Показаны сообщения с ярлыком Каб быць свабоднай. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Каб быць свабоднай. Показать все сообщения

среда, 21 апреля 2010 г.

Я – быдла. Ім і застаюся...

“Для мяне жыцьцё зь Езусам – гэта, ў першую чаргу, клопат аб тым, каб іншыя людзі таксама маглі Яго сустрэць і каб ім было як мінімум так жа добра, як і мне. А рознага кшталту фармалістычны падыход да чалавека (мы – харошыя і добрапрыстойныя, а яны – быдла) мяне заўсёды адштурхоўваў. Я проста аднойчы выбрала, што я – быдла, ім і застаюся да гэтага часу. У большасьці людзей, якіх я тут сустракаю, ёсьць цудоўная рыса – яны ніколі не прытвараюцца. Яны добра ведаюць, хто яны такія: грэшнікі, алькаголікі, бамжы (прычым, бамжы часьцей за ўсё па сваёй віне). Яны ўсьведамляюць, што іхняе жыцьцё не ўдалося, і мне вельмі балюча, што гэтыя людзі ня могуць ўбачыць у касьцёле міласэрнасьці Хрыста, бо яе там так мала праяўляюць. Так, часам яны паводзяць сябе вельмі дрэнна. Але давайце паглядзім, як паводзяць сябе касьцельныя людзі. Частка так званых добрапрыстойных каталікоў паступае ня менш амаральна, але, магчыма, ім “шанцуе”, бо яны людзі “цёртыя” і ўмеюць зрабіць так, каб ніхто нічога не заўважыў. Альбо яны настолькі “ўгразьлі” у ілжы, што ўжо ня маюць сілаў прызнацца ў гэтым нават самім сабе. Таму, калі Гасподзь церпіць нас такімі, якімі мы ёсьць, то і мы, учапіўшыся за Яго, мусім быць цярплівымі з гэтымі людзьмі.

Я веру ў сьвятло ў чалавеку. Веру, што ў кожным чалавеку зьзяе сьвятло Ўваскрасеньня, і Хрыстос упарта прабіваецца праз наш змрок. Для мяне вельмі важны фрагмэнт Эвангельля, дзе Езус кажа: ”Я быў галодны, і вы далі мне есьці”. Ён не пытаецца гэтых людзей, веруючыя яны, ці не, Ён не пытаецца ў іх пра догмы і канфэсійную прыналежнасьць. Ён не пытаецца, ці быў ты наркаманам, ці была ты прастытуткай, ці быў ты біскупам (прабачце, што пералічваю ў такой пасьлядоўнасьці). Я жыву з усьведамленьнем таго, што толькі выпадкова я не апынулася на вакзале. Да таго ж нідзе не сказана, што я там аднойчы не апынуся. Менавіта сьвятло Ўваскрасеньня Хрыста і Ягоныя словы аб Страшным судзе дазваляюць мне любіць маіх сабратаў, якія, як і я, не сьвятыя...”

Урывак зь інтэрвію зь сястрой Малгажатай Хмялеўскай. Абшчына “Хлеб жывы”.
http://lazfam.ru/2008/02/29/iz-intervyu-s-s-malgozhatoy-hmelevskoy/#more-134

***
А ля Чырвонага касьцёла Эдзік, як і заўсёды, стаяў з працягнутай рукой.
- О, Вы ізноў на сваім пасту! – пажартавала я
- Я стаяў каля Катэдры, але мяне адтуль прагналі, - адказаў Эдзік. - Мужчына пачаў абурацца і крычэць, што я падманваю людзей. А я сказаў яму: “Вы мне проста зайздросьціце. З-за таго, што Пан Бог мяне любіць. І што Ён да мяне добры і міласэрны…”

вторник, 24 ноября 2009 г.

Пан Эдзік, міласьціна, сьв.Францішак і я

Пан Эдзік стаіць, абапіраючыся на кіёчак, ля касьцёла, ветліва ўсьміхаецца вернікам, якія ходзяць туды сюды, і са шчасьлівым выразам твару просіць у іх міласьціну. Пан Эдзік – праваслаўны, але манеры ў яго цалкам “каталіцкія”. Ён цалуе ручкі паням, якія даюць яму грошы, абяцае за іх маліцца, і нават умее сказаць тое-сёе па польску. На выгляд яму гадоў мо’ за 35, але трэба будзе як-небудзь запытацца пра ўзрост у яго самога, бо я магу памыляцца. Чаму пан Эдзік жабруе, я так толкам і не зразумела. І наўрад ці гэта дадзена каму-небудзь зразумець, акрамя Пана Бога. Пан Эдзік – музыкант, пра гэта ён сам мне паведаміў, а да таго ж яшчэ, напэўна, добры актор.

Я хачу ўвайсьці ў касьцёл, бо імша пачнецца праз 5 хвілінаў. Але ж папярэдняя імша толькі што скончылася, і агромісты паток людзей паціху выплывае з касьцёла на плошчу. Каб нікому не замінаць, я станаўлюся побач з Эдзікам і, усьміхаючыся, пытаюся ў яго:
- А можна, я буду прасіць міласьціну разам з Вамі? :)
Эдзік:
- Ды калі ласка! І мне будзе весялей! :) Я Вам зараз распавяду, што да чаго. Галоўнае – не саромецца. Мне спачатку таксама вельмі няёмка было. А потым я прывык. Я ж тут ня толькі дзеля таго стаю, каб мне грошы давалі. Мне ж і зь людзьмі пагаварыць таксама бывае вельмі цікава і прыемна…

Людзкі паток неўзабаве спыняецца, а праз хвіліну пачынае рухацца ў супрацьлеглым напрамку. Я разьвітваюся з панам Эдзікам. Кажу, што падумаю над ягонай прапановай, і іду на імшу.

А ўначы мне сьніцца сон, нібыта стаю я ля касьцёла з працягнутай рукой, а людзі падыходзяць да мяне моўчкі, і кідаюць на маю далонь адны толькі савецкія капейкі…

***
Зруйнаваўшы звыклыя асновы сьвецкага жыцьця, сьвяты Францішак калісьці паказаў сваім братам, што прасіць нашмат лепей, чым даваць. Бо такім чынам мы даем іншым людзям магчымасьць зрабіць добрую справу. Таму для яго не было прыніжэньнем працягваць руку, кажучы:
- Брат, дапамажы мне.

понедельник, 2 ноября 2009 г.

Ізноў пра жыцьцё

Сёньня ўвечары ў нашым раёне нечакана вырубілася сьвятло. Яго не было больш за паўтары гадзіны. Калі такое здаралася на пачатку 90-х, дык людзі жартавалі, кажучы, што гэта справа рук БНФ і Зянона Пазьняка. А цяпер дык нават і абвінаваціць няма каго. Дажыліся... :)
Добра, што ў мяне ў запасе заўсёды ёсьць сьвечкі, і што пліта газавая - можна спакойна пасядзець у цішы, папіць гарбату, памаліцца, падумаць...
Прастуда (ці грып?) у мяне так і не праходзіць. Таму браты і сёстры па Легіёну "загадалі" мне сядзець дома і нікуды не выходзіць. Нават у касьцёл.
Сяджу. Пялюся ў манітор. Думаю пра жыцьцё... :)

Пра жыцьцё

Усё, вырашыла. Ня буду больш фрбаваць валасы. Няхай застаюцца такімі, як у гэтага анёла :) Вось каб яшчэ крылы паспрабаваць адрасьціць такія, як у яго... :)

А ксёндз учора сказаў:
- Дзіўная сітуацыя атрымліваецца. У нас ледзьве ні кожны ўважае сябе за анёла, а жывем мы чамусьці нібыта ў пекле... :)
***
Учора ў Курапатах двое "нашых" мужчынаў спыталі ў "нянашых" (у тых, што былі апранутыя ў чорнае):
- А Вы, значыць, "ціхарамі" працуеце?
А тыя:
- Не. Мы - амбаламі... :)
***
Я ніколі не магу прайсьці "моўчкі" і абыякава міма паганцаў, геяў, злачынцаў... Адчуваю, што ў мяне зь імі шмат агульнага... Вельмі шмат...

суббота, 31 октября 2009 г.

Нацюрморт "Кабета з агеньчыкам сьв.Францішка і вішнямі" :)

Мне не даюць спакою мае сівыя валасы. Праўда, я ўжо трымаюся амаль 3 тыдні і пакуль што іх не чапаю. Але, калі я адчыняю шафу, мне адразу кідаецца ў вочы каробачка зь цёмна-русай фарбай і з выяваю сымпатычнай шэравокай дзяўчыны. Дзяўчына ветліва ўсьміхаецца, падміргвае мне шэрым вокам і ціхенька кажа: "А ці не схадзіць нам з табой, Агнешка, сёньня ў цырульню? Га?.." :)

пятница, 18 сентября 2009 г.

Фотапраект "Падарожжа з Мэсыяй"

Вельмі ўсім рэкамэндую зазірнуць вось сюды:

http://www.thejourneysproject.com/

Паглядзіце, якая прыгажосьць...

Па беларуску пра фотапраект крыху напісана вось тут:

http://catholic.by/p2/index.php?option=com_content&task=view&id=8464&Itemid=28&rrr

четверг, 16 июля 2009 г.

Пакліканьне

Пане, што я мушу сёньня зрабіць?
Трымай мяне за руку.
Вядзі мяне той дарогай, якую Ты сам мне прадвызначыў.
Дапамажы мне выконваць Тваю волю.
Пане, ты ўсё ведаеш.
І толькі Ты зьяўляешся праўдзівым Сьвятлом і слушнай Дарогай.
Умацуй маю Веру, Надзею і Любоў.
Спашлі Твой спакой - і я ўпэўнена пайду за Табою.
Амэн.

воскресенье, 12 июля 2009 г.

Ружанец

Я амаль заўсёды, калі іду куды-небудзь пешшу (ці нават еду ў транспарце), дык малюся "на хаду" Ружанец, альбо іншыя малітвы-разважаньні. Дзеля гэтага трымаю ў руках маленечкі драўляны ружаньчык, які складаецца з крыжыка і 10 пацерак, альбо "кручу" свой ружанцовы пярсьцёнак. Карацей кажучы, стараюся маліцца так, каб гэта нікому асабліва ня кідалася ў вочы. Але апошнім часам я ўсё часьцей пачала задумвацца: а ад каго ды ад чаго я хаваюся? І каго, ці чаго я баюся? Мы ж жывем у хрысьціянскай краіне. Але ж нашая хрысьціянская прысутнасьць у Менску ня надта й заўважная... Ну, добра, што браты-манахі, сёстры-манашкі ды некаторыя сьвятары ходзяць у габітах, і людзям ёсьць да каго зьвярнуцца. Але ж мы, тэрцыярыі, нічым не вылучаемся з агульнай масы людзей. Я дык толькі паясок адпаведны нашу. І ўсё...

Вось ішла я так сёньня пасьля вечаровай імшы па праспэкту, разважала сама з сабою, а потым дастала з торбачкі нармальны, клясычнай велічыні ружанец, які складаецца зь 5 частак, і пачала на ім маліцца (ня ўслых, натуральна, а пра сябе :). Людзі, канечне, зьвярталі на мяне ўвагу і імкнуліся разгледзець, што я трымаю ў руках. Але Панна Марыя падтрымала мяне, і дапамагла мне вытрываць да канца малітвы. Я цяпер заўсёды буду так маліцца . І спадзяюся, што Ружанцовая Панна Марыя мне абавязкова ў гэтым дапаможа :)

***
На здымку: Вось такі агромісты ружанец вісіць на сьцяне Барунскага касьцёла.

четверг, 25 июня 2009 г.

четверг, 28 мая 2009 г.

Рахунак сумленьня

За сёньняшні дзень:

1. Хамяк не памыты.
2. Хата не прыбраная.
3. Бухгальтарскі ўлік і аналіз фінансава-гаспадарчай дзейнасьці прадпрыемства ня зроблены.
4. Часопіс "Галоўны Бухгальтар" не прачытаны.
5. Сьвяты Язэп не наведаны.
6. Малітвы не адгавораныя.
7. На ўсе тэлефанаваньні дадзены кароткія і сухія адказы...

***
Пане Езу, калі ласка, "адарві" мяне ад сеціва... (ці лепей мо' сеціва адарві ад мяне... :(

понедельник, 18 мая 2009 г.

Колеры

Навучылася я ўжо абыходзіцца і без касмэтыкі, і без парфуму, і без упрыгажэньняў. Вось каб мне яшчэ навучыцца пакінуць у спакоі свае валасы... (гэта значыць - не фарбаваць іх :) Але ж хочацца быць "як усе". Толькі вось ці зможа хоць хто-небудзь абгрунтавана мне давесьці, чаму мы лічым, што "залаты" колер валасоў - гэта прыгожа, а "сярэбраны" - не?..