Показаны сообщения с ярлыком Браты і сёстры. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Браты і сёстры. Показать все сообщения

воскресенье, 9 мая 2010 г.

Прыгажосьць і бестурботнасьць

…І аб адзеньні чаго турбуецеся? Паглядзеце на палявыя лілеі, як яны растуць: не працуюць, не прадуць; а Я кажу вам, што й Салямон у-ва ўсёй славе сваёй не адзяваўся так, як кожная з іх. Калі ж траву палявую, якая сягоньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінена ў печ, Бог гэтак адзявае, дык ці не балей таго вас, малаверныя? (Мацьвея 6: 28-30)




суббота, 8 мая 2010 г.

Дачка Дубравы і Ветра (Anemone Nemorosa)

Усім добрага дня. Мяне завуць Анэмона. Я самая звычайная, малапрыкметная, простая і сьціплая веснавая кветка-бялянка. А жыву я ў Дубраве, якую вельмі люблю. А яшчэ я люблю Вецер.

Вось ён падзьмуў зусім лёгенька, а я ўжо гайдаюся на сваёй тонкай, высокай сьцяблінцы, памахваючы пяшчотнымі, далікатнымі пялёсткамі, нібыта вясёлы матылёк белымі крылцамі

Вы можаце сустрэць мяне ў Дубраве раньняй вясной. Я зьяўляюся там адразу ж, як толькі растае сьнег. Але сьпяшайцеся, бо калі на дрэвах пачнуць распускацца лісточкі, я буду ўжо ў іншым месцы. Ласкавы, цёплы Ветрык падхопіць мяне, я радасна ўзмахну белымі пялёсткамі-крылцамі, і мы адправімся ў чароўную вандроўку да Неба. А ў Дубраву вернемся толькі наступнай вясной… :)

пятница, 23 апреля 2010 г.

Я помню як завуць ўсіх кошак і сабак...

Я помню як завуць ўсіх кошак і сабак –
Тых, што дарылі мне сваё сьвятло і радасьць
Нібыта ёсьць у іх ліхтарыкі ў ілбах -
Запальваў іх Гасподзь, запальвала іх сьвятасьць.

Я помню як мяне Пушок суправаджаў,
І як паважна лапкі перастаўляла кошка,
Даўно ўжо іх Гасподзь ў Нябесны край забраў,
Мне на зямлі бязь іх так сумна і трывожна...

Мне з кожным Божым днём ўсё горш і ўсё цяжэй,
Ня ўкрыцца ад бяды, і ад людзей ня зьбегчы…
Мяне мураш пабіў і дзюбнуў верабей,
А злая жабка ледзь не утапіла ў рэчцы…


(вольны пераклад верша Веньяміна Блажэннага)

***
Я помню имена всех кошек и собак,
В пути моем земном светивших мне когда-то
Как будто есть у них фонарики во лбах –
Их зажигал Господь, их зажигала святость.

Я помню, как меня сопровождал Полкан,
И лапки не спеша передвигала кошка,
Теперь они ушли куда-то в облака,
Без спутников моих мне стало так тревожно…

Теперь меня в пути ударит муравей,
И жаба, осерчав, меня утопит в луже, –
Не скрыться от беды, не скрыться от людей,
И с каждым Божьим днем все горше мне, все хуже.

Вениамин Блаженный

понедельник, 23 ноября 2009 г.

Туман

У нас тут з раніцы быў туман. Густы… Ён усё паглядаў у мой пакой і вельмі прасіў, каб я хоць крышачку прыадчыніла вакно і ўпусьціла яго пагрэцца. Я зжалілася над ім і прыадчыніла нават не вакно, а бальконныя дзьверы. Цяпер на вуліцы туману амаль няма - ён увесь у маёй хаце. І ад яго неўзабаве пачнуць расьці грыбы…Напэўна, прама на мэблі… :)

вторник, 13 октября 2009 г.

Вецер і Сьцяг

Псыхолягі, якія займаюцца вывучэньнем псыхалёгіі масаў, вельмі прыгожа пішуць пра масавыя сымбалі. Адным з такіх сымбаляў зьяўляецца вецер.

Ягоная моц мяняецца, а разам зь ёй і ягоны голас. Ён можа скавытаць ці завываць, быць ціхім альбо гучным. Напэўна, няма такіх тонаў і гукаў, якія былі б яму непадуладныя. Таму ён успрымаецца як нешта жывое нават цяпер, калі ў людзкіх вачох многія прыродныя зьявы згубілі сваю адухоўленасьць. Акрамя голасу, вецер мае напрамак. Каб яго вызначыць, трэба ведаць, адкуль ён прыйшоў. Паколькі чалавек цалкам пагружаны ў паветранае асяродзьдзе, ўдары ветру ўспрымаюцца як нешта вельмі цялеснае: чалавек адкрыты ветру, вецер усё зьядноўвае, ён уносіць з сабой усё, што можа захапіць.

Ён нябачны, але рухомасьць, якую ён надае хвалям і аблокам, лісьцю і траве, дае яму магчымасьць праявіцца. У ветру шчыльнасьць подыху. У старажытнасьці людзі лічылі, што ветрам кіруюць духі, якія прылятаюць, нібыта дзікае воінства, завываючы ў віхуры, альбо ратуюцца ўцёкамі ад іншага варожага войска.

Сьцягі – гэта таксама вецер, які зрабіўся бачным. Яны – нібыта выкраеныя кавалачкі аблокаў, толькі больш блізкія да нас і больш стракатыя, а таксама трывала прымацаваныя і заўсёды захоўваючыя форму. Яны насамрэч разгортваюцца толькі ў руху. Народы, нібыта жадаючы падзяліць вецер, ужылі сьцягі, каб пазначыць імі паветра над сабою, нібыта прыватную ўласнасьць.
(
Па кнізе “Псыхалёгія масаў”. Пераклад з расейскай мовы).
***
А беларускі кавалачак ветру пазначаны Сьцягам Хрыста… :)

…Ён забараніў ветру і сказаў мору: Замоўкні і супакойся. І вецер сьціх, і настала вялікая ціша.
І сказаў ім: Чаго вы такія баязьлівыя? Яшчэ не маеце веры? Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: Хто Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?..

понедельник, 12 октября 2009 г.

Браце дождж і сястрыца халадэча

Ну вось, сяджу ля кампутара, зьмёрзшы і вымакшы, як цюцік. Добра, што хоць ацяпленьне сёньня ўключылі, і батарэі ў хаце ўжо крыху нагрэліся. Гойсала я паўдня па Менску без парасона і ў танюсенькім летнім плашчыку. А тут дождж такі моцны пайшоў, дый халадэча жахлівая. Тэмпэратура ўвесь дзень каля нуля трымаецца. Хацела, як выходзіла з хаты, парасон захапіць, а браце дождж кажа: “Ну колькі ж я магу такую няшчырасьць цярпець? Га? Ты, Агнешка, толькі гаворыш: “Люблю дождж... Люблю дождж…” А насамрэч пастаянна цягаеш з сабой парасон, каб ад мяне схавацца. Дык якая ж гэта любоў?” Вось я і падумала, што дождж мае рацыю. І пакінула парасон дома.

А ў плашчыку я хаджу таму, што асеньняе паліто на мне ўжо не зашпільваецца, бо я таўсьцею. Думала новае сабе купіць, дык зараз такія фасоны, якія мне падыходзяць, ужо ня шыюць, бо яны ня модныя. А модныя, на жаль, на мяне не налазяць. Вось і рабі, што хочаш. Праўда, ёсьць у мяне яшчэ і зімовае паліто, але ў ім жа пакуль што занадта горача. Так што давядзецца мне цяпер ня толькі цябе, браце дождж, любіць, але і сястрыцу халадэчу. Ой, толькі б мне ласты ня склеіць ад такой любові. Здаецца, ў мяне ўжо тэмпэратура паднімаецца. Паглядзім, што будзе заўтра.

Браце дождж і сястрыца халадэча, ўспомніце, як вас любіў сьвяты Францішак і не прычыняйце, калі ласка, шкоды ня толькі ягоным пасьлядоўнікам, але і ўсім людзям. Будзьце ім толькі на карысьць.

Хай жа Божая Любоў сагравае нашые сэрцы ў любое надвор’е і беражэ нас ад усялякага зла. Амэн.