Показаны сообщения с ярлыком Паэзія. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Паэзія. Показать все сообщения

суббота, 1 мая 2010 г.

Чаму за табой?



( Сьвяты Францішак і сьвятая Клара. Карціна Жузэфы Абідушскай)

Усявышні стварыў сьвятога Францішка паэтам у тым сэнсе, які укладвалі ў гэтае слова старажытныя грэкі, разумеўшыя паэзію як дзеяньне. Францішак любіў паэзію не як чытаньне, але як думку, як пачуцьце, як пакуту, як тое, што ўспышкамі азарае хуткаплыннасьць быцьця; ён любіў ня тую паэзію, якая застаецца на паперы, але тую, якой жывуць – працуючы, ахвяруючы, змагаючыся, паміраючы. Таму замест таго, каб сьпяваць песьні хвалы беднасьці, ён сам робіцца бедным; замест таго, каб усхваляць міласэрнасьць, ён даглядае пракажоных і замярзае ад холаду, аддаючы сваё адзеньне жабракам; замест таго, каб захапляцца кветкамі і птушкамі, гарамі і лясамі, ён проста жыве сярод іх і становіцца для іх сваім. Але, нават ператварыўшы сваё жыцьцё ў паэзію, ён не супакойваецца, бо сапраўдная паэзія невычарпальная і, не знаходзячы для сябе выйсьця толькі ў адным дзеяньні, пачынае шукаць іншых больш высокіх шляхоў. Але ж паэты, дзякуючы свайму боскаму неспакою, шукаюць ва ўсіх стварэньнях бясконцае і бясконца надрываюць сабе сэрца. Таму гасподзь прынёс Францішку яшчэ адзін бясцэнны дар. Ён улюбіў яго ў Сябе. Любоў да Бога прывяла сьвятога Францішка да поўнага насьледаваньня Хрыста, нябачанага, напэўна, ажно з часоў апосталаў.

Пасьля заручынаў са спадарыняй Беднасьцю слова “мой”, гэтае галоўнае слова ненасытнага жаданьня, высакамернага валоданьня і эгаістычнай любові, становіцца для брата Францішка не прыймальным ні да якой рэчы і ні да якой істоты; але і аб сабе ён ужо ніколі ня скажа “твой”, бо слова гэтае выражае крайнюю ступень самаадрачэньня.

Сьвяты Францішак любіць Боскія стварэньні ня толькі з багавейнасьцю верніка, але і з чыстай радасьцю эстэта, разумеючы, што прага валоданьня замінае сузіраць прыгажосьць.
Адсюль новая пропаведзь, якая запазычвае зьмест у жыцьця і мову ў народа; адсюль гімны, напісаныя на народнай мове і ўліўшыя ў старую веру новы струмень радасьці; адсюль зразумела, чаму такія непапулярныя ў сьвеце самаадрачэньне, пакаяньне, аскетызм паўстаюць цяпер у сваёй гераічнай прыгажосьці, увасабляючы дарагія сьвету ідэалы любові і рыцарства.

Любоў да Бога, стаўшая да сьвятога Францішка ўсім жыцьцём, дазваляла яму бачыць дабро ва ўсіх стварэньнях, бачыць мужных і надзейных сябровак у жанчынах, якія нават не былі яму сваячкамі. Гэтая любоў дазваляе яму стварыць Гімн брату Сонцу і выхаваць дзьвюх такіх падзьвіжніц духа, як сьвятая Клара і Джакаміна дэі Сатэсолі. Зь яго новай шчасьлівай канцэпцыі прыроды і жанчыны выйдуць два напрамкі ў літаратуры – народны “хвалебных песень” і арыстакратычны “салодкага новага стылю”; выйдзе новы жывапіс, прадстаўнікі якога (як Францішак сам мог пераканацца) пішуць укрыжаванага Хрыста з паміраючых, Хрыста немаўлятку – зь дзетак, Панну – зь дзяўчат і жанчын, сьвятых – з манахаў і простых вернікаў, Сьвятую Зямлю – з пэйзажу, які першым трапіў на вочы, а Рай – з квітнеючых травеньскіх садоў.

Любоў да Бога прымушае яго знаходзіць радасьць ва ўсім, асабліва ж у дасканалым цярпеньні, і прыводзіць яго да высновы, што жыцьцё цудоўнае. І тым больш цудоўнае, чым больш яно пакутлівае… (Пераклад з расейскай мовы)

вторник, 9 марта 2010 г.

Вершы Ірыны Бурак

***
Нястомна шукаць Цябе, Божа,
як ранкам адшукваюць вочы іскрынкі расы,
і знаходзіць ва ўсім,
што мяне акружае.
І ў позірку сьветлым,
напоўненым ласкай,
і ў лаянцы грубай
зьнямоглага ўшчэнт чалавека...
І піць з тых расінак Любоў Тваю, Пане,
і ў век не спатоліць той смагі...

***
Дзе я? Недзе на краі сусьвету,
на мяжы трывожнай дня і ночы,
там, дзе неба сходзіцца зь зямлёю
і ў балючы згустак зьліты цьвердзь зямная і вада.
Але Бог не пакідае, не - Ён побач,
проста Ён накрыў мяне сваёй далоньню...

***
Гэтай ноччу разьдзеліся клёны,
I з каштанаў зьляцелі лісты...
Ды ня шлюць яны небу праклёнаў -
Навучыся пакорнасьці й ты!

суббота, 27 февраля 2010 г.

Ян Павал ІІ. Рымскі трыпціх. Мэдытацыі. Струмень

КРЫНІЦА

Затока лесу спускаецца
ў рытме горных патокаў...
Калі хочаш знайсьці крыніцу,
мусіш ісьці пад гару супраць плыні.
Прадзірайся, шукай, не саступай,
ведаеш, яна павінна тут недзе быць -
Дзе ты, крыніца?.. Дзе ты, крыніца?!

Ціша...
Струмень, лясны струмень,
адкрый мне таямніцу свайго пачатку!

(Ціша - чаму ты маўчыш?
Як жа старанна схавала ты таямніцу
свайго пачатку.)

Дазволь арасіць перасохлыя вусны
крынічнай вадою
і адчуць сьвежасьць,
жывую сьвежасьць.

2002г.
Пераклад з польскай мовы Дануты Бічэль

пятница, 19 февраля 2010 г.

Для тых, хто любіць лацінку. Верш Ірыны Багдановіч.

Адабралі ў мяне Айчыну
з немаўленчых маіх гадоў
але душу маю абудзіў
шолах балонак старых кніг
зрок мой задзівавалі
спляценьні літар лацінкі
яны разблыталі мой язык
яны змаглі маю летаргію
дзічка выкапаная на ўзьлеску
душа мая ў садзе Бацькаўшчыны

Малюнак узяты ў

Ветра Механічнага

Любімая паэтка і любімая кніжачка




У новых ня храмах ня новыя фарысэі
мелі толькі адзін і нядрэнна аплочаны клопат:
навучалі аб Краі, што гэта задворак Расеі,
толькі ўсё ж не забыліся ў Краі,
што гэта прадмесьце Эўропы.

вторник, 19 января 2010 г.

Верш Уладзімера Караткевіча

***
З амбона хтось крычаў пра шлях да раю.
Адзін маўчаў, паказваючы згоду.
Другі маўчаў - на знак сваёй нязгоды...
Маўчаньне адназначным не бывае.


21.11.1981г.

воскресенье, 13 декабря 2009 г.

Зянон Пазьняк."Сябры"

На скрыжаваньні
Мне заступілі дарогу трое ворагаў
І закрычалі:
- Мы заб'ем цябе, Зянон!
Тут падыйшоў мой сябра
І ворагі змоўклі.
Але сябра ўбачыў, што ворагаў трое, - сказаў:
Абодвух заб'юць, -
І перайшоў на іх бок.
Тым часам падыйшоў другі сябра.
Але ўбачыў, што іх чацьвёра, - сказаў:
- Ты павінен мяне зразумець, -
І стаў на бок чатырох.
У гэты час напаткаў мяне трэці сябра.
Але ўбачыў, што іх пяцёра, -
Без слоў перабег да пяцёх.
Тады я сказаў сябрам:
- Глядзіце: трое іх, трое вас, я - чацьвёрты,
Хіба дазволіце ворагам забіць свайго радака?
- Не дазволім! - Дружна сказалі сябры.
І ворагі адступілі.
Так мы і разышліся з таго скрыжаваньня:
Ворагі сабе, мы - сабе.
Толькі з тае пары
Я стаў вельмі асьцярожы з сябрамі
Да першага скрыжаваньня.

1983г.

понедельник, 23 ноября 2009 г.

Жыве Беларуся!

Прыгожы верш, напісаны [info]nicolaev (Войша Мілавід)
Чырвань радкоў –
‘бы кроў.
Белы аркуш –
‘бы сьнег.
Наш чалавек –
гярой.
Слава яму –
навек.

Нябёсы –
блакіт-сінеча.
Штандар –
бел-чырвона-белы.
Жыві, Беларуся, –
вечна!
Жыве Беларуся –
веру!

воскресенье, 8 ноября 2009 г.

Уваскрэсенне Хрыстова

Такой прыгажосьці і весялосьці я яшчэ ня бачыла... :) Узята адсюль:

http://starbel.narod.ru/uvaskres.htm

Кажуць, быццам маладзіцы
Не хазяйкі, лідаўшчыцы,
I пужлівы, як бы зайцы!..
Аж няпраўда, мае братцы.

Вот Марыя сярод ночы
Пусцілася са ўсёй мочы,
Плачучы, на гроб Хрыстоў,
На Галгофу, між кустоў.

Паздзірала вельмі ногі,
Бо баялась сінагогі.
Ды як стрэціла Хрыста,
Ён яе спрасіў спраста:

«Што ж ты, мая маці, плачаш?
Я васкрэс, сама ты бачыш,

Хоць жаўнерам далі плату,
Штоб брахалі там Пілату,
Што іх змог найкрэпкі сон
I Хрыста хтось вынес вон.

А я многа меў работы
Падчас святое суботы,
Пакуль пекла пагасіў
I Адама ўваскрасіў».

Як пачула злая сіла,
Што самую смерць скасіла,
Што Адам смяяцца стаў,
А Майсей крыжалі ўзяў —

Чорт падскочыў к Аарону
Спраўку вывесць па закону:
Ці прыйшоў Месіі час,
Штоб ад пекла ўсіх ён спас?

Аарон ачкі надзеў
I ў Біблію паглядзеў,
Не уцерпіў — засмяяўся.
Чорт адразу дагадаўся,

Што Хрыстос ужо ўваскрос,
I ў таске павесіў нос.
Чорт закрыў пякельну яму,
Аж Хрыстос ідзе к Адаму.

Дзвер раскрылась перад ім,
Мур рассыпаўся, як дым.
Смерць ляжала у куточку
I грызла сваю сарочку,

I, надуўшыся, спала,
I на Бога штось пляла.
Чорт хацеў пусціцца ў драку,
Хрыстос даў яму тумаку.

Прад Хрыстом — ні мёртв ні жыў.
А Хрыстос яго спрасіў:
«Дзе старэнька баба Ева,
Што грызнула плод ад дрэва?»

Качарэжку ў лапы ўзяўшы,
Чорт, у печцы памяшаўшы,
Дастаў Еву з жаркай печы,
Абгарэлі яе плечы.

За ёй вылез і Адам,
Аж Хрыстос здзівіўся сам, —
Як прыняў Адам той кару:
Пачарнеў увесь ад вару,

Ўвесь пабіт і пакалот,
З голаду запаў жывот.
Адам слёзамі заліўся,
Хрысту ў ногі пакланіўся.

Горка, горка зарыдаў
I на Еву паглядаў.

Ўзяў яго Хрыстос за рукі,
Расказаў пра свае мукі,
Апусціў абоіх у рай,
Штоб забылі гэты край.

Адам з пекла задаў драла,
З ім чуць Ева паспявала.
Шыбка бег ён, аж спацеў,
Зато ж першым прыляцеў

I з сабою цэлу зграю
Ён прывёў да божжа раю.
На бягу дагналі Лота,
Аж крывава пена з рота,

Як ён чыніць ў райскі сад,
Не агляжаясь назад.
Ной старэнькі спатыкаўся
I да раю прадзіраўся;

Слаўны багатыр Самсон,
Што быў вельмі лас на сон
І што здаўся на спакусу,
Крыкнуў Навіну Ісусу,

Штоб ён сонца прыдзяржаў,
Пакуль вечар не настаў.
Тут падскочыў Маісей
I пагнаў яго скарэй,

Штоб дарогу даць Якубу,
Бо пазаду, ва ўсю губу,
Ілля ехаў на канях —
Гром пушчаў такі, аж страх,

За ім пёрся Алісей —
Нёс армяк ў руцэ сваей.

А за ім святы Яфет
Нёс і шаблю і мушкет.
I забыўшы стару драку,
Шоў Адам па бок Ісаку.

Тут прамудры Саламон
Зазваніў у райскі звон.
Сталі райскія вароты
Насцеж ў дзень новай суботы.

Праведныя душы выйшлі.
Ілія на конях ў дышле
Алісею даў жупан,
Расступіўся Іярдан.

Ўсе сабраліся па звону.
Па заслугах, па закону
Пасадзілі ўсіх за стол,
Ім падалі хлеб і соль.

Сам Бог яйцамі златымі
Пахрыстосаваўсь са ўсімі.
Разгавеўся святы мір,
I пачаўся вечны пір.

Новае падалі піва.
Тут Давыд, усім на дзіва,
Прыударыў ў гуслі так,
Што не ўцерпелі ніяк.

Сара ў тую жа гадзіну
Прэж ўсіх выйшла на срадзіну,
З Аўраамам ў танец шла,
Усіх на ногі падняла.

Ісаак, працёршы вока,
Стаў з Рэвекай Сары збоку,
Якаў кінуў свой кастыль,
Стаў пры іх, узяў Рахіль.

Тут прыдаў Іуда жару,
Ўзяўшы под ручку Тамару.
Тут прыпомніла Эсфір
Красен з гуслямі Псалтыр,

Тут ударылі ў тымпаны,
Ва ўсе струны і арганы,
Аж да алтаровых рог,
Штобы быў праслаўлен Бог.
Тут і бабкі, тут і ўнучкі —
Усе пабраліся за ручкі,
Пайшлі бойка ў карагод.
Слава Богу з роду ў род!

* * *
Вас з празнікам паздраўляю,
Святой долі вам жалаю.
А для вашага пяўца
Досыць краснага яйца.

Прынясіце, маладзіцы,
Чыстай з рэчанькі вадзіцы,
Калі ўжо выцекла яна —
Дык хоць зелена віна.