы на халоднае надвор’е, праводзілі на плошчы ўсю ноч. А калі мы вярталіся дадому, першымі пытаньнямі да нас былі: “Ну як там справы? Колькі людзей сабралася? Мілінкевіч выступаў?” Думаю, што ўсім нам не хапіла крыху сьмеласьці і некалькіх словаў, не сказаных Аляксандрам Мілінкевічам, каб дамагчыся нечага большага. Ксёндз з ………… зьдзіўляецца, як мог беларускі народ, які лічыць сябе хрысьціянскім, абраць на пасаду кіраўніка дзяржавы чалавека, які называе сябе атэістам?

А які ў Вас настрой, Павал? Вам не самотна ў вёсцы? Ці маеце Вы магчымасьць наведаць клюб, пайсьці да каго-небудзь у госьці? Не зьдзіўлюся, калі Вы, ня гледзячы на “ганаровую варту” і іншыя перашкоды, неўзабаве створыце ў Малым Сітне Беларускую Народную Рэспубліку. Зычу Вам посьпехаў ва ўсіх справах, разуменьня і падтрымкі з боку вяскоўцаў, ахоўнікаў, міліцыянтаў і г.д. Мы з Вамі! З намі Бог! “Стаімо далей!”

Да пабачэньня. 12 красавіка 2006г. Марына

***
Добры дзень, марына!
Дзякуй Вам вялікі за ліст, навіны й добрыя словы.

Увесь апошні месяц маліўся, пэўна, як ніколі – і за Беларусь, і за Мілінкевіча, і за маладафронтаўцаў (палова ўсіх крымінальных справаў кампаніі – па іх), і за БХД, і за сябраў ды знаёмых – і таксама за Вас. Вельмі добра, што Вы маліліся таксама: малітоўная салідарнасьць – пачатак усякай нацыянальнай справы.

Наконт увагі “ворганаў” да маёй творчасьці – Вы мелі рацыю, кола аматараў расьце: за апошнія тры тыдні падчас ператрусаў сканфіскавалі 94 асобнікі “Нацыянальнай ідэі” (а іх і так бракавала).

Пра рубрыку “Дежурная часть” і Вашыя развагі – праўда: людзі ўсе слабыя й грэшныя, і Вы глядзіце ў корань, калі бачыце падобныя рэчы.

Настрой – дзякуй Богу. У вёсцы не самотна. Працы – во!.. Клюб лепш не наведваць – там п’яныя маладзёны глушаць “максіма” і б’юць адно аднаму твары. На гасьцей часу няма. А наконт БНР Малога Сітна – тут 100-120 чалавек галасавалі за Мілінкевіча. База ёсьць.

Віншую Вас, Марына, са сьвятам Божага Уваскрасеньня. Няхай Магутны Божа дабраслаўляе Вас воляй, верай і надзеяй. Хрыстос Уваскрос – а значыць і Беларусь уваскрэсьне!

З удзячнасьцю і павагай. Павал Севярыней. 20.04.2006г.

Гімн жыцьцю, альбо "Жыцьцё перад сьмерцю"

Гімн Брату Сонцу.

...Новым у гімне сьвятога Францішка была любоў да Бога і ягоных стварэньняў. Паганскі сьвет любіў толькі стварэньне. І любоў ягоная была наскрозь пачуцьцёвай; старазапаветны сьвет любіў Бога, але рабскай любоўю; хрысьціянскі сьвет да сьвятога Францішка любіў Бога ўжо цалкам сыноўняй любоўю, але пагарджаў ягонымі стварэньнямі, баяўся іх, як спакусы, заплюшчваючы вочы, каб не зачаравацца ім; гэты сьвет яшчэ не прачытаў у Эвангельлі апраўданьня прыроды, заключанага ў паглядзе і дабраслаўляючым жэсьце Хрыста. Сьвяты Францішак нарадзіўся паэтам і бачыў унутраную прыгажосьць рэчаў, нават самых простых, якія трапляюцца нам на вочы кожную хвіліну, і якія не заўважаюць мітусьлівыя і далёкія ад паэзіі людзі. Але Францішак ідзе па шляху сьвятасьці і таму ў стварэньнях шукае Творцу. Ён чытае кнігу прыроды скрозь прызму Эвангельля, як яшчэ ніхто да яго не чытаў, бо на кожнай старонцы знаходзіць Творцу, і на кожнай старонцы спыняецца, каб усклікнуць: “О, Пане, якая ж бязьмежная любоў Твая!”

З вышыні боскай любові ён ізноў вяртаецца да стварэньняў, адчуваючы да іх самую кранальную пяшчоту; ён сузірае іх, захапляецца імі, лашчыць іх вачыма, кажучы агню, вадзе, зоркам, травам: “Вы ня ведаеце, якія вы цудоўныя стварэньні! Але я распавяду вам аб гэтым. Вы заслугоўваеце захапленьня – і я даю вам яго. Я праслаўляю Таго, хто стварыў вас, і дзякую Яму за тое, што Ён стварыў вас, як і мяне, бо вы мае браты і сёстры ў Ім."
“Браты і сёстры!” Каб вось так, зусім па-новаму, зьвярнуцца да ніжэйшых стварэньняў, трэба было пранікнуць у таямніцу іх жыцьця, трэба было зламаць супрацьпастаўленьне прыроды і Бога, матэрыі і духа, якое так старана абаранялася катарамі і іншымі ерасямі. Пры гэтым трэба было ня ўпасьці ў памылку папярэдніх стагоддзяў, атаясамліваўшых стварэньне з Богам; трэба было падысьці к сьвету стварэньняў з тым пачуцьцём людзкага саўдзелу, якое ўласьцівае паэтам, і з тым пачуцьцём саўдзелу боскага, якое ўласьцівае сьвятым, і якое мае на ўвазе людзкае, але пераўзыходзіць яго настолькі, наколькі бясконцасьць пераўзыходзіць канечнае. (Перраклад з расейскай мовы)
***
Гiмн брату Сонцу.

Найвышэйшы, усемагутны, добры Пане,
Твая ёсць слава, пашана, хвала i ўсялякае благаславенства. Табе адзiнаму, Найвышэйшы, яны належаць i нiхто з людзей не варты вымавiць iменi Твайго.
Пахвалёны будзь, Пане мой, з усiмi стварэннямi Тваiмi. Перш за ўсё з братам нашым сонцам, якi ёсць дзень i якiм нас асвятляеш. I прыгожае яно i свецiць ярка, Тваiм Найвышэйшы, ёсць уяўленнем.
Пахвалёны будзь, Пане мой, праз месяц нашага брата i зоркi; яскравымi Ты стварыў iх на небе, i каштоўныя яны i прыгожыя.
Пахвалёны будзь, Пане мой, праз вецер нам брата i паветра, i хмуры, i праз яснае надвор’е, i кожны час праз якi даеш утрыманне свайму стварэнню.
Пахвалёны будзь, Пане мой, праз ваду сястру нам, карысную, пакорную, каштоўную i чыстую.
Пахвалёны будзь, Пане мой, праз агонь нашага брата, Ты iм ноч асвятляеш, а ён прыгожы i радасны, i дужы, i моцны.
Пахвалёны будзь, Пане мой, праз сястру нашу, Мацi-зямлiцу, якая нас падтрымлiвае i накiроўвае, i родзiць плёны розныя з прыгожымi кветкамi i травамi.
Пахвалёны будзь, Пане мой, праз тых, хто прабачае ў iмя Тваё i пакiнуўшы ўсё, зносiць слабасцi i пагарду.
Благаславёныя тыя, хто прымае гэта ў спакоi, бо Табою, Найвышэйшы, увенчаныя будуць.
Пахвалёны будзь, Пане мой, праз сястру нашу смерць цялесную, яе нiхто з жывых людзей пазбегнуць не здолее.
Гора тым, хто ў граху смяротным памiрае.
Благаславёныя ж тыя, каго яна спаткае, выконваючымi найсвяцейшую волю Тваю, i смерць другая не зробiць iм крыўды.
Усхваляйце i благаслаўляйце Пана майго, падзяку Яму складайце i з вялiкаю пакораю служыце Яму.

(catholictube.ru/media/document/1113.doc)

пятница, 12 марта 2010 г.

Аказваецца, гэта не немцы, а эстонцы :)


Рэха мінулай вайны ў ЖЖ спадарыні Натальлі

і спадара Андрэя





Ліставаньне з Паўлам Севярынцам. Пакаленьне Маладога Фронту.

Я не належу да гэтага пакаленьня, бо нарадзілася ў 1965 годзе. Але ж кніга сапраўды вельмі цікавая… :)
***
Добры дзень, Павал. У мінулы панядзелак ішла я ў глыбокім задуменьні каля офісу БНФ на Варвашэні-8, разважаючы над тым, што “жыцьцё не адсумуеш”, як раптам выскоквае адтуль мужчына з разгубленым выглядам і кажа: “Гэта ж трэба, замест віна-гарэлачнага аддзелу мяне ў БНФ занесла...”. На мяне гэтыя словы падзейнічалі, як рэкляма. Я зайшла ў офіс і набыла Вашае “Пакаленьне маладога фронту”, а потым замест таго, каб як кожны паважаючы сябе бугальтар, засесьці пасьля вячэры за чытаньне часопісу “Падаткавы весьнік” ці “Галоўны бугальтар”, і з захапленьнем акунуцца ў неабсяжнае мора пастаноў, указаў і дэкрэтаў прэзыдэнта, зьдзіўляючыся вышыні палёту эканамічнай думкі, я пачала чытаць Вашу кнігу. І яна мяне вельмі ўразіла. Кніга выклікае шмат супрацьлеглых пачуцьцяў і эмоцыяў, не пакідае абыякавым і, галоўнае, заклікае да дзеяньняў.

У пачатку 90-х гадоў я прыйшла ў каталіцкую суполку, якая дзейнічала пры Касьцёле Сьвятого Роха (Вы яе ўзгадваеце ў сваёй кнізе). У той час мы нават начавалі ў касьцёле, змагаючыся за ягонае вяртаньне вернікам. Мы ладзілі першую пілігрымку ў Будслаў, першае шэсьце на Сьвята Цела і Крыві Хрыста, першы Велікодны Каталіцкі Фэст, стваралі касьцёльны хор. Таксама не прапускалі амаль што ніводнага са шматлікіх тагачасных мітынгаў. Гэта быў цудоўны час: мора ідэй і плянаў, адчуваньне сваёй прыналежнасьці да вялікіх гістарычных пераменаў. Здавалася, увесь сьвет належаў нам, і такая доўгачаканая Перамога ўжо зусім блізка. Але ў 96-97 гадох асабіста ў мяне ўзьнікла пачуцьцё глыбокай расчараванасьці. Гэта было расчараваньне не ў рэлігіі, не ў беларускай мове і гісторыі, а хутчэй у людзях, у разьвіцьці падзей у Беларусі, у тым, што мы рабілі. Паўставала пытаньне: “Каму гэта ўсё патрэбна?” У мяне зьявіліся іншыя захапленьні, і тое, што адбывалася ў Беларусі пасьля 96-97 гадоў, мяне асабліва не закранула, таму мне было вельмі цікава даведацца з Вашай кнігі пра тое, як “моладзь рабіла палітыку”, абараняла Курапаты, удзельнічала ў прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году. Гэта сапраўды гісторыя, якую я амаль што ня ведала, “гісторыя будучыні Беларусі”.

Да напісанага Вамі хачу дадаць некалькі сваіх меркаваньняў. Я думаю, што ў Менску жылі і жывуць ня толькі тыя, хто прыехаў сюды зь вёсак. Усе мае родныя нарадзіліся ў горадзе. У дзяцінстве нам з братам распавядалі пра жыцьцё дарэвалюцыйнага Менску, пра беларускія школы, якія дзейнічалі ў горадзе ў гады вайны, пра жыцьцё ў Нарвэгіі, Швэцыі, Германіі ў 42-44 гадох. Мае бацькі любілі слухаць радыё “Свабода”, “Голас Амэрыкі” і г.д., і калі ў 10 год для мяне галоўнай падзеяй было ўступленьне ў піянэры, то к 13 гадам, наслухаўшыся ўсіх гэтых “галасоў”, я была ўжо “вельмі дасьведчанай у палітычных пытаньнях” дзяўчынкай. У падлеткавым узросьце мы ставіліся да ўсяго скептычна і нават цынічна, і пры першых гуках гімну не “уставалі на зважай”, а сьмяяліся. На дэманстрацыях прыдумвалі непрыстойныя лёзунгі і “жаданьня зьдзяйсьняць подзьвігі” у нас яўна не было. Бацькі прывучалі нас прыстасоўвацца да жыцьцёвых абставінаў і пабольш маўчаць, а “не ляпаць языком”, бо вельмі баяліся вяртаньня сталінскіх часоў. У той жа час яны імкнуліся зрабіць прыгожым і шчасьлівым спачатку сваё, а потым і нашае жыцьцё - з дапамогаю кніг, вандровак, “прэстыжнай” адукацыі і “прэстыжнай” працы. Нас навучалі выглядаць “прыстойнымі савецкімі людзьмі”, пры гэтым даючы зразумець, што ніхто ня зможа ўлезьці нам у душу і кіраваць нашымі думкамі, калі мы самі гэтага не дапусьцім. Але ж ні мы, ні нашыя бацькі нават у самых сьмелых думках не маглі ўявіць сабе, што СССР так хутка “лясьнецца”, і 19 лютага 1989 году мы з татам будзем удзельнічаць у мітынгу на стадыёне “Дынама”, слухаць натхнёную прамову Зянона Пазьняка і размаўляць па-беларуску.

Мы не былі матар’ялістамі, бо верылі ў чорта і баяліся паверыць у Бога. Мне было вельмі цяжка прымаць хрост у 1990 годзе. Я больш году рыхтавалася да яго, ледзьве не напамяць завучваючы горы літаратуры і змагаючыся з думкаю, што калі ў душы не было Бога, то магчыма там пасяліўся чорт, якога “ня трэба чапаць, каб не было горш”. Але ж польскі ксёндз аказаўся вельмі дасьведчаным і мудрым чалавекам. Пасьля хросту ў мяне нібыта вырасьлі анёльскія крылы, і ў той момант мне здавалася, што і я сама і увесь сьвет зьмяніліся назаўсёды.

Вы пішаце, што ў горадзе шмат моладзі. Гэта сапраўды так, і гэта асабліва заўважна ў выхадныя і сьвяточныя дні, бо большая частка тых, каму “ўжо за трыццаць”, знаходзяцца ў гэты час у вёсках ды на лецішчах, альбо сядзяць у хаце і ўжо даўно ня лічаць сябе маладымі. Хіба гэта добра?

Вельмі доўгі атрымаўся ліст… :) У “Нашай Ніве” напісалі, што Вас перавялі працаваць на лесапавал. Вы абавязаны выходзіць на працу ў такія моцныя маразы? Ці трэба вам выконваць нормы (плян)? Ці можаце Вы пайсьці на бальнічны?
Жадаю Вам хутчэйшага вяртаньня ў Менск. Добрых слоў не кажу, каб Вам не рабілася няёмка. Перадавайце прывітаньне кату.
Да пабачэньня. 23 студзеня 2006г. Марына
***
Добры дзень, Марына!
Дзякуй вялікі Вам за грунтоўны ліст. Было вельмі цікава даведацца пра Ваш лёс, Вашу рэакцыю на кнігу “Пакаленьне Маладога Фронту”.

Вы, пэўна, заўважылі, што кніга мае яўную агітацыйную скіраванасьць. Так, пісалася гэта і як рэкляма Маладога Фронту, і як своеасаблівая справаздача за гады майго старшынства. Таму прашу не судзіць надта строга – у падобных “мабілізацыйных” кніжках паводле вызначэньня бракуе адстароненага пагляду й крытычнага аналізу. Жанр такі. У гэтым сэнсе больш аб’ектыўная “Нацыянальная ідэя”.

Да Вашых пытаньняў. У самыя моцныя маразы (калі ў лесе было да -37) спыніўся транспарт; таму лесапункт пару дзён не працаваў. Выкананьне пляну – перадумова заробку хаця б 100 USD за месяц (невыкананьне – заробак звычайна 30-70 USD). Наконт бальнічнага – дзякуй Богу, апрача прастуды, тут не хварэў.

Прывітаньне Партызану перадаю. Ён у адказ задаволена муркае – маўляў, як жа, не забываюцца.

Зычу Вам волі, трываласьці і, самае галоўнае, веры – бо, як вядома, Мацьвея 17:20! (...Бо запраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру, як гарчычнае зерне, і скажаце гарэ гэтай: перайдзі адгэтуль туды, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчыма для вас.)
З удзячнасьцю і павагай. Павал Севярынец, в.Малое Сітна

четверг, 11 марта 2010 г.

"Здесь свои идеалы оставляют потомкам"

"... Нам партия – мать,

Комсомол – наш отец.

Нука, ты, стоять!

Хорошо, молодец!.."


Ліставаньне з Паўлам Севярынцам. Пытаньні рэлігіі.

Дарагі Павал, зь цікавасьцю наведала Ваш сайт. Асабліва спадабаліся онлайн-канфэрэнцыя на радыё Свабода і “Гасьцёўня”. Думаю, што нікога з наведвальнікаў сайту не пакінула абыякавым вельмі актуальнае пытаньне наконт Вашага стаўленьня да бляндынак і брунэтак. Спадзяюся, што Ваш адказ на яго прымусіў паненак, зьнешнасьць якіх не адпавядае вобразу ідэальнай беларускі, тэрмінова прывесьці сябе ў парадак, узяўшы за прыклад хоць бы ўсім вядомую сьпявачку Шакіру, своечасова зразумеўшую ўсе перавагі сьветлага колеру валасоў… :)

Далей буду сур’ёзнай. Па-вашаму, ўсе пытаньні духу на 100% трэба аддаваць Богу. У такім выпадку навошта шкадаваць людзей, якія яшчэ не прыйшлі да Хрыста, але з’яўляюцца мусульманамі, крышнаітамі ці юдэямі і так сама, як і мы, вераць у адзінага Бога? Яны знайшлі свой шлях да Бога, і я ня думаю, што Ён любіць іх меньш, чым нас, хрысьціянаў. Будзе вельмі сумна, калі працэс глябалізацыі эканомікі, культуры і т.д. стане незваротным і “плянэта людзей” ператворыцца ў плянэту істотаў з аднолькавымі перакананьнямі, прадказальнымі ўчынкамі, адзеньнем унісэкс і агульнай мовай. Самі ж кажаце, што “у духовым жыцьці кан’юктурыць вельмі небяспечна”.

Вы пішаце, што з 2003 году ходзіце ў праваслаўную царкву. А да гэтага часу Вы былі хрышчоным, ці не? (Прабачце, калі гэта пытаньне выглядае неэтычным. Вам не абавязкова адказваць на яго).

Калі ласка, не шчыруйце занадта на лесапавале. Пакіньце што-небудзь тым, хто сапраўды заслугоўвае такой працы ў лесе. Хацелалася б даведацца, ці абавязаны Вы захоўваць распарадак дня? Ці маеце магчымасьць глядзець тэлевізар, слухаць радыё, спакойна адпачыць, заняцца выхаваньнем Партызана? Спадзяюся, Вы праводзіце тлумачальную работу з катом і ён у Вас “палітычна адукаваны і маральна ўстойлівы”?:)

Ваша вера, адкрытасьць, упэўненасьць у сваім пакліканьні зачароўваюць. Яны абавязкова прывядуць Вас да Перамогі.
Усяго найлепшага.
20 лютага 2006г.Марына
***
Дарагая Марына!
Дзякуй Вам вялікі за ліст, водгукі пра сайт і добрыя словы ўвогуле.
Адказваю на Вашыя пытаньні.

1. “Навошта шкадаваць мусульманаў, крышнаітаў, юдэяў?” Вы справядліва заўважаеце, што веруючыя ў Бога валодаюць пэўным разуменьнем ісьціны, і, хай сабе інтуітыўна, але набліжаюцца да Найвышняга. Праўда, крышнаіты – шматбожнікі, а вось мусульмане і юдэі ў параўнаньні з паганцамі і праўда ў пэўнае ступені нам браты. Чаму толькі ў пэўнае ступені? Таму што ў Бібліі прыведзеныя ясныя, недвухсэнсоўныя словы Ісуса Хрыста пра дарогу да Бога. Прачытайце Яна 14:6! (Ісус сказаў яму: Я і дарога, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзе да Айца, калі не цераз Мяне). Пасьлядоўнасьць: атэізм – паганства розных гатункаў – юдаізм – мусульманства – хрысьціянства, ёсьць шляхам вяртаньня чалавецтва да Бога, а
хрысьціяне ў параўнаньні зь іншымі валодаюць поўнай ісьцінай. Адсюль маё шкадаваньне ў дачыненьні да вернікаў іншых рэлігіяў як тых, хто ня мае паўнаты адкрыцьця, ня верыць у Ісуса Хрыста як Бога і, сьледна, можа праз гэта загінуць у пекле. Вось, разгарніце Біблію на І Цімафея 2:5 (Бо Бог адзін і адзін пасярэднік між Богам і людзьмі – чалавек Хрыстос Ісус, што аддаў Сябе дзеля адкупленьня ўсіх.) А потым паглядзіце І Яна 4:15 (Хто вызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым прабывае Бог, і ён у Богу.) Бачыце? Нарэшце, адчыніце Мацьвея 12:30 (Хто не са Мною, той проці Мяне; і хто не зьбірае са Мною, той марна траціць.) Хто не з Хрыстом, той супраць Хрыста. Ясьней яснага. Такім чынам, што рабіць мусульманам і юдэям? Адказ у Дзеях 2:38 (Пётр жа сказаў да іх: Пакайцеся, ды няхай кожны з вас ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня грахоў; і вазьмеце дар Духа Сьвятога.)

Разумею, што Вас хвалюе разнастайнасьць чалавецтва. Што ж, зьвярніце ўвагу на шматаблічнасьць хрысьціянскіх канфэсіяў і дэнамінацыяў. Тут адрозьненьняў часам нават больш чым трэба – пачытайце хаця б Яна 17:21-23! (Няхай будуць усе адно: як Ты, Айцец, ува мне, і Я ў Табе, так і яны няхай будуць адно, каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як Мы адно. Я ў іх, і Ты ўва Мне; каб былі злучаны ў адно, і няхай пазнае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.)
Маеце рацыю, Бог любіць іх ня менш, чым нас – бо ўсе мы Ягоныя стварэньні. Але Бог ніколі нікога ня робіць шчасьлівым гвалтам: у чалавека ёсьць вольная воля. Больш падрабязна пра гэта пішуць Ян Павал ІІ, праваслаўны Аляксандар Мень, пратэстант Райл.

2.”Ці быў я хрышчаны да 2003 году?” Пакаяўся ў 1998-м, некалькі гадоў наведваў і касьцёлы, і пратэстанцкія грамады, і вуніятаў, і праваслаўных; праходзіў шлях духовага кшталтаваньня. У 2001-м быў хрышчаны ў праваслаўе, з 2003г. штот
ыдня наведваў царкву, з восені 2005-га ў сілу вядомых прычынаў – штомесяц.

3.”Распарадак дня і г.д.” Пісаў пра гэта ў апошніх “Лістах зь лесу”. Тэлевізар невялічкі, чорна-белы, увечары гляджу навіны. Адпачыць – мая мара. Партызан ужо даволі выхаваны кот; курс маладога байца для яго заняў месяцы тры. Ягоная маральная ўстойлівасьць… У сакавіку пабачым.

Зычу Вам, Марына, волі, веры і Божага дабраславеньня.
З удзячнасьцю і павагай. Павал Севярынец, в.Малое Сітна, 01.03.2006г.