Показаны сообщения с ярлыком Касьцёл сьвятога Язэпа. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Касьцёл сьвятога Язэпа. Показать все сообщения

воскресенье, 31 января 2010 г.

«Мінская спадчына» зноў бярэцца за кляштар бернардзінцаў і касцёл Св. Язэпа

Нашумелы праект па пераўтварэнні тэрыторыі і будынкаў былога кляштару бернардзінцаў у гатэльны комплекс падае прыкметы жыцця пасля амаль трохгадовага перапынку.

Як паведаміў «НН» старшыня «Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч, «Мінская спадчына» перадала праектна-каштарысную дакументацыю на ўзгадненне навуковаму кіраўніку аб’екта Аляксандру Кропатаву.

«Гэта можа азначаць хуткі пачатак рамонтна-рэстаўрацыйных, ці, хутчэй, рамонтна-будаўнічых працаў на тэрыторыі кляштару», — мяркуе А. Астаповіч. Па ягоных словах, калі распрацаваны «Мінскпраект» праект будзе ажыццёўлены, да 70% аўтэнтычнай забудовы комплексу будзе знішчана, найперш унутраная частка, фрэскі.

Старшыня Таварыства аховы помнікаў кажа, што за тры гады зацішша праект амаль не змяніўся. Цяпер Антон Астаповіч рыхтуе зварот да кіраўніцтва краіны з хадайніцтвам аб перадачы кляштару бернардзінцаў каталікам. Ён паведаміў таксама, што мае інфармацыю пра зварот Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да Аляксандра Лукашэнкі з такой жа просьбай. «Па маёй інфармацыі, той зварот перададзены з Адміністрацыі на разгляд у Міністэрства культуры», — сказаў А. Астаповіч.

Адказны за СМІ пры Сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Аляксандр Амяльчэня пракаментаваў інфармацыю старшыні Таварыства аховы помнікаў наступным чынам:

«Тэма гэтая застаецца актуальнай для нас. Мы не спынілі нашых намаганняў па вяртанні касцёла Св. Язэпа і кляштара бернардзінцаў. Мы не робім гэта ў форме маніфестацый. Гэта робіцца ў форме зваротаў, у тым ліку пісьмовых, у розныя інстанцыі».

Вяртання кляштара з касцёлам Святога Язэпа ў Верхнім горадзе мінскія вернікі дамагаюцца больш за 17 гадоў. У 2005 годзе кіраўніцтва касцёлу ў Беларусі звярнулася да ўладаў з адпаведным патрабаваннем. Аднак 25 мая 2005 году тагачасны старшыня Мінгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў выдзеліў з бюджэту сродкі на рэканструкцыю і рэстаўрацыю помніка XVII—XVIII ст., комплексу будынкаў №6, 8 па вуліцы Кірылы і Мяфодзія з прыстасаваннем пад гатэльны комплекс і аб’екты гандлёва бытавога прызначэння. У сакавіку 2007 года праект пераўтварэння кляштара ў гатэль трапіў у СМІ. Вернікі пачалі кампанію па абароне бажніцаў. Пад сценамі касцёлу Св. Язэпа рэгулярна ладзіліся супольныя малітвы, былі сабраныя тысячы подпісаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне вернікам святыняў. У красавіку таго ж года Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі адобрыла перадпраектную прапанову па рэканструкцыі і прыстасаванні будынкаў былога кляштару бернардзінцаў пад гатэльны комплекс. Пры гэтым Рада прапанавала завяршыць навукова-даследчыя працы і дапрацаваць праект. А потым ініцыятары праекту ўзялі трохгадовую паўзу.

Кляштар бернардзінцаў заснаваны ў 1624 г. Фундавалі Андрэй і Ян Кансоўскія. Пасля пажару да 1652 г. быў збудаваны каменны касцёл і кляштар. Пасля рэканструкцыі 1752 будынкі набылі цяперашнія рысы. У 1864 г. касцёл прыстасавалі пад праваслаўную палкавую царкву Св.Кірыла і Мяфодзія (з 1872 г. пад архіў), а карпусы пад казармы Каломенскага пяхотнага палка і следчую камісію. У 1983 г. касцёл часткова рэстаўраваны (арх. Г. Босак).
***
Паводле

http://nn.by/index.php?c=ar&i=34508

суббота, 30 января 2010 г.

7

Схадзіла сёньня на “стаяньне” ля сьвятога Язэпа, каб ад згрызотаў сумленьня не пакутаваць. А там – усё як і заўсёды. Ізноў ля касьцёла сабралася 7 чалавек… І гадзіньнік на Ратушы прабіў 7 разоў… І Дух Сьвяты прыйшоў да сваіх верных зь 7 Дарамі... Дзіўныя супадзеньні…

понедельник, 28 сентября 2009 г.

Сьвяты Язэп сёньня

Вось ужо чатыры гады доўжыцца нашая барацьба за касьцёл. Малітвы… Малітвы… Малітвы… Сёньня яны гучалі пад прыгожую жывую музыку. Непадалёку ад касьцёла іграў сола саксафаніст. Яму падтакваў гарэзьлівы, шумлівы фантан. Лагодны верасьнёўскі ветрык гартаў старонкі нябачнага нотнага сшытку, а мінакі думалі, што саксафаніст імправізуе… :) А праз маленькае кляшторнае акенца глядзелі на нас браты бэрнардыны. Яны маліліся разам з намі і ціхенька казалі: ”З намі Пан Бог. Мы абавязкова выстаім.”

Малітвы прынесьлі плён. Мы сталі моцнымі.





вторник, 23 июня 2009 г.

Сон у купальскую ноч

Сьвяты Язэп уначы пад дажджом...

воскресенье, 21 июня 2009 г.

Нашыя малітвы





















А гэта наш сьвяты Язэп. Сёньня на малітву ізноў прыйшло 7 чалавек. А пан Мар'ян, як і заўсёды, трымаў крыж.

вторник, 2 июня 2009 г.

Лета з Богам


У нашую краіну ізноў завітала лета. Учора днём у Менску была навальніца, а к вечару ўсталявалася цудоўнае сонечнае надвор'е. А мы стаялі каля сьвятога Язэпа і маліліся да Духа Сьвятога. Нас было сямёра чалавек. І вось гадзіньнік на Ратушы прабіў сем разоў. І зазванілі царкоўныя званы. Падзьмуў цёплы ветрык, і Дух Сьвяты наведаў тых, хто Яго заклікаў, у сямі дарах: у дары мудрасьці, ў дары розуму, ў дары рады, ў дары мужнасьці, ў дары ўмеласьці, ў дары пабожнасьці, ў дары боязі Божай...

А каля Пертапаўлаўскай царквы жанчына-пратэстантка моцным, добра пастаўленым голасам гучна сьпявала:

-Чакаем Цябе, наш Ісус, і молім, прыйдзі Ты да нас.
Мы любім сваю Беларусь і хочам, каб Ты яе спас...

Сьпеў было чуваць па ўсёй Нямізе. Словы песьні перамешваліся з крыкам чаек і ляцелі прама ў блакітнае неба, бо на зямлі людзі ня надта жадалі іх чуць. А некаторыя зь іх казалі, што жанчына гэтая ненармальная... Напэўна, калі б яна лаялася матам, то ейныя паводзіны ні ў кога ня выклікалі бы зьдзіўленьня. Але ж яна праслаўляла Бога і заклікала людзей, каб яны пакаяліся і навярнуліся. А людзям было не да гэтага: яны сьпяшаліся дадому, ў краму, на вечарынку... Яны ляцелі, нібы сухое восеньскае лісьце пад ветрам, і нішто не магло іх спыніць...

- Вы вельмі мужны чалавек, - сказала я, падыйшоўшы да жанчыны. -Мала хто наважыцца стаць вось так, як вы, ў цэнтры гораду ды сьпяваць гімны Богу.
- Ды справа тут ня ў мужнасьці, - адказала яна. - Я ня ўмею ні прапаведаваць, ні аздараўляць, ні навучаць. Затое ўмею добра сьпяваць, бо калісьці была прафэсыйнаю артысткаю і выступала на сцэне. Спадзяюся, што мае сьпевы хоць кагосьці прымусяць задумацца над сваім жыцьцём і хоць камусьці дапамогуць прыйсьці да Бога.

- Як добра з Табою, Ісус, як хораша там, дзе Ты ёсьць,-данесьліся да мяне разам з ветрам словы песьні, калі я ўжо садзілася ў аўтобус.

-Так, вельмі добра,- ціхенька сказала я сама сабе. І вось гэтае "добра" мы, веруючыя хрысьціяне абавязкова павінны несьці іншым людзям. І ня трэба нам нікога і нічога баяцца :)