http://sviatar-by.livejournal.com/
Якім з’яўляецца сучасны погляд на хрысціянства? Якім яно насамрэч з’яўляецца? Многія веруючыя людзі часта займаюць пазіцыю адносна хрыціянства ў якасці незалежных назіральнікаў, нават суддзяў, якія ў большасці сваёй, не маючы добра ўфармаванага хрысціянскага светапогляду, стараюцца паказаць сваю “кампетэнтнасць ”.
Якім вельмі часта прадстаўляюць хрысціянства “сучасныя хрысціяне”? Якое аблічча мае сапраўдная вера ў Хрыста?
Хрысціянства – гэта не рэлігія заваявання ці маральна-псіхалагічнага прэсінгу.
Хрысціянства – гэта місія, якая палягае на дапамозе іншым людзям у шуканні дарогі да Бога.
Хрысціянская вера – гэта не статычная з'ява ў асабістым жыцці кожнага чалавека.
Хрысціянства – гэта дынамічнае ўнутранае ўзрастанне, пастаяннае шуканне Бога нават у шэрай паўсядзённасці.
Хрысціянства – гэта не пустаслоўе ці ідэалогія.
Хрысціянства – гэта мудрая і збавенная навука Хрыста, скіраваная да кожнага з нас. Гэта жыццё, якое абапіраецца на канкрэтных учынках любові да Бога, бліжняга і самога сябе.
Хрысціянства – гэта не адзінота, нават калі чалавек адчувае сябе пакінутым і нікому непатрэбным.
Хрысціянства – гэта надзея і моцная апора ў найбліжэйшай нам Асобе – Езусе Хрысце, які ніколі не пакідае чалавека самотным.
Хрысціянства – гэта не пустыя інтэлектуальныя палемікі, дзеля таго, каб паказаць сябе разумнейшым і пабажнейшым за іншых.
Хрысціянства – гэта пакорная пастава служэння праўдзе, пакінуўшы свой інтэлектуальны эгаізм і закрытасць.
Хрысціянства – гэта перадусім Хрыстос, Бог і Чалавек Укрыжаваны, Памерлы і Ўваскрослы.
Матывам і галоўным правілам Хрысціянства з'яўляецца любоў. Любоў і хрысціянства – словы сінонімы. Святы Аўгустын з упэўненасцю сказаў: “Любі і рабі, што хочаш!” Сапраўдная любоў прывядзе чалавека да сапраўднай свабоды, а не да свавольства, якое напэўна сярод нас можна заўважыць.
Tое, чым з’яўляецца хрысціянства, цяжка выразіць да канца і поўнасцю. Кожны раз, чытаючы Новы Запавет адкрываеш для сябе штосьці новае, штосьці, што духоўна ўзбагачае, дазваляе глядзець на жыццё па другому. Таксама той, хто мае большы жыццёвы досвед, зусім па іншаму і больш дасканала разумее Божае Слова.
Калі хтосьці зойдзе на гэтую старонку, то сваім каментарыем можа дапамагчы адказаць на пытанне, чым характэрызуецца сапраўднае хрысціянства і якім мае быць сапраўдны хрысціянін.
Ваш sviatar_by
Комментариев нет:
Отправить комментарий