среда, 10 марта 2010 г.

Ліставаньне з Паўлам Севярынцам. Сакавік - 2006

Дарагі Павал, віншую Вас і асабліва Вашага Партызана з надыходам вясны. За вокнамі ўжо дзясяты дзень кіруе птушыным хорам сакавік, а Сьвяты Валянцін нават і ня думае сыходзіць з паштовых капэртаў.

Менск прачнуўся, заварушыліся ягоныя жыхары. Моладзь гойсае туды-сюды з налепкамі і ўлёткамі, часьцей можна пачуць нашую мову на вуліцах і ў транспарце. У нядзелю нават дзеткі ў парку побач з маім домам весела абвяшчалі
: “Жыве Беларусь!”.


Інжынэр Алесь з нашай “Беласьнежкі і сямі гномаў” (я так называю фірму, на якой працую:) кожную пятніцу абавязкова наведвае сядзібу БНФ, набывае газэты і ўлёткі ды накіроўваецца ў вёску “праводзіць тлумачальную работу сярод насельніцтва”. Я таксама цягну тое-сёе з БНФ у родны пад’езд. Пляменьнік зьбіраецца фарбаваць намёт у сіні колер, а мне для стварэньня адпаведнага вобразу засталося толькі набыць сінія мантузкі. Нават братава жонка, якая раней нічым такім не цікавілася, пабегла 2 сакавіка на плошчу Свабоды, а потым з захапленьнем распавядала, што зьблізку бачыла Мілінкевіча, і ён вельмі ёй спадабаўся.


Мне з таго вечара запомніліся выпадкова пачутыя размовы па мабільніках: “Ты што, ня ведаеш, што ў краіне адбываецца?”, “Ды я ў цэнтры падзей, на Машэрава!”, “Хутчэй прыходзь, тут такое робіцца...” і г.д. Было заўважна, што большасьць з прысутных на плошчы людзей не зьяўляюцца сябрамі якіх-небудзь партыяў і арганізацыяў. Людзі прыйшлі, таму што ў іх зьявілася надзея і яны паверылі, што Беларусь жыве і будзе жыць і да 19 і пасьля 19 сакавіка.

А які ў Вас, Павал, настрой? Як Вы пачуваецеся? Ці хапае Вам тых грошай, якія Вы зарабляеце на лесанарыхтоўцы? Ці ёсьць у Вас што паесьці?


Вы маеце здольнасьць натхняць людзей на актыўныя дзеяньні і добрыя ўчынкі. Дзякуючы Вашым лістам, кнігам і г.д. (хоць і не з усім, пра што Вы пішаце, магу пагадзіцца) я часьцей зазіраю ў Новы Запавет, кожную нядзелю наведваю Касьцёл. Абавязкова, пачынаючы зь сёньняшняга дня, буду маліцца за Беларусь штопятніцы а 20-00. А Вас, Павал, вельмі папрашу памаліцца за мяне, бо такой моцнай веры ў Бога, як у Вас, я ўжо даўно не сустракаю ў іншых людзях.


Усяго Вам найлепшага і да пабачэньня.

10 сакавіка 2006г. Марына


***
Дарагая Марына!
Дзякуй вялікі за ліст і добрыя словы.


Ежы і заробку тут хапае, так што падчас адпачынкаў сёе-тое даводзіцца нават адвозіць бацькам.


Вы, пэўна, знаёмыя з
NN – я ведаю яго некалькі гадоў па Маладым Фронце. Шчыра скажу, і там ён паводзіў сябе дзіўнавата, і тут, прыехаўшы, чамусьці пачаў ганіць Джорджа Буша (?..) ды абрынуўся на мяне за словы аб тым, што Буш – хрысьціянін. (Чыстая праўда, Буш – вернік мэтадысцкае царквы, адстойвае хрысьціянскія каштоўнасьці ў амэрыканскае палітыцы, а галоўныя ягоныя выбаршчыкі – менавіта хрысьціяне ЗША).

Навіны ў Малым Сітне ўсё больш выбарчыя. За 2,5 дні датэрміновага галасаваньня “прагаласіла” 96 чалавек з 421. Да мяне прыставілі ганаровую варту – двох апэратыўнікаў з камэндатуры, пад канвоем якіх даводзіцца хадзіць паўсюль. Усе чакаем 19-га.


Настрой, Марына, бадзёры. Малюся. Пасьля Вашае просьбы – абавязкова і таксама за Вас.

Зычу Вам волі, веры і Божае ласкі. Няхай не сумняваецца сэрца вашае – Яна 14:1! (
Няхай не сумняваецца сэрца вашае; веруйце ў Бога і веруйце ў Мяне.)

З удзячнасьцю й павагай. Павал Севярынец. 18.03.2006г.

8 сакавіка, дзядок-фашыст :) і дыскрымінацыя па полавай прыналежнасьці

У той час, як увесь беларускі народ весяліўся з нагоды Міжнароднага дня жанчынаў, Легіён вырашыў накіраваць нас зь сястрой на заданьне ў бальніцу – напэўна дзеля таго, каб у нас ня ўзьнікла спакусы адсьвяткаваць ня тое, што трэба. У першай жа палаце нас сустрэў вельмі суровы дзядок, які сказаў: “Ой, ну неужели ЖЕНЩИНЫ могут рассказать мне что-то интересное про Бога?Мы зь сястрой пастараліся не зьвяртаць увагі на абразу і прапанавалі дзядку, каб ён распавёў крыху пра сябе. А дзядок сказаў: “Я ўсё ведаю нашмат лепей за вас, бо падчас вайны жыў ва Ўкраіне і вучыўся ў школе, якую адчынілі немцы. Дык там выкладалі Закон Божы, і ўсе школьнікі наведвалі царкву... А за саветамі ўсё гэта “накрылася”… А вы ідзіце лепей жанчынам прапаведуйце…”

Пасьля дзядка мы сапраўды патрапілі ў палату, у якой ляжалі пяць цудоўных жанчынаў. Было шмат пытаньняў і шмат адказаў. І Дух Сьвяты нас зь сястрой так тады натхніў, што мы, напэўна, здолелі б выступіць нават перад шматтысячнай аўдыторыяй… :)

Мы пакідалі бальніцу, калі было ўжо даволі позна. А да прыёмнага аддзяленьня ўсё пад’яжджалі ды пад’яжджалі машыны хуткай дапамогі, зь якіх выводзілі вось такіх во мужчынаў разам зь іх сябрамі ды сяброўкамі. Адзін зь іх нават пачаў ламіцца ў кабінку прыбіральні (ён вырашыў, што гэта тэлефонная будка) і патрабаваць, каб яму далі магчымасьць патэлефанаваць у міліцыю… Але, затое, народ цудоўна павесяліўся і людзям хоць будзе што ўспомніць…

вторник, 9 марта 2010 г.

“Лясныя” лісты Паўла Севярынца

Па шматлікіх просьбах панства ды спадарства, а таксама з дазволу спадара Паўла, буду паціху выкладваць у ЖЖ некаторыя ягоныя “лясныя” лісты.
***
Вось жа як дзіўна бывае… Памятаю, як я адкрыла “Нашу Ніву” і ўбачыла там артыкул пра Паўла зь ягонымі фотаздымкамі… Я нават ня ведала толкам, хто гэта… І раздражнёна прамовіла: “Да-ста-а-а-лі-і…” А “НН” усё “капала” ды “капала” людзям на мазгі, заклікаючы кожнага прыстойнага чалавека абавязкова даслаць ліст палітвязьню… Спачатку мяне хапіла толькі на віншавальную паштоўку… Павал таксама адказаў паштоўкай. Тады я напісала ліст… Ад рукі… У ім я пыталася ў Паўла пра палітыку, псыхалёгію, ката Партызана… І атрымала такі вось адказ:

Дарагая Марына!

Дзякуй Вам вялікі за ліст і добрыя словы – настолькі добрыя, што мне нават няёмка.

Напэўна, Вы будзеце расчараваныя – я таксама не аматар палітыкі: прымушаюць абставіны. Шчыра кажучы, калі б не рэжым і цяперашні стан Беларусі, займаўся б сабе пісьменьніцтвам ды публіцыстыкай, ды зьбіраў бы камяні (паводле ўнівэрсытэцкай спэцыяльнасьці я геоляг-разьведчык). Але Бог кліча адказваць на пытаньне: “Хто, калі ня мы?..”
Што да псыхалёгіі – з гэтым згодны, вельмі важна. Чытаў грунтоўны падручнік Майерса (выпушчаны фондам “Адкрытае грамадзтва” па-беларуску ў пачатку 90-х), “Псыхалёгію масаў” кагосьці з расейскіх аўтараў, клясыкаў кшталту Юнга. Перакананы, што найлепшы ў сьвеце падручнік па псыхалёгіі, у тым ліку і масавай – гэта Біблія. Аляксандар Рыгоравіч можа тлуміць галовы бедным беларусам роўна да тае пары, пакуль за нашыя нацыянальныя грахі гэта дапускае Госпад. Ключ да палітычнага абуджэньня – абуджэньне духовае: вера, пакаяньне, хрысьціянскі ўздым.

Здароўе – дзякуй Богу. Накачваю мышцы на лесанарыхтоўцы. Сьвежае паветра, прырода вакол… Кот таксама пачуваецца няблага: прынамсі, есьць заўсёды з апэтытам і сабакаў (калі ня зграя) не баіцца.

Што прынясе беларусам вясна? Выпрабаваньне. Калі мы здольныя мабілізаваць у грамадзтве веру – пераможам. Бо – Мацьвея 9:29 (Тады Ён дакрануўся да вачэй іх і сказаў: няхай паводле веры вашае станецца вам. І расчыніліся вочы іх.) і там жа 17:20 (Ісус жа сказаў ім:…запраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру, як гарчычнае зерне, і скажаце гарэ гэтай: перайдзі адгэтуль туды, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчыма для вас)!

З удзячнасьцю і павагай. Павал Севярынец. 07.01.2006г.

Вершы Ірыны Бурак

***
Нястомна шукаць Цябе, Божа,
як ранкам адшукваюць вочы іскрынкі расы,
і знаходзіць ва ўсім,
што мяне акружае.
І ў позірку сьветлым,
напоўненым ласкай,
і ў лаянцы грубай
зьнямоглага ўшчэнт чалавека...
І піць з тых расінак Любоў Тваю, Пане,
і ў век не спатоліць той смагі...

***
Дзе я? Недзе на краі сусьвету,
на мяжы трывожнай дня і ночы,
там, дзе неба сходзіцца зь зямлёю
і ў балючы згустак зьліты цьвердзь зямная і вада.
Але Бог не пакідае, не - Ён побач,
проста Ён накрыў мяне сваёй далоньню...

***
Гэтай ноччу разьдзеліся клёны,
I з каштанаў зьляцелі лісты...
Ды ня шлюць яны небу праклёнаў -
Навучыся пакорнасьці й ты!

понедельник, 8 марта 2010 г.

Лісты Паўла Севярынца зь “хіміі” і 8 сакавіка :)

Учора вось тут мы крыху абмяркоўвалі асобу Паўла Севярынца і ягоную “Нацыянальную ідэю”. А сёньня, каб тое-сёе ўзгадаць, залезла я ў папку зь ягонымі лістамі… Ой… Ну хоць ты садзіся ды кнігу пішы аб гэтым цудоўным ліставаньні… :)

Дык вось, спадар sjava_87 учора напісаў, што яму не падабаецца “засільле веры” ў “Нацыянальнай ідэі”. І што твор напісаны “вельмі патасна”. Калісьці Паўла крытыкаваў за гэта і брат-дамініканец Пётра Рудкоўскі. Я спытала тады, як Павал ставіцца да такой крытыкі. І вось што ён адказаў: “Заўвага Рудкоўскага спрэчная... Адносна ўсё. У нашым беларускім жыцьці хрысьціянства і Хрыста яўна не стае! Вось і выснова: трэба больш. Можа ў зваротах Папы Рымскага ці Мітрапаліта Філарэта замнога “рэлігійнасьці”? У прозе Сянкевіча?.. У паэзіі Мільтана - ?.. “Хто Мяне пасароміцца на зямлі – кажа Сын Божы – таго і Бог пасароміцца на Нябёсах.”
***
А з 8 сакавіка нехарашо тады атрымалася… Я ўжо даўна не сьвяткую гэты дзень (але ад падарункаў ніколі не адмаўляюся, і за ўсе віншаваньні вельмі-вельмі ўсім дзякую:). Дык вось, якраз перад гэтай датаю мне трэба было даслаць Паўлу ліст. А на пошце ўсе капэрты, як назло, аказаліся ўпрыгожанымі “сьвяточнай” атрыбутыкай. Ну, думаю, мо’ не заўважыць чалавек… А чалавек усё ж такі заўважыў і напісаў: “Спачатку не зьбіраўся Вас віншаваць з 8 сакавіка, але як што на Вашай капэрце дзіцё Клары Цэткін (Ці Розы Люксэмбург ?) рэклямуецца, вырашыў, што Вы – такі сьвяткуеце. То віншую Вас… “
***
Вось так… Ніякіх 8-х сакавікоў!!! (А толькі 25-я ;) Бо партыйны бос не ўхваляе. Дый ксёндз таксама… Пайду лепей палегіянэру… Бо хто, калі не я?.. :)

суббота, 6 марта 2010 г.

Мсьціслаўе

На 1-м і 2-м фотаздымках - даволі змрочная карціна беларускага мастака Андрэя Мірскага з выяваю Мсьціслаўскага касьцёла Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, пабудаванага кармелітамі ў 1637–1638 гадох і рэканструяванага ў ХVIII стагодзьдзі. Карціна напісана ў 1991 годзе. Касьцёл яшчэ ў занядбаньні, без крыжоў, над ягонымі купаламі кружляе неўгамоннае вараньнё.
На 3-м фотаздымку - так касьцёл выглядае цяпер.
Карціна гэтая даволі вялікая. Яна вісіць у мяне над канапаю, і калі я кладуся спаць - апынаецца прама ў мяне над галавой. А ўначы, калі я прачынаюся - бачу, як яна паціху апускаецца ўсё ніжэй ды ніжэй, але, як толькі заўважае, што я ўжо расплюшчыла вочы - тут жа вяртаецца на месца. І так паўтараецца кожны раз... Можа яна хоча мне нешта сказаць?.. А можа кліча мяне ў Мсьціслаўе?..
А іншыя карціны вісяць на сваіх месцах абсалютна нерухома... :)


Сьвяты Францішак і грэшнікі

Аднойчы багаслоў - дамініканец спытаў у сьвятога Францішка, ці мусіць ён асуджаць, ганіць і рабіць заўвагі некаторым грэшнікам, бо Іезекіль кажа, што той, хто не адкрывае бязбожніку вочы на яго беззаконьні, сам будзе адказваць за ягоную душу. Сьвяты Францішак спачатку пакорна папрасіў прабачэньня за сваё невуцтва, але, калі багаслоў пачаў настойваць, адказаў: “Калі шукаць агульны сэнс гэтага ўрыўку, то я разумею, што слуга Божы павінен палаць і зьзяць сваім жыцьцём і сьвятасьцю, каб сьвятлом прыкладу і словамі сьвятой размовы выкрыць усіх, хто ўпарціцца ў зьле. І вось, яго зьзяньне і зьзяньне ягонай славы, адкрыюць усім іх беззаконьні”. У гэтым адказе – чалавечнасьць сьвятога, які ставіць сябе ніжэй за ўсіх і аддае перавагу справам, а не словам. У ім жа – і прыродная дабрыня, якая працівіцца ўсяму, што можа зьняважыць і пакрыўдзіць іншага чалавека...

пятница, 5 марта 2010 г.

Ідылія

На мінулым легіянэрскім заданьні зайшлі мы зь сястрой у бальнічную палату і ўбачылі там сапраўдную ідылію. У палаце было трое мужчынаў. Адзін зь іх (як потым высьветлілася – праваслаўны) чытаў уголас кнігу пробашча Чырвонага Касьцёла Ўладзіслава Завальнюка "Не хлебом единым", а двое другіх (праваслаўны і каталік) уважліва яго слухалі. А на стале ляжаў томік вершаў Рыгора Барадуліна…

Мы пачалі знаёміцца. Аказалася, што мужчына з кнігай – вядомы беларускі альпініст і найлепшы сябра ксяндза Ўладзіслава. А завуць яго Ігар Герасімовіч. Вось тут можна прачытаць пра тое, як ён штурмаваў са сваімі сябрамі Арарат, а тут – пра водную пілігрымку Вільня-Вілейка-Будслаў-2007, у якой ён таксама браў удзел. Тады ў Будслаў была прывезеная копія абраза Маці Божай Будслаўскай, якая пабывала разам зь беларускімі альпіністамі на Гімалаях і дабраславіла ўвесь сьвет, а таксама двухмэтровы сасновы крыж, выраблены зь бервяна, якое ў 1507 годзе было сплаўлена па Вяльлі з Будслава ў Вільню і ў выглядзе 12-мэтровага бруса 500 гадоў трывала ў сьценах Віленскага касьцёла бернардынцаў.

Другі мужчына – каталік, Канстанцін Камінскі, распавёў нам пра свайго пляменьніка – ксяндза. А трэці – праваслаўны, Стэфан Бакуновіч, сказаў, што вельмі добра ставіцца да каталікоў. Вось як бывае…

А яшчэ нас зь сястрой папрасілі пакінуць аўтографы ў кнізе Ўладзіслава Завальнюка – прама пад ягоным подпісам… :)

На разьвітаньне мы пажадалі ўсім нашым суразмоўцам хутчэйшага выздараўленьня, а на легіянэрскім паседжаньні шчыра за іх памаліліся.

***
Пан Бог заўважыў нашую зь сястрой моцную стомленасьць, а таксама ўпадак нашых духоўных і фізычных сілаў, і вырашыў накіраваць нас да тых людзей, якія сумелі нас падбадзёрыць і натхніць на новыя легіянэрскія подзьвігі… :)
***
І
яшчэ адзін артыкул пра спадара Ігара і ягоных сяброў.

четверг, 4 марта 2010 г.

***

Бабулінага брата таксама Казімірам звалі... Быў польскім шпіёнам пры Сталіне...

среда, 3 марта 2010 г.

Заўтра - Kaziukas :)

На фотаздымку - віленскі гліняны званочак-Казюкас са сьвята 1993 году.

Спадар suziralnik напісаў вось тут :

"1993 год... Не запоўніўся ніякай падзеяй, аднак тым асаблівым уражаньем, што нібы вясна была працягам у некалькі гадоў. Цікавы быў час, векапомны. Заўжды з асаблівым пачуцьцем пераглядаю адраджэнскія [у шырокім сэнсе] артыфакты з таго часу. Бо яны ёсьць матэрыяльнымі здабыткамі, сьведкамі натхненьня, веры і надзеі: ды гэтак маюць якасьць свайго роду духоўных рэліквіяў. Для тых, каго закранула :)"

А я напісала, што для мяне вясна пачалася ў 1988 годзе. А цяпер вось успомніла, што тая, ў 1993-м, была сапраўды незвычайнаю...

4 сакавіка... 1993 год... Вільня... Сонца... Сьвята... Музыка... Весялосьць... Сьвяты Казімір і... мы: я, Лена, Валера, Вітаўт... І ўсё-ўсё яшчэ нібыта наперадзе...
***
У майго Казюкаса зламалася гліняная ручка. Напэўна, ад старасьці...
***
А нас тады сапраўды "закранула"... Вельмі моцна... :)

Сьвяты Казімір

Дзень сьвятога Казіміра – апекуна Беларусі, Літвы і Польшчы, і апекуна моладзі, прыпадае на 4 сакавіка. Сьвяты Казімір зьяўляецца адным з галоўных патронаў сьвятой цноты чыстасьці. Ён быў сынам Казіміра ІІІ – караля Польскага і вялікага князя Літоўскага, і Альжбеты Аўстрыйскай, дачкі цэсара Альберта ІІ. Нарадзіўся ў Кракаве 5 кастрычніка 1458 года і ўжо ў дзіцячыя гады атрымаў пабожнае выхаваньне. З маленства пазьбягаў забаў, якімі захаплялася тагачасная моладзь. Найвышэйшай уцехай былі для яго доўгія гадзіны, праведзеныя ў малітвах. У цішыні касьцёла, укленчыўшы перад укрыжаваным Езусам Хрыстом, ён разважаў аб пакутах, якія прыняў на Сябе Сын Божы дзеля збаўленьня людзей, і твар яго залівалі сьлёзы.

Зь вялікаю любоўю і пашанаю зьвяртаўся сьвяты Казімір у сваіх малітвах і да Маці Божай Найсьвяцейшай Панны Марыі, называючы яе сваёю найдаражэйшаю Маткаю. Звычайна негаваркі і нясьмелы, ён, як толькі заходзіла размова аб Нябеснай Каралеве, у палымяных прамовах выказваў свае пачуцьці, узрушаючы ды запальваючы любоўю нават самыя халодныя людзкія сэрцы. Пасьля яго застаўся цудоўны гімн, які пачынаецца словамі: “Пакуль жывы я – няхай Марыю штодня ўзьвялічвае душа...”. Паміраючы, ён прасіў, каб напісаны гімн быў пакладзены разам зь ім у труну. Праз 120 гадоў пасьля яго сьмерці, калі цела дасталі непарушаным, знайшлі і паперу зь песьняй, зусім не пашкоджаную, нібыта толькі што напісаную.

Сьвяты Казімір карыстаўся вялікай павагаю сярод людзей за любоў да ўбогіх і жабракоў. Ён быў для іх як бацька, дапамагаў ім шчодрымі міласьцінамі, стараючыся, каб дапамога даходзіла да самых аддаленых месцаў краіны. Дзьверы яго палаца былі заўсёды адчыненыя для бедных, якіх прымалі, як найдаражэйшых для каралевіча гасьцей. Апрача таго, наведваючы іх ва ўласных хатах, калі ляжалі хворымі, ён праводзіў каля іх ложкаў доўгія гадзіны, аддаючы свае паслугі.

Склаўшы шлюб чыстасьці, сьвяты Казімір пражыў у ёй аж да сьмерці. Доўгія дні пасьціўся, насіў пад княскім адзеньнем власяніцу, спаў толькі на голай зямлі, побач з багата засьцеленым ложкам. Часта ўначы абходзіў касьцёлы і неаднойчы сярод марознай зімы бачылі яго там перад зачыненымі дзьвярыма. Лежучы крыжам, ён складаў Богу свае малітвы. Спатыкалі яго таксама крочыўшым па сумётах босымі нагамі.

Калі яго старэйшы брат Уладзіслаў стаў каралём Чэскім, а самога Казіміра чакала Польская карона, ён сказаў: “Пан Бог стварыў мяне для іншага каралеўства, якое Хрыстос пакутамі ды цярпеньнем Сваім падрыхтаваў. Хопіць мне таго, абы над самім сабой і над сваімі благімі схільнасьцямі панам быць мог”. Аднак, шмат якія народы жадалі бачыць сьвятога Казіміра сваім каралём. Венгры ахвяравалі яму сваю карону і ўрэшце рэшт, па загаду бацькі, ён быў вымушаны прыняць яе. Але непакоіла яго сумленьне, бо павінен быў удзельнічаць у вайне, якую не ўхваляў Папа Рымскі Сыкстус IV, таму што бачыў у ёй шкоду для хрысьціянства. Таму ў хуткім часе Казімір вярнуўся ў Кракаў. Тут споўнілася ягоная запаветная мара: ён цалкам мог прысьвяціць сваё жыцьцё служэньню Богу.

У 1484 годзе, прыбыўшы ў Гародню, затрымаўся там, бо быў ужо моцна хворы. Лекары даведаліся, што толькі шлюб можа ўратаваць маладога каралевіча ад непазьбежнай сьмерці. Але, памятаючы пра шлюб чыстасьці, учынены перад Богам, ён сказаў: “Ніколі не зраблю гэтага, бо паправіўшы такім чынам здароўе, назаўсёды страчу ласку Пана Бога”. У хуткім часе пайшоў ён да Неба, Крыж сьвяты да грудзей прыціскаючы ды разважаючы са сьлязамі на вачах аб пакутах Хрыстовых. Ён памёр у Гародні 4 сакавіка 1484 года, пражыўшы 25 гадоў. Труна зь целам сьвятога Казіміра да 1990 года знаходзілася ў Вільні ў касьцёле сьвятога Казіміра, а потым была перанесеная ў Кафэдральны касьцёл горада.

Штогод у дзень сьвятога Казіміра ў Вільні праходзіць прыгожае сьвята Kaziukas. На вуліцы выходзяць народныя ўмельцы, майстры, мастакі ды музыкі. Працуюць шматлікія кірмашы, на якіх вам абавязкова прапануюць адмыслова аздобленыя вербачкі, пернікі, а таксама гліняныя званочкі, зробленыя ў выглядзе маленькага сьвятога Kaziukasa.

Божа, Ты сярод каралеўскай раскошы і небясьпечнасьцяў сьвету сьвятога Казіміра сталасьцю ў цноце абдарыў. Просім, каб за яго заступніцтвам верныя Твае рэчамі зямнымі пагарджалі, а ўздыхалі заўсёды аб нябесных.

понедельник, 1 марта 2010 г.

Легіянэрскае… Альбо “Наша служба і опасна і трудна…”

Брат Генадзь разам з братам Іванам абыходзілі кватэры ў адным зь менскіх дамоў. Людзі ня надта жадалі адчыняць ім дзьверы, але, о шчасьце, раптам дзьверы адной з кватэраў ўсё ж такі адчыніліся і на парозе зьявіўся добра выпіўшы, але дрэнна закусіўшы мужчына. Браты патлумачылі яму, хто яны такія, і распавялі пра мэту свайго візыту. Мужчына ўважліва іх выслухаў, а потым сказаў:
- Мужики! Вы чё, ваабще абарзели?! Вы врываетесь ко мне в квартиру вдвоём, оба – в стельку пьяные, и при этом у вас ещё хватает совести «втирать» мне что-то про Бога?!..

***
У другім доме справы ў братоў пайшлі значна лепей. Але ў адной з кватэраў дзьверы ім адчыніла вельмі суровая жанчына, і, сказаўшы, што не жадае размаўляць на такія тэмы, моцна хлопнула дзьвярыма прама ў іх перад носам. Браты вырашылі пазваніць да суседзяў, (а там быў агульны калідор на некалькі кватэраў, увесь устаўлены паліцамі са слоікамі), і, выпадкова, ізноў націснулі на званок той жа самай кватэры. Жанчына выскачыла вельмі разьюшаная, абазвала братоў рознымі ня надта добрымі словамі, і яшчэ мацней ляснула дзьвярыма. Браты дабраславілі яе, памаліліся, і, маючы намер працягваць працу, ізноў (выпадкова ?:) пазванілі ў тыя ж самыя дзьверы… Калі жанчына выскачыла на калідор у трэці раз, яны былі ўпэўненыя, што жывымі з гэтага дому ўжо ня выйдуць… Але на гэты раз жанчына нават нічога ім не сказала, а толькі ізноў хлопнула дзьвярыма, прычым, так моцна, што рухнулі ўсе паліцы разам з усімі слоікамі… Але, добра, што хоць дом цэлым застаўся… :)

воскресенье, 28 февраля 2010 г.

Францішканскі мем :)

Было гэта ў сярэдзіне 90-х. Супрацоўнікі нашай фірмы сядзелі са сталовымі лыжкамі ў рукох і з сумам на тварах вакол трохлітровага слоіка з чырвонай ікрой (дырэктар пачаставаў) і скардзіліся адзін аднаму на сваё вельмі цяжкое жыцьцё, хаця і атрымлівалі зарплату ў разы большую, чым тыя, хто працаваў тады на дзяржаўных прадпрыемствах. Нарэшце дайшла чарга і да мяне. Але ж мне, як чалавеку веруючаму, скардзіцца было няёмка, хоць і вельмі хацелася. Таму я вырашыла памаўчаць. Працоўны калектыў быў вельмі зьдзіўлены і нават абураны маім зацятым маўчаньнем, але, крыху паразважаўшы, прыйшоў да высновы, што ў мяне ў матэрыяльным пляне ўсё ў парадку і я ні ў чым ня маю патрэбы, і што з гэтай нагоды мяне можна толькі павіншаваць і шчыра за мяне парадавацца. А радасьць гэтая не прымусіла доўга сябе чакаць і неўзабаве перайшла ўсялякія дапушчальныя межы. І вось тут, нават нечакана для мяне самой, з маіх вуснаў вылецела гэтая цудоўная і па-сапраўднаму францішканская фраза, якую мае калегі памяталі і неаднойчы паўтаралі да самага апошняга дня існаваньня нашай вельмі цудоўнай і вельмі вясёлай фірмы:

У мяне нічога няма, але я жыву добра!!! :) :) :)

суббота, 27 февраля 2010 г.

Ян Павал ІІ. Рымскі трыпціх. Мэдытацыі. Струмень

КРЫНІЦА

Затока лесу спускаецца
ў рытме горных патокаў...
Калі хочаш знайсьці крыніцу,
мусіш ісьці пад гару супраць плыні.
Прадзірайся, шукай, не саступай,
ведаеш, яна павінна тут недзе быць -
Дзе ты, крыніца?.. Дзе ты, крыніца?!

Ціша...
Струмень, лясны струмень,
адкрый мне таямніцу свайго пачатку!

(Ціша - чаму ты маўчыш?
Як жа старанна схавала ты таямніцу
свайго пачатку.)

Дазволь арасіць перасохлыя вусны
крынічнай вадою
і адчуць сьвежасьць,
жывую сьвежасьць.

2002г.
Пераклад з польскай мовы Дануты Бічэль

четверг, 25 февраля 2010 г.

Размова парастка з мастаком, які яго намаляваў :)

Малюнак ЖЖ-сябра jan_no , які ён намаляваў для ЖЖ-сяброўкі ku_palinka. Называецца

"ПакрысЕ"

Пакрысе дрэўцы ўсе павыпроствалі галінкі.
Пакрысе кветкі ўсе ў неба узьнялІ сьцяблінкі.
І травінкі пакрысе прарасьлі на клюмбе ўсе.

Пакрысе зноўку ўсе з поўдня прылятаюць птушкі.
І дзяўбуць пакрысе галаву маю і вушкі –
Кожны дзень, пакрысе, і сьпяваюць аб вясьне – ўсе.

Гэй, мастак! У мяне да цябе пытаньне:
Ты навошта прыдумаў мне катаваньне?
Стварыў мяне - дык давай дамалёўвай і пудзіла!
Ой, ізноў прыляцела, шэльма… Ратуйце, людзі, а-а-а!!! :)
***
Усё. Набываю рамачку і вешаю малюнак на сьцяну :)

Аб'ява на дзьвярох падаткавай інспэкцыі

Прыём:
панядзелак - пятніца

з 9.00 да 18.00 тыс.USD
:)

Вясёлы быў час...

Паштоўка фірмы "Кавалер"-ООО. 1992г.
Мастак В.Валынец.

понедельник, 22 февраля 2010 г.

Дзяжурны па Краіне ня дрэмле... :)

Сёньня ў мяне ў пліце газ зьнік. У суседзяў таксама. Гадзіны дзьве яго не было. Я ўжо нават падумала, што пераварот адбыўся… У нас… А мо’ ня ў нас… Ну, ці Рыгоравіч вэнтыль у транзытнай трубе падкруціў - у сувязі з рэзкай зьменай палітычнай абстаноўкі. А мо’ не Рыгоравіч, а БээРэСэМаўцы – ў знак пратэсту супраць прыезду Рамштайна ў Менск. А ў мяне ж нават кіпяцільніка няма, ня кажучы ўжо пра электрычны імбрык… Ну ўсё, думаю, прыйдзецца прама ў хаце вогнішча распальваць… Але ўсё аказалася нашмат празаічней. Проста прадзіравілася нейкая невялічкая газаносная труба раённага маштабу, якую неўзабаве залаталі. А ветлівы майстра пазваніў у дзьверы і паведаміў, што ўжо можна заварваць гарбату, альбо каву… Вось што значыць стабільнасьць...




суббота, 20 февраля 2010 г.

Канфітуры з дурніц

Вельмі смачнае варэньне з буякоў... было... :)

Горад, якога няма...

Прыгожы дамок калісьці быў... Напэўна, яго яшчэ да рэвалюцыі пабудавалі. Зараз у ім мастакі ды скульптары працуюць... А адрэстаўраваць будыніну па-людзку, на жаль, няма каму...

пятница, 19 февраля 2010 г.

Толькі Ł і толькі Z! :)

Толькі лацінка, Зянон і Касьцёл!
Край – без расейшчыны і маскалёў.
Толькі Пагоня зь вершнікам сьмелым.
Штандар толькі бел-чырвона-белы.


Толькі Пан Бог, Марыя і Езус!
Ворагі злыя няхай к нам ня лезуць.
Толькі Любоў, Надзея і Вера!
Разам з Хрыстом пераможам мы Зьвера!

Ну а пакуль што – Рыгорав
іч толькі…
Трусік чароўны, крыжыкі, нолікі …
Закат над балотам, зьвязда ў каласох…
Лён ў стужках чырвона-зялёных засох…


Колькі ж яшчэ нам ў пустэльні блукаць?..

Колькі гадоў між сабой ваяваць?..
Мы ж беларусы. Мы мірныя людзі…
Толькі вось Воршу наўрад ці забудзем… :)

Для тых, хто любіць лацінку. Верш Ірыны Багдановіч.

Адабралі ў мяне Айчыну
з немаўленчых маіх гадоў
але душу маю абудзіў
шолах балонак старых кніг
зрок мой задзівавалі
спляценьні літар лацінкі
яны разблыталі мой язык
яны змаглі маю летаргію
дзічка выкапаная на ўзьлеску
душа мая ў садзе Бацькаўшчыны

Малюнак узяты ў

Ветра Механічнага

Любімая паэтка і любімая кніжачка




У новых ня храмах ня новыя фарысэі
мелі толькі адзін і нядрэнна аплочаны клопат:
навучалі аб Краі, што гэта задворак Расеі,
толькі ўсё ж не забыліся ў Краі,
што гэта прадмесьце Эўропы.

Прас :)

Дарожны прасік 1968 году нараджэньня. Ягоная даўжыня 11 см, шырыня - 5,5 см, вышыня - 7 см. А "ХЭМЗ", напэўна, расшыфроўваецца як Харкаўскі электра-мэханічны завод.
Прасік цудоўна ўпрыгожвае кухонны інтэр'ер :)

среда, 17 февраля 2010 г.

Прызначэньне

Расейскі пісьменьнік і па сумяшчальніцтве папулярны блогер Дзьмітры Горчаў пісаў у сваім апавяданьні, якое так і называлася - "Прызначэньне":

"Насамрэч даведацца пра сваё Прызначэньне ня надта складана: калі чалавек робіць нешта проста так, не за грошы, і ўвогуле нікому гэта на хрэн не патрэбна, гэта азначае, што вось гэта самае і ёсьць яго сапраўднае... Ад іншых заняткаў выкананьне Прызначэньня адрозьніваецца тым, што ўзнагарода за яго выкананьне ніякая на Зямлі не прадугледжана, потым будзе ўзнагарода, пасьля Сьмерці або наогул ня будзе, не галоўнае гэта. Але каб выконваць Прызначэньне, чалавеку ж трэба нешта есьць, жыць неяк. Вось і займаецца ён рознай нуднай лухтой, за якую ўзнагарода, наадварот, належыць адразу ж або, у скрайнім выпадку, у панядзелак. Але і гэта ў чалавека атрымліваецца кепска, таму што вось займаецца чалавек нуднай лухтой, займаецца і раптам адчувае, што пара выконваць Прызначэньне. У гэтым выпадку ён абавязаны неадкладна ўсё кінуць, паслаць усіх падалей, адключыць тэлефон і выконваць.

Таму што гэта наогул адзіная прычына, па якой ён тут знаходзіцца, няма болей ніякіх іншых і ня будзе.

А людзі барабаняць у дзьверы, разьдзіраюць тэлефон, крычаць, стукаюць на яго па стале кулаком і не даюць яму грошай. Таму што самі яны дык Прызначэньне сваё выконваюць дрэнна, абы як — сям'я ў іх, дзеці, дзялы, цешча злая, праца, часу мала. І калі яны бачаць чалавека, які выконвае Прызначэньне спраўна, іх тут жа душыць Жаба. Таму што яны добра ведаюць, што бывае з чалавекам, які ня выканаў Прызначэньне. Ну, ці здагадваюцца...".


Узятае ў Будзіміра :)

понедельник, 15 февраля 2010 г.

Урэднасьць... :)

Ксёндз - зьвер вельмі харошы чалавек… Ён стараецца ставіцца да мяне па-людзку… І нават зрабіць нешта добрае… Але ў яго гэта не атрымліваецца... Напэўна таму, што я замінаю...

Натурморт :)

Кальварыя









1. Касьцёл
2 і 3 - помнік дзяўчыне, загінуўшай на Нямізе ў 1999 годзе

Сапраўдны твар расейскага бізнэсу...

суббота, 13 февраля 2010 г.

Заўтра дзень сьвятога Валянціна

Імша ў касьцёле сьв.Валянціна, які знаходзіцца ў м.Смалявічы, распачнецца 14.02.2010г. а 12-00.


Успамін сьвятога Валянціна у Смалявічах. 2009г.


Сёньня, як ніколі, патрэбна аднаўленьне культу хрысьціянскай любові




Мастакі і анёлы

Цудоўная каталіцкая графіка Любы Тандзіт



Blogspot

Чаго толькі (а галоўнае - каго!) ні шукаюць людзі ў маім блогу… У ЖЖ ня бачна, чаго шукаюць, а ў блогу бачна (але ня бачна, хто :), бо ў статыстыцы ёсьць функцыя: “зварот па пошукавых фразах”. Вось, на днях нехта хацеў даведацца, як стаць вампірам… Але ж ёсьць яшчэ і больш “цікавыя” запыты…

Там, дзе жыве БХД

Як і многія іншыя сябры БХД, я жыву ў краіне з паэтычнаю назваю Астрава Зялёнага Мыса (і Павал Севярынец тут жыве:), у горадзе Менску, у Цнянскім раёне. У нас неўзабаве адбудуцца мясцовыя выбары. Адзін з нашых патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты – цнянскі Літвін. Так-так, менавіта Літвін. І менавіта зь вялікай літары. Як ні дзіўна, іх у нашай краіне становіцца ўсё больш :)

За маімі вокнамі бушуе Атлянтычны акіян, і без перапынку дзьме моцны вецер… Мясцовыя старажылы кажуць, што так можа дзьмуць толькі Вецер Пераменаў…Але яны не ўдакладняюць, якіх...

четверг, 11 февраля 2010 г.

:)

На днях адзін грэка-каталіцкі сьвятар, зазірнуўшы ў мой ЖЖ, падумаў, што я манашка, а не сьвецкая францішканка… І што я сяджу побач з праваслаўным айцом з БАПЦ за адным кампутарам і разам зь ім з захапленьнем чытаю ЖЖ добра ўсім вядомага паганца… Прама дэтэктыў нейкі атрымаўся… З допытам...

Да… Віртуальнасьць – гэта не рэальнасьць… Тут многія людзі могуць цябе зусім няправільна зразумець…

Сусьветны дзень хворых адзначаецца 11 лютага - у дзень усмаміну НПМ зь Люрду

Пасланьне Сьвятога Айца на Сусьветны дзень Хворага

Дзень хворых

11 лютага - Сусьветны дзень хворага

Цярпеньне - урок пакоры


Насуперак немачы

"Я прасіла ў Бога не багацьця
..."

Сястра мая сьмерць, або вялікія народзіны

Сёньня Касьцёл успамінае аб'яўленьні НПМ ў Люрдзе, а таксама адзначае Сусьветны Дзень Хворага

Літанія да Маці Божай з Люрда

Кірые, элейсон,
Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа,
– змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
– змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа,
– змілуйся над намі.
Святая Тройца, Адзіны Божа,
– змілуйся над намі.

Найсвяцейшая Панна, якая аб’явілася ў Люрдзе,
— маліся за нас.
Найсвяцейшая Панна, якая заахвочвала да пакаяння,
— маліся за нас.
Найсвяцейшая Панна, якая паказала аздараўляльную крыніцу,
— маліся за нас.
Найсвяцейшая Панна, якая пацвярджала сваё Беззаганнае Зачацце,
— маліся за нас.
Беззаганная Дачка Бога Айца,
— маліся за нас.
Беззаганная Маці Божага Сына,
— маліся за нас.
Беззаганная Абранніца Духа Святога,
— маліся за нас.
Беззаганная Святыня Найсвяцейшай Тройцы,
— маліся за нас.
Беззаганнае адлюстраванне Божай Мудрасці,
— маліся за нас.
Беззаганная Заранка справядлівасці,
— маліся за нас.
Беззаганны Каўчэг Запавету,
— маліся за нас.
Беззаганная Дзева, якая струшчыла галаву пякельнаму змею,
— маліся за нас.
Беззаганная Каралева неба і зямлі,
— маліся за нас.
Беззаганная скарбніца Божых ласкаў,
— маліся за нас.
Беззаганны шлях, які вядзе да Езуса,
— маліся за нас.
Беззаганная Панна, вольная ад першароднага граху,
— маліся за нас.
Беззаганная брама неба,
— маліся за нас.
Беззаганная Зорка мора,
— маліся за нас.
Беззаганная Маці святога Касцёла,
— маліся за нас.
Беззаганная крыніца ўсялякіх дасканаласцяў,
— маліся за нас.
Беззаганная прычына нашай радасці,
— маліся за нас.
Беззаганны ўзор веры,
— маліся за нас.
Беззаганная крыніца Божай любові,
— маліся за нас.
Беззаганны знак нашага збаўлення,
— маліся за нас.
Беззаганнае святло Анёлаў,
— маліся за нас.
Беззаганная настаўніца апосталаў,
— маліся за нас.
Беззаганная хвала прарокаў,
— маліся за нас.
Беззаганная сіла мучанікаў,
— маліся за нас.
Беззаганная апякунка веравызнаўцаў,
— маліся за нас.
Беззаганны ўзор дзявочай чысціні,
— маліся за нас.
Беззаганная радасць тых, хто Табе давярае,
— маліся за нас.
Беззаганная абарона грэшнікаў,
— маліся за нас.
Беззаганная знішчальніца ўсялякага зла,
— маліся за нас.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
– даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
– выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
– змілуйся над намі.

О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае!

Молімся.
Найсвяцейшая Маці, Ты праславілася ў Люрдзе вялікімі ласкамі і дабрынёю, пра якія столькі разоў сведчыла ў гэтым выбраным месцы. Пакорна просім Цябе, выпрасі нам усе цноты для нашага асвячэння, а таксама поўнае здароўе душы і цела і дапамажы, каб мы яго выкарыстоўвалі на хвалу Бога, для дабра бліжніх і збаўлення душы. Амэн.

понедельник, 8 февраля 2010 г.

Думалі...

Думалі сёньня зь сястрой, што пойдзем "легіянэрыць" на вакзал. А Пан Бог думаў, што ня пойдзем... Ня цяжка здагадацца, Хто з нас меў рацыю... :)

Паэзія і проза

Мінулае легіянэрскае заданьне выконвалі зь сястрой Аняй на вакзале. Сустрэлі паэтку са Слоніма, і я больш за гадзіну слухала даволі неблагія рэлігійныя, палітычныя і лірычныя вершы. Шкада толькі, што ўсе яны былі напісаныя па-расейску. А яшчэ аказалася, што паэтка, ў вольны ад напісаньня вершаў час, вельмі любіць складаць і разгадваць красворды, рэгулярна глядзіць перадачу “Поле цудаў” і вось ужо 11-ы год марыць сустрэцца зь яе вядучым Паўлам Якубовічам. Яна і падарункі яму дасылае, і лісты піша, а ён так не разу і не запрасіў яе на перадачу…

Сястра Аня таксама любіць вершы, але яна вельмі актыўны чалавек. Пакуль я размаўляла з паэткаю, сястра пасьпела ахапіць легіянэрскаю працаю ледзьве не ўсю вакзальную моладзь…

А потым з намі захацеў паразмаўляць даволі прыстойны з выгляду мужчына. Але неўзабаве высьветлілася, што ён знаходзіцца “пад шафэ”, хутчэй нават пад цяжкім, чым пад лёгкім… Мужчына пачаў патрабаваць “прадаўжэньня банкету”, але ж праз пару хвілінаў размовы ўсё ж такі ўсьвядоміў, што мы - каталікі ,і сказаў: “Тады давайце пойдзем у касьцёл!”. Мы яшчэ хвілінаў 10 угаворвалі яго, каб ён ехаў дадому…

Сёньня ўвечары таксама ідзем на вакзал… :)

воскресенье, 7 февраля 2010 г.

Жыцьцё...

Вывесіла тут на днях нашаніўскі артыкул “Мінская спадчына” зноў бярэцца за кляштар бернардзінцаў і касцёл св.Язэпа”, а спадар Сяржук – каталік з БХД, напісаў пад ім вось такі камэнтар: “Я так мяркую, што былы мэр Паўлаў страціў здароўе ня проста так. Хто наступны асьмеліцца ўзьняць руку на сьвятыню?”

Ой, вельмі складаная гэтая тэма для мяне... Так, мэр страціў здароўе… Але ж два вельмі актыўных каталіка, якія змагаліся за вяртаньне касьцёла, таксама яго страцілі… і… памерлі… ўжо ў мінулым годзе… Пан Мар’ян і пані Яна… Мар’яну было за 60, Яні – 49. Сястра Яна была актыўнаю легіянэркаю. На працягу некалькіх год яна цяжка хварэла, але ж трымалася вельмі мужна: ледзьве ні да апошняга дня езьдзіла на каталіцкія фэсты і ўдзельнічала ў рэкалекцыях. Напэўна, толькі Пан Бог мог даць такія сілы і такую мужнасьць цяжка хвораму чалавеку…

А пан Мар’ян быў вельмі загартаваным і фізычна здаровым чалавекам. У любое надвор’е ён мог гадзінамі стаяць ля касьцёла без капелюша, даволі лёгка апрануўшыся, і трымаць крыж. Ён памёр у той дзень, калі пахавалі Яну… Напэўна… Бо ён жыў адзін у сваёй кватэры, і яго знайшлі там толькі празь некалькі дзён, ужо нежывым… Ведаю, што пан Мар’ян пачуваўся вельмі самотным. Ён сам неаднойчы казаў мне аб гэтым… Напэўна, Пан Бог вырашыў, што на Небе яму будзе нашмат лепей…

Цяпер у тых, хто змагаецца за вяртаньне касьцёла, на Нябёсах ёсьць два новых заступніка - Мар'ян і Яна… Вечная ім памяць…
***

Пішу пра ўсё гэта таму, што мне самой вельмі-вельмі нявесела…

суббота, 6 февраля 2010 г.

Санктуарыум Маці Божай Барунскай. Частка V

Аблічча Маці, слыннае цудамі.

Зь вялікай верай да сьвятога Абраза зьвярнуўся таксама сьляпы ад нараджэньня Алёвіч. Меў 40 год, калі ўсьлед за Агатай рушыў у Баруны. Калі пачуў Барунскія касьцельныя званы, адкрыліся яму вочы. Гэтыя тры цуды запісаныя ў студзені 1693г. Ад студзеня 1963г. да траўня 1695г. запісана 157 цудоўных зьяваў, якія былі пацьверджаныя рознымі сьведчаньнямі. Сярод іх – выратаваньне жыцьця, выратаваньне ад рук непрыяцеляў, вяртаньне зь няволі, знаходжаньне рэчаў, вылечваньне ад дрэнных звычак, направа грахоў і жыцьцёвых памылак, навяртаньне зь ерасі, адсоўваньне трывогаў і клопатаў, хрысьціянскае прыгатаваньне да сьмерці, цудоўныя выздараўленьні канаючых, а таксама ўваскрашэньне памерлых. Пані з Абраза стала вядомай як Нябесная Суцяшальніца Засмучаных.

Падобным чынам адбывалася і ў лютым 1693г. Гэлена Пазьнякова, якая была спаралізаваная і невідушчая, зьвярнулася са сваімі просьбамі і малітвамі да Маткі, і стала бачыць, і сама пайшла да Барунаў, каб падзякаваць сваёй Выратавальніцы. Панна Марыя вылечыла ад паралічу таксама і Станіслава Юшкевіча, і Мар’яну Арліцкую. Неймаверная і зьдзіўляючая разнастайнасьць і колькасьць тых цудаў, якія ўчыніла Маці Божая Барунская для свайго люду. Кожны, хто зь верай зьвяртаецца да Цудоўнай Пані, ня будзе пакінуты без уцехі. Аднак найбольш у кнізе занатавана менавіта цудоўных выздараўленьняў.

Цудоўную дапамогу атрымоўвае таксама ксёндз Юры Казімір Гелаўтовіч, які пражываў у Жмудзі. У няшчасным выпадку ён зламаў нагу і гэта быў адкрыты пералом. Нага доўга не гаілася, прычыняючы яму моцны, нясьцерпны боль. Калі пабожны ксёндз зьвярнуўся да Найсьвяцейшай Панны, просячы аб дапамозе ў пакутах, адразу атрымаў ласку, і яго нага загаілася ў той самы момант.

12 лістапада 1693г.прыехала ў Баруны шляхцянка з Наваградка і распавяла сваю гісторыю. На трэці дзень пасьля яе сьмерці, калі ў касьцёле адбывалася пахавальнае набажэнства, “Манархіня Неба і Зямлі, узбуджаная шчырымі сьлязамі трох дачок”, вярнула яе да жыцьця. Родзічы і сябры, што прысутнічалі на пахаваньні, бачачы, што яна ўстае з труны, уцяклі ў перапалоху. Ксяндзы ў той хвілі бачачы ў зь мёртвых паўстаньні ролю д’ябла, пачалі адпраўляць над ёй экзарцызмы (дзеяньні, ськіраваныя на выгнаньне д’ябла пры дапамозе малітвы, моцай Хрыста). Падобным чынам 23 студзеня 1694г. да жывых вярнуўся Станіслаў Алешка Любахоньскі.

У лютым 1694г. прыбыў у Баруны Караль Вайноўскі. Прыйшоў ён горача падзякаваць Маці Найсьвяцейшай, якая дапамагла яму ўцячы зь татарскай няволі ў Крыме.
Маці Божая ўвесь час апекавалася сваімі вернымі, але таксама ўспамінала пра грэшнікаў і недавяркаў. Гэта дасьведчыў Станіслаў Паўловіч, калі ў 1694г. у сьвята Маці Божай Грамнічнай 2 лютага адправіўся ў Баруны. Кіравала ім ня столькі вера, колькі цікаўнасьць. Калі прыехаў на месца, пачаў прыглядацца да натоўпу верных зь легкадумнасьцю і недаверам. Калі набажэнства скончылася і ён, вяртаючыся дамоў, не пасьпеў нават ад’ехаць далёка, агарнулі яго слабасьць і немач. Адразу тады прыпомніў свае дрэнныя паводзіны ў Доме Найсьвяцейшай Маці Барунскай і з пакорай, а таксама са шчырай скрухай пачаў прасіць у Яе дапамогі. Раптам ён засынае, а ў сьне яўляюцца яму тры паненкі, і адна мовіць яму такія словы: “Цярпеньне тваё – кара за тое, што пагарджаў гэтым сьвятым месцам. Аднак, калі вернесься ў Баруны са шчырай малітвай, атрымаеш маю ласку". І гэтак сталася.

4 чэрвеня тога ж году сьведкам зь мёртвых паўстаньня быў ксёндз Станіслаў Казімер Бутлер. Ён уласнаручна запісаў гэты цуд у кнізе. Калі вяртаўся з Барунаў, затрымаўся ў Каваля ў Трабах*, а там аплаквалі памерлае месячнае дзіцятка. Ксёндз, шчыра верачы ў цудоўныя здарэньні па волі Маці Божай Барунскай, узяў дзіцятка на рукі і горача маліўся. Дзіця ажыло ў прысутнасьці шматлікіх суседзяў.

Уласнаручныя пасьведчаньні склалі таксама Феліцыян Скарабагаты з Тракеляў і Аляксандар Уняхоўскі:
“Я, ніжэй падпісаўшыся, testor fidelissime sub juramento**, што жонка мая, будучы цяжка хворая многа гадоў, у годзе трэцім, упаўшы ў гарачку, яшчэ больш захварэла, тэмпэратуру і вялікі боль галавы церпячы, ахвяравалася да гэтага цудоўнага абраза ў Барунах. Таксама і я, будучы слабага здароўя, паехаў разам зь ёй на тое сьвятое месца. Тут атрымалі мы жаданыя ласкі, бо вярнуліся дадому здаровымі.” Феліцыян Скарабагаты, пісар гарадзкі троцкі.

“Я, Аляксандар Уняхоўскі, судзьдзя земскі ваяводзтва Менскага сьведчу, што ў годзе 1695, месяца лютага, 24 дня, будучы цяжка паранены, так, што аж да сьмерці блізка быў, калі ў гнойнай ране ў галаве пачаў гуз расьці, хутка ахвяраваўся на цудоўнае месца да абраза Панны Найсьвяцейшай у Баруны. Адразу ж адчуў паляпшэньне здароўя і гуз гэты зьгінуў, за што Богу ў Тройцы Сьвятой Адзінаму дзякуючы, вотум учынены спаўняю і за атрыманы цуд Маці Найсьвяцейшую ў гэтым абразе цудоўным ведаю і Ёй пашану аддаю. – Idem qui supra mp.p.”***

Гэтыя апісаныя вышэй цудоўныя здарэньні, якія мелі месца ў Барунах, зьяўляюцца толькі малой часткай усіх тых цудаў, якія Барунскай Пані ўчыніла для сваіх верных. Весткі аб цудоўным абразе распаўсюджваліся ўсё далей. Паглыблялася вера мясцовага люду, бо адбываліся тут незвычайныя і нечуваныя рэчы: выздараўлівалі безнадзейна хворыя, навярталіся закаранелыя грэшнікі і недавяркі. Найчасьцей, саромеючыся, яны не прыходзілі запісваць зьведаных цудаў. Аднак, найлепшым сьведчаньнем цуду ёсьць трывалая паправа жыцьця.

У Барунах дзейнічае невымоўная і невытлумачальная Божая Ласка і Моц. Пустка, якая нават ня мела назвы, з кожным днём разрастаецца і ажывае. Бедны чалавек бяз сродкаў на жыцьцё будуе касьцёл і яму хапае на гэта грошай. Людзі з усіх бакоў сьвету бесьперапынна, увесь год сыходзяцца да гэтага месца і адыходзяць шчасьлівымі…
***
Апісаньне касьцёла.

Касьцёл і кляштар базыліянаў.

Сьвятыня і кляштар былі заснаваныя ў 1691г. мясцовым шляхціцам Мікалаем Песьлякам. Існуючы ў цяперашні час барочны мураваны касьцёл і будынак кляштару ўзьведзены ў 1747-1757г.г. па праекту архітэктара А.Асікевіча. Касьцёл сьв.Пятра і Паўла зьяўляецца трохнефавай базылікай зь незвычайна прыгожым фасадам у стылю віленскага барока, выпуклым у цэнтральнай частцы. Аздабляюць яго пілястры, прафіляваныя карнізы і высокі шчыт. Над упрыгожаным парталам разьмешчана вялікае акно. Каля шчытоў бакавых нефаў месьцяцца ўсталяваныя пад вуглом да фасаду дзьве вежы. Стройная трох’ярусная левая вежа накрытая барочным купалам. Яе фасад аздабляюць кутнія пілястры, карнізы і плоскія нішы. Найкаштоўнейшымі элемэнтамі ўнутранага аздабленьня зьяўляюцца мармуровыя алтары – галоўны і бакавы, з калёнамі, скульптурамі, разьбой, а таксама амбон са штучнага мармуру, выкананы ў стылі ракако.

У касьцёле знаходзіцца вядомы шматлікімі ласкамі абраз Маці Божай Барунскай, наведваньне якога зьяўляецца мэтай шматлікіх пілігрымаў. Унутры храма таксама можна ўзяць вады з крынічкі, якая, па словах вернікаў, мае лячэбную сілу. Побач з касьцёлам разьмешчаны кляштарны корпус, узьведзены ў 1778 – 1793 г.г. і перабудаваны напрыканцы ХІХ ст. у нэаклясычным стылі. Гэта двухпавярховы будынак, Т-падобны ў пляне. Перад храмам разьмешчана невялічкая двух’ярусная каплічка, збудаваная ў другой палове XVIII ст., накрытая невялікім цыліндрычным шмат’ярусным купалам і абнесеная мураванай агароджаю з брамай.

* Мястэчка, якое месьціцца за 35 км ад Ашмянаў. Калісьці гэта была сталіца князя Трабуса.
** Сьведчу пад прысягай
*** Той самы, што вышэй рукой уласнай…

Аўтар: кс.Люцыян Дамброўскі
Фота: кс.Алег Пятрашка
Перакладчык: Дарыя Дамброўская
кс. Алег Пятрашка