13-15 чэрвеня прадстаўнікі БХД пабывалі на экскурсіі ў Вільні. За саветамі ў гэты старажытны беларускі горад можна было даехаць на цягніку зь Менску прыблізна за тры гадзіны “з хвосьцікам”. Цяпер тая ж самая дарога займае больш за чатыры з паловай гадзіны, бо шмат часу адбірае праверка пашпартоў, дагляд рэчаў, і “допыт” пасажыраў. Так-так, сапраўдны допыт. Бо, напрыклад, у мяне і тых, хто сядзеў побач, літоўскі мытнік (ці памежнік) дапытваўся пра мэту вандроўкі. І калі пачуў, што мы едзем на экскурсію ў Вільню, каб паглыбіць свае веды па гісторыі і архітэктуры Літвы, весела ўсьміхнуўся і ўпэўнена сказаў:
-Ну, літоўская гісторыя налічвае ня больш за 100 гадоў, а да гэтага…
Але мы не далі памежніку дагаварыць і ў адзін голас прамовілі:
- А да гэтага там была беларуская гісторыя…
Памежнік ня стаў нам пярэчыць, бо як потым высьветлілася, ў ягоным раду былі і літоўцы, і палякі, і беларусы. Ды й увогуле, яго больш цікавілі не гісторыя, і нават не архітэктура (і нават не праверка пашпартоў), а прыгожыя маладыя дзяўчаты любой нацыянальнасьці, якімі ён неўзабаве і заняўся…
А на віленскім вакзале да нас адразу ж “прыляпіўся” расейскамоўны бомж (я падазраю, што літоўскамоўных бамжоў увогуле не існуе) і пачаў нам распавядаць пра сваю бязьмежную любоў да вельмішаноўнага А.Р.Лукашэнкі. І ён ніяк ня мог зразумець, чаму мы не падзяляем ягоныя “сьветлыя” пачуцьці да нашага дарагога А.Р.Л…
Аказалася, што ў Вільні збольшага разумеюць беларускую мову, і калі вы запытаецеся пра нешта па-беларуску, то можаце нават пачуць адказ на трасянцы. А старэйшае пакаленьне і тыя, хто працуе ў сфэры абслугоўваньня, добра размаўляюць па-расейску. Ну а маладыя людзі, пачуўшы беларускую ці расейскую, кажуць, што яны «ничего не понимают»…
На віленскіх вуліцах можна сустрэць шмат польскіх і італьянскіх турыстаў. Таксама можна пачуць нямецкую і францускую мову і нават убачыць вось такіх прыгожых франкамоўных спадароў як на 4-м здымку зьнізу… Я дык проста не магла адарваць ад іх вачэй (і фотаапарату таксама). Зайздрошчу такім людзям “белай” зайздрасьцю, бо і мне бы хацелася быць такой вясёлай, як яны, ўсім задаволенай, бесклапотнай, і так цудоўна выглядаць, і сядзець у кавярні, нікуды не сьпяшаючыся, але…
Абедалі мы ў рэстарацыі з нацыянальнай літоўскай кухняй. Халаднік, які я замовіла, быў даволі смачны.
Але ўсё астатняе, што я там зьела, мяне чамусьці ня ўразіла. А вось хлеб і сыр, якія я прывезла зь Вільні, аказаліся ну проста чароўнымі...
А яшчэ ў нас была сустрэча зь Сержуком Вітушкам, зь літоўскімі хрысьціянскімі дэмакратамі і зь літоўскімі хрысьціянамі-пратэстантамі, якія запрасілі нас на начлег.
Калі я вярталася ў Менск, то літоўскі памежнік, які ставіў штамп у маім пашпарце, пачаў дапытвацца, калі і а каторай гадзіне я прыехала ў Вільню, а яшчэ ён чамусьці “загадаў” мне не ўсьміхацца і ўвогуле быў вельмі суровым. Затое наш беларускі мытнік, калі даглядаў рэчы ў маладых людзей, якія езьдзіла ў Вільню спэцыяльна за пакупкамі, спачатку пра ўсё ў іх распытваў, а потым махнуў рукой і сказаў прыблізна так:
- Ды на халеру мне ўсё гэта патрэбна?.. Вязіце вы што хочаце і куды хочаце…
***
А я вось сяджу цяпер за кампутарам і мару аб наступнай паездцы ў Вільню… І хачу сказаць “вялікі дзякуй” Аляксею Фралову за цудоўную экскурсію, а таксама Леры за тое, што яна мяне туды “выцягнула” , і ўсім астатнім – за добрую кампанію…
***
На двух апошніх здымках - мы і наш экскурсавод Аляксей. На 2-м здымку зьверху - дамок, у жыхароў якога мне вельмі хацелася б пабываць у гасьцёх. На 4-м здымку зьверху - Вострая Брама, на 5-м - Вежа Гедыміна (цяпер гэта званіца) ля Катэдры.
***
Пазьней пастараюся выкласьці яшчэ некаторыя здымкі і што-небудзь да іх напісаць :)
Сапраўды Вільня ўражвае сваёй прыгажосьцю і велічнасьцю. Глядзішь на храмы, малыя i вузенькія вулачкі і хочаш сам стаць часткай гэтага.Натоупы турыстау агаломшваюць і адчуваеш гонар за Вільню, за тое як зьбераглі і упрыгожылі тое, што засталося ейныя цяперашнiя жыхары.Нарачыта свабодныя ад тынку старажытныя муры толькі падкрэсьліваюць сувязь мінулага з сучасным.
ОтветитьУдалитьСапраўды зьязжаць адтуль цяжка, бо зноў і зноу будзе цягнуць туды, дзе жылі і тварылі нашы славутыя суайчыньнікі, дзе яшчэ нядаўна на вуліцах гаманілі па-наску, дзе захаваўся нейкі дух Беларусі(а можа мне усё гэта проста мроіцца).Віленскі Сяржук.
Ой,Сяржук... Вам гэта ня мроіцца... Гэта рэальнасьць... І многія беларусы нават падсьвядома адчувалі гэтую рэальнасьць яшчэ за савецкім часам, і езьдзілі ў Вільню ледзьве ні кожныя выходныя. Не дзеля таго, каб там нешта набыць, а дзеля таго, каб адчуць той самы дух Беларусі, пра які вы так файна пішаце...
ОтветитьУдалить