Торвальд Вандроўнік нарадзіўся каля 950г. у паўночнай Ісьляндыі. Яшчэ ў маладосьці ён прысьвяціў сябе вайсковай службе. Зьяўляючыся памочнікам дацкага караля Свэна Вілабародага, Торвальд разам зь ім удзельнічаў у набегах на Ўэлз і Ірляндыю. Падчас вайсковых паходаў вылучаўся ён сярод іншых ваяроў дзіўнымі паводзінамі: усю сваю здабычу Торвальд без шкадаваньня мяняў на палонных, якіх неўзабаве адпускаў дадому.
У Ірляндыі Торвальд упершыню пазнаёміўся з хрысьціянскім вучэньнем. Разважаючы аб пакутах, якія прыняў на Сябе Сын Божы дзеля збаўленьня людзей, вырашыў ён пакінуць каралеўскую службу і прысьвяціць сваё жыцьцё служэньню Богу.
У 980г. у Саксоніі Торвальд прыняў хрост ад біскупа Фрэдрыка, разам зь якім і накіраваўся ў 981г. у родную Ісьляндыю, каб вызваліць сваіх суайчыньнікаў зь цемары паганства і навярнуць у прасякнутую святлом любові ды самаахвярнасьці хрысьціянскую веру. Узрушаныя глыбінёй, багацьцем і веліччу хрысьціянскага вучэньня, вікінгі адзін за адным пачалі прымаць хрост. Неўзабаве ў Ісьляндыі паўстала першая хрысьціянская царква, а колькасьць прыведзеных да сьвятла праўдзівай веры ісьляндцаў усё павялічвалася... Але паганцы, раззлаваныя імклівым распаўсюджваньнем новай рэлігіі, пачалі чыніць перашкоды хрысьціянскім прапаведнікам. На кірмашах у прысутнасьці вялікай колькасьці людзей яны абражалі хрысьціянаў, сьпяваючы зьдзеклівыя прыпеўкі ды прыдумляючы зьняважлівыя жарты. Торвальд, разьюшаны зьдзекамі і кпінамі паганцаў, забіў двух пасьмешнікаў. Наступствы такога ўчынку былі жахлівыя: вырашыўшы адпомсьціць Торвальду, паганцы спалілі ягоную сядзібу ды царкву і забілі шмат хрысьціянаў. Усе прапаведнікі былі вымушаныя пакінуць Ісьляндыю, а Торвальд, даўшы абяцаньне Богу прывесьці да сьвятла хрысьціянскай веры хаця бы адзін народ, ўжо больш ніколі не вяртаўся на сваю Радзіму.
У 986г. Торвальд апынуўся ў Полацку. Згодна з граматай, атрыманай ім ад Канстантынопальскага імпэратарара Васіля ІІ, ён быў прызначаны паўнамоцным прадстаўніком Бізантыі “да рускіх князёў у краінах Усходняй Балтыкі”. Горад Усяслава Чарадзея, Рагвалода і Рагнеды ўразіў прапаведніка сваёй прыгажосьцю. Ён палюбіў ягоных ветлівых жыхароў і вырашыў застацца ў ім назаўсёды. У Полацку ён пабудаваў храм і кляштар сьв.Яна Хрысьціцеля. Тут ён любаваўся хуткабежнымі водамі Дзьвіны ды прахалодным блакітам паўночных нябёсаў. Тут складаў Богу свае палымяныя малітвы. Адсюль вяртаўся ў сваіх успамінах да фіёрдаў Скандынаўскай паўвыспы і роднага ісьляндзкага акіянічнага узьбярэжжа. У гэтым таемным краі з суровымі сьнежнымі зімамі, зь непраходнымі ляснымі гушчарамі, ён знайшоў сваю другую Радзіму. Ён навучыў насельнікаў гэтага краю любіць бліжняга свайго, як самога сябе і верыць ў Адзінага Бога. Тут адпяваў ён пайшоўшых з жыцьця ў 1000г. – Рагнеду і ў 1001г.- Ізяслава. Адсюль і сам пайшоў да Неба ў 1002г., у тым самым, калі хрысьціянства было афіцыйна прызнана ў ягонай роднай Ісьляндыі.
Старажытная скандынаўская “Сага пра Хрост” апавядае: “Торвальд памёр у Русі нападалёку ад Полацку. Там ён пахаваны ў адной гары ў царкве Яна Хрысьцьцеля, і называюць палачане яго сьвятым”. Пэўна, Торвальд Вандроўнік зьяўляецца першым беларускім сьвятым, супольным для каталікоў і праваслаўных. Яшчэ ня знойдзена месца, дзе стаяла царква сьв.Яна, але месцы пахаваньня сьвятых часам цудоўным чынам зьзяюць ды сьвецяцца... Магчыма ў хуткім часе сьвяты Торвальд Вандроўнік будзе кананізаваны і стане апекуном тых беларусаў, якія, як калісьці і ён сам, не па сваёй волі былі вымушаныя пакінуць Радзіму, але, знайшоўшы прытулак у іншых краінах, захавалі ў сваіх сэрцах веру, надзею ды любоў і ніколі не забываліся на родную Беларусь.
***
Мяркую, што менавіта ў Полацку Торвальд раскаяўся ў забойстве двух ісьляндскіх паганцаў, якія "ня ведалі, што робяць"... І маю надзею, што "Айцец дараваў усім"..
Комментариев нет:
Отправить комментарий