А Вы ведаеце, што я магу ператварыцца ў матылька і лётаць перад экранам тэлевізара, не даючы Вам яго глядзець, калі па ім будуць паказваць Ваш улюбёны фільм? А можа мне лепей ператварыцца у камара? Не. Камара Вы, напэўна, заб’еце. А потым, калі Вы выйдзеце на вуліцу, я падзьму на Вас прахалодным паўночным ветрам і вырву з Вашых рук парасон, а Вы прабяжыце за ім ажно два кілямэтры, але так і ня здолееце яго дагнаць. А пасьля я пральюся на Вас цёплым летнім дожджыкам, ад якога Вы прамокнеце наскрозь. Не, потым Вы не падсушыцеся пад сонейкам, бо я праплыву над Вамі доўгаю шэраю хмаркаю. Так што сонейка вам не відаць. А потым я стану птушкаю. Ой, ну што Вы такое кажаце. Я стану птушкаю ня толькі дзеля таго, каб накакаць Вам на галаву, калі Вы прысядзеце папіць піўка вунь на тую лавачку, што стаіць пад ліпаю. Так. На галаву я Вам, канечне, накакаю, але толькі пасьля таго, як прасьпяваю песеньку. Я вось думаю, у якую птушку мне лепей ператварыцца? У сінічку? Ці мо’ў варону? А мо’ лепей усё ж такі ў бусла? Ну і што з таго, што буслы не сьпяваюць? А ўначы я буду сьвяціць на Вас месяцавым сьвятлом, так што заснуць Вам наўрад ці ўдасца. А шторак жа на вокнах у Вас няма. Падумаць толькі – нават у Парыжы не знайшлося падыходзячай дзеля іх тканіны. Ну вось, Вы ізноў пачынаеце казаць банальнасьці пра ціхіх чарцей, якія водзяцца ў ціхіх беларускіх балотах. А я Вам кажу, што ў іх водзяцца ня ціхія беларускія чэрці, але гарэзьлівыя беларускія анёлы. Ды вось жа я – стаю прама перад Вамі. Вельмі дзіўна, што Вы ня бачыце ні мяне, ні маіх бліскучых сярэбраных крылцаў. Мяркую, Вам трэба тэрмінова зьвярнуцца да акуліста… :)
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
Комментариев нет:
Отправить комментарий