Не скажу, каб мяне занадта хвалявала гэтая тэма. Але…
Я нарадзілася праз 20 гадоў пасьля заканчэньня вайны, але нават і цяпер мне час ад часу сьняцца сны, у якіх самалёты са свастыкай лятаюць над Менскам і скідваюць на горад бомбы… Рэха мінулага, на жаль, не пакідае ў супакоі ня толькі тых, хто жыў ў тыя часы, але і іхніх “ні ў чым ні вінаватых” нашчадкаў…
Сваякі калісьці распавядалі, як уцякалі ў 41-м зь Менску камуністычныя ды эНКаВэДэшныя начальнікі – яны і фікусы свае пасьпелі вывезьці, і піяніна, і коцікаў з птушачкамі ды сабачкамі. А для звычайных людзей і іхных дзяцей месцаў на тых “павозках”, на жаль, не знайшлося… А потым НКВД дапытвалася, чым гэтыя людзі займаліся на акупаванай тэрыторыі. Але іх чамусьці абсалютна не цікавіла, а як жа чалавек мог пакінуць тую “тэрыторыю”, калі ягонае мейсца ў машыне заняў чыйсьці “прывілеяваны” коцік ці фікус. Бабця, калі распавядала пра немцаў, якія кватаравалі ў ейным менскім доме (цікава, а як бы яна магла іх туды не пусьціць?) , дык казала, што тыя безь яе дазволу нічога не чапалі, за пражываньне разьлічваліся ды яшчэ і падарункі калі-нікалі зь Нямеччыны прывозілі. Менскія дзеткі мелі тады магчымасьць наведваць беларускамоўную школу. А потым, у 44-м, прыйшлі “партызаны”, распалілі вогнішча ў бабулінай пуні, і тая ледзьве не згарэла разам з плотам, хатай ды самой бабуляй. Дзядулю, які быў інжынэрам і будаваў у Менску масты, адправілі ў 44-м на фронт. Просты чалавек хацеў проста жыць разам са сваёй працавітаю жонкай і прыгажуняй дачушкаю, а яго, як і шматлікіх іншых беларускіх мужчынаў, адправілі на верную сьмерць. Бо ён нават ня ведаў, як трэба ружжо трымаць, і празь некалькі дзён загінуў. Праўда, у даведцы не напісана, што загінуў, а напісана, што “пропал без весті”. Таму я маю надзею, што ён тады выжыў. А памёр мо’ ва ўзросьце 90-95 гадоў дзе-небудзь у Нямеччыне, Ангельшчыне, ці іншай краіне.
А цёця нядаўна ўвогуле жахлівую гісторыю распавяла. Яна разам зь іншымі мінчанамі езьдзіла падчас вайны ў Заходнюю Беларусь, каб раздабыць там крыху прадуктаў. Яе мама шыла спадніцы, кашулі ды сукенкі, а цёця мяняла іх на яйкі, хлеб, масла і г.д Дык вось падчас такіх паездак месцаў у вагонах цягніка хапала толькі немцам, а беларусам дазвалялася ехаць на спэцыяльнай плятформе, якую чаплялі наперадзе цягніка. І рабілі гэта немцы дзеля таго, каб на тых мінах (ці што там было?), што падклалі пад рэйкі “партызаны”, падарваліся не яны, але беларусы… Дык хто ж супраць каго тады ваяваў???
Спадзяюся, што душы ахвяраў і катаў ужо знайшлі ў Небе спакой, бо Пан Бог не такі, як мы. Ён міласэрны…
Комментариев нет:
Отправить комментарий