Вялікі засьнежаны горад у чарговы раз змагаўся з акупанткаю ноччу, ужываючы супраць яе свае шматлікія рознакаляровыя ліхтары. Але ж усе і так добра ведалі, што перамога ўсё роўна будзе за ёй. Аксамітны чорны кот ростам 1м65см цудоўна глядзеўся на фоне толькі што выпаўшага чысьцюткага сьнегу. Ён спакойна сядзеў побач з ужо пратаптанай людзьмі вузенькай сьцяжынкай і на кагосьці, ці на штосьці чакаў. Раптам ягоныя загадкавыя смарагдавыя вочы сустрэліся з маімі задумлівымі шэрымі. Кот павольна падняўся, штосьці мяўкнуў сабе пад нос, абтрос ад сьнегу свой пушысты чорны хвост і рашуча пайшоў сьледам за мной, ледзьве не наступаючы мне на пяткі. Ад такога незвычайнага спадарожніка на душы ў мяне адразу ж зрабілася неяк вельмі маркотна і трывожна. Усьведамляючы, што ад ката трэба тэрмінова нейкім чынам пазбавіцца, я палезла ў сваю торбачку і дастала адтуль бліскучую серабрыстаю рыбіну (як сымбаль хрысьціянства, натуральна, а не як спажыву для абсалютна незнаёмага мне ката :) і шпурнула яе прама ў лапы чорнай жывёліне. Ката такі мой учынак абсалютна не зьбянтэжыў, і нават не зьдзівіў. Ён спрытна спаймаў рыбіну леваю лапаю і, хітра ўсьміхнуўшыся, прыціснуў яе да сэрца, а правую лапу паклаў мне на плячо (жах які…) і ціха прашаптаў мне на вушка: “Ня бойся…”
Вось такі "жахлівы" сон можа прысьніцца хрысьціянцы, калі яна апаўночы заходзіць у ЖЖ добра ўсім вядомага паганца і пачынае дыскутаваць зь ім на тэму рыбалкі… :)
***
Але, дзякуй Богу, што мне хоць ГЛ ня сьніцца зь ягонымі круглагадовымі купальскімі оргіямі... Вось гэта было б насамрэч страшна... :)
Комментариев нет:
Отправить комментарий