Паўдня гойсаю па сеціву, зьбіраючы інфармацыю пра ўкраінскага атамана Тараса Бульбу-Бараўца. А пачалося ўсё з учорашняга легіянэрскага заданьня. Справа ў тым, што бальніца, якую мы звычайна наведваем, ужо некалькі тыдняў закрытая на карантын, таму Легіён вырашыў накіраваць нас зь сястрой на Чыгуначны вакзал, каб мы правялі апостальскую працу з тымі, хто знаходзіцца ў дарозе. Цягнік да Пінска мусіў адпраўляцца а 23-48, але, напэўна, большасьць пінчукоў вырашыла, што ім трэба быць на вакзале як мінімум за 5 гадзінаў да ягонага адпраўленьня :) Вось якраз зь імі ў нас і атрымаліся вельмі цікавыя размовы.
Асабліва запомнілася на дзіва прыгожая 74-гадовая бабця Алена з-пад Пінска, зь якой мы размаўлялі больш за гадзіну, з задавальненьнем слухаючы яе чароўную палескую (ятвяскую?) трасянку. Бабця аказалася практыкуючай праваслаўнай верніцай, і спачатку мы доўга размаўлялі пра Пана Бога. Потым бабця распавяла нам пра сваю дачку, якая жыве ў Рызе, пра гаспадарку і пра невялічкую, з глінабітнай падлогай, вясковую хацінку, у якой яна жыве разам з мужам, і якой ужо больш за 100 гадоў. Потым спадарыня ўспомніла пра сваю маладосьць, і пра тое, колькім мужчынам яна надавала па караку (за дрэнныя паводзіны, натуральна, а ня проста так :) і колькі працы за іх, слабенькіх, парабіла :) - і ўсё гэта ня гледзячы на ейную дзівосную мініятурнасьць :)
Нарэшце размова зайшла пра вайну. А мы, згодна “Кіраўніцтву легіянэра”, мусім слухаць людзей, пакуль яны ня выгаварацца. Дык вось, аказалася, што ў тыя мясьціны, адкуль бабця родам, у 41-м разам зь немцамі прыйшлі і казакі (напэўна, украінскія?), і мадзьяры, і… бульбашы. Мы, канечне, былі вельмі зьдзіўленыя і спрабавалі высьветліць, каго ж бабця называе “бульбашамі”, але нам так і не ўдалося гэта зрабіць. Думалі, мо’ яна так называе беларусаў, а сябе лічыць паляшучкай, але ж аказалася, што не. Бабця сказала, што яна сама – беларуска, а тыя людзі беларусамі дакладна не былі. І вось сёньня я высьветліла, што, аказваецца, “бульбашамі” называлі ўкраінцаў, якія ваявалі ў атрадах атамана Тараса Бульбы-Бараўца. Вось такім чынам легіянэрскае заданьне прымусіла мяне ізноў узяцца за вывучэньне гісторыі Другой сусьветнай вайны… А яшчэ бабця сказала, што самымі злымі былі мадзьяры – бо адзін зь іх хацеў адабраць заручальны пярсьцёнак у ейнай маці…
Напрыканцы размовы мы пажадалі спадарыні Алене шчасьлівай дарогі, памаліліся за яе і за ейную дачку, і выказалі спадзяваньне, што Каляды і Новы год яна сустрэне ў Рызе – разам з дачкой, зяцем і унукамі.
Комментариев нет:
Отправить комментарий