вторник, 30 июня 2009 г.

Будслаў


Спадзяюся, што мо' заўтра сяду на цягнік Менск-Полацк і даеду на ім, з Божай дапамогаю, да Будслава. А там прайду ад станцыі кілямэтраў 5 пешшу, і недзе пасьля 21-00 апынуся якраз "на месцы прызначэньня", калі Пан Бог дасьць здароўя...
***
Пане Божа, дзякуй Табе за ўсе дары, якімі Ты мяне адорваеш "проста так". Але сёньня я вельмі прашу Цябе яшчэ аб адным дары - аб здароўі. Бо Ты кажаш: "Агнешка, зрабі тое і тое..." А я адказваю: "Ой, Пане Божа, не магу гэта зрабіць, бо пачуваюся вельмі дрэнна..." І як жа мне сябе паводзіць у такой сытуацыі?

А яшчэ я вельмі прашу цябе аб здароўі і ўмацаваньні ў веры для:

Ларысы
Алы
Валянціны
Марыі
Ані
Марыі
Натальлі

Дзякуй Табе, Пане, што выслухаў мае просьбы.

Панна Марыя, заступіся за ўсіх нас.

Падарожжа ў Баруны (частка 1 :)

Ашмяны

Учора я была ў Барунах. Спачатку даехала на маршрутцы да Ашмянаў, а там ужо перасела на мясцовы аўтобус, які ехаў у Гейстуны. Адна кабета, даведаўшыся, што я еду да Маці Божай Барунскай АЖНО зь Менску, распавяла аб гэтым усёй аўтастанцыі. І неўзабаве ўся аўтастанцыя, разам з дыспэтчарамі, пачала захапляцца маім гераічным учынкам :) і абмяркоўваць, а як жа ж мне пасьпець на апошні вечаровы аўтобус, які будзе ехаць з Каўнаса ў Менск :) Абмеркаваньне праходзіла на такой чароўнай трасянцы, якой я ўжо даўна ня чула :) Я была проста ў захапленьні і ад мовы, і ад уважлівасьці, і ад спагадлівасьці ўсіх гэтых цудоўных людзей. Калі тэма была вычарпаная, кабета павяла мяне паглядзець мясцовы касьцёл. Убачыўшы, што ён зачынены, яна хуценька знайшла спадарыню з ключамі. Мне адчынілі касьцёл і сказалі, што я магу пабыць у ім столькі часу, колькі мне патрэбна. Вось такія ветлівыя людзі жывуць у Ашмянах :)
***
На здымках - касьцёл сьв. Міхала Арханёла ў Ашмянах.

Падарожжа ў Баруны (частка 2)

Паны і пані

Разам вось з гэтай чароўнай пані Марыяй і ня менш чароўнымі панамі з Ашмянаў мы былі на фэсьце ў Барунах. А калі ўжо вярталіся ў Ашмяны і даволі доўга чакалі аўтобуса, дык шмат аб чым пасьпелі пагаварыць і рассталіся найлепшымі сябрамі.
***
Варта заўважыць, што кіроўцу аўтобуса адразу было паведамлена, што мне трэ' пасьпець на каўнаскі аўтобус і "загадана" ехаць дзеля гэтага як мага хутчэй :)

Падарожжа ў Баруны (частка 3)

Віленскае барока. Касьцёл сьв. апосталаў Пятра і Паўла ў м.Баруны.

На фэст сабралася столькі людзей, што ў касьцёл было ня ўбіцца, а машынам не было дзе стаць (але я гэтага не фатаграфавала). Да таго ж вакол касьцёла разгарнуўся вясёлы кірмаш з цыганамі, паветранымі зьмеямі, бліскучым посудам "прама з Эўропы":) і яшчэ шмат з чым.
***
Ксёндзаў таксама было вельмі шмат. Але Імша, на жаль, адпраўлялася цалкам па-польску. А пасьля яе завяршэньня адбылося акрапленьне пасьвянцонай вадой усіх аўтамабіляў, якія стаялі ля касьцёла.







Падарожжа ў Баруны (частка 4)

Цудатворны Абраз Маці Божай Барунскай


Імша скончылася. Разышліся людзі. Суцішыўся кірмаш. Зачыніліся касьцёльныя брамы, а я засталася ля Цудатворнага Абраза - адна на ўвесь касьцёл (бо пан Слава дазволіў :) і ўжо рабіла там усё, што хацела: і памалілася, і пасьпявала, і пафатаграфавала, а напрыканцы ускараскалася на падножжа ля Абраза, каб лепей яго разгледзець. Дык нават анёлы пазіралі на мяне са зьдзіўленьнем і было чуваць, як яны гаманілі паміж сабой: "Ой, а што ж гэта Агнешка робіць, і куды ж гэта яна хоча ўзьлезьці?" А Панна Марыя і Маленькі Езус прыязна ўсьміхаліся мне і нібыта пыталіся: "Агнешка, а што ты яшчэ нам сёньня сьпяеш? Га?.." :)


Падарожжа ў Баруны (частка 5)

Убранства касьцёла

Сьвятая Панна Марыя з Баруноў, маліся за мяне, і прасі свайго Сына, каб ён умацаваў маю Веру, Надзею і Любоў. Каб дапамог мне годна прайсьці той шлях, які Ён сам калісьці мне паказаў. Каб Ён апекаваўся мною і ня даў мне збочыць з аднойчы абранай дарогі. І каб навучыў нічога й нікога не баяцца...
***
А з пані Марыяй мы дамовіліся сустрэцца ў Барунах праз год, калі будзем жывы. Вельмі хацелася б, каб гэтая сустрэча сапраўды адбылася... :)

суббота, 27 июня 2009 г.

Тата


А што, калі ты спаў?
І бачыў цудоўны сон?
А што, калі ў сьне
Ты трапіў на Неба
І сарваў незнаёмую
чароўную кветку?
І што, калі абудзіўшыся,
Ты знайшоў гэтую кветку
Ў сваёй руцэ?..

С.Т.Коўлрыдж (вольны пераклад)

пятница, 26 июня 2009 г.

Emieryka

А гэта мая бабця. Яе звалі Пелагея Эмерыкаўна. Аднойчы нашая суседка прыбегла да нас у хату, каб распавесьці бабці нейкую "зусім сьвежанькую" навіну, але ад занадта моцнага хваляваньня ды сьпешкі ўсё пераблытала і назвала бабцю Эмерыкай Пелагееўнай... :) А мне гэтае "новае" бабціна імя вельмі спадабалася, але ж тады не было дзе яго "прымяніць" і не было да чаго "прыстасаваць"... Затое цяпер я ўжываю яго як назву блога, і як сваю электронную адрэсу :) А добрая і мудрая бабця і цяпер апякуецца мною, і заўсёды жыве ў маім сэрцы, маёй памяці, маіх снах і малітвах...



четверг, 25 июня 2009 г.

среда, 24 июня 2009 г.

Легіянэр, будзь гатовы да ўсяго!..

Нейкае дзіўнае заданьне ў нас было гэтым разам... Пачалі мы размаўляць з маладой жанчынай-псыхолягам, а яна нам і кажа: “Я то царкву наведваю. І нават у споведзі калі-нікалі бываю. Але хачу заўважыць, што ўсе нашыя храмы маюць ярка выражаную фаласападобную архітэктуру (тут жанчына пачала вельмі падрабязна апісваць нам архітэктурныя дэталі культавых пабудоваў), і ўсім сваім выглядам рэклямуюць моц мужчынскага пачатку. А сьвятарамі ў іх служаць вельмі няўпэўненыя ў сабе мужчыны. І кампэнсуюць яны сваю няўпэўненасьць тым, што хаваюць сваё сапраўднае аблічча пад маскай сьвятасьці. А вернікі (таксама ў большай сваёй частцы людзі закамплексаваныя і няшчасныя) глядзяць на іх зь вялікай пашанаю, зьвяртаюцца за парадамі, цалуюць ім ручкі, выстройваюцца ў чэргі за пасьвянцонай вадой і г.д. І сьвятары такім чынам заспакойваюць сваю няўтольную прагу валадараньня над людзкімі душамі…” Добра толькі, што гэтая жанчынка перад тым, як пачаць размову, прынесла зэдлікі і прапанавала нам зь сястрой на іх сесьці… :) Аказваецца, што і такое вось даволі незвычайнае перапляценьне паганства з хрысьціянствам можна сустрэць у Менску ў наш час… Але мяне больш за ўсё зьдзівіла вось што: ну ладна, за савецкім часам у нас “не было сэксу”, дык ён мог тады прымроіцца чалавеку дзе заўгодна і ў чым заўгодна (ад недахопу). Ну дык а зараз жа зусім іншая сытуацыя… Зараз жа ўсё наадварот… Але… Адны людзі прыходзяць у храм дзеля таго, каб сустрэцца з Панам Богам, падмацавацца духоўнаю ежаю, павучыцца сьвятасьці. Іншыя - каб пасядзець ў цішыні, палюбавацца іконамі, паслухаць сьпевы і музыку. А некаторыя, зайшоўшы ў хрысьціянскі храм, насамрэч чамусьці апынаюцца прама на паганскім капішчы… Чаму так?..

***

Я сама, напэўна, таксама, шмат на што маю блізкія да паганскіх погляды. Таму нікога ў гэтай зацемцы не асуджаю, і нікога не апраўдваю… А проста хачу разабрацца, што да чаго… :)

***

Хацела што-небудзь адшукаць на гэтую тэму ў сеціве, і знайшла вось гэты цікавы артыкул:

http://media.catholic.by/nv/n20/art9.htm

Шчасьце :)

Зычу шчасьця ўсім, хто наведвае мой блог :)

Сёньня Нараджэньне сьвятога Яна Хрысьціцеля

А гэта - купальская елачка ў маёй хаце :)

вторник, 23 июня 2009 г.

Сон у купальскую ноч

Сьвяты Язэп уначы пад дажджом...

воскресенье, 21 июня 2009 г.

Дарога

Дарога на Кальварыю.

Нашыя малітвы





















А гэта наш сьвяты Язэп. Сёньня на малітву ізноў прыйшло 7 чалавек. А пан Мар'ян, як і заўсёды, трымаў крыж.

суббота, 20 июня 2009 г.

Душы




Гэты сьціплы драўляны крыж-страла стаіць у Менску ў Парку Чалюскінцаў. На ім напісана, што ў гэтым лесе ў 20-30-х гадох зьнішчалі бязьвінных людзей. І з тых часоў душы і ахвяраў і катаў просяць нас аб малітве. І нават ксёндз сказаў, што нам усім трэба прыходзіць маліцца ня толькі ў Курапаты, але таксама і сюды. Я дакранаюся да крыжа і адгаворваю Анёл Паньскі. Здаецца, што страла вось-вось адарвецца ад зямлі і паляціць у блакітную бясконцасьць. Ці знайшлі душы ахвяраў супакой у Небе? Ці прабачылі яны сваім кАтам? Ці прабачыў кАтам Пан Бог?.. У сэрцы цепліцца надзея, што цяпер ужо і адны і другія знаходзяцца "...ў месцы сьветлым, месцы радасным, месцы спакойным, дзе няма ні болю, ні сьлёз, ні цярпеньняў, але жыцьцё вечнае..." Амэн...
***
Мне ўсё ж такі вельмі хочацца верыць, што ў пекле нікога няма...

Сёньня Урачыстасьць Беззаганнага Сэрца Панны Марыі



Беззаганнае Сэрца Марыі, будзь маім ратункам...

Для Алы


Алачка, прывітаньне! Як жыцьцё? У Менску ідзе дождж і пахне язьмінам. А я стаю ля люстэрка і спрабую сфатаграфываць сама сябе. І вось што з гэтага атрымліваецца... :) Ну ты ж хацела мяне бачыць? :)
Пішы...

пятница, 19 июня 2009 г.

Марыйка і кампанія





У Менск ізноў прыехала Марыйка Скуратовіч - легенда беларускага каталіцтва :) і запрасіла да сябе ў госьці сваіх старых ды новых сяброў і знаёмых. У Марыйкі столькі талентаў... І сьпявае яна цудоўна, і грае на розных музычных інструмэнтах, і арганізаваць можа каго заўгодна і што заўгодна... (І гэта яшчэ далёка ня ўсё, што яна можа...:) Шкада, што цяпер яна жыве ў Польшчы... Але ўчорашні вечар мы правялі разам: пагаварылі, пасьпявалі, памаліліся, пасьмяяліся (ну а той-сёй нават успомніў сваю маладосьць :) і ва ўсіх быў вельмі файны настрой, і не хацелася так хутка разьвітвацца...

На здымках вы можаце ўбачыць, як:

1. Марыйка размаўляе зь легіянэрамі.
2. Айцец Юры сочыць за парадкам :)
3. Брат Яраслаў сьпявае песьні "па мнагачысьленным трэбаваньням" шматлікіх прыхільнікаў ягонай творчасьці :)

Сёньня Ўрачытасьць Найсьвяцейшага Сэрца Езуса


Езу лагодны і пакорны сэрцам,
Учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі...

Чароўны трусік :)


Гэтую чароўную цацку я набыла сабе некалькі месяцаў таму. Ня здолела ўтрымацца... Не змагла прайсьці міма такога хараства, бо трусік гэты вельмі-вельмі падобны на аднаго нашага маладога, але занадта суровага ксёндза :) Цяпер ён сядзіць у мяне ў залі ў фатэлі і пільна сочыць за тым, каб у маёй галаве не ўзьнікалі ўсялякія ерасі, і каб я не ўхілялася ад Вучэньня Сьвятога Касьцёла ані ў які бок... :)

четверг, 18 июня 2009 г.

Маці Божая Барунская


Ну ўсё. Еду 29 чэрвеня ў Баруны (калі дажыву).Сёньня паўдня “білася” над вырашэньнем праблемы: а як жа мне датуль дабрацца?.. На жаль, ніякага толку так і не дабілася. Аўтобусы спыняюцца альбо ў Крэве, альбо ў Гальшанах, а адтуль жа да Баруноў яшчэ кілямэтраў 20, напэўна… Тэлефаную ў даведачную, прашу, каб мне сказалі нумар тэлефону аўтастанцыі ў Гальшанах, а там, аказваецца, ніякай аўтастанцыі няма, і тэлефонаў дыспэтчарскай таксама ніхто ня ведае… Падумала, мо’ з Валожына туды лягчэй дабрацца. У Валожыне дыспэтчар кажа: ну дык едзьце да Багданава, а там на “папутках” як-небудзь ужо дабярэцеся … Адным словам, рабі што хочаш… Але ж Маці Божая “загадвае” мне ехаць у Баруны на адпуст… Прычым вось што дзіўна: пра пілігрымку ў Будслаў Панна нічога мне ня кажа, а вось пра Баруны Яна нагадвае мне кожны Божы дзень, пачынаючы зь лістападу мінулага году (якраз з таго дня, як мы там упершыню зь Ёю сустрэліся…) А мне ж яшчэ неяк у Менск трэба вярнуцца… А калі аўтобуса ня будзе?.. Тады я прама ў касьцёле начаваць буду… Якраз пад Цудатворным Барунскім Абразом… Вырашана… Еду да Гальшанаў, а там – што Бог дасьць… Усіх, хто чытае гэтыя радкі, вельмі-вельмі прашу аб малітве, і загадзя дзякую за яе.

***

У адной маёй знаёмай ёсьць сваячніца. А ў той сваячніцы вісіць на сьцяне абраз Маці Божай Барунскай. І калі ў спадарыні нешта ня ладзіцца, ці ўзьнікаюць нейкія праблемы, яна падыходзіць да абраза, шчыра моліцца і ад усяго сэрца просіць Суцяшальніцу Ўсіх Засмучаных: “Маня з Баруноў, ратуй!..” Вось і я прашу цяпер аб тым жа Найсьвяцейшую Панну, бо ведаю, што Яна ніколі і нікому не адмаўляе ні ў заступніцтве, ні ў суцяшэньні, ні ў малітве…

***

І ўсё ж такі мне давядзецца перціся ажно да Ашмянаў... Уф-ф-ф...

понедельник, 15 июня 2009 г.

Экскурсія па Вільні











13-15 чэрвеня прадстаўнікі БХД пабывалі на экскурсіі ў Вільні. За саветамі ў гэты старажытны беларускі горад можна было даехаць на цягніку зь Менску прыблізна за тры гадзіны “з хвосьцікам”. Цяпер тая ж самая дарога займае больш за чатыры з паловай гадзіны, бо шмат часу адбірае праверка пашпартоў, дагляд рэчаў, і “допыт” пасажыраў. Так-так, сапраўдны допыт. Бо, напрыклад, у мяне і тых, хто сядзеў побач, літоўскі мытнік (ці памежнік) дапытваўся пра мэту вандроўкі. І калі пачуў, што мы едзем на экскурсію ў Вільню, каб паглыбіць свае веды па гісторыі і архітэктуры Літвы, весела ўсьміхнуўся і ўпэўнена сказаў:

-Ну, літоўская гісторыя налічвае ня больш за 100 гадоў, а да гэтага…

Але мы не далі памежніку дагаварыць і ў адзін голас прамовілі:

- А да гэтага там была беларуская гісторыя…

Памежнік ня стаў нам пярэчыць, бо як потым высьветлілася, ў ягоным раду былі і літоўцы, і палякі, і беларусы. Ды й увогуле, яго больш цікавілі не гісторыя, і нават не архітэктура (і нават не праверка пашпартоў), а прыгожыя маладыя дзяўчаты любой нацыянальнасьці, якімі ён неўзабаве і заняўся…

А на віленскім вакзале да нас адразу ж “прыляпіўся” расейскамоўны бомж (я падазраю, што літоўскамоўных бамжоў увогуле не існуе) і пачаў нам распавядаць пра сваю бязьмежную любоў да вельмішаноўнага А.Р.Лукашэнкі. І ён ніяк ня мог зразумець, чаму мы не падзяляем ягоныя “сьветлыя” пачуцьці да нашага дарагога А.Р.Л…

Аказалася, што ў Вільні збольшага разумеюць беларускую мову, і калі вы запытаецеся пра нешта па-беларуску, то можаце нават пачуць адказ на трасянцы. А старэйшае пакаленьне і тыя, хто працуе ў сфэры абслугоўваньня, добра размаўляюць па-расейску. Ну а маладыя людзі, пачуўшы беларускую ці расейскую, кажуць, што яны «ничего не понимают»…

На віленскіх вуліцах можна сустрэць шмат польскіх і італьянскіх турыстаў. Таксама можна пачуць нямецкую і францускую мову і нават убачыць вось такіх прыгожых франкамоўных спадароў як на 4-м здымку зьнізу… Я дык проста не магла адарваць ад іх вачэй (і фотаапарату таксама). Зайздрошчу такім людзям “белай” зайздрасьцю, бо і мне бы хацелася быць такой вясёлай, як яны, ўсім задаволенай, бесклапотнай, і так цудоўна выглядаць, і сядзець у кавярні, нікуды не сьпяшаючыся, але…

Абедалі мы ў рэстарацыі з нацыянальнай літоўскай кухняй. Халаднік, які я замовіла, быў даволі смачны.

Але ўсё астатняе, што я там зьела, мяне чамусьці ня ўразіла. А вось хлеб і сыр, якія я прывезла зь Вільні, аказаліся ну проста чароўнымі...

А яшчэ ў нас была сустрэча зь Сержуком Вітушкам, зь літоўскімі хрысьціянскімі дэмакратамі і зь літоўскімі хрысьціянамі-пратэстантамі, якія запрасілі нас на начлег.

Калі я вярталася ў Менск, то літоўскі памежнік, які ставіў штамп у маім пашпарце, пачаў дапытвацца, калі і а каторай гадзіне я прыехала ў Вільню, а яшчэ ён чамусьці “загадаў” мне не ўсьміхацца і ўвогуле быў вельмі суровым. Затое наш беларускі мытнік, калі даглядаў рэчы ў маладых людзей, якія езьдзіла ў Вільню спэцыяльна за пакупкамі, спачатку пра ўсё ў іх распытваў, а потым махнуў рукой і сказаў прыблізна так:

- Ды на халеру мне ўсё гэта патрэбна?.. Вязіце вы што хочаце і куды хочаце…

***

А я вось сяджу цяпер за кампутарам і мару аб наступнай паездцы ў Вільню… І хачу сказаць “вялікі дзякуй” Аляксею Фралову за цудоўную экскурсію, а таксама Леры за тое, што яна мяне туды “выцягнула” , і ўсім астатнім – за добрую кампанію…

***

На двух апошніх здымках - мы і наш экскурсавод Аляксей. На 2-м здымку зьверху - дамок, у жыхароў якога мне вельмі хацелася б пабываць у гасьцёх. На 4-м здымку зьверху - Вострая Брама, на 5-м - Вежа Гедыміна (цяпер гэта званіца) ля Катэдры.

***

Пазьней пастараюся выкласьці яшчэ некаторыя здымкі і што-небудзь да іх напісаць :)