На сьмерць Кунцэвіча – сябры. (Казімер Сваяк. Дзея маей мысьлі, сэрца і волі).
Мой Мікалайка! Даўно ж гэта было, калі мы ў садзе, змовіўшы пацеры, глядзелі на неба, усыпанае зорамі. Месяц зважны, задуманы, бледы выплываў з-за хмараў. Ён на цябе глянуў вокам трывожным, казаў бы, таіў нешта сумнае: можа сказаць хацеў, што ты ўжо нядоўга будзеш жыхаром гэтага сьвету… З паўночы павеяў север востры. Мне здалося, што ты задрыжэў на ўсім целе. Ты глянуў у неба вокам бліскучым і, ўспомніўшы, што яно “поўна хвалы Божай”, пачаў мне расказаваць аб яго сялянцах…
Блыск урочлівы сплываў з прастораў на зямлю. Гарод у зелені дрэваў, між муроў даўней кляшторных, быў ціхі і тайнічны. Здалёку толькі, калі-некалі далятаў шум места. Нястройныя нейкія галасы данасіліся да нас – абарваныя, блудныя. Фальшывае якоесь сьвятло заглядала да нас з-за дамоў ночнай Садомы і Гаморы. І з таго хаосу вырываўся і далятаў да маёй душы стогн якісь глухі, шэпт жалосны, плач дзіцяці ўбогага, - хліп стрыманы душы на малітве, шэпт нікому нязнаны, што ў схове ад сьвету выліваў чуцьцё свайго болю прад Творцам усесьвету… Далёка негдзе гудзела музыка скочная, пякельная, а ад яе ў фалях паветра круціліся цені разбаўленых буржуёў і куртызан распусных… Мы падышлі да муру касьцёла. Праз закратаванае ваконца відаць было малое сьвятло. Яно лыпала і дрыжэла прад аўтарам Усёмоцнага…
Чаму-ж на добрым твары тваім, мой браце, сумнасьць глыбокая палажыла свой одціск? Ці пры аднэй мысьлі аб зманнасьці шалёнага сьвету забалела сэрца тваё? Можа ты прасіў тады Бога жыцьця і сьмерці, каб Ён увольніў цябе ад змаганьня з ураеньнем і фальшам? Можа думаў, што там у Бога болей зробіш праз сваю малітву, як на гэтай даліне сьлёзаў і плачу?..
Богу спадабалася твая ціхая малітва. Ён узяў цябе, як краску маладую, сьвежую. На тым сьвеце, відаць, для цябе стасаўнейшае мейсца. Засеяў зерне хараства і праўды і пашоў прад трон Божы прасіць, каб меў літасьць над намі ў нядолі нашай…
Хоць пакінуў ты мяне, добры таварыш, ведаю аднак і чую, што дух твой ёсьць пры мне. Бог ужо не дазваляе відзецца нам вачамі цела, але душы нашы знаюцца і цяпер. Прашу цябе, пакінь мне дары душы тваёй: каб я мог Богу верыць, як ты; каб мілым быць усім; каб мець глыбокі характар, як твой – мой наймілейшы…
Комментариев нет:
Отправить комментарий