А ў нас у нядзелю пачаўся Тыдзень малітваў за Беларусь.У капліцы Маці Божай Будслаўскай у Чырвоным касьцёле распачалася бесьперапынная тыднёвая адарацыя Найсьвяцейшага Сакрамэнту, на якую зьяжджаюцца вернікі з ўсіх куткоў краіны, каб памаліцца, найперш, за духоўнае адраджэньня Беларусі, і за найхутчэйшы прыезд у нашую краіну Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI.
Учора ноччу якраз надышла чарга і нам , чатыром менскім легіянэрам, далучыцца да малітоўных начных чуваньняў. Я “прыляцела” ў касьцёл роўна апоўначы. Прыляцела разам зь ветрам, громам, маланкамі і праліўным дажджом :), і, крыху аддыхаўшыся, пачала маліцца разам зь іншымі вернікамі, а потым мне вельмі-вельмі захацелася пабыць адной. Дакладней, не адной, а сам на сам з Панам Богам :). Я пакінула каплічку, папярэдне знайшоўшы падыходзячую дзеля гэтага прычыну, і паднялася ў касьцёл.
Начны храм сустрэў мяне аксамітным паўзмрокам, мігценьнем нешматлікіх трапяткіх сьвечак, белымі кветкам, асьветленымі дзіўным зіхоткім сьвятлом, якое лілося зь нябёсаў праз рознакаляровыя вітражы, пахам бярозавага лісьця, шэптам цёплага летняга дажджу за рашотчатымі ўваходнымі брамамі і невытлумачальна чароўнай, малітоўнай ЦІШЫНЁЙ, якой так прагнула маё сэрца… Дзьве гадзіны разважаньняў над чатырма часткамі Ружанцу праляцелі нібыта пяць хвілінаў, і душа, падмацаваная шчырымі малітвамі, раптам захацела сьпяваць :) І сьпявала яна безупынку ўсё, што ведала (хрысьціянскае, натуральна :) напэўна, больш за гадзіну… А потым лягла яна крыжам у падножжа алтара і яшчэ доўга-доўга малілася, і было ёй вельмі-вельмі хораша :) А з капліцы ціха-ціха, нібыта зь мінулых стагодзьдзяў, даносіліся словы Анёльскага вітаньня, і зусім не хацелася спаць.
Разьвіднела, і брат Анатоль вырашыў, што надышоў час нам усім крыху пад’есьці і папіць гарбаты. Ён шукаў мяне па ўсім касьцёле і так і не знайшоў, а я ляжала ля алтара і думала, што па касьцёлу ходзяць Анёлы… Пачынаўся новы Божы дзень…
молодці
ОтветитьУдалить