-А ты памятаеш, як усё пачыналася?
-Так, памятаю. Усё пачыналася з Залатой Горкі…
Памятаю, як я пазнаёмілася з Марыйкай, якая заўсёды ўмела ўсё і ўсіх арганізаваць. Памятаю, зь якой сур’ёзнасьцю яна ўзялася за маё “сапраўднае каталіцкае выхаваньне” :) Памятаю, як напачатку 90-х мы нават начавалі ў касьцёле, змагаючыся за ягонае вяртаньне вернікам. Як вячэралі на хорах рыбнымі кансэрвамі з хлебам, а потым уначы намі павячэралі свае ж “каталіцкія” камары :) Памятаю, як ладзілі першую пілігрымку ў Будслаў, як начавалі ў вёсцы на сене разам зь вясёлымі вясковымі мышкамі, а той-сёй вельмі прагнуў пайсьці ў мясцовы клюб на дыскатэку, і ад такога прагненьня ды й ад піску неўгамонных мышак так і ня здолеў заснуць ажно да раніцы. Памятаю нашую першую працэсію на Сьвята Божага Цела. Тады нашыя спрытныя бабці “вылавілі” ля касьцёла мяне і яшчэ трох дзяўчат, і апранулі нас, як нявест, у белыя сукенкі і вэлюмы. А потым, пасьля заканчэньня працэсіі, мы не пасьпелі сесьці у касьцельны аўтобус, і былі вымушаныя ісьці праз увесь горад у падвянечным адзеньні. А людзі глядзелі на нас ва ўсе вочы і зьдзіўлена казалі: “Ой! Глядзіце! Нявесты зьбеглі ад сваіх жаніхоў!” :) Памятаю наш першы Велікодны Каталіцкі Фэст, на які мы зьбіралі грошы, ходзячы па прыватных фірмах і распавядаючы людзям пра Хрыста, наш першы Фэстываль духоўнай музыкі ў Магілёве, нашыя хатнія сьпеўкі ды пасядзелкі і яшчэ шмат, шмат чаго. Цудоўны быў час… Вялікі дзякуй усім, хто дапамог мне ў яго вярнуцца… Шкада толькі, што вяртаньне тое доўжылася ўсяго адзін зімовы вечар…
Комментариев нет:
Отправить комментарий