среда, 23 декабря 2009 г.

Саша

Першы раз я ўбачыла бамжа Сашу прыблізна тыдні з два таму. Тады ў пераходзе побач зь ім сядзеў агромісты акуратны белы сабака, які, як ні дзіўна, нават пагадзіўся, каб я пагладзіла яго па шаўковай сьпінцы – з дазволу Сашы, натуральна. Было заўважна, што сабака ставіцца да Сашы зь вялікай цеплынёю, спагадаю і нават разуменьнем. Саша тады крыху распавёў мне пра сваё жыцьцё. Аказалася, што ён – выхаванец дзіцячага дому. Меў калісьці сваю кватэру, але потым патрапіў у турму за кражу, і кватэру ў яго забралі. Цяпер вось бамжуе, а выжыць яму дапамагае адна менская праваслаўная царква – але ж дапамога тая зусім мізэрная, таму ён вымушаны жабраваць. Учора я ізноў сустрэла яго на тым жа самым месцы, але ўжо без сабакі. Пытаюся, куды ж падзеўся цюцік, а Саша кажа, што цюціка забрала адна вельмі жаласьлівая жанчынка. Кабета мудра рассудзіла, што нягожа, каб ні ў чым не вінаваты, няшчасны сабачка бадзяўся з босымі лапкамі па гораду ў той час, калі на вуліцы стаяць такія моцныя маразы. Ды й у пераходзе ня надта цёпла – нават людзям, ня кажучы ўжо пра цюціка зь ягонай тоненькай шаўковай шорсткаю ды неабутымі лапкамі. Да таго ж сабачка ня стане піць гарэлку, альбо чарніла, каб сагрэцца. А Саша п’е па чорнаму, але ж не “ради пьянства окаянного”, а каб не памерці ад пераахаладжэньня. Так што яму на вуліцы выжыць нашмат лягчэй, чым шаўковаму беламу цюціку. Але, можна спадзявацца, што неўзабаве ў Сашы зьявіцца новы чатырохлапы сябра, бо ён крадзе сабак з жывадзёрні, каб выратаваць іх ад немінучай сьмерці. Вось такі ён добры і харошы чалавек…

***

Фотаздымак зроблены з дазволу Сашы. Яшчэ ён нібыта спрабаваў працаваць у праваслаўным манастыры, але праца там вельмі цяжкая, а ў яго зусім слабое здароўе. Таму матушка вынесла яму суровы прыгавор, сказаўшы, што такія людзі ім не патрэбныя, і адправіла яго ў бальніцу на лячэньне.

***

Уяўляю сябе на ягоным месцы... Цікава, як бы тады ставіліся да мяне людзі?.. А сабакі?.. Напэўна, сабакі ставіліся б лепей…

Комментариев нет:

Отправить комментарий