четверг, 17 сентября 2009 г.

Хто ў кар'ер? - Я. Сапраўдны сюррэалізм.

Гэтыя крэйдавыя кар'еры знаходзяцца непадалёку ад Ваўкавыска. У іх здабываюць крэйду для Краснасельскага завода будаўнічых матэрыялаў. Завод вырабляе цэмэнт. Таму ўсё навакольле засыпана белым цэмэнтна-крэйдавым пылам: і шаша, па якой імчаць адзін за адным агромістыя грузавікі з цэмэнтам альбо крэйдаю; і дрэвы, што стаяць уздоўж дарогі; і хаты, ў
якіх жывуць людзі; і нават па-майстэрску сплеценая тлустымі мясцовымі павукамі "цэмэнтавая" павуціна, якую вельмі цяжка разарваць. Так, павукі тут пачуваюцца шчасьлівымі.
Сапраўдная "Белая Русь", адным
словам. Памятаеце, як калісьці сьпявалі "Песьняры": "... Белыя гоні бульбы, белыя косы дзяўчат, воблакаў белых над лугам вечны парад..." Ну і канечне, карціна не была б поўнаю, калі б у ёй не было пана Алеся Белага, апранутага ў белую кашулю... :)
У кар'ерах таксама можна знайсьці шматлікія велічэзныя кавалкі крэмня. Калісьці яго тут здабывалі першабытныя людзі. Я часам задумваюся: а ці далёка мы адышлі ад іх?:)
***
Вялікі дзякуй за цудоўную паездку і добрую кампанію спадарам Дзянісу
Салашу, Алесю Беламу і Лявону
Ульскаму. Праўда, у нас ва ўсіх вельмі розныя ідэалягічна-палітычны погляды, але ж мы ўсе хрысьціяне-каталікі...
А кар'еры і сапраўды вельмі прыгожыя :)






вторник, 15 сентября 2009 г.

Узвышэньне сьвятога Крыжа

На фотаздымках - Менскі касьцёл сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл).


понедельник, 14 сентября 2009 г.

Там, дзе нас няма...

Я адчыняю вакно. У пакой адразу ж

урываецца браце-вецер. Ён гартае часопіс “Галоўны бухгальтар”, затым – абаротна-сальдавую ведамасьць, і, напэўна, атрымаўшы наймацнейшы стрэс ад убачанага і прачытанага, хуценька накіроўваецца ў бок канапы і адразу ж там засынае. Усьлед за ветрам у пакой залятае матылёк – шакаляднік. Ён уладкоўваецца на агромістым дапаможніку па бугальтарскаму ўліку, расфарбаваным у бэзава-жоўтыя колеры, думаючы, напэўна, што знайшоў клюмбу з браткамі (добра, што матылькі ня ўмеюць чытаць :) Адразу за матыльком у пакой павольна ўплываюць самавітыя бела-шэрыя аблокі. Адно зь іх завісае прама над кампутарным сталом і ціха шэпча мне на вушка:

- А хочаш, мы забярэм цябе з сабой?

- Куды? – зьдзіўлена пытаюся я.

- Туды, дзе жыве вецер, матылькі і аблокі, і дзе няма бугальтарскага ўліку, - адказвае, падміргваючы, воблака… :)

Крыж і Любоў

Мы часта разьмяжоўваем крыж і любоў. Але, калі, кажучы аб любові, мы не ўспамінаем аб крыжы, то гэта азначае, што мы ніколі па-сапраўднаму не любілі. Няма сапраўднай, поўнай і шчасьлівай любові бяз поўнага адданьня сябе, а гэта заўсёды спалучана зь цярпеньнем. А крыж безь любові можа нарадзіць нездаровыя зьявы: перажоўваньне правалаў, боязьнь шчасьця і іншыя маскі, якія “стары” чалавек апранае для таго, каб з хрысьціянскім выглядам стаяць на месцы, не рухаючыся наперад.(Ж.-Р.Бушэ, ОР)

Казка

Гэтая прыгожая казка жыве ў двары дома на вул.Сядых-30. А знайшла я яе гады 2 таму. Прыехала ў тамтэйшую падаткавую інспэкцю з бухгальтарскімі справаздачамі, а там якраз абед распачаўся. Вось мне і давялося шпацыраваць па бліжэйшых вуліцах амаль цэлую гадзіну. А казка чакала на мяне, прытаіўшыся за вуглом:) Але ж тады яна толькі пачынала стварацца...
***
Нажаль, не атрымалася зрабіць больш здымкаў, бо разрадзілася батарэйка. Як і заўсёды - ў самы непадыходзячы момант... :(


Дабраславенства сьвятога Франьцішка

Няхай Пан нас дабраслаўляе і няхай нас захоўвае.

Няхай пакажа нам аблічча сваё і зьмілуецца над намі.

Няхай зьверне да нас твар свой і адорыць спакоем.

Няхай Пан нас дабраслаўляе. Амэн.

***

На фотаздымках - мікрараён Зялёны Луг.

Сон

Ужо некалькі начэй запар мяне перасьледуе агромісты чорны сабака. Ён залятае ў адчыненае вакно, садзіцца насупраць мяне і глядзіць сваімі карымі вачыма прама ў мае вочы. Усё гэта адбываецца, натуральна, у сьне. І я ніяк не магу зразумець, хто гэта: сябра ці вораг? І што ён хоча мне сказаць?..

воскресенье, 13 сентября 2009 г.

Ісламскі шпіён :)

У мой блог пранік ісламскі шпіён Ali Dafer Alshehri :)

Ён перагледзеў усе мае фотаздымкі з касьцёламі ды цэрквамі, а потым вырашыў навярнуць мяне ў мусульманства. Дзеля гэтага спадар Ali даслаў на мой е-mail ліст з адпаведным музычным суправаджэньнем , у якім напісаў, што любіць мяне (але ж ня ў духу перадапошняй энцыклікі сьв.Айца, а ў духу Карана :) і што я змагу стаць шчасьлівай толькі тады, калі прыму іслам… У лісьце таксама ёсьць спасылкі на адпаведныя мусульманскія блогі і сайты. Вельмі прыгожыя, дарэчы…

Як на мой погляд, дык навяртаць тых, хто ўжо навернуты – занятак ня надта добры. Напрыклад, я, калі сустракаюся з мусульманамі, ці іудзеямі, ці прадстаўнікамі іншых рэлігіяў, такога сабе не дазваляю.

Але я перакананая, што калі б усе хрысьціяне (ў тым ліку і я) жылі сапраўды па-хрысьціянску, то ў сьвеце ўжо не засталося б ніводнага бязбожніка і ніводнага прадстаўніка іншай рэлігіі…

Злыя людзі

Знайшла вось зусім кароценькую і вельмі паэтычную беларускую замову ад злых людзей:

Першым разам, найлепшым часам!
На ваўку еду, вужакай паганяю, злых людзей адганяю.
Дай жа, Божа, з злымі расстацца, а з харошымі спаткацца!


Толькі вось як забыць, што Пан Бог не хавае сонца і ад злых? Як забыць, што Хрыстус марыць сустрэцца зь імі ў Раю? А яны зноў і зноў расьпінаюць яго на крыжы... Як забыць, што добрым зьяўляецца толькі Пан Бог?..

Але ж нават самая цьвёрдая сталь расплаўляецца ў моцным агню. А самае чэрствае сэрца ня можа ўстаяць перад полымем непераможнай хрысьціянскай любові...

суббота, 12 сентября 2009 г.

Адданьне сябе

Старшыня нагадаў, каб легіянэры не забываліся пра аскетызм і самаахвярнасьць...
З аскетызмам у мяне ня надта. Ем многа. Прычым – усё і паўсюль… :(

***
Аддацца цалкам Богу? І яшчэ… прымусіць маўчаць сэрца і прыслухацца да голасу Эвангельля. Адрачыся ад жаданьня дабіцца посьпеху ў сьвеце. Верыць, што побач Той, Хто любіць і захоўвае нас, Хто хоча нам дабра заўсёды, і пры ўсіх абставінах дапамагае нам. Аддаць сябе Яму – не ў страце жаданьняў, але ў жаданьні спаўняць волю Яго. (Ж.Р.Бушэ ОР. Пераклад з расейскай мовы).

Для бр.Giacinte, у якога памёр брат-дамініканец

На сьмерць Кунцэвіча – сябры. (Казімер Сваяк. Дзея маей мысьлі, сэрца і волі).

Мой Мікалайка! Даўно ж гэта было, калі мы ў садзе, змовіўшы пацеры, глядзелі на неба, усыпанае зорамі. Месяц зважны, задуманы, бледы выплываў з-за хмараў. Ён на цябе глянуў вокам трывожным, казаў бы, таіў нешта сумнае: можа сказаць хацеў, што ты ўжо нядоўга будзеш жыхаром гэтага сьвету… З паўночы павеяў север востры. Мне здалося, што ты задрыжэў на ўсім целе. Ты глянуў у неба вокам бліскучым і, ўспомніўшы, што яно “поўна хвалы Божай”, пачаў мне расказаваць аб яго сялянцах…

Блыск урочлівы сплываў з прастораў на зямлю. Гарод у зелені дрэваў, між муроў даўней кляшторных, быў ціхі і тайнічны. Здалёку толькі, калі-некалі далятаў шум места. Нястройныя нейкія галасы данасіліся да нас – абарваныя, блудныя. Фальшывае якоесь сьвятло заглядала да нас з-за дамоў ночнай Садомы і Гаморы. І з таго хаосу вырываўся і далятаў да маёй душы стогн якісь глухі, шэпт жалосны, плач дзіцяці ўбогага, - хліп стрыманы душы на малітве, шэпт нікому нязнаны, што ў схове ад сьвету выліваў чуцьцё свайго болю прад Творцам усесьвету… Далёка негдзе гудзела музыка скочная, пякельная, а ад яе ў фалях паветра круціліся цені разбаўленых буржуёў і куртызан распусных… Мы падышлі да муру касьцёла. Праз закратаванае ваконца відаць было малое сьвятло. Яно лыпала і дрыжэла прад аўтарам Усёмоцнага…

Чаму-ж на добрым твары тваім, мой браце, сумнасьць глыбокая палажыла свой одціск? Ці пры аднэй мысьлі аб зманнасьці шалёнага сьвету забалела сэрца тваё? Можа ты прасіў тады Бога жыцьця і сьмерці, каб Ён увольніў цябе ад змаганьня з ураеньнем і фальшам? Можа думаў, што там у Бога болей зробіш праз сваю малітву, як на гэтай даліне сьлёзаў і плачу?..

Богу спадабалася твая ціхая малітва. Ён узяў цябе, як краску маладую, сьвежую. На тым сьвеце, відаць, для цябе стасаўнейшае мейсца. Засеяў зерне хараства і праўды і пашоў прад трон Божы прасіць, каб меў літасьць над намі ў нядолі нашай…

Хоць пакінуў ты мяне, добры таварыш, ведаю аднак і чую, што дух твой ёсьць пры мне. Бог ужо не дазваляе відзецца нам вачамі цела, але душы нашы знаюцца і цяпер. Прашу цябе, пакінь мне дары душы тваёй: каб я мог Богу верыць, як ты; каб мілым быць усім; каб мець глыбокі характар, як твой – мой наймілейшы…

пятница, 11 сентября 2009 г.

Гразь і чыстасьць

«І чаму гэта чалавек не хоча быць чыстым? Дык жа завэдзгаецца, завэдзгаецца ў гразь… Каб яшчэ трохі, дык, здаецца, і зарохкаў бы». (Сястра эўхарыстка Ядвіга Віршута).


Напэўна, яшчэ на пачатку 20-га стагодзьдзя Д’ябал хаваў сваё сапраўднае аблічча пад маскаю Анёла Сьвятла. Зло падавалася вытанчаным і прыгожым – такім, як у рамане Оскара Ўайлда “Партрэт Дарыяна Грэя”. У 21-м маска была канчаткова скінутая. Людзі больш упадабалі брыдоту, чым прыгажосьць. Сьвіньні, "па мнагачысьленным трэбаваньням трудяшчыхся", займела рогі, а мужыкі* – панства… Як ні дзіўна, але сапраўднае агіднае аблічча Д’ябла прывабіла людзей нашмат больш, чым ягоная прыгожая маска…


Застаецца толькі спадзявацца, што гразь бывае лекавай. Але, напэўна, шчасьлівейшы той, каму Пан Бог не дазваляе ўлезьці ані ў якую...


*(Пад мужыкамі маюцца на ўвазе некультурныя і нахабныя людзі)

четверг, 10 сентября 2009 г.

Помнікі і надпісы

Сфатаграфавала на пачатку лета гэты нязвычны для менскага вока помнік на Кальварыйскіх могілках. А цяпер вось успомніла пра яго, бо знайшла ў сеціве суполку by_mohilki , прысьвечаную беларускім надмагільлям і могілкам, але менавіта старадаўнім.

Мае бацькі таксама пахаваныя на Кальварыйскіх могілках. У мінулым годзе трэба было мяняць надмагільле, і я папрасіла нашых вельмі шаноўных спадароў манархістаў, каб яны пераклалі кірылічны беларускі надпіс для надмагільля на "правільную" лацінку. Дык мастак, які потым наносіў лацінскі надпіс на помнік, здолеў зрабіць гэта без памылак толькі на трэці раз... Затое цяпер усё выглядае прыстойна.

Мы молімся за нашых памерлых сваякоў, а яны таксама не забываюцца пра нас. І часам іхняя "нябесная" апека бывае вельмі-вельмі адчувальнаю...

Чырвоным па Беламу

Вось так менскія паненкі калісьці "падпісвалі" свае ручнікі. Напэўна, куплялі сам ручнік, альбо тканіну для яго (нажаль, цяпер ужо няма ў каго гэта ўдакладніць), а потым вышывалі крыжыкам свае ініцыялы. Прычым, рабілі гэта па-эўрапэйску: спачатку вышывалі імя (ў дадзеным выпадку - Рэгіна), а потым прозьвішча - (Герман). Ня ведаю, ў якім годзе ўсё гэта рабілася, але дакладна, што не пазьней за 1956. Бо ў 1957 прозьвішча ў паненкі памянялася :)

среда, 9 сентября 2009 г.

Любоў у духу перадапошняй энцыклікі...

Прачытала ў адным з блогаў у камэнтарах вось такую фразу: “… Вы ж ведаеце, што я Вас пяшчотна люблю ў духу перадапошняй энцыклікі Сьвятога Айца…” Прыгожа так… Напэўна, тут маецца на ўвазе Энцыкліка Папы Бэнэдыкта ХVІ “Deus caritas est” (“Бог ёсьць любоў”)? Вось бы пачуць такое ў свой адрас хоць раз у жыцьці…

Хрысьціянска-дэмакратычнае... :)

Вельмі люблю вожыкаў. Асабліва вушастых. Трэба папрасіць Паўла Севярынца, каб ён мо' якога злавіў мне ў лесе. Бо вось жа зайцоў ён вельмі спрытна ловіць:)

http://nn.by/index.php?c=ar&i=28695

Няхай бы такі вожык (фотаздымак узяты зь сеціва) жыў у мяне пад канапай.

***
Калісьці была на Нарачы і бачыла, як вожыкі шашу пераходзяць. Ім тады чамусьці прысьпічыла перціся з адной часткі лесу ў другую менавіта ўдзень. А днём жа яны дрэнна бачаць, таму людзям (у тым ліку і мне) давялося ратаваць іх ад машынаў і пераносіць цераз дарогу "на руках".

Вожыкі любяць ноч. Я - таксама :)


вторник, 8 сентября 2009 г.

Раніца 8 верасьня 1514г. пад Воршай. Мастак Мікола Купава.

Усіх віншую зь Перамогаю!

Вечар у Заслаўі (частка 3)

На 1-4 фотаздымках - касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі.

На 5-м фотаздымку - дамок ля станцыі.




З Днём Нараджэньня, Панна Марыя!

Вечар у Заслаўі (частка 2)

На 1-м фотаздымку - карціна Яўгенія Ціхановіча "Беларускі этнаграфічны музэй", 1975г. Варта зазначыць, што калі Заслаўскі Кальвінскі збор быў музэем, у ягонай вежы жыў прывід. Ён вельмі любіў пастаяць у задуменьні ля вокнаў вежы, ўпрыгожаных у той час мэталічнымі рашоткамі з выяваю Пагоні, палюбавацца Менскім морам і навакольнымі краявідамі, а таксама паглядзець, што робіцца ў сталіцы :)

На 2-м і 3-м фотаздымках - Кальвінскі збор зблізку і здалёк.

На 4-м і 5-м - мэханічны млын і гаспадарчая пабудова побач зь ім.

На 6-м - дызэльны рухавік для млына, зроблены ў 1927г. у Варшаве. Падобны рухавік выкарыстоўваўся на Заслаўскім млыне ў 30-40-х гадох. А за ім у далечыні красуецца, нібыта грыб-чырвонагаловік, Кальвінскі збор.

На 7-м - хата завозьнікаў. Калісьці тут адпачывалі тыя, хто прывозіў памалоць зерне.

Хвала Табе, Вялікі Бог! :)

Ура! Марыя і Марта паразумеліся :) ЛЮБОЎ аказалася мацнейшаю за тэмпэрамэнт. Пан Бог зрабіў немагчымае...
***
Вялікі дзякуй за гэта Паньне Марыі, сьв.Франьцішку, сьв.Казімеру і сьв.Агнешцы.
А таксама айцу Міхалу - за ўчорашнюю малітву, брату Яраславу - за разуменьне сытуацыі і сятры Марце - за тое, што яна ёсьць :)

понедельник, 7 сентября 2009 г.

Вечар у Заслаўі (частка 1)

А вось што робіцца зусім непадалёку ад Менску:

На 1-м фотаздымку - імчыць над Заслаўем старажытная Пагоня. Вецер даносіць пераможныя крыкі вершнікаў. Вось чыйсьці конь зачапіўся срэбнаю падковаю за залаты царкоўны крыж. Іскры пасыпаліся на зямлю і ператварыліся ў рознакаляровыя кветкі. Вершнікі ўзьняліся над хмарамі і зьніклі ў блакітных нябёсах.

На 2-м фотаздымку - Кальвінскі Збор (цяпер гэта праваслаўная царква). А ў далечыні бачны касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі.

На 3-м - стары касьцёл і "маладая" восень.

На 4-м - чырвонаармейцы наступаюць :) Процьма такіх жукоў апанавала два вялізных дрэвы, што растуць ля касьцёла.

На 5-м - Заслаўскі музэй.

На 6-м - жылы дом у цэнтры горада.

На 7-м - баршчавік на Замчышчы.

Марыя і Марта

Любоў кіруе нашым тэмпэрамэнтам і паводзінамі і спакваля пераўтварае іх. Марта застаецца Мартаю, але яе мітусьлівасьць становіцца гасьціннасьцю, ў той час як уяўная пасіўнасьць Марыі – ўвагаю і паслушэнствам. (Ж.-Р.Бушэ, ОР)

***

Пане, Ты ведаеш нашые сэрцы. Ты ведаеш, дзеля чаго Ты стварыў нас такімі, якімі мы ёсьць. Заўтра мы ізноў сустрэнемся: Марыя і Марта. Сустрэнемся, як дзьве сястры, дзеля таго, каб служыць Табе. Пане, калісьці Ты Сам нас паклікаў на гэтую службу. Навучы нас давяраць Табе, Пане. Навучы нас супрацоўнічаць. Ператвары нашые мітусьлівасьць і пасіўнасьць у гасьціннасьць, увагу і паслушэнства. Зьмякчы нашые сэрцы, Пане, і напоўні іх Верай, Надзеяй і Любоўю, каб мы маглі годна паслужыць Табе і людзям. Амэн.

воскресенье, 6 сентября 2009 г.

"Сумна". Верш Сяргея Законьнікава

Не вылятаюць птушкі з-пад стрэх,
Дробненькі дожджык маркотна цярусіць...
Нібы спыніўся гісторыі бег
На Беларусі.

Грукае ў дзверы двухтысячны год,
Ды не пачуе ён голас свабоды.
"Хлеба, відовішчаў!" -
прагне народ,
Як і заўсёды.

Сонца не скоціць з сэрца лядзень.
Рабства і пыха...
Галодна й тлумна...
Я не злую на няшчасных людзей.
Мне проста сумна.

суббота, 5 сентября 2009 г.

Прабачэньне

Магчыма, самае галоўнае ў любові – гэта прабачэньне. А лепшая праява прабачэньня дапамога. Калі мяне просіць аб дапамозе той, хто калісьці мяне пакрыўдзіў, зьняважыў, зганьбіў, у мяне зьяўляецца спакуса прайсьці міма. Ці магу я сказаць, што па-сапраўднаму любіў, калі не спазнаў яшчэ жорсткага вопыту прабачэньня? “…І адпусьці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым…” Калі Хрыстос уклаў гэтыя словы ў кароткую малітву, дадзеную нам, то Ён, без сумненьня, добра ведаў, дзе мы можам спатыкнуцца. Ж.-Р.Бушэ, ОР "Ідзі за мной". (Пераклад з расейскай мовы).

...панастаўлялі знакоў сваіх замест НАШЫХ СЬЦЯГОЎ...

Вытрымкі з 74 і 60 псальмаў.
Чытаеш, і здаецца, нібыта напісана ў іх пра тое, што адбывалася ў нас пасьля рэвалюцыі, і што працягвае адбывацца нават і зараз.
***
Чаму ты, о Божа, нас назаўсёды адкінуў?..
Рыкаюць ворагі Твае пасярод Тваіх зграмаджэньняў; панастаўлялі знакоў сваіх замест нашых сьцягоў.
Яны падобныя да тых, што ў гушчары лясным падыймаюць сякеру, і цяпер тапарамі і молатам разьбу ўсю ў Сьвятыні крышаць.
Яны пусьцілі з агнём Сьвятыню Тваю, сялібу іменьня Твайго апаганілі да грунту.
Сказалі ў сэрцы сваім: усё зруйнуем дазваньня! - і ўсе месцы зграмаджэньняў Божых на зямлі папалілі.
...вораг зьняважыў Госпада, а люд шалёны над імем Тваім зьдзекуецца!
***
...Даў Ты народу свайму пазнацца з горкаю доляй, віном зьдзіўленьня нас напаіў.
Тым, што баяцца Цябе, даў сьцяг, каб яго паднялі дзеля праўды.
Каб спасьліся, каго Ты ўлюбіў. Дык цяпер памажы нам правіцай тваёй ды выслухай нас...
Дай успамогу Ты нам супраць ворага, бо помач людзкая - марнота!
З Богам мы ўчынім слаўныя ўчынкі, Ён ворагаў нашых растопча.

пятница, 4 сентября 2009 г.

Мудрасьць і асьцярожнасьць

Вернікі пытаюцца ў ксёндза:
- А гэта праўда, што Вы забаранілі сваім парафіянам зьбірацца ля таго крыжа, што стаіць на горцы?
Ксёндз:
- Не, ня праўда. Я нікому нічога не забараняў.
Хвілінаў пяць доўжыцца маўчаньне. А потым ксёндз дадае:
-Але і маліцца пад тым крыжам я таксама нікога не адпраўляў... :)
***
Ксёндз:
-Так, я цалкам згодны з тым, што моладзь трэба выхоўваць у патрыятычным духу. Але гэта трэба рабіць так, каб нікому нічога не было заўважна. І каб гэты іхні патрыятызм ня кідаўся людзям у вочы... :)

четверг, 3 сентября 2009 г.

Разам з братам Генам... Легіянэрскія гісторыі

Разам з братам Генам мы заходзім у мужчынскую бальнічную палату і кажам:
- Добры дзень. Мы – католікі з Чырвонага касьцёла. Хочам пагаварыць з Вамі пра Бога, калі Вы ня супраць.
Адзін з мужчынаў у адказ:
-
Гы-гы… Люди! Смерть пришла!
Мы:
- ??
Мужчына:

- Я так понимаю, вы пришли намекнуть, что наш конец уже близок?.. :)

***

Мы размаўляем з 33-гадовым мужчынам. Ён задае шмат пытаньняў. Асабліва – пра кляштары (прычым, пра жаночыя) і манаскае жыцьцё. Напрыканцы размовы мужчына пытаецца:
- А вы мне тэлефончык бліжэйшага жаночага кляштару можаце пакінуць?
Мы:
- А навошта?
Мужчына:
- Справа ў тым, што ў маім узросьце варта ўжо задумацца аб жаніцьбе. А я мяркую, што самыя лепшыя жонкі – гэта манашкі. А пазнаёміцца зь імі можна толькі ў кляштары… :)
***
Малады праваслаўны мужчына (не практыкуючы, а да таго ж яшчэ і расеец) папрасіў нас, каб мы запісалі яго на заняткі па рэлігіі. Катэхэтка распавяла яму пра асноўныя хрысьціянскія малітвы і патлумачыла, што напрыканцы іх трэба казаць: “Амэн”.
Мужчына:
- Скажите пожалуйста, а вот если я буду молиться не по-белорусски, а по-русски, то мне, наверное, лучше говорить не «Амэн», а «Омэн»… :0
***
Адна зь сёстраў на легіянэрскім спатканьні:
- А теперь давайте решим, когда нам лучше встретиться с этим чуваком… :)

Шлях

Бываюць дні, калі я задаю сабе пытаньне: а ці не зьяўляецца маё жыцьцё ў Богу толькі ўласнай прыгожай фантазіяй альбо чароўным сном? Але ёсьць адзіны беспамылковы сродак, каб праверыць, ці не супярэчыць абраны мною шлях Эвангельскаму вучэньню. Гэты сродак – тая ЛЮБОЎ, якую я альбо адчуваю, альбо не. Гэта СПАЧУВАНЬНЕ ўсім няшчасным і церпячым. МІЛАСЭРНАСЬЦЬ – адзіны беспамылковы крытэр у пошуках Бога. (Жан-Рэнэ БУШЭ OP)

среда, 2 сентября 2009 г.

Рэха апошняй вайны...

Не скажу, каб мяне занадта хвалявала гэтая тэма. Але…


Я нарадзілася праз 20 гадоў пасьля заканчэньня вайны, але нават і цяпер мне час ад часу сьняцца сны, у якіх самалёты са свастыкай лятаюць над Менскам і скідваюць на горад бомбы… Рэха мінулага, на жаль, не пакідае ў супакоі ня толькі тых, хто жыў ў тыя часы, але і іхніх “ні ў чым ні вінаватых” нашчадкаў…


Сваякі калісьці распавядалі, як уцякалі ў 41-м зь Менску камуністычныя ды эНКаВэДэшныя начальнікі – яны і фікусы свае пасьпелі вывезьці, і піяніна, і коцікаў з птушачкамі ды сабачкамі. А для звычайных людзей і іхных дзяцей месцаў на тых “павозках”, на жаль, не знайшлося… А потым НКВД дапытвалася, чым гэтыя людзі займаліся на акупаванай тэрыторыі. Але іх чамусьці абсалютна не цікавіла, а як жа чалавек мог пакінуць тую “тэрыторыю”, калі ягонае мейсца ў машыне заняў чыйсьці “прывілеяваны” коцік ці фікус. Бабця, калі распавядала пра немцаў, якія кватаравалі ў ейным менскім доме (цікава, а як бы яна магла іх туды не пусьціць?) , дык казала, што тыя безь яе дазволу нічога не чапалі, за пражываньне разьлічваліся ды яшчэ і падарункі калі-нікалі зь Нямеччыны прывозілі. Менскія дзеткі мелі тады магчымасьць наведваць беларускамоўную школу. А потым, у 44-м, прыйшлі “партызаны”, распалілі вогнішча ў бабулінай пуні, і тая ледзьве не згарэла разам з плотам, хатай ды самой бабуляй. Дзядулю, які быў інжынэрам і будаваў у Менску масты, адправілі ў 44-м на фронт. Просты чалавек хацеў проста жыць разам са сваёй працавітаю жонкай і прыгажуняй дачушкаю, а яго, як і шматлікіх іншых беларускіх мужчынаў, адправілі на верную сьмерць. Бо ён нават ня ведаў, як трэба ружжо трымаць, і празь некалькі дзён загінуў. Праўда, у даведцы не напісана, што загінуў, а напісана, што “пропал без весті”. Таму я маю надзею, што ён тады выжыў. А памёр мо’ ва ўзросьце 90-95 гадоў дзе-небудзь у Нямеччыне, Ангельшчыне, ці іншай краіне.


А цёця нядаўна ўвогуле жахлівую гісторыю распавяла. Яна разам зь іншымі мінчанамі езьдзіла падчас вайны ў Заходнюю Беларусь, каб раздабыць там крыху прадуктаў. Яе мама шыла спадніцы, кашулі ды сукенкі, а цёця мяняла іх на яйкі, хлеб, масла і г.д Дык вось падчас такіх паездак месцаў у вагонах цягніка хапала толькі немцам, а беларусам дазвалялася ехаць на спэцыяльнай плятформе, якую чаплялі наперадзе цягніка. І рабілі гэта немцы дзеля таго, каб на тых мінах (ці што там было?), што падклалі пад рэйкі “партызаны”, падарваліся не яны, але беларусы… Дык хто ж супраць каго тады ваяваў???

Спадзяюся, што душы ахвяраў і катаў ужо знайшлі ў Небе спакой, бо Пан Бог не такі, як мы. Ён міласэрны…

вторник, 1 сентября 2009 г.

Зьдзіўленьне :)

Простасьць

Вельмі падабаецца вось гэты ўрывак з кнігі Казімера Сваяка. Я ўжо яго амаль напамяць вывучыла:


“…Ад даўнага часу чую да цябе, маці Беларусь, асаблівую прывязнасьць – і болей чым прывязнасьць.: надта гэта адчуцьцё глыбока зарылася ў сэрцы – пэўна гэта міласьць, каханьне з сэрца. Люблю я цябе і сільна люблю. Аб’ехаў я нямала ўжо сьвету, шукаючы красы і праўды, а найбольш бачу тэй і другой у сваім родным краі, у сваёй мілай зямельцы. Стройны горы і даліны ў Татрах, прыемны малюнкі ў зямлі Кракаўскай, а ўсё-ж цуднейшы наш бор вяльможны, пякнейшыя роўні і гаі нашы: страйнейшыя, бо гавораць ПРОСТА да душы тваёй, а мова іх пранікае цябе цэлага, лечыць раны сэрца твайго. О, хараство тут неапісанае, бо роднае, ПРОСТАЕ – як душа русьняка. Ты, браце Беларусе, выдаешся мне лепшым ад другіх народаў. Ты пакрыўджаны і нешчасьлівы, пакінены праз многа сваіх сыноў і дочкаў, аддадзены на зьдзек чужынцаў – і то здаўна – ты бедны, гаротны. І тут пэўна ляжыць прычына, чаму ты так блізкі сэрцу і душы маёй. Цябе ня сказіў фальш, не ляжыць на тваіх плячах крыўда чужая: свая толькі ўрэзалася крывава на іх і хіліць цябе да зямлі. Праўда і шчырасьць жыве йшчэ ў душы тваёй – недарма-ж называюць цябе “ПРОСТЫМ”, даючы спазнаць, што другія народы здаўна ўжо скрывіліся...”


Сапраўды, ПРОСТАСЬЦЬ – вельмі файная якасьць. Дзякуй Богу, яна яшчэ сустракаецца ў людзях. Асабліва ў заходнебеларускіх мястэчках…


А на Казімера Сваяка чымсьці вельмі падобны ксёндз Сяргей Сурыновіч :) Напэўна таму, што ён піша вершы і карціны.

понедельник, 31 августа 2009 г.

Мэтад падвойнага запісу :)


Ну вось, пачала я ўжо з 24 жніўня дубляваць у Жывым Журнале ўсе запісы, папярэдне зробленыя ў гэтым блогу. Буду карыстацца мэтадам падвойнага запісу... Як у бухгальтарскім уліку... Па дЭбету ў мяне будуць запісы ў http://emieryka.blogspot.com/, а па крЭдыту - ў http://emieryka.livejournal.com/. Абодва рахункі будуць актыўна-пасыўнымі. Ну а сальда - як калі атрымаецца. А інвэнтарызацыя артыкулаў і камэнтароў будзе адбывацца не радзей, чым раз у месяц. Ну а па завяршэньні году трэба будзе абавязкова скласьці балянс і распрацаваць уліковую палітыку на наступны год. А яшчэ не забыцца зрабіць зьверку разьлікаў з пастаўшчыкамі і падрадчыкамі, з пакупнікамі і заказчыкамі, а таксама з рознымі дэбэторамі і крэдыторамі... :)

Рэкалекцыі ў Баранавічх (частка 1)

У м.Баранавічы у Доме Сьвятой Тройцы з 27.08.09 па 30.08.09 праводзіліся спэцыяльныя штогадовыя рэкалекцыі для легіянэраў - з начным чуваньнем, днём цішыні, легіянэрскімі малітвамі, цікавымі канфэрэнцыямі, духоўнымі размовамі, якія часам пераходзілі ў размовы задушэўныя :) і г.д. Нажаль, мне ўдалося паўдзельнічаць у рэкалекцыях толькі адзін дзень і адну ноч. А потым я мусіла зьехаць, бо душа чамусьці прагнула не рэкалекцыяў са строгім распарадкам дня і адпаведным рэжымам, але свабоды. А да ейных памкненьняў заўсёды варта прыслухоўвацца.

Вось некалькі фотаздымкаў зь месца падзеяў:

На 1-м - Дом Сьвятой Тройцы. Тут жывуць манахі-вербісты і праводзяцца розныя рэкалекцыі. У Доме можна замовіць Вячыстыя Сьвятыя Імшы - кожны дзень адпраўляецца 7 Імшаў аб здароўі і дабраславеньні для жывых, альбо аб вечным супакоі для памерлых.

На 2- айцец Юрый нібыта кветка сярод кабетак :)

На 3-м - Панна Марыя стаіць ля Дома Сьв. Тройцы.
На 4-м- Укрыжаваны Езус.