Показаны сообщения с ярлыком Я. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Я. Показать все сообщения

четверг, 8 апреля 2010 г.

***

Файна, што я - беларуска і каталічка :)

понедельник, 15 марта 2010 г.

"Эпісталярны жанр" і "Пісьменьніцкі лад мысьленьня" :)

Паша, прывітаньне. Вялікі дзякуй за ліст. Мне вельмі прыемна, што Вас зацікавіў мой допіс, але Вашыя словы мяне крыху бянтэжаць. Я заўсёды імкнуся пісаць шчыра і выказваць свае пачуцьці, а Вы кажаце: “Проста літаратура”. Дарэчы, мне падаецца, што і ў Вашых творах пераважаюць пачуцьці, а не меркаваньні, развагі і канстатацыя фактаў. Пэўна, з гэтай прычыны і вырашыў Адам Глёбус, што Вы разам зь Зянонам Пазьняком і яшчэ ня памятаю зь кім толькі і займаецеся тым, што ператвараеце жыцьцё ў тэатар, замест таго, каб рабіць з тэатру жыцьцё :)

Магчыма, я бы і пісала грунтоўна, але ж не адпускае ні на крок ад сябе бугальтарскі ўлік. Штодзённае чытаньне забаўляльна-пазнавальных Пастаноў і Ўказаў А.Р., ліставаньне з падаткавай інспэкцыяй, падобнае на прыгодніцкі раман з непрадказальным канцом, балянс, які так нагадвае прыгожую паэму з дасканалай рыфмай... А яшчэ - адчуваньне, нібыта я на вайне і разам зь іншымі супрацоўнікамі абараняю “безымянную высоту”, бо сказана ж было падаткавым інспэктарам: “Вы хоць усе памрыце на сваёй фірме, а справаздачы павінны ляжаць у мяне на стале не пазьней за 20 чысло”, твары іншых бугальтараў, на якіх простым тэкстам напісана: “Досыць нас ужо пужаць, мы ужо пужаныя”. Калі Аляксандар Мілінкевіч у сваёй прамове сказаў, што трэба вызваляць з турмаў бугальтараў, якія сядзяць там невядома за што, я адразу зразумела, што гэта мой прэзыдэнт :) Дарэчы, мне здаецца, што ён сябе недаацэньвае. 25 сакавіка я ехала на мітынг у 100-м аўтобусе, які ледзьве не “захапілі” “нашыя”, бо іх было значна больш, чым “ня нашых”, дакладней, “ня наш” быў толькі адзін. Ён крычэў: “Я не кажу, што за А.Р. прагаласавала 90%, але працэнтаў 60-50 нас набярэцца, таму не затыкайце мне рот ...” і г.д. І толькі актыўныя дзеяньні занадта спрытнай кандуктаркі здолелі прадухіліць далейшае разгараньне раптоўна ўспыхнуўшага ў асобна ўзятым аўтобусе полымя “джынсавай” рэвалюцыі :)

“Колер рэвалюцыі – сіні” - гэта вельмі ўдалы лёзунг менавіта для Аляксандра Мілінкевіча. У мяне нават зараз стаіць перад вачыма тое кранальнае відовішча: 8 сакавіка, пляцоўка перад ДК трактарнага завода, “шэрае крывіцкае неба” над галавой і дзьве пары блакітна-сініх вачэй (сп.Аляксандра і ягонай жонкі Іны) на тле васільковых шалікаў. Вочы прасілі аб падтрымцы і разуменьні, усьміхаліся, зачароўвалі сваёй дабрынёй і прыгажосьцю, часам у іх пачынала зіхацець маленечкая-маленечкая хітрынка. Яны былі сапраўды беларускімі і па колеру, і па той прасякнутасьці нейкім незразумелым болем, пра які Вы пішаце, што ён уласьцівы ўсім беларусам. Выступленьні такога прэзыдэнта можна было б з задавальненьнем глядзець па тэлебачаньні, не хвалюючыся за сваю нэрвовую сыстэму, хоць кожны вечар :)

Што тычыцца Вашага пытаньня наконт музыкі, то апошнім часам мне вельмі падабаецца гурт “Стары Ольса”. У іх і музыка прыгожая, і тэксты песень, і самі музЫкі, і іхныя строі. Асабліва ўражваюць гімн “Слаўся, Князь Вітаўт, Гаспадар на Літве” і песьня “Літвін”. На каталіцкі Вялікдзень я зь сябрам была на іхным канцэрце ў ДК прафсаюзаў. Калі музыкі абвясьцілі, што прысьвячаюць песьню “Бітва пад Оршай” Героям Менскай Плошчы, людзі падняліся і слухалі кампазыцыю стоячы. Праўда, некаторыя слухачы старэйшага ўзросту яўна не чакалі такога разьвіцьця падзеяў. Яны адчулі сябе абражанымі і з незадаволеным бурчаньнем куляй павыскоквалі з залі. Песьня была даволі “крыважэрнай”, але ж абуджала толькі самыя найлепшыя пачуцьці і памкненьні. Таксама мне падабаецца Лявон Вольскі з усімі ягонымі праектамі і песьня “Палынны напой “Абсэнт”, бо яна вельмі “сучасная” і “гарадзкая”. Люблю паслухаць гурт “Палац”, беларускамоўныя песьні ў выкананьні Анатоля Ярмоленкі, бо нягледзячы на ягоныя паводзіны і рэпэртуар, мне вельмі падабаецца ягоны голас і зьнешнасьць. У той час, калі ў Беларусі яшчэ “усё толькі пачыналася”, я захаплялася творчасьцю Сержука Сокалава-Воюша і песьнямі ў выкананьні Данчыка .

Няўжо на нашай кінастудыі здымаюцца беларускамоўныя мастацкія фільмы? Для мяне гэта, шчыра кажучы, навіна, і адказаць на Вашае пытаньне я, на жаль, не магу.

Скажыце калі ласка, а як, па-Вашаму, праяўляецца “пісьменьніцкі лад мысьленьня”?

Вось, пішу Вам ліст і ўяўляю сабе такую карціну: вечаровы Менск, кавярня “Грунвальд”, “прыцемкі, абсэнт”... Побач са мной сядзяць сябры-каталікі :) Па вуліцы, якая ўжо мае назву не К.Маркса, а сьв.Казіміра, інтэлігентны сабачка вядзе на шпацыр ня менш інтэлігентную бабцю.”Растуць парасоны пад цёплым дажджом”...дзьверы кавярні адчыняюцца і ўваходзіце Вы разам з прыгожай сьветлавалосай паненкай. У Беларусі больш няма “фронту“, краіна ўпэўнена ўвайшла ў эпоху Адраджэньня...

Усяго Вам найлепшага і да пабачэньня.

Заўсёды вагаюся, як лепей напісаць: “Панаехала гасьцей зь іншаземных абласьцей” ці “не, ня правільна, гасьцёў зь іншаземных абласьцёў”? :)

7 чэрвеня 2006г. Марына
***
Добры дзень, дарагая Марына!
Дзякуй вялікі за ліст, уражаньні, добрыя словы й адказы на пытаньні.

Сьпярша пастараюся адказаць на Вашыя запыты.
1. Пісаць шчыра й выказваць свае пачуцьці – гэта, Марына, і ёсьць літаратура. Вашыя лісты – узор, як той казаў, густоўнае літаратуры эпісталярнага жанру.
2. Што да маіх тэкстаў. Казань, праслаўленьне Бога, вера й любоў – гэта ня столькі пачуцьці, колькі Дух. Адказ на тэорыю Глёбуса – у Сьвятым Пісьме: І да Карынцянаў 2-14. (Душэўны ж чалавек не прыймае, што ад Духа Божага, бо гэта дурнота яму, і ня можа зразумець, бо аб гэтым трэба разважаць духоўна. Духоўны-ж разьбірае ўсё, а яго разабраць ніхто ня можа.)
3. Чаго ўжо, калі-нікалі на нашай кінастудыі здымаліся беларускамоўныя фільмы. Паводле сцэнароў Караткевіча й Быкава, між іншым. Плюс найноўшыя (“Акупацыя” і да т.п.). Маеце рацыю – мала, але былі.
4. Як праяўляецца “пісьменьніцкі лад мысьленьня”? Пішаш як дышаш, вось як. Натуралёва. Не канструюючы, а апавядаючы. Калі чалавек выкладае свае думкі на паперы нязмушана, а потым з задавальненьнем аглядае і паляпшае напісанае (што ў Вас адчуваецца); калі не “перадае інфармацыю”, але, пішучы, творыць; калі абзацамі піша пра далёкі ўспамін, вочы Мілінкевіча або сьпеў Вольскага – вось Вам, уласна кажучы, і пісьменьніцтва. Немалаважны і корань – пісьменнасьць ёсьць першай прыкметай пісьменьніка. Ці трэба Вам пісаць? Перачытайце Ісусава выслоўе пра таленты. Дзякуй Богу, куды пісаць у нас пакуль (ужо?) ёсьць, а што пісаць – Вы й самі ведаеце.
5. Наконт “гасьцей” – аддаю перавагу першаму варыянту :)
6. Захапіўшыся апісаньнем сваіх мастацкіх подзьвігаў у апошнім лісьце я, здаецца, забыўся выказацца пра Заслаўскі Збор. На мой погляд, “усё гарманічнае проста”. Можа, Вашае ўспрыняцьце падмацавана перадвыбарчым плякатам БНФ 1994г. (там у цэнтры кампазыцыі быў якраз Заслаўскі Збор – памятаю дагэтуль). Дарэчы, мяне вельмі зацікавілі Вашыя ўражаньні ад Заслаўя і ваколіцаў Нарачы. Справа ў тым, што пэўнае дзеяньне кнігі мусіць адбывацца якраз там. Ці не маглі б Вы, Марына, прыгадаць і больш падрабязна апісаць Заслаўе і Нарачанскі край (я сам, нажаль, быў там адно праездам)?

Загадзя ўдзячны. І да Карыньцянаў 2:9! (Але, як напісана: чаго ня бачыла вока і ня чула вуха, і што не ўзыходзіла ў сэрца чалавека, тое Бог прыгатаваў любячым Яго (Ісая, 64, 4)
13.06.2006г. Павал Севярынец.

воскресенье, 14 марта 2010 г.

Адказ Паўла на мой ліст пра Рыдуплю

Ой… Тут пра мяне занадта добра напісана… :) Але…
***
Добры дзень, Марына!

Дзякуй Вам вялізны за падрабязны ліст. Напісана цудоўна. Проста літаратура. Атрымаў Ваш допіс адначасова з “НН” і злавіў сябе на думцы, што газэта прайграе ў цікавасьці. Дарэчы, Вы не спрабавалі грунтоўна пісаць? Вельмі раю – у Вас пісьменьніцкі лад мысьленьня.

Што да зьместу Вашых адказаў, яны мяне ўразілі. Асабліва каштоўныя інтуітыўныя моманты – “чамусьці падабаецца”. Таемнае ў простым.
Прашу прабачэньня за няўдала сфармуляванае пытаньне пра храмы. Маеце рацыю.
Калі не адмовіцеся яшчэ й скласьці ўласны хіт-парад мастацкіх фільмаў, музычных кампазіцыяў і выканаўцаў made in Belarus – буду вельмі Вам удзячны.

Адказы на Вашыя пытаньні.
- Пра мастацтва. Скончыўшы ў 1994-м мастацкую школу, яшчэ тры гады пасьля актыўна рысаваў (графічная тэхніка: чорная шарыкавая асадка й крэйда). Апроч Віцебска, двойчы выстаўляўся ў Менску (у кампаніі зь іншымі мастакамі), на Варвашэні, 8. На 1-м курсе гэтым нават зарабляў на жыцьцё (студэнцкія гады…); зрабіў некалькі палітычных плякатаў (разыходзіліся на ксэраксе ды рызографе) ды газэтных ілюстрацыяў.

- Камяні ў Вязынцы і праўда, як лічаць навукоўцы, ледавіковыя. Вязынка знаходзіцца якраз на мяжы Паазерскага зьледзяненьня.

- За Партызана не хвалюйцеся. Гэты ўлюбёнец інтэрнату вандруе з пакою ў пакой і час ад часу наядаецца так, што наведнікі мне вымаўляюць: “Ня муч ты коціка – ён жа лопне”.

Яшчэ раз дзякуй за адказы. Не магу адысьці ад захапленьня Вашай бабцяй.
Няхай Госпад Бог дабраслаўляе Вас у вашай працы ды ўсім жыцьці. ІІ да Карынцянаў 3:17! (Бо Госпад ёсьць Дух; а дзе Дух Гасподні, там свабода.)

Павал Севярынец. 27.05.2006г.

воскресенье, 6 декабря 2009 г.

Шчасьлівае дзяцінства :) Спэцыяльна для сп.Уладзіміра Васькова

Я (самая маленькая) зь сяброўкамі на дэманстрацыі (мітынгу). Пачатак 70-х. На заднім пляне - будынак Менскага аэрапорту. Вельмі сьмешна :) А з галавы чамусьці ніяк не выходзяць словы песьні:
"Ленінскі май нам і ў кастрычніку зьзяе.
На Ільіча, пакаленьне, цьвёрда раўненьне трымай!" :)